ТАНА́Й,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Аўсянка, за 26 км на ПнУ ад г. Гарадок. Пл. 0,55 км², даўж. 950 м, найб. шыр. 800 м, найб. глыб. 2,7 м, даўж. берагавой лініі 3,1 км, пл. вадазбору 3,61 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы выш. 5—10 м (на Пн і З невыразныя), пясчаныя, пад лесам. Пойма шыр. 100—300 м, забалочаная, пад хмызняком. Берагі сплавінныя на Пн і У участкамі тарфяністыя. Дно плоскае, сапрапелістае. Зарастае (пераважна падводнай расліннасцю). Выцякае р. Танайка.

т. 15, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУАМО́ТУ (Tuamotu), Паўмоту,

архіпелаг з 78 каралавых астравоў і рыфаў у Ціхім ак.; у складзе Палінезіі Французскай. Пл. (з а-вамі Гамб’е) 810 км². Нас. каля 10 тыс. чал. (2000). Найб. а-вы Ранпроа і Факарава. Клімат трапічны пасатны. Ападкаў 1500—2000 мм за год. Глебы пясчаныя. Расліннасць бедная. На вял. астравах растуць панданусы, баньяны, на малых — пераважна хмызнякі. Плантацыі какосавай пальмы, хлебнага дрэва, бананаў. Жывёлагадоўля. Штучнае развядзенне малюскаў-жамчужніц. Гал. горад — Ратаава (в-ваў Факарава). Біясферны рэзерват Атол-Таяра. Архіпелаг адкрыты ў 1606 ісп. мараплаўцам П.​Кіросам.

т. 16, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУ́РЫЦКАЕ ВО́ЗЕРА.

На мяжы Лепельскага і Чашніцкага раёнаў Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 10 км на ПдЗ ад г. Чашнікі. Пл. 0,64 км², даўж. 3,5 км, найб. шыр. 440 м, найб. глыб. 3,9 м, даўж. берагавой лініі 6,2 км, пл. вадазбору 9,5 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 5—10 м, разараныя. Пойма шыр. 5—100 м, пад лугам і хмызняком. Берагі нізкія, на Пд пясчаныя, астатнія сплавінныя (шыр. сплавіны 5—30 м). Дно сапрапелістае. Зарастае слаба. Упадае ручай, сцёк па пратоцы ў р. Ула.

т. 16, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦНЯ́НСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

галаўное вадасховішча Сляпянскай воднай сістэмы, на паўн. ускраіне Мінска. Створана ў 1981. Пл. 0,94 км², даўж. 1,5 км, найб. шыр. 1,4 км, найб. глыб. 7,5 м, аб’ём вады 2,1 млн. м³. Наліўное: напаўняецца па вадаводзе з вадасховішча Дразды. Катлавіна — прыродная ўпадзіна. Дно пясчанае. Берагі пясчаныя, зах. і паўн.-зах. пад лесам. Востраў пл. 0,6 км². Даўж. земляной плаціны 1,1 км. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 0,5 м. Моцна праточнае. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння і воднага добраўпарадкавання Мінска. Месца адпачынку (даўж. пляжаў каля 2 км).

т. 17, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧО́РНАЕ ВО́ЗЕРА.

У Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дзісна, за 18 км на ПдУ ад г. Міёры, у межах гідралагічнага заказніка Ельня. Пл. 0,7 км², даўж. 1,8 км, найб. шыр. 860 м, найб. глыб. 3,7 м, даўж. берагавой лініі 4,9 км. Пл. вадазбору 23,5 км². Катлавіна рэшткавага тыпу, выцягнутая з ПнУ на ПдЗ. Схілы катлавіны невыразныя. Берагі нізкія, пясчаныя, забалочаныя. Дно плоскае, у зах. частцы тарфяністае, ва ўсх. пясчана-камяністае, у цэнтры сапрапелістае. Слаба зарастае. Упадае пратока з воз. Ельня, выцякае р. Яльнянка.

т. 17, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́РАС,

возера ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мёрыца (прыток р. Зах. Дзвіна), за 6 км на ПнУ ад г. Міёры, каля в. Сушкі. Пл. 0,99 км², даўж. 3,29 км, найб. шыр. 530 м, найб. глыб. 12,8 м, даўж. берагавой лініі 7,74 км. Пл. вадазбору 7 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы катлавіны выш. 2—4 м, разараныя, месцамі пад хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі ўкрыты хмызняком. Пойма невыразная. Шыр. паласы расліннасці 6—12 м да глыб. 1,5 м. Злучана пратокай з Грэцкім возерам. Па берагах некалькі крыніц.

т. 17, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮНДЗЯЛО́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА.

У Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, каля в. Стары Пагост, за 15 км на Пд ад г. Міёры. Пл. 0,44 км², даўж. 1,22 км, найб. шыр. 390 м, найб. глыб. 4,8 м, даўж. берагавой лініі 2,8 км. Пл. вадазбору 1,7 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу, авальная. Схілы катлавіны разараныя, на Пн і Пд тэраса выш. 1—1,3 м. Берагі нізкія і абрывістыя, пясчаныя, на У пад хмызняком. Дно плоскае, выслана сапрапелем, уздоўж берага пяском. Слаба зарастае каля берагоў, пераважна трыснягом і чаротам.

т. 18, кн. 1, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЛО́ЎСКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Ганцавіцкім р-не Брэсцкай вобл. на вярховых балотах Ялоўскае і Коча. Засн. ў 1979 для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 963 га. На У Пакнамерскія Вялікае (пл. 12 га) і Малое (пл. 7,7 га) азёры. Глебы тарфяніста-глеевыя, тарфяна-глеевыя і тарфяна-балотныя, на мінер. астравах — дзярнова-падзолістыя супясчана-пясчаныя. У расл. покрыве — хваёва-кусцікава-сфагнавыя фітацэнозы з перавагай журавін. Лясы (хвойнікі і бярэзнікі) на балотных і забалочаных землях займаюць каля 50% тэр. заказніка.

П.​І.​Лабанок.

т. 18, кн. 1, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСТЫ́НЯ,

занальны тып ландшафту, які склаўся ва ўмовах дэфіцыту вільгаці (арыдная П.) або цяпла (халодная П.). Для П. характэрны вельмі разрэджаныя і збяднелыя раслінныя згуртаванні. Пашыраны ў пустынных зонах трапічнага, субтрапічнага і ўмеранага паясоў, а таксама ў Арктыцы і Антарктыдзе (ледзяная П.), у гарах утвараюць вышынны ландшафтны пояс (халодная высакагорная П.). Адрозніваюць кантынентальныя П. (Гобі, Такла-Макан), размешчаныя ва ўнутраных ч. мацерыкоў, і прыакіянічныя або прыбярэжныя П. (Атакама, Наміб), што працягваюцца ўздоўж зах. узбярэжжаў мацерыкоў. Паводле характэрных глеб і грунтоў вылучаюць розныя тыпы П.: пясчаныя, друзавыя, камяністыя, гліністыя, такыравыя (гл. Такыры), лёсавыя, саланчаковыя, гіпсавыя і інш. У рэльефе П. — складаныя спалучэнні нагор’яў, дробнасопачніку і астраўных гор са структурнымі рачнымі далінамі і замкнутымі азёрнымі ўпадзінамі. Пашыраны эолавыя формы рэльефу (барханы, дзюны, пясчаныя грады, бугрыстыя пяскі). Большая ч. тэр. П. бяссцёкавая, зрэдку іх перасякаюць транзітныя рэкі (напр., Сырдар’я, Амудар’я, Ніл). Характэрны перасыхаючыя вадацёкі і азёры. Глебы развіты слаба, пераважна прымітыўныя, бурыя шэразёмы, шэра-карычневыя, светла-шэрыя карбанатныя, трапляюцца засоленыя глебы, такыры і інш. Для большасці П. характэрны ксерафільныя кусцікавыя (палынныя, салянкавыя, лебядовыя) сукуленты, галафіты, эфемеры і эфемероіды. Фауну прадстаўляюць млекакормячыя (пераважна грызуны і капытныя), паўзуны (агамы, вараны), насякомыя і павукападобныя (фалангі, скарпіёны). Найб. П. зямнога шара — Сахара. Арашальныя землі выкарыстоўваюцца пад земляробства, пашу. Плошча П. пастаянна пашыраецца ў выніку высечкі і звядзення лясоў, знішчэння натуральнай расліннасці, глебавай эрозіі, перавыпасу жывёлы. Пра клімат П. гл. ў арт. Пустынныя зоны.

В.​С.​Аношка.

Дзюны ў пустыні Сахара.

т. 13, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛЕНДЖЫ́К,

горад у Расійскай Федэрацыі ў Краснадарскім краі, на беразе Чорнага м. Абкружаны адгор’ямі Маркотхскага хр. Вял. Каўказа. Засн. ў 1831. 83,3 тыс. ж. (1997). Прам-сць: харч., дрэваапр., вытв-сць буд. матэрыялаў. Н.-д. праектны ін-т геафіз. метадаў разведкі акіяна. Гіст.-краязнаўчы музей. Прыморскі кліматычны курорт. Субтрапічны клімат міжземнаморскага тыпу, пясчаныя пляжы, крыніцы разнастайных мінер. вод, гразі, вінаградатэрапія і інш. выкарыстоўваюцца для лячэння розных хвароб — нерв., сардэчна-сасудзістых, эндакрынных, органаў дыхання, руху і апоры і інш. З памежнымі курортамі (Кабардзінка, Санцадар, Дзіўнаморскае, Джанхот, Бэта, Архіпа-Восіпаўка) Геленджык утварае Геленджыкскую курортную зону.

т. 5, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)