НЕРВО́ВАЯ СІСТЭ́МА,

морфафункцыянальная сукупнасць асобных нейронаў і інш. структур нервовай тканкі жывёл і чалавека, якая аб’ядноўвае дзейнасць усіх органаў і сістэм арганізма ў яго пастаянным узаемадзеянні з навакольным асяроддзем. Успрымае знешнія і ўнутр. раздражняльнікі, аналізуе і перапрацоўвае атрыманую інфармацыю, захоўвае сляды былой актыўнасці (памяць) і адпаведна рэгулюе і каардынуе функцыі арганізма. Аснова дзейнасці — рэфлекс, звязаны з распаўсюджваннем узбуджэння і тармажэння па рэфлекторных дугах. У ходзе эвалюцыі жывёл паступовае ўскладненне Н.с. адбывалася з адначасовым ускладненнем іх паводзін.

У прасцейшых жывёл Н.с. адсутнічае. Сеткападобная, або дыфузная, Н.с. паявілася ў кішачнаполасцевых. Яна хутка праводзіць узбуджэнне з месца раздражнення па ўсіх напрамках, але не дыферэнцыруе рэакцыі. Далейшае ўскладненне Н.с. ішло паралельна з развіццём органаў руху і выяўлялася ў адасабленні нейронаў і паглыбленні іх у цела. Напр., у кішачнаполасцевых, якія жывуць свабодна (медузы), нейроны аб’яднаны ў гангліі і ўтвараюць дыфузна-вузлавую Н.с. Паявіліся спецыялізаваныя рэцэптары, двухполюсныя нейроны (маюць аксоны і дэндрыты), тыпічныя сінапсы, нейраглія. Цэнтралізацыя Н.с. прывяла да вузлавога тыпу арганізацыі (ігласкурыя, малюскі, сучасныя кольчатыя чэрві, членістаногія). У актыўных форм пярэдні канец цела пры перамяшчэнні першым сустракаецца з рознымі раздражняльнікамі, таму на ім развіліся дыстантныя рэцэптары, якія ўспрымаюць святло, гук, пах (паяўленне пачуццяў органаў). Адпаведныя гангліі ў галаўной ч. тулава развіліся больш, падпарадкавалі сабе астатнія і ўтварылі галаўны мозг. Дыферэнцыяцыя крывяноснай, палавой, стрававальнай і інш. сістэм суправаджалася ўскладненнем узаемадзеяння паміж імі і Н.с.

Найб. развіцця Н.с. дасягнула ў млекакормячых, асабліва ў чалавека, пераважна за кошт ускладнення будовы паўшар’яў і кары гал. мозга. Развіццё і дыферэнцыяцыя структур Н.с. ў высокаарганізаваных жывёл абумовілі яе падзел на цэнтральную нервовую сістэму і перыферычную нерв. сістэму.

Літ.:

Никитенко М.Ф. Эволюция и мозг. Мн., 1969;

Сепп Е.К. История развития нервной системы позвоночных. 2 изд. М., 1959;

Куффлер С.В., Николс Дж. От нейрона к мозгу: Пер. с англ. М., 1979.

А.​С.​Леанцюк.

Нервовая сістэма: 1 — галаўны мозг; 2 — спінны мозг; 3 — вегетатыўныя гангліі; 4 — перыферычныя нервы.

т. 11, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХАЛІНГВІ́СТЫКА (ад псіха... + лінгвістыка),

навука пра маўленчую дзейнасць, працэсы спараджэння і ўспрымання маўлення. Даследуе прычыны паталогіі маўленчай дзейнасці, дзіцячае маўленне, займаецца мадэліраваннем працэсаў спараджэння і ўспрымання маўлення, пытаннямі двухмоўя, вывучэння роднай і замежных моў і інш. Маўленчая дзейнасць цесна і арганічна спалучаецца з усімі інш. відамі разумовай, духоўнай, псіх., біял. дзейнасці чалавека. Кіраванне імі ажыццяўляецца нервовай сістэмай, у прыватнасці, карой галаўнога мозга; звязвальным ланцугом выступае маўленне, псіхал. механізмы якога знаходзяцца ў найб. важных і развітых зонах гэтай кары. Найб. істотны сродак ператварэння думкі ў выказванне і выказвання ў думку — унутр. маўленне. Пры пашкоджанні (кровазліццё, страсенне, раненне) участкаў мозга, дзе знаходзяцца моўныя механізмы, у чалавека адзначаюцца розныя віды афазіі: ад лёгкага заікання да поўнай страты мовы. Рэакцыі чалавека, які ўспрымае мову, могуць быць фізіял. (змена частаты пульсу, пашырэнне зрэнак вачэй і інш.) і моўнымі. Улік і вывучэнне гэтых рэакцый дазваляе даследаваць будову мовы і свядомасці, што аперыруе ёй. П. займаецца таксама прыкладнымі праблемамі: распрацоўка эфектыўных прыёмаў моўнага ўздзеяння на адрасатаў (аптымальная арганізацыя сродкаў масавай інфармацыі, рэкламы, прапаганды і інш.), лячэнне афазіі, распрацоўка пытанняў, звязаных са зносінамі людзей, людзей з машынамі, прыняцце правільных каманд і рашэнняў у сістэме кіравання.

