ЯЦЫ́НА Пётр Пятровіч (6.1.1906, г. Магілёў — 24.8.1964),
бел. і расійскі скульптар. Вучыўся ў студыі Усерасійскага каап.т-ва «Мастак» (1933—36). У 1928—32 піяніст Магілёўскага гар.т-ра, у 1936—38 кіраўнік скульптурнага камбіната ў г. Курск (Расія). Стварыў помнікі У.І.Леніну ў Магілёве на Тэатральнай плошчы (разам з бацькам П.Г.Яцынам; 1925—26, не захаваўся) і каля будынка з-да штучнага валакна (1932), у г. Гарадок Віцебскай вобл. (1959), у Курску (1933), Ялце (1954), Казані (1955), Грозным, Іжэўску, Ліпецку, Маскве каля гал. ўвахода на ВДНГСССР і інш.; гарэльеф «Клянёмся табе, таварыш Ленін» (з Я.Вучэцічам і інш.; Дзярж. прэмія СССР 1948), станковыя работы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПІЁК Наталля Мікалаеўна (н. 22.6.1969, г. Гродна),
бел.скульптар. Дачка М.А.Апіёка. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1984), Маскоўскі маст.ін-т імя В.Сурыкава (1994). З 1994 працуе ў творчых майстэрнях пры АМ Расіі. Творы вылучаюцца кампазіцыйнай ураўнаважанасцю, суразмернасцю рытмічных і статычных элементаў, пэўнай абагульненасцю, ідэйна-сэнсавай скіраванасцю: «Пераход» (1988), «Галгофа», «Вартавы» (абодва 1993), «Ефрасіння Полацкая» (1994), «Сад», «Вясна» (абодва 1996), рэльеф «Святая царыца Аляксандра» для тонда ўсх. фасада храма Хрыста Збавіцеля ў Маскве (з Н.Салыга, 1997), «Ахвярапрынашэнне» (2001), серыі рэльефаў для фасада царквы Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў с. Нядзельнае Калужскай вобл. (Расія, 2001), Дома міласэрнасці ў Мінску (2003).
М.Апіёк. Святочны выезд Радзівіла (Каханку) у горадзе Нясвіж. 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАК (Braque) Жорж (13.5.1882, г. Аржанцёй, Францыя — 31.8.1963),
французскі жывапісец, графік, скульптар. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Гаўры і Парыжы (1902—04). З 1905 пісаў пейзажы ў духу фавізму; у 1908 разам з П.Пікаса стаў заснавальнікам кубізму. У амаль манахромных кубістычных кампазіцыях («Кларнет і бутэлька рому на каміне», 1911, «Жанчына з гітарай», 1913) імкнуўся да абстрагавання формаў і разнастайнасці фактуры, шырока выкарыстаў калаж. У 1920-я г. паступова адышоў ад кубізму, пісаў разнастайныя па колеры, дэкар. па характары творы («Чорныя рыбы», 1942). Выканаў цыкл каляровых літаграфій («Сшыткі Жоржа Брака», 1947), размалёўку царквы ў Асі (1945), плафоны залаў у Луўры (1953). У апошнія гады галоўнай тэмай творчасці стала прырода.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРДЭ́ЛЬ (Bourdelle) Эміль Антуан (30.10.1861, г. Мантабан, Францыя — 1.10.1929),
французскі скульптар. Вучыўся ў школах прыгожых мастацтваў у Тулузе (1876—84) і Парыжы (1884—86). Працаваў у майстэрнях Ж.Далу і А.Радэна (1893—1908). Выкладаў у студыі Гранд-Шам’ер (1909—29). Ад прасякнутых бурнай экспрэсіяй ранніх твораў («Помнік тым, хто загінуў», 1893—1902) перайшоў да больш ураўнаважаных кампазіцый, дзе творча пераасэнсаваў традыцыі стараж.-грэч. архаікі і ранняй класікі, імкнуўся да гераізацыі і манументалізацыі вобразаў («Геракл, які страляе з лука», 1909; «Пенелопа», 1909—12; «Сафо», 1924—25). Аўтар помнікаў А.Міцкевічу ў Парыжы (1909—29), К.Альвеару ў Буэнас-Айрэсе (1914—17), партрэтаў А.Радэна (1909), А.Франса (1919) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КАР Сяргей Міхайлавіч (н. 27.8.1928, г. Орша),
бел.скульптар. Засл. дз. маст. Беларусі (1978). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1966). Працуе ў галіне станковай і манум. скульптуры, найб. у жанры партрэта. Вылучаюцца партрэты дзеячаў бел. культуры (Ф.Скарыны, М.Гусоўскага, У.Караткевіча, Я.Брыля, Р.Барадуліна, Г.Бураўкіна і інш.). Яго станковым работам уласцівы прастата і строгасць кампазіцыйнай будовы, яснасць і дакладнасць пластычнага вырашэння (помнікі віцэ-адміралу В.П.Дразду ў Буда-Кашалёве, Ф.Э.Дзяржынскаму ў сядзібе Дзяржынава Стаўбцоўскага р-на, У.М.Азіну ў Полацку, надмагілле П.Броўкі ў Мінску і інш.). Зрабіў некалькі варыянтаў статуарнага партрэта М.Багдановіча, якія леглі ў аснову помніка паэту ў Мінску. Стварыў шэраг мемарыяльных дошак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУДО́Н, Удон (Houdon) Жан Антуан (20.3.1741, г. Версаль, Францыя — 15.7.1828), французскі скульптар; адзін з буйных майстроў еўрап. скульптурнага партрэта 18 ст. Вучыўся ў Ж.Б.Пігаля. У 1764—68 пенсіянер Франц. акадэміі ў Рыме. У 1805—23 выкладаў у парыжскай Школе прыгожых мастацтваў. Надаючы вял. значэнне анатоміі як аснове скульптуры, выканаў анат. Фігуру «Экаршэ» (1767), якая стала навуч. дапаможнікам многім пакаленням скульптараў. Стварыў галерэю вобразаў вядомых гіст. асоб: бюсты Кацярыны II (1773), Ж.Ж.Русо (1778), А.Г.Мірабо (1791), Напалеона I (1806), помнік Дж.Вашынгтону (1778), бюст (1778) і статую (1781) Вальтэра і інш. Натуральнай прастатой і лірычнасцю вызначаюцца жаночыя і дзіцячыя партрэты («Партрэт жонкі», 1787).
