БАЭ́ЦЫЙ (Boethius, Boetius) Аніцый Манлій Севярын (каля 480, Рым — 524), рымскі філосаф і дзярж. дзеяч. З арыстакратычнага роду Аніцыяў. Сенатар. Бліжэйшы саноўнік остгоцкага караля Тэадорыха; абвінавачаны ў змове супраць яго, зняволены ў турму і пакараны смерцю. Па сваіх філас. поглядах належаў да александрыйскага кірунку ў неаплатанізме. У гал. творы трактаце «Суцяшэнне філасофіяй» (напісаны ў зняволенні) сцвярджаў, што супакой можна знайсці толькі ў дабрадзейнасці, заклікаў страсці падпарадкоўваць розуму і з даверам ставіцца да вышэйшай Божай волі. На развіццё сярэдневяковай навукі і філасофіі значна паўплывалі яго пераклады (з каментарыямі) на лац. мову лагічных твораў Арыстоцеля. Баэцый лічыцца стваральнікам сярэдневяковай логікі і распрацоўшчыкам лагічнай тэрміналогіі на лац. мове. З яго імем звязана развіццё дыялектыкі як агульнай тэорыі ведаў, якая ўключае пытанне аб рэальнасці таго, што спасцігаецца ў агульных паняццях. Гэтае пытанне ўвайшло ў гісторыю як філас. праблема універсалій. Аўтар трактата «Аб музыцы», перакладаў на лац. мову «Арыфметыкі» Нікамаха, «Пачаткаў» Эўкліда, трактатаў па астралогіі і багаслоўі.
Тв.:
Рус.пер. — «Утешение философией» и другие трактаты. М., 1990.
Літ.:
Уколова В.Н. «Последнний римлянин» Боэций. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГУ́ТАРКА СТАРО́ГА ДЗЕ́ДА»,
ананімны вершаваны твор бел. л-ры 19 ст.Напісаны ў пач. 1861. Надрукаваны ў выглядзе агітацыйнай брашуры Б.Шварцэ, А.Белакозам, Грынявіцкім у беластоцкай падп. друкарні напярэдадні паўстання 1863—64. Вядомыя 2 выданні: каб увесці ў зман цэнзуру, на тытуле аднаго пазначана Познань, другога — Парыж. Да аднаго з выданняў прыкладзены бел. верш У.Сыракомлі «Добрыя весці». Публікавалася ў львоўскай газ. «Dziennik literacki» («Літаратурны дзённік». 1861. № 89), распаўсюджвалася ў рукапісах і літаграфічна. Выкрывала царскія парадкі, заклікала бел. сялян падтрымліваць польскі вызв. рух. Складальнікі — шляхецкія рэвалюцыянеры — дапускалі ідэалізацыю мінулага Рэчы Паспалітай, заклікалі да класавага міру ў імя нац. адзінства. У навук. л-ры аўтарам «Гутаркі...» называлі В.Каратынскага, У.Сыракомлю, В.Дуніна-Марцінкевіча.
Публ.:
Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд.Мн., 1988;
Каратынскі В. Творы. 2 выд.Мн., 1994.
Літ.:
Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963. С. 136—145;
Революционная Россия и революционная Польша. М., 1967. С. 39—63;
Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 19—21.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГАЭ́Д (ад грэч. logaoidikos празаічна-вершаваны),
1) від ант. верша, у радках якога чаргаваліся ў строгай паслядоўнасці розныя паводле характару стопы.
2) Від сілаба-танічнага верша, у якім няма метрычнай аднароднасці, аднак існуе рытмічная аднароднасць вершаваных радкоў. У сучаснай сілаба-тоніцы вылучаюцца 3 разнавіднасці Л.: стопны, радковы і строфны. У стопным Л. на адным і тым жа месцы вершаваных радкоў (найперш у 3-складовых стопах) выпадаюць 1 ці 2 ненаціскныя склады (знешне ствараецца ўражанне, што верш напісаны рознымі стопамі). Ужываецца найчасцей у перакладах ант. твораў або ў імітацыях ант. памераў. У радковым Л. ў пэўнай паслядоўнасці чаргуюцца радкі розных метраў, напр., чаргаванне 3-стопнага амфібрахія з 2-стопным дактылем:
Спачатку яно шалясцела
Вельмі нясмела,
А потым лізнула аконца
Ціха, як сонца.
(Я.Купала. «Безназоўнае»).