П. бярэ пачатак ад вучэння В.​Гумбальта, яго паслядоўнікаў Г.​Штайнталя і А.​Патабні пра мову як псіхал. з’яву. На Беларусі псіхалінгвістычныя даследаванні мовы звязаны з дзейнасцю Л.​Выгоцкага, Л.​Шчэрбы. Псіхал. аспекты мовы вывучаліся і вывучаюцца ў БДУ (А.​Супрун, А.​Цітова і інш.), Мінскім лінгвістычным ун-це (Г.​Кліменка і інш.).

Літ.:

Щерба Л.В. Языковая система и речевая деятельность. Л., 1974;

Слобин Д., Грин Дж. Психолингвистика: Пер. с англ. М., 1976;

Выготский Л.С. Мышление и речь // Собр. соч. М., 1982. Т. 2;

Цітова А.І. Асацыятыўны слоўнік беларускай мовы. Мн., 1981;

Клименко А.П. Психолингвистика. Мн., 1982;

Супрун А.Е. Лекции по теории речевой деятельности. Мн., 1996.

Б.​А.​Плотнікаў.

т. 13, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

і́мпульс

(лац. impulsus = удар, штуршок)

1) унутранае пабуджэнне, штуршок да дзеяння (напр. і. да творчасці);

2) мера руху і сілы;

электрычны і. — імгненны адзінкавы скачок току або напружання ў электрычным ланцугу;

нервовы і. — хваля ўзбуджэнняў, якая распаўсюджваецца па нервовай сістэме.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

вегетаты́ўны

(с.-лац. vegetativus)

які служыць для жыўлення і росту жывёльных і раслінных арганізмаў;

в-ая нервовая сістэма — частка нервовай сістэмы, якая рэгулюе абмен рэчываў у арганізме;

в-ае размнажэнне — непалавое размнажэнне, пры якім новы арганізм утвараецца з часткі мацярынскага.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

МЛЕКАКО́РМЯЧЫЯ, звяры,

сысуны (Mammalia),

клас найб. высокаарганізаваных пазваночных жывёл. 2 падкл.: першазвяры (атр. аднапраходныя) і сапраўдныя звяры (жывародныя), да якіх належаць ніжэйшыя звяры (атр. сумчатыя) і 17—23 атр. вышэйшых звяроў (плацэнтарныя), 95 сям., каля 4,5 тыс. відаў. Да М. адносяцца свойскія жывёлы (каля 15 відаў), чалавек (атр. прыматы). Продкі М. — палеазойскія рэптыліі. Вядома каля 3 тыс. выкапнёвых відаў М., пачынаючы з трыясу (каля 170 млн. г. назад). Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Паводле спосабу жыцця М. — падземныя, наземныя, паўводныя і водныя жывёлы. На Беларусі 6 атр. (насякомаедныя, рукакрылыя, драпежныя звяры, грызуны, парнакапытныя, зайцападобныя), 21 сям., 45 родаў, каля 75 відаў. Насяляюць лясы, палі, лугі, балоты, трапляюцца каля жылля чалавека. У Чырв. кнізе МСАП 230 відаў і 91 падвід, Беларусі — 14 відаў.

Памеры ад даўж. 4 см і масы 1,2 г (карлікавая белазубка з землярыйкавых) да выш. 4,5 м і масы 7,5 т (слон афрыканскі) у наземных М.; у водных — да даўж. 33 м і масы да 150 т (блакітны кіт). Асн. прыкметы М.; высокі ўзровень развіцця нервовай сістэмы, жывароднасць у спалучэнні з выкормліваннем дзіцянят малаком, дасканалая сістэма цепларэгуляцыі (гомаятэрмія). Цела ўкрыта валасамі, скура багатая залозамі (характэрны малочныя залозы), мае шэраг прыдаткаў капыты, кіпцюры, рогі. Шыйных пазванкоў, як правіла, 7. Зубы ў альвеолах, дыферэнцыраваныя на разцы, іклы і карэнныя. У сярэднім вуху 3 слыхавыя костачкі. Дыханне лёгачнае. Сэрца 4-камернае, з левай дугой аорты. Галаўны мозг з развітымі вял. паўшар’ямі, якія маюць «новую кару» — неакортэкс, у многіх М. са звілінамі. Апладненне ўнутранае. Амаль усе М. маюць плацэнту. Размнажэнне — ад круглагадавога (напр., мышы) да аднаго разу ў некалькі гадоў (маржы, сланы). Жыўленне — ад поўнай расліннаеднасці да драпежніцтва ці ўсёеднасці. Усе сістэмы органаў звычайна добра развітыя, але, улічваючы разнастайнасць М., ад агульнай схемы ёсць мноства адхіленняў, Раздзел заалогіі, што вывучае М., наз. тэрыялогія.