Літ.:
Арнасон Г.Г. Скульптура Гудона: Пер. с англ.М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРЭ́ (Doré) Густаў Вінсент Шарль (6.1.1832, г. Страсбур, Францыя — 23.1.1883),
французскі графік. Самавучка. З 1848 публікаваў у гумарыстычных часопісах Парыжа вострахарактарныя літаграфіі пра парыжскіх абывацеляў (сюіты «Розная публіка Парыжа», «Парыжскі звярынец»). Вядомасць прынеслі жывапісна-дынамічныя, гратэскна-выразныя, поўныя фантазіі і гумару ілюстрацыі да «Гарганцюа і Пантагруэля» Ф.Рабле (1854), «Свавольных апавяданняў» А. Бальзака (1855—56), «Боскай камедыі» Дантэ (1861), «Дон Кіхота» М.Сервантэса (1862—63), Бібліі (1864—66), «Страчанага раю» Дж.Мільтана (1865—66). Гэтыя малюнкі гравіраваліся майстрамі школы тарцовай ксілаграфіі, якая ўзнікла пад уплывам Д. Вядомы і як скульптар (помнік А.Дзюма-бацьку ў Парыжы, 1882).
Літ.:
Дьяков Л. Г.Доре. М., 1983.
Г.Дарэ. Уезд Гарганцюа ў Парыж. Іл. да кнігі «Гарганцюа і Пантагруэль» Ф.Рабле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГРЫ́М Паўлюк (Павел Восіпавіч; 14.11.1812, в. Крошын Баранавіцкага р-на — 1891 ?),
бел.паэт. Сын каваля. Вучыўся ў Крошынскай парафіяльнай школе. За распаўсюджанне антыпрыгонніцкіх вершаў, у т. л. «Рабункі мужыкоў» Я.Баршчэўскага, здадзены ў рэкруты (дакументальна не пацверджана). Працаваў кавалём у Крошыне. У мясц. касцёле зберагаецца металічная люстра работы Багрыма — узор маст. коўкі. Захаваўся адзін верш Багрыма — «Зайграй, зайграй, хлопча малы...», апубл. навагрудскім юрыстам І.Яцкоўскім («Аповесць з майго часу», Лондан, 1854). Верш — шэдэўр бел. лірыкі 19 ст., які кранае сілай пратэсту супраць прыгону, глыбінёй пачуцця, арганічнасцю формы і зместу. У 1985 у Крошыне адкрыты музей нар. мастацтва і рамёстваў імя Багрыма.
Літ.:
Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд.Мн., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАНКО́ВІЧ Валянцін Паўлавіч (н. 5.6.1937, Мінск),
бел. архітэктар і скульптар. Скончыў БПІ (1959), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1976). Працаваў у ін-це «Мінскпраект» (1960—70). Асн. работы: мемар. комплексы Хатынь (Ленінская прэмія 1970), Брэсцкая крэпасць-герой, «Кацюша», помнікі М.Гастэлу і яго экіпажу каля г.п. Радашковічы, К.Заслонаву ў Оршы (абодва 1964), падпольшчыкам Асінторфа (1966) і інш. Аўтар помнікаў кулямётнаму разліку (1975) перад уваходам у музей «Белавежская пушча» (Камянецкі р-н), падпольшчыкам в. Лошыца 2-я (цяпер у межах Мінска, 1980), дэкар. кампазіцыі «Бег» на стадыёне «Дынама» (1980), абеліска «Мінск — горад-герой» (1985) у Мінску, манум.-дэкар. кампазіцыі «Ручнікі» (1983) каля Палаца культуры ВА «Хімвалакно» ў Магілёве і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДРА́ЦЬЕЎ Мікалай Іванавіч (н. 14.12.1925, в. Высокая Грыва Панкрушыхінскага р-на, Рэспубліка Алтай),
бел.скульптар. Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры (1956). Творам уласцівы выразнасць лепкі, рухомасць і асіметрыя пластычных аб’ёмаў. Аўтар жанравых («Вышыннікі», 1959; «Рыбакі», 1969), дэкар.-паркавых («Дзеці гуляюць», 1980—81) кампазіцый, псіхалагічных партрэтаў (А.Казей, 1964; Я.Коласа і Я.Купалы, 1982), станковых твораў «Памяць» (1985), «Набат Перамогі» (1995), «Хрыстос-Збавіцель» (1995—97) і інш. Сярод манум. работ скульпт. цыкл «Смутак людскі» (1976) на Паўн. могілках у Мінску, мемарыялы «Спаленая вёска» (1988) на хутары Брыцалавічы Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл., «Загінуўшых чакаюць вечна» (1990) у в. Доры Валожынскага р-на Мінскай вобл. Графічны цыкл «Духоўнасць, Адраджэнне — храмы праваслаўныя і каталіцкія» (1995—97).