РАЗДРАЖНЯ́ЛЬНАСЦЬ,
здольнасць жывых клетак, тканак або цэлага арганізма рэагаваць на вонкавыя і ўнутраныя ўздзеянні — раздражняльнікі; аснова прыстасаванасці да змен навакольнага асяроддзя. Праяўляецца на ўсіх узроўнях жыццядзейнасці ва ўсіх біял. сістэмах. Суправаджаецца комплексам неспецыфічных змен — зрухам абмену рэчываў, эл. патэнцыялу, стану пратаплазмы, а ў высокаарганізаваных жывёл звязана з выкананнем спецыфічных функцый (правядзенне нерв. імпульсу, скарачэнне мышцы, выдзяленне сакрэту залозістай тканкай і інш.). У жывёл, якія не маюць нерв. сістэмы, рэакцыя на раздражненне ахоплівае ўсю пратаплазму і выяўляецца пераважна ў выглядзе рухальных рэакцый (таксісаў). У мнагаклетачных жывёл нерв. і мышачная тканкі забяспечваюць хуткія і дакладныя рэакцыі ў адказ на раздражненне. Таксама развіваюцца формы апасродкаванай рэактыўнай сувязі з раздражняльнікам (рэфлекторна) праз вышэйшую нерв. дзейнасць і свядомасць. Здольнасць нерв. і мышачных клетак адказваць на раздражненне наз. ўзбудлівасцю. Часам мясц. рэакцыі тканак або клетак наз. рэактыўнасцю, а ўзнікненне працэсу, які хвалепадобна распаўсюджваецца — узбудлівасцю. Тэрмін «Р.» выкарыстоўваецца і як сінонім узбудлівасці. У раслін Р. абумоўлена структурнымі і функцыян. зменамі клетачных мембран і з’яўляецца асновай іх рэгулятарнай сістэмы. Праяўляецца рэакцыяй на святло (фотатрапізм, фотаперыядызм), гравітацыйнае поле (геатрапізм), у рухальных рэакцыях (настыі) і інш.
А.С.Леанцюк.
т. 13, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДЗЕ́ЙНАСЦЬ у тэхніцы,
уласцівасць тэхн. сістэм захоўваць ва ўстаноўленых межах значэнні параметраў, што характарызуюць здольнасць аб’екта (збудавання, канструкцыі, машыны, вырабу, матэрыялу) выконваць свае функцыі ў зададзеных рэжымах і ўмовах эксплуатацыі, тэхн. абслугоўвання, рамонтаў, захоўвання і транспартавання. Н. — складаная (комплексная) уласцівасць, спалучае шэраг больш простых: безадказнасць, даўгавечнасць, рамонтапрыдатнасць, захавальнасць (здольнасць вырабу захоўваць значэнне папярэдніх паказчыкаў у час і пасля захоўвання і транспартавання). Да гэтых уласцівасцей дадаюць таксама бяспечнасць (уласцівасць тэхн. аб’екта не ствараць на працягу зададзенага тэрміну сітуацый, небяспечных для жыцця і здароўя людзей, навакольнага асяроддзя, нармальнай гасп. дзейнасці).
Для ацэнкі Н. выкарыстоўваюць шэраг колькасных і якасных паказчыкаў, якія даюць усебаковую характарыстыку вырабаў, неабходную для параўнальнай ацэнкі іх якасці і канкурэнтаздольнасці. Найб. важныя паказчыкі: напрацоўка на адказ, каэф. гатоўнасці, каэф. тэхн. выкарыстання, імавернасць безадказнай работы, рэсурс пры розных імавернасцях неразбурэння. У цэлым Н. забяспечвае тэхн. магчымасць выкарыстання вырабу па прызначэнні і з патрэбнай эфектыўнасцю. Паказчыкі Н. адлюстроўваюцца ў тэхн. дакументацыі. Тэарэт. абгрунтаванне паказчыкаў Н. дае надзейнасці тэорыя.
Літ.:
Основные вопросы теории и практики надежности. М., 1971;
Ллойд Д., Липов М. Надежность: Пер. с англ. М., 1964.
А.В.Бераснеў.
т. 11, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
адпіса́ць, ‑пішу, ‑пішаш, ‑піша; зак.
1. што, каму. Даць пісьмовы адказ на запытанне, пісьмо і інш. — А ты, Павел, адпішы Эльзе, перадай прывітанне ад усіх нас. Чарнышэвіч.
2. што, каму. Разм. Перадаць у спадчыну па завяшчанні, апісаць. [Цар:] — Каторы з вас дастане тую свінку.., таму ўсё царства адпішу! Якімовіч.
3. каго. Уст. Зняўшы з уліку, перавесці, перадаць куды‑н. Адпісаць з часці салдата.
4. Уст. Адабраць па вопісу; канфіскаваць. Адпісаць панскую маёмасць у фонд дзяржавы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узбуджэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. узбуджаць — узбудзіць (у 2–4 знач.).