Літ.:

Млекопитающие Советского Союза. Т. 1—2. М., 1961—76;

Соколов В.Е. Систематика млекопитающих. [Ч. 1—3]. М., 1973—79;

Жизнь животных. Т. 7. Млекопитающие. 2 изд. М., 1989.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 10, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ірадыя́цыя

(ад лац. irradiare = ззяць)

1) павелічэнне ў выніку аптычнага падману памераў светлых прадметаў на чорным фоне і, наадварот, памяншэнне памераў цёмных фігур на светлым фоне;

2) распаўсюджанне працэсу ўзбуджэння або тармажэння ў цэнтральнай нервовай сістэме;

3) мед. распаўсюджанне болю за межы пашкоджанага месца.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Калту́ннік ’расліна гарычка лёгачная, Gentiana pheumontana’ (Касп.), каўтуннік ’Gentiana uliginosa’ (маг., Кіс.). Рус. валаг. ковтун ’расліна папараць жаночая, Athyrium Filix Fcmina’, колтун ’тс’. Надзейнасць гэтага супастаўлення невысокая, паколькі па спосабу ўтварэння гэта, відавочна, розныя лексемы. Рус. хутчэй за ўсё знаходзіцца ў непасрэднай сувязі з колтун ’каўтун, Plica polonica’, назву расліна магла атрымаць паводле падабенства пэўных частак папараці да каўтуна. Менш верагодна бачыць у рус. назве слова, суаднесенае з усх.-слав. колтать, хаця такую сувязь нельга выключыць для рус. валаг. ковтышек ’расліна пярэсна, Trollius curopeaus’, валаг. колтуиіки ’тс’, арханг. ’жоўтыя краскі, якія растуць на лузе’. Разам з тым кветкі ў гэтых раслін цяжка характарызаваць у межах семантыкі дзеяслова колтаць. калі тут толькі не адлюстравана пабочная семантыка (параўн. вышэй рус. колтень). Па гэтай прычыне найбольш імаверна шукаць непасрэдную сувязь разглядаемага слова і калтун, каўтун ’Plica polonica’. Паводле фармальнага крытэрыю каўтуннік павінен разумецца як назва расліны, яЪ&я лечыць ад картуна. Непа-срэдных доказаў такога ужывання Gentiana ў нас няма, аднак вядома, што розныя расліны гэтага роду знайшлі шырокае выкарыстанне ў народнай медыцыне пры лячэнні рэўматызму, ліхаманкі, лёгачных і страўнікавых захворванняў, адзначаюць таксама, што некаторыя віды ў народнай медыцыне вядомыя як сродкі супраць захворвання нервовай сістэмы. Здаецца, што ўжо апошняга сведчання і асабліва звестак пра лячэнне рэўматызму дастаткова, каб лічыць матывацыю верагоднай. Як вядома, Plica polonica — хвароба ўнутраная і нездарма традыцыйна лічыцца, што яна пасылаецца чараўнікамі; можна меркаваць па шэрагу сімптомаў гэтай хваробы, што расліна з такім наборам уласцівасцей сапраўды магла ўжывацца як лекавая. Пры апошнім варыянце тлумачэння лексему неабходна кваліфікаваць як інавацыйную (інавацыя на ўсходзе або паўночным усходзе бел. тэрыторыі).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

саматы́чны

(гр. somatikos)

які мае адносіны да цела, цялесны;

с-ыя клеткі — усе клеткі жывёльнага або расліннага арганізма, за выключэннем палавых;

с-ая нервовая сістэма — частка нервовай сістэмы чалавека і жывёл, якая ўяўляе сабой сукупнасць чуллівых і рухальных нервовых валокнаў, што інервуюць шкілетныя мышцы, скуру, суставы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

інду́кцыя

(лац. inductio = увядзенне, пабуджэнне)

1) спосаб разважання ад асобных прыватных фактаў да агульных вывадаў, абагульненняў (параўн. дэдукцыя);