У вельмі рэдкім строфным Л. ў пэўнай паслядоўнасці чаргуюцца строфы, напісаныя розным метрам (напр., верш П.Панчанкі «Пры святле маланак»). Лагаэдычныя радкі робяць сілаба-танічны верш рытмічна больш разнастайным, рухомым, што памагае больш поўна выявіць паэт. сэнс твора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРАШЭ́ЎСКІ Каятан, бел. і польскі драматург канца 18 ст.Праф. рыторыкі і паэтыкі Забельскага дамініканскага калегіума (в. Валынцы, Верхнядзвінскі р-н Віцебскай вобл.). Аўтар бел.-польск. «Камедыі» і польск. трагедыі «Свабода ў няволі» (паст. ў 1787 у мясц. школьным т-ры). У «Камедыі» паказана цяжкае жыццё прыгоннага селяніна Дзёмкі, выказваецца асветніцкая думка, што шчасце залежыць не ад лёсу, а ад чалавечых учынкаў. Твор напісаны ў адпаведнасці з эстэтыкай класіцызму, аднак адчуваецца ўплыў барочных інтэрмедый, якія ўпершыню ў бел. л-ры сінтэзуюцца ў камедыю. Ідэі асветніцтва выявіліся ў трагедыі «Свабода ў няволі», дзе гал. герой — рымскі палкаводзец Велізарый — вышэй асабістых інтарэсаў ставіць інтарэсы радзімы. «Камедыя» ўпершыню апубл. У.Ператцам у 1911. Творы М. захаваліся ў рукапісным зборніку, які зберагаецца ў б-цы Літ.АН. Сюжэт «Камедыі» выкарыстоўвалі бел. драматургі (п’еса Ф.Аляхновіча «Птушка шчасця», 1920; паст. ў Мінску ў 1991).
Тв.:
Камедыя // Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі. 2 выд.Мн., 1997. Т. 1.
Літ.:
Усікаў Я. Беларуская камедыя. Мн., 1979. С. 72—110;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн.. 1980. С. 320—335.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАРСЕЛЬЕ́ЗА»
(«Marseillaise»),
французская рэв. песня, дзярж. гімн Францыі. Словы і музыка напісаны ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99 у крас. 1792 у г. Страсбур капітанам рэв. арміі К.Ж.Ружэ дэ Лілем. Першапачаткова называлася «Ваеннай песняй Рэйнскай арміі». У хуткім часе пашырылася ва ўсёй рэв. арміі, трапіла ў г. Марсель, адкуль прыйшла ў Парыж пад назвай «Марш марсельцаў» або «М.». З 1795 дзярж. гімн Францыі. Забаронена ў гады Рэстаўрацыі (1814—30) і Другой імперыі (1852—70). Пры Трэцяй рэспубліцы (1870—1940) «М.» зноў стала дзярж. гімнам Францыі: муз. тэкст афіцыйна ўстаноўлены ў 1887, з 14.7.1975 выконваецца ў новай муз. рэдакцыі. Як рэв. гімн «М.» з канца 18 — пач. 19 ст. набыла шырокую папулярнасць у многіх краінах свету. У Расіі з 1880—90-х г. у асяроддзі рэв. рабочых і інтэлігенцыі гучала песня «Рабочая марсельеза» на змененую мелодыю «М.» і верш П.Л.Лаўрова. Назва «М.» пашырылася і на інш.рэв. гімны. «Беларускай марсельезай» называлі папулярную песню на верш А.А.Мікульчыка «Ад веку мы спалі і нас разбудзілі...» (1905).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛТАРА́Н (Ляпеская) Вера Сямёнаўна
(28.3.1919, в. Бабунічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 28.3.1989),
бел. пісьменніца. Засл. работнік культ. Беларусі (1979). Вучылася ў Мінскім пед. ін-це (1937—41), скончыла БДУ (1945). Працавала ў газ. «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», з 1953 у час. «Маладосць», з 1973 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкавалася з 1949. За кн. нарысаў «Ключы ад Сезама» (1967) і нарыс «Дзівасіл» (1968) Дзярж. прэмія Беларусі імя П.М.Лепяшынскага 1970. Аўтар зб. «Дзівасіл» (1974). Асн. тэма нарысаў — жыццё вёскі. Творы П. узнімаюць праблемы адказнасці чалавека перад грамадствам, сваім сумленнем. Яны напісаны з глыбокім пранікненнем у душу чалавека-працаўніка, з любоўю да народа і яго духоўнай спадчыны, з тонкім адчуваннем роднай мовы. Пісала пра творчасць А.Адамовіча, В.Карамазава, А.Кудраўца, І.Мележа, І.Пташнікава, М.Стральцова і інш.