2. Стан актыўнай, напружанай нервовай дзейнасці; хваляванне. Першае нервовае ўзбуджэнне прайшло, але мае сябры паводзяць сябе трывожна. С. Александровіч. Турсевіч прыйшоў у рух і ўзбуджэнне, трос сябра за плечы,.. смяяўся. Колас. — Ага, папаўся! — пераможна махаючы рукамі ад узбуджэння, крычаў пажылы чалавек. Карпюк.
3. Спец. Рэакцыя клеткі, яе частак, тканкі, органа ў адказ на раздражненне з вонкавага ці ўнутранага асяроддзя.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
СПАРТЫ́ЎНЫЯ ГУ́ЛЬНІ,
віды гульнявых спаборніцтваў, асновай якіх з’яўляюцца розныя тэхн. і тактычныя спосабы дасягнення пэўнай мэты ў проціборстве паміж камандамі ці асобнымі спартсменамі. Змест і арганізацыя С.г. абумоўліваюцца афіц. правіламі, якія вызначаюць мэту, працягласць гульні, колькасць удзельнікаў, памеры пляцоўкі, парадак вызначэння пераможцы і інш. Паводле характару дзеянняў С.г. падзяляюць на групы: з кантактным процідзеяннем сапернікаў, накіраваныя на пападанне, напр., мяча ў вароты, карзіну або ў пэўную адзнаку (баскетбол, рэгбі, футбол і інш.); з бескантактным процідзеяннем, з ударамі ў адказ (бадмінтон, валейбол, сквош, тэніс і інш.); з умоўным процідзеяннем, якое прадугледжвае пачарговае пападанне сапернікаў у цэль (бейсбол, більярд, гарадкі, дартс і інш.). Да С.г. адносяць таксама брыдж, шахматы, шашкі.
Узніклі з нар. гульняў і забаў (напр., гарадкі, тэніс, футбол), некаторыя распрацаваны спецыялістамі (напр., валейбол, гандбол) або сфарміраваліся як разнавіднасці існуючых (напр., міні-футбол, пляжны валейбол). Уваходзяць у праграмы Алімп. гульняў, рэгіянальных і інш. комплексных спаборніцтваў (напр., Панамерыканскія гульні, універсіяды і спартакіяды); па іх праводзяцца чэмпіянаты свету, кантынентаў, краін і г.д. Гл. таксама Беларускія народныя гульні.
Я.К.Кулінковіч.
т. 15, с. 102
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЯКУ́ЦЬЕЎ Іван Пятровіч, расійскі служылы чалавек, падарожнік і дыпламат бел. паходжання 17 ст. З «ліцвінаў», што трапілі ў рус. палон і прысягнулі на вернасць рас. цару. Каля 30 гадоў служыў у Сібіры, быў дзесятнікам у г. Цюмень. У 1615 пасланы з Томска на пошукі шляхоў у Кітай і па гандл. справах. Ц. і яго спадарожнікі першымі з рускіх і еўрапейцаў праехалі праз Хакасію, Кузнецкі Алатау і міма воз. Убсу-Нур у Манголію (1616) да яе правіцеля Алтан-хана, які ў адказ на візіт накіраваў з Ц. сваіх паслоў да рас. цара. Так быў пакладзены пачатак афіц. рас. манг. адносінам. За ўдалую місію Ц. у 1617 узведзены ў «дзеці баярскія» (служылыя дваране). У Томску, Табольску і Маскве са слоў Ц. і яго спадарожнікаў запісаны іх справаздачы («артыкульныя спісы») з каштоўнымі звесткамі пра фіз. геаграфію і насельніцтва мясцін па маршруце экспедыцыі (паўд. Сібір, паўн. Манголія), а таксама пра Кітай і Тыбет (з паведамленняў Алтан-хана). Падарожжа Ц. спрыяла паспяховасці першай рас. дыпламат. місіі на чале з дзякам І.Пяцеліным у Кітай (1618). Матэрыялы Ц. і Пяцеліна ў 17—18 ст. неаднаразова перакладаліся на еўрап. мовы і сталі набыткам еўрап. навукі.
В.А.Ярмоленка.
т. 17, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
problem1 [ˈprɒbləm] n.
1. прабле́ма, пыта́нне;
the housing problem жыллёвае пыта́нне
2. прабле́ма, ця́жкасць;
solve a problem вы́рашыць прабле́му;
financial problems фіна́нсавыя прабле́мы
3. math. зада́ча
♦
have a problem with smth. мець прабле́му з чым-н.;
no problem infml вядо́ма, безумо́ўна (у адказ на просьбу)
Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)
КРАСАВІ́ЦКІЯ ВЫСТУПЛЕ́ННІ ПРАЦО́ЎНЫХ 1991 у Беларусі.