2) узбуджэнне электрычнага току пры руху яго ў магнітным полі або пры змяненні вакол яго магнітнага поля;

3) узаемадзеянне працэсаў узбуджэння і тармажэння ў нервовай сістэме, пры якім узнікненне аднаго працэсу выклікае развіццё другога, процілеглага.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

КАРА́ ВЯЛІ́КІХ ПАЎША́Р’ЯЎ галаўнога мозга,

верхні слой шэрага рэчыва на бакавой і медыяльнай паверхні і на аснове паўшар’яў галаўнога мозга чалавека і вышэйшых пазваночных жывёл; найвышэйшы аддзел цэнтральнай нервовай сістэмы. Складаецца з нерв. клетак (нейронаў, каля 10 млрд.), іх адросткаў (нерв. валокнаў) і прамежкавай тканкі (нейрагліі). Таўшчыня кары на розных участках паўшар’яў ад 1,3 да 5 мм; плошча паверхні ў чалавека да 0,22 м².

На паверхні кары — барозны і звіліны. Асн. 3 баразны: цэнтр., латэральная і цемянна-патылічная. Барозны падзяляюць паўшар’і на лобную, цемянную, сківічную і патылічную долі; вылучаюць таксама 5-ю астраўковую долю. Нерв. клеткі кары маюць розную форму (зорчатыя, верацёнападобныя, павукападобныя, гарызантальныя, пірамідныя), велічыню (шыр. 5—50 мкм, даўж. 10—130 мкм), колькасць і даўжыню адросткаў; на розных яе ўзроўнях групуюцца ў пласцінкі або слаі. Найб. тыповыя гіганцкія пірамідныя клеткі (клеткі Беца), размешчаныя ў 5-м слоі пярэдняй цэнтр. звіліны. Ад кожнага цела гэтых клетак адыходзяць кароткія адросткі — дэндрыты і адзін доўгі нейрыт (аксон), які дае пачатак рухальным праводным шляхам. Адросткі нерв. клетак ідуць у глыбіню мозга і ўтвараюць яго нервова-валакністы кампанент — белае рэчыва, валокны якога па даўжыні, сувязях і функцыі падзяляюцца на злучальныя (асацыяцыйныя. звязваюць асобныя ўчасткі кары аднаго паўшар’я), спаечныя (камісуральныя, аб’ядноўваюць кару розных паўшар’яў), праекцыйныя (правадніковыя, звязваюць кару паўшар’яў з ядрамі ніжэйшых аддзелаў цэнтр. нерв. сістэм — з падкоркавымі ядрамі, ствалавой ч. галаўнога мозга і ядрамі спіннога мозга). Самая стараж. ч. кары — палеакортэкс, складаецца з адной пласцінкі клетак, займае 0,6% ад пл. кары; уласна старая кара, або архікортэкс — з 2—3 слаёў (2,2% ад пл. кары), новая кара ці неакортэкс — з 6 пласцінак (95,6% плошчы). Паміж новай і старой карой ёсць прамежкавая, або мезакортэкс, з 4—5 пласцінак (1,6% плошчы). У залежнасці ад будовы нерв. клетак, іх прасторавых суадносін і лакалізацыі функцый у кары паўшар’яў вылучаны 52 палі — мазгавыя цэнтры (коркавыя ядры), месцы вышэйшага аналізу і сінтэзу нерв. імпульсаў. У архітэктоніку (слаістую будову) таксама ўключаюць міэла-, ангія- і гліяархітэктоніку. Лакалізацыя функцый (прывязка да палёў) адносная, чым тлумачыцца магчымасць частковай кампенсацыі страчаных функцый. Пры парушэннях участкаў кары сімптомы раздражнення яе аддзелаў выяўляюцца прыпадкамі: лакалізаванымі сутаргавымі (маторнымі), бяссутаргавымі (сенсорнымі, вегетатыўна-вісцэральнымі, з псіхапаталаг. выявамі) ці паліморфнымі. Сімптомы выпадзення (выключэнне функцый) аддзелаў кары могуць суправаджацца парэзамі (паралічамі), расстройствамі органаў пачуццяў, мовы, псіхікі. Дыфузнае пашкоджанне кары ў дародавы або ранні дзіцячы перыяд прыводзіць да затрымкі псіхамоўнага развіцця ці алігафрэніі, у больш позні час — да дэменцыі (прыдуркаватасці).

Літ.:

Анохин П.К. Очерки по физиологии функциональных систем. М., 1975;

Шаде Дж., Форд Д. Основы неврологии: Пер. с англ. М., 1976.

Г.​Г.​Шанько.

т. 8, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)