дрэ́ва, ‑а; Р мн. дрэў; н.

1. Шматгадовая расліна з цвёрдым ствалом і галінамі, якія ўтвараюць крону. Хвойныя дрэвы. Пладовыя дрэвы. □ Навокал, пад дрэвамі, у траве, стаяць чырвоныя, прыгожыя мухаморы. Брыль. Верхавіны гэтых дрэў былі такія пышныя, што спляталіся галлём угары і ўтваралі зялёны тунель. Чарнышэвіч.

2. толькі адз. Матэрыял з такой расліны, які ідзе на будаўніцтва, розныя вырабы; драўніна. Я вырэзваў з дрэва пеналы, скрыначкі, накрываў іх лакам, пасля чаго наводзіў прыгажосць разьбой. Бядуля.

•••

Гваздзіковае дрэва — вечназялёнае трапічнае дрэва сямейства міртавых, высушаныя кветкі якога ідуць на выраб гваздзікі.

Жалезнае дрэва — тое, што і бакаут.

Камфорнае дрэва — вечназялёнае дрэва сямейства лаўровых, з якога атрымліваюць камфорны алей.

Кафейнае дрэва — тое, што і кофе (у 1 знач.).

Коркавае дрэва — дрэва сямейства рутавых, якое дае корак прамысловага значэння.

Радаслоўнае дрэва — схема ў выглядзе дрэва, якая паказвае разгалінаванне роду, сям’і.

Ражковае дрэва — трапічнае дрэва сямейства цэзальпініевых з буйнымі ядомымі карычневымі пладамі ў форме ражка, струка.

Чорнае дрэва — драўніна некаторых парод трапічных дрэў цёмнага колеру, якая ідзе на выраб мэблі і пад.

Чырвонае дрэва — драўніна некаторых трапічных парод дрэў чырвонага або карычневага колеру, якая ідзе на выраб мэблі і пад.

Тутавае дрэва — тое, што і шаўкоўніца.

За дрэвамі не бачыць лесу гл. бачыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

старамо́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Зроблены па старой мадэлі, пашыты па старой модзе; які выйшаў з моды. Старамодны капялюш. Старамодная мэбля. □ З мэблі, што мне відна, — шафа, круглы стол пад квяцістым абрусам, на ім буйны старамодны будзільнік. Ракітны. Зазвінеў старамодны, з нікеляванымі каўпачкамі тэлефон, Глушко паспешліва зняў трубку. Навуменка.

2. Які не адпавядае сучаснасці, уласцівы мінулым часам. Старамоднае выхаванне. Старамодныя манеры. □ Лапшын славіўся на заводзе старамоднымі бакенбардамі. Асіпенка. // Які прытрымліваецца ўстарэлых поглядаў, прывычак. «Памдзей» аб’ездчык быў не шкодны: Так, чалавек ён старамодны І не такі, як Ворцюх, зыркі І меней здольны на прыдзіркі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВІ́ННІЦА,

горад на Украіне, цэнтр Вінніцкай вобл., на р. Паўд. Буг. 380 тыс. ж. (1995). Чыг. вузел. Аэрапорт. Машынабудаванне і металаапрацоўка (трактарныя агрэгаты, электратэхн. і радыётэхн. апаратура, падшыпнікі, інструменты і інш.), харч. (алейна-тлушчавая, плодакансервавая, мясная, спіртавая і інш.), лёгкая (абутковая, швейная, галантарэйная і інш.), дрэваапр. (лесаматэрыялы, дзелавая драўніна, паркет; вытв-сць мэблі) прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў (цэгла, керамзіт, жалезабетонныя канструкцыі). Картаграфічная фабрыка. 3 ВНУ. 2 т-ры. 3 музеі (у т. л. краязнаўчы). Шматлікія аб’екты турызму.