Пачаліся 3 крас. ў Мінску, калі ў адказ на павышэнне цэн узнік стыхійны мітынг на электратэхн. з-дзе. Да яго далучыліся рабочыя з-даў аўтаматычных ліній і шасцерань. Мітынгуючыя перапынілі рух транспарту на вул. Даўгабродскай. 4 крас. спыніў работу Мінскі аўтазавод. Каля 40 тыс. рабочых правялі марш да Дома ўрада. дзе адбыўся мітынг пратэсту, на якім прыняты патрабаванні: павышэнне зарплаты адпаведна росту цэн, адстаўка прэзідэнта СССР М.С.Гарбачова, саюзнага і рэсп. ўрадаў. Створаны стачачны к-т (сустаршыні С.Антончык, Г.Быкаў, Г.Мухін), які аб’яднаў рабочых 98 прадпрыемстваў Мінска. Стачачныя к-ты створаны таксама ў Оршы, Гомелі, Маладзечне, Барысаве, Лідзе, Салігорску і інш. З 10 крас. да бастуючых Мінска далучыліся працоўныя інш. гарадоў Беларусі. Савет Міністраў БССР даў згоду задаволіць эканам. патрабаванні, але Прэзідыум Вярх. Савета БССР адмовіўся разглядаць паліт. патрабаванні. Пасля чаго прадстаўнікі рэсп. стачачных к-таў абвясцілі пра аднаўленне забастоўкі з 23 красавіка. Напружанае становішча склалася ў Оршы, дзе бастуючыя блакіравалі чыг. рух. Пасля аршанскіх падзей забастоўка прыпынена.
А.П.Галькевіч.
т. 8, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕКСІКА́НСКАЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ 1861—67,
узброеная інтэрвенцыя Вялікабрытаніі (1862), Іспаніі (1861—62) і Францыі (1862—67) супраць Мексікі з мэтай звяржэння дэмакр. ўрада прэзідэнта Б.П.Хуарэса Гарсіі і ўстанаўлення залежнага ад еўрап. дзяржаў манарх. рэжыму. Зачэпкай для інтэрвенцыі стаў прыняты 17.7.1861 мекс. кангрэсам закон аб часовым спыненні плацяжоў па знешніх пазыках. У адказ у канцы 1861 — пач. 1862 брыт., ісп. і франц. войскі высадзіліся на ўзбярэжжа Мексікі і захапілі важнейшы порт Веракрус. Аднак рашучае супраціўленне мексіканцаў, рознагалоссі паміж дзяржавамі-агрэсарамі, адсутнасць падтрымкі інтэрвенцыі з боку ЗША, якія таксама імкнуліся замацавацца ў суседняй краіне, прымусілі Вялікабрытанію і Іспанію ў крас. 1862 вывесці свае войскі з Мексікі. Францыя працягвала вайну, летам 1863 яе войскі захапілі г. Мехіка. У крас. 1864 імператарам Мексікі абвешчаны залежны ад Напалеона III аўстр. эрцгерцаг Фердынанд Максімілян (Максімілян I). На заклік мекс. ўрада Хуарэса на барацьбу з іншаземцамі паднялося ўсё насельніцтва краіны. Масавае нар. супраціўленне, контрнаступленне рэгулярнай мекс. арміі, а таксама абвастрэнне франка-амер. адносін і непапулярнасць гэтай авантуры ў Францыі прывялі да правалу М.э. У сак. 1867 франц. інтэрвенты пакінулі тэр. Мексікі. Максімілян I, які імкнуўся аказаць супраціўленне мекс. войскам, трапіў у палон і быў расстраляны.
т. 10, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТУРА́ЛЬНАЯ ШКО́ЛА,
літаратурны кірунак 1840-х г. у Расіі; пачатак рус. крытычнага рэалізму. Тэрмін «Н.ш.» ўпершыню ўжыты Ф.Булгарыным у зняважлівай характарыстыцы творчасці маладых паслядоўнікаў М.Гогаля, палемічна пераасэнсаваны В.Бялінскім як «натуральнае», праўдзівае адлюстраванне рэчаіснасці (арт. «Погляд на рускую літаратуру 1846 г.», «Погляд на рускую літаратуру 1847 г.», «Адказ «Москвитянину», 1847). Ідэйна-маст. прынцыпы: дэмакратызацыя л-ры, пашырэнне яе жыццёвага дыяпазону, выкрыццё грамадскай несправядлівасці, цікавасць да жыцця простых людзей, прызнанне сур’ёзнасці будзённых калізій і інш. Да Н.ш. належалі А.Герцэн, Дз.Грыгаровіч, У.Даль, Ф.Дастаеўскі, А.Дружынін, М.Някрасаў, М.Салтыкоў-Шчадрын, І.Тургенеў і інш. Яны друкаваліся ў час. «Отечественные записки», «Современник», зб. «Фізіялогія Пецярбурга» (ч. 1—2, 1845) і «Пецярбургскім зборніку» (1846), якія сталі праграмнымі. Н.ш. не абмяжоўвалася канкрэтнымі жанрамі, хоць на пачатку пераважаў фізіялагічны нарыс, пазней — аповесць, раман. Паўплывала на выяўленчае (П.Фядотаў, А.Агін) і музычнае (А.Даргамыжскі, М.Мусаргскі) рус. мастацтва. Традыцыі Н.ш. прасочваюцца ў бел. рэалістычнай л-ры 19 ст. (В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч, Я.Лучына і інш.).
Літ.:
Жук А.А. Сатира натуральной школы. Саратов, 1979;
Кулешов В.И. Натуральная школа в русской литературе XIX в. 2 изд. М., 1982.
Н.В.Галаўко.
т. 11, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)