Тв.:
Чалавек на вятрах часу: Публіцыстыка. Літ. крытыка. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВІЛЕ́Й 1432,
заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены ад імя караля польскага Ягайлы як вярх. князя літоўскага і рускага яго ўпаўнаважанымі пасламі са згоды новага вял.кн.ВКЛЖыгімонта Кейстутавіча ў Гродне 15.10.1432, у дзень заключэння новай уніі паміж Польшчай і ВКЛ. Меў на мэце схіліць на бок Жыгімонта баярства, што падтрымлівала вял.кн.Свідрыгайлу. Паводле П. правасл.бел. і ўкр. князі і баяры ўраўноўваліся ў асабістых і маёмасных правах з феадаламі-католікамі. Ім гарантавалася недатыкальнасць маёнткаў як спадчынных, так і дадзеных вял. князямі, права вольнага распараджэння землямі, дазвалялася займаць дзярж. пасады ў Віленскім і Трокскім ваяв., уступаць з літ. баярамі ў гербавае братэрства (набываць гербы). Такім чынам, на правасл. баярства былі пашыраны Прывілей 1387 і Гарадзельскі прывілей 1413. Аднак фактычна П. 1432 дзейнічаў толькі на тэр.зах. часткі Беларусі. Бел. і ўкр. феадалы ў сваёй масе не падтрымалі Жыгімонта і выступілі супраць падпарадкавання Польшчы. Яны ўступалі ў войска Свідрыгайлы, разгаралася феад. вайна (гл.Свідрыгайлы паўстанне 1432—39). Гэта вымусіла Жыгімонта выдаць Прывілей 1434. П. 1432 напісаны на лац. мове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭВО́д’Экзіль
(Prévost d’Exiles) Антуан Франсуа (1.4.1697, г. Эдэн, Францыя — 25.11.1763),
французскі пісьменнік-асветнік, прадстаўнік ранняга сентыменталізму і ракако. Скончыў езуіцкі калеж (1713), стаў абатам. Аўтар сац.-псіхал. раманаў «Мемуары і прыгоды знатнага чалавека, які аддаліўся ад свету» (т. 1—7, 1728—31), «Англійскі філосаф, або Гісторыя Кліўленда, незаконнага сына Кромвеля, напісаная ім самім» (т. 1—8, 1731—39), «Кілерынскі ігумен» (1735), «Гісторыя адной грачанкі» (1740), «Мемуары добра выхаванага чалавека» (1745), у якіх паўстае шырокая панарама жыцця тагачаснай Францыі і Еўропы, ставяцца вострыя сац. праблемы. Вяршыня яго творчасці — раман «Гісторыя кавалера Дэ Грыё і Манон Леско» (1731, неаднаразова экранізаваны). Вобраз Манон — сімвал складанасці і таямнічасці чалавечай натуры, увасабленне горкага лёсу прыгажосці ў свеце саслоўнай няроўнасці і пагоні за багаццем. На сюжэт рамана напісаны балет Ф.Галеві, оперы Ф.Абера, Ж.Маснэ, Дж.Пучыні.
Тв.:
Рус.пер. — История кавалера де Грие и Манон Леско;
История одной гречанки;
Новеллы. М., 1989.
Літ.:
Пахсарьян Н.Т. Генезис, поэтика и жанровая система французского романа 1690—1760-х гг. Днепропетровск, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКО́РАПІС,
тып пісьма, які развіўся ва ўсх. славян з паўустава ў выніку паскарэння працэсу пісання. Характарызаваўся звязаным напісаннем літар у слове, свабодным узмахам і націскам пяра. У старабел. дзелавой пісьменнасці пачаў ужывацца з канца 14 ст. 1мнапісаны актавыя кнігі гарадскіх, земскіх і замкавых судоў, большая ч. дакументаў Метрыкі ВКЛ, Статуты ВКЛ 1529 і 1566. Асаблівага росквіту дасягнуў у 16—17 ст., калі шырока выкарыстоўваўся ў свецкіх («Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву», «Гісторыя пра Атылу», 2-я пал. 16 ст.; бел. пераклады «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага, «Александрыі», «Троі», «Рымскага летапісца» пач. 17 ст.) і рэліг. творах. С. напісана Баркулабаўская хроніка.
На аснове С. ў канцы 16 ст. створаны спец. шрыфт, якім у друкарні Мамонічаў выдадзены «Трыбунал...» (1586), Статут ВКЛ 1588, «Унія» І.Пацея (1595) і інш.Бел. С. быў больш каліграфічны і зручны для чытання, чым рускі, і ў 17 ст. прыкметна на яго ўплываў.
Літ.:
Карский Е.Ф. Славянская кирилловская палеография. М., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
эле́гія, ‑і, ж.
1. Лірычны верш, прасякнуты пачуццём смутку, журбы, роздуму. Каб Раманчык быў паэт, ён цяпер злажыў бы самую жаласную элегію самому сабе, але ён — толькі проста адукаваны чалавек, здольны глыбока адчуваць.Колас.// У антычнай паэзіі — верш любога зместу, напісаны двухрадкоўямі пэўнай формы.
2. Вакальны ці інструментальны твор сумнага, задуменнага характару. Але вось тая музыка скончылася, пачалі перадаваць нешта новае ў зусім іншым настроі. Стары пачуў, як дыктар сказаў: элегія Маснэ.Кірэенка.
3.перан. Сум, журба, меланхолія. Элегія з прычыны гібелі аднаго [барацьбіта] перарастае ў .. думу аб лёсе ўсіх.Бярозкін.
[Грэч. elegéia.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)