Засн. ў 2-й пал. 14 ст. князямі ВКЛ Карыятавічамі. У 1395 уключана ў ВКЛ, пасля Люблінскай уніі 1569 у складзе Кароны. У 15—16 ст. неаднаразова спусташалася татарамі. У 1640 атрымала магдэбургскае права. З 1793 у Расіі, цэнтр павета Брацлаўскага намесніцтва, з 1798 — Падольскай губ. Была значным гандл. цэнтрам Падоліі. З 1917 у складзе Украіны. У 1918—20 акупіравана ням.-аўстр. войскамі, белагвардзейцамі. З 1932 цэнтр вобласці. У Вял. Айч. вайну ў 1941—44 акупіравана ням. фашыстамі.

С.​І.​Сідор (гаспадарка).

т. 4, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСАМАТЭРЫЯ́ЛЫ,

матэрыялы з драўніны. Захоўваюць яе прыродную структуру і хім. састаў. Бываюць хвойныя (хвоя, елка, піхта, лістоўніца, кедр) і лісцевыя (бяроза, дуб, асіна, граб, бук, ясень і інш.); неапрацаваныя круглыя (бярвенне, жэрдзе, калы і інш.) і апрацаваныя (піламатэрыялы — дошкі, брусы, брускі, рэйкі, шпалы, а таксама колатыя Л., струганая і лушчаная шпона). Да Л. адносяць і пнёва-каранёвыя масы, сучча, кару, пілавінне, трэскі і інш. Перапрацоўваюцца на лесапільных з-дах, выкарыстоўваюцца пры вытв-сці мэблі, буд. дэталей і канструкцый, у цэлюлозна-папяровай і лесахім. вытв-сці.

Круглыя Л. атрымліваюць распілоўкай ствалоў (хлыстоў) на адрэзкі — сартыменты (кароткія да 2,5 м, доўгія 2,5—8 м, даўгамерныя больш за 8 м). Падтаварнік (дыяметр у верхнім водрубе 8—13 см, даўжыня 3—9 м), жэрдзе (адпаведна 3—7 см і 3—9 м), калы (6 см і да 2,85 м) выкарыстоўваюць для абрашоткі ў пакрыццях, агароджах, насцілах і інш. Гл. таксама Лесанарыхтоўчая прамысловасць, Лесанарыхтоўчыя работы.

І.​І.​Леановіч.

т. 9, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЁН (Acer),

род кветкавых раслін сям. кляновых. Каля 150 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі, Амерыкі, Афрыкі. На Беларусі трапляецца дзікарослы від К. вастралісты (A. platanoides). Расце ў дубова-грабавых і ялова-шыракалістых лясах, зрэдку ўтварае кляновыя лясы. З інтрадукаваных найб. вядомыя К.: ілжэплатанавы, або явар (A. pseudoplatanus), татарскі, або чарнаклён (A. tataricum), прырэчны, або Гінала (A. ginnala), чырвоны (A. rubrum), зеленакоры (A. tegmentosum), мона (A. mono), серабрысты, або цукрысты (A. saccharinum).

Лістападныя дрэвы і кусты выш. ад 6—7 да 40 м з раскідзістай густой кронай. Лісце простае, лопасцевае або перыстае, чаранковае, супраціўнае. На працягу вегетацыі змяняе колер ад чырв.-зялёнага праз цёмна-зялёны да чырв.-аранжавага. Кветкі раздзельнаполыя ў шчытках, мяцёлках або гронках. Плод — двухкрылатка. Драўніна з высокімі тэхнал. якасцямі, ідзе на выраб муз. інструментаў, мэблі. З соку некат. відаў атрымліваюць кляновы цукар. Меданосныя і дэкар. расліны.

І.​М.​Гарановіч.

Клён: 1 — вастралісты; 2 — татарскі; 3 — амерыканскі.

