ФІЗІЧНАЯ ХІМІЯ
Пачатак сістэматычных даследаванняў у галіне фізічнай хіміі на Беларусі звязаны з адкрыццём кафедры фізічнай хіміі ў БДУ (1933) і лабараторыі фізічнай хіміі ў Ін-це хіміі АН Беларусі (1935); іх першы кіраўнік В.К.Нікіфараў. Ён эксперыментальна даследаваў фізіка-хім. параметры перыядычных рэакцый з утварэннем асадкаў, прапанаваў хвалевую тэорыю гэтых працэсаў, вызначыў залежнасць параметраў перыядычнасці ад тэмпературы, канцэнтрацыі, вязкасці асяроддзя, апрамянення. Распрацаваны карэляцыйныя метады прагназіравання фізіка-хім. уласцівасцей індывідуальных фракцый вадкасці. Важны ўплыў на развіццё фізіка-хім. даследаванняў на Беларусі зрабілі працы па кінетыцы тапахімічных і гетэрагенных рэакцый Б.В.Ерафеева, У.С.Камарова, М.М.Паўлючэнкі, Я.А.Продана; па тэрмадынаміцы іоннага абмену У.С.Салдатава і Р.Л.Старобінца; па тэрмадынаміцы цвёрдых электралітаў А.А.Вечара, па фотахіміі В.В.Свірыдава і Г.А.Браніцкага. У наш час даследаванні вядуцца на кафедрах і ў НДІ фізіка-хім. праблем БДУ, Бел. тэхнал. ун-це, ін-тах фізіка-арганічнай і агульнай і неарганічнай хіміі Нац. АН Беларусі па асноўных кірунках фізічнай хіміі: будове малекул і рэчываў, хім. тэрмадынаміцы, хім. кінетыцы і каталізе, электрахіміі, фотахіміі, фізічнай хіміі тэхнічных працэсаў і матэрыялаў.
У галіне будовы малекул і рэчываў праведзены даследаванні геаметрыі, канфармацыйнага саставу вугляводаў і роднасных злучэнняў (Р.Г.Жбанкоў, В.П.Паноў); квантава-хім. і спектральныя даследаванні вытворных тэтразолу (П.М.Гапонік, А.А.Івашкевіч); неэмпірычныя разлікі геаметрыі і энергетычных узроўняў кластэраў паўправаднікоў — сульфідаў кадмію і медзі (В.С.Гурын), а таксама серабра (А.А.Івашкевіч, В.Э.Матуліс); даследаванні мікра- і нанарэльефу паверхні монакрышталёў крэмнію (А.В.Юхневіч). Распрацаваны фізіка-хім. асновы метадаў сінтэзу цвёрдых цел з сітаватай структурай (У.С.Камароў); метадамі рэнтгенаструктурнага аналізу вызначаны параметры крышталічных структур шматлікіх фасфатаў металаў (Л.С.Івашкевіч, А.С.Ляхаў). Вывучана ўзаемасувязь паміж будовай і фізіка-хім. ўласцівасцямі неарганічных гідратаў (В.Н.Макатун); сістэматызаваны карэляцыйныя метады прагназіравання фізіка-хім. уласцівасцей рэчываў (А.І.Лесніковіч). Распрацаваны адытыўныя метады разліку фізіка-хім. уласцівасцей рэчываў на аснове класічнай тэорыі будовы малекул (Г.Я.Каба, Г.М.Роганаў).
У галіне хімічнай тэрмадынамікі даследаваны з выкарыстаннем арыгінальнай тэнзаметрычнай тэхнікі фазавыя і хім. раўнавагі ў газавай фазе адна- і шматкампанентных неарганічных і металаарганічных сістэм (А.К.Баеў, Г.І.Новікаў, А.Г.Палячэнак). На аснове даследавання раўнавагі ізамерызацыі і вымярэння тэрмадынамічных уласцівасцей рэчываў распрацавана тэрмадынамічнае апісанне ізамерыі, па малекулярных і спектральных даных выкананы шматлікія разлікі тэрмадынамічных уласцівасцей рэчываў; абгрунтаваны мадэлі энергетычных станаў малекул у пластычных крышталях (А.В.Блахін, Г.Я.Каба, Г.М.Роганаў, М.Л.Фрэнкель). Вызначаны тэрмадынамічныя характарыстыкі ўтварэння сплаваў In-Ga-Bi-Te (А.А.Вечар, Л.А.Мячкоўскі); з выкарыстаннем метадаў тэрмадынамікі неабарачальных працэсаў выкананы аналіз гальванічных элементаў іоннай і змешанай праводнасці (С.А.Сударыкаў). Дэталёва даследавалася тэрмадынаміка водных раствораў неэлектралітаў (У.П.Белавусаў), фізіка-хім. заканамернасці гідроксакомплексаў метал-іонаў (Ю.П.Давыдаў). Пры дапамозе тэрмадынамічных даследаванняў абгрунтавана магчымасць выкарыстання хімічна рэагавальных сістэм як цепланосьбітаў ядзерных рэактараў (А.К.Красін, В.Б.Несцярэнка і інш.), цыклаў вадароднай энергетыкі (Г.І.Новікаў), генератараў газаў (Г.Я.Каба, І.А.Кантаровіч, М.Л.Фрэнкель), штучнай глебы (У.С.Салдатаў).
У хімічнай кінетыцы атрыманы фундаментальныя вынікі: створана хвалевая тэорыя перыядычных рэакцый (В.К.Нікіфараў); абгрунтавана абагульненае ўраўненне тапахімічнай кінетыкі (Б.В.Ерафееў); устаноўлена залежнасць паміж будовай цвёрдых цел і скарасцямі гетэрагенных хім. рэакцый (М.М.Паўлючэнка, Я.А.Продан); выяўлены групы хім. рэакцый, якія працякаюць з анамальна высокімі скарасцямі пры нізкіх тэмпературах (У.А.Лішнеўскі); прапанаваны механізм ланцуговага самазагарання сумесі серавугляроду з паветрам (А.С.Баркан). Праведзены важныя для развіцця тэхналогіі і стварэння новых матэрыялаў кінетычныя даследаванні працэсаў каталітычнага акіслення арганічных рэчываў (У.Я.Агабекаў, М.І.Міцкевіч), ізамерызацыі вугляродаў (Ю.Р.Егіязараў), кінетыкі ўтварэння ферытаў (Л.А.Башкіраў, У.В.Панькоў). З выкарыстаннем радыеактыўных ізатопаў даследавана дыфузія ў рэакцыях цвердафазнага сінтэзу (І.Ф.Кананюк, І.І.Пакроўскі, М.М.Паўлючэнка). Тэарэтычна апісаны і створаны ўстаноўкі для рэалізацыі каталітычных працэсаў, якія працякаюць у нестацыянарных рэжымах, што дае унікальныя магчымасці для атрымання экстрэмальных тэхн. характарыстык (С.А.Жданок). Прапанаваны карэляцыйныя кінетычныя ўраўненні для разліку скарасцей гарэння паліва (А.І.Лесніковіч) і механізмы тэрмолізу вытворных тэтразолу (А.А.Івашкевіч).
У электрахіміі распрацаваны метады эксперыментальнага даследавання і фізіка-хім. апісання высокатэмпературных электрахімічных матэрыялаў са спалучаным пераносам іонаў і электронаў (А.А.Вечар, Я.М.Навумовіч), вывучаны нелінейныя з’явы ў нанаструктураваных электрахімічных сістэмах і абгрунтаваны прынцыпы патэнцыядынамічнай імпеданснай спектраскапіі (Г.А.Рагойша), створаны фізіка-хім. мадэлі сістэм для рэалізацыі H+-селектыўных электродаў (У.У.Ягораў), устаноўлены заканамернасці зруху патэнцыялу металаў, што асаджаюцца ў выглядзе монаслаёў на халькагенідных паўправадніках (Я.А.Стральчоў).
У фотахіміі ўстаноўлены заканамернасці ўтварэння і росту часцінак металаў у працэсах фатолізу злучэнняў серабра, фотакаталітычнага асаджэння металаў (Г.А.Браніцкі, С.К.Рахманаў, В.В.Свірыдаў). Даследаваны фотаэлектрахімічныя сістэмы канверсіі светлавога выпрамянення акумулятарнага і рэгенератыўнага тыпаў на полікрышталічных паўправадніковых плёнках, слаістых гетэраструктурах з сенсібілізатарамі (А.І.Кулак, Дз.В.Свірыдаў).
Літ.:
Ермоленко Н.Ф., Тищенко И.Г., Баркан А.С. Химия в Белорусском государственном университете // Уч. зап. БГУ. 1958. Вып. 42;
Химические проблемы создания новых материалов и технологий. Вып. 2—3. Мн., 1998—2003;
Комаров В.С. Адсорбенты. Мн., 1986;
Продан Е.А. Неорганическая топохимия. Мн., 1986;
Солдатов В.С., Бычкова В.А. Ионообменные равновесия в многокомпонентных системах. Мн., 1988;
Паньков В.В., Башкиров Л.А. Механизм и кинетика образования ферритов Мн., 1988;
Макатун В.Н. Химия неорганических гидратов. Мн., 1985;
Давыдов Ю.П. Состояние радионуклидов в растворах. Мн., 1978;
Кабо Г.Я., Роганов Г.Н., Френкель М.Л. Термодинамика и равновесие изомеров. Мн., 1986;
Лесникович А.И., Левчик С.В. Корреляции в современной химии. Мн., 1989;
Баев А.К. Химия газо-гетерогенных систем элементо-органических соединений. Мн., 1987;
Гилевич М.П., Покровский И.И. Химия твердого тела. Мн., 1985;
Frenkel M., Kabo G., Roganov G. Thermodynamic of organic compounds in the gas state. Vol. 1—2. Texas, 1994;
Судариков С.А. Введение в электрохимическую термодинамику гальванических элементов. Мн., 1973;
Красин А.К., Нестеренко В.Б. Термодинамические и переносные свойства химически реагирующих газовых систем. Мн., 1985;
Вечер А.А., Вечер Д.В. Твердые электролиты. Мн., 1988;
Панов В.П., Жбанков Р.Г. Конформации сахаров. Мн., 1975.
Г.Я.Каба.
т. 18, кн. 2, с. 526