т. 8, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПЦКАЕ МАСТА́ЦТВА,

мастацтва коптаў. Склалася ў 3—4 ст. на аснове маст. традыцый Стараж. Егіпта і эліністычнага мастацтва. Росквіт К.м. ў 5—7 ст. звязаны з аддзяленнем копцкай царквы ад візантыйскай. Пад уплывам ідэй аскетызму і ўзораў раннехрысц. мастацтва Сірыі і Палесціны набыло рысы схематызму, умоўнасці, грубаватай экспрэсіўнасці. У архітэктуры былі пашыраны 3-нефавыя, часта 3-конхавыя базілікі з каменю, радзей з цэглы (у Белым, Чырвоным манастырах і інш.), купальныя грабніцы (у Багауаце), 2—4-павярховыя жылыя дамы. Выяўл. мастацтва прадстаўлена царк. фрэскамі, каменнымі і драўлянымі рэльефамі, кніжнай мініяцюрай, энкаўстыкай, дэкар.-прыкладное мастацтва — разьбой па дрэве і косці (аздабленне дзвярэй, мэблі, куфэркаў), вырабамі з бронзы, тэракоты (лямпы, вазы, начынне), высокамаст. тканінамі. Рэаліст. выявы 4 — пач. 5 ст. (жанравыя або перанятыя з эліністычнай міфалогіі) у 5—6 ст. змяніліся ўмоўнымі схематызаванымі выявамі на хрысц. сюжэты. У канцы 6 — пач. 7 ст. пашырыліся матывы блізкаўсх. мастацтва (сцэны палявання на львоў і інш.). Сучасныя копцкія мастакі захоўваюць стараж. традыцыі.

т. 8, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

pokrycie

pokryci|e

н.

1. пакрыццё;

~e dachu — пакрыццё даху;

2. абіўка;

~e mebli — абіўка мэблі;

3. бух. пакрыццё;

czek bez ~a — чэк без пакрыцця;

słowa bez ~a перан. пустыя словы

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

leg [leg] n.

1. нага́; ла́па, ла́пка

2. но́жка (мэблі)

3. кало́ша, калашына́

4. эта́п, ча́стка даро́гі або́ маршру́ту

5. sport тур, круг, эта́п (у эстафеце)

not have a leg to stand on infml не мець магчы́масці даказа́ць што-н.;

pull smb.’s leg infml дуры́ць каго́-н.;

be on its last legs infml кана́ць; дайсці́ да ру́чкі

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

Барэткі жаночыя туфлі’ (Касп.). Рус. дыял. баре́тки ’розныя віды жаночага абутку’ (смал., тул., свярдл., ярасл. і г. д.), баре́ты ’модныя чаравікі’ (данское). Паводле Шанскага, 1, Б, 43, магчыма, запазычанне з ісп. мовы (ісп. barreta ’скураная сцілка’). Няпэўна. Параўн. рус. дыял. баре́товый ’скураны’ (?): Надевал перчаточки баретовые (з песні). Зыходзячы з рус. дыял. варыянта буре́тки ’жаночы абутак’, можна лічыць, што слова таго ж паходжання, што і рус. буре́т, польск. burat, buret, boradek, boratek ’гатунак баваўнянай ці шарсцяной або шаўкова-шарсцяной матэрыі, якая мела ўзоры і зажывалася на парцьеры і для пакрыцця мэблі’ (а гэта з франц. burat, італ. buratto; Варш. сл., 1, 190, 235, 236). Тады значэнне ’скураны абутак’ другаснае, а першаснае ’абутак з матэрыі’ (гэта значэнне яшчэ вядома ў рус. гаворках). Таксама рус. перчаточки баретовые хутчэй за ўсё ’пальчаткі з матэрыі барету’ (гл. Краўчук, БЛ, 1973, 4, 69).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

но́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жан; ж.

1. Памянш.-ласк. да нага (у 1 знач.).

2. Апора, стойка (мэблі, начыння і пад.). На таку .. стаяла саматужная сячкарня.. на чатырох ножках. Колас. У паркеце адсвечваліся ножкі крэслаў, халодныя грані калонаў, гронкі вясёлкавых бра. Скрыган.

3. Ніжняя частка грыба або сцябло расліны. Белую тоўстую ножку.. [баравіка] Люся трымае аберуч. Брыль.

4. Рассоўная частка некаторых інструментаў. Ножка цыркуля.

•••

Казіная ножка — а) самаробная папяроса ў выглядзе люлькі; б) (спец.) інструмент для выдалення зубоў.

Падставіць ножку гл. падставіць.

Рожкі ды ножкі гл. ражок ​1.

Хатка на курыных ножках гл. хатка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)