ГО́РЫН (Уладзімір Вячаслававіч) (22.10.1952, г. Арол, Расія — 30.7.1996),
бел. вучоны ў галіне заатэхніі. Чл.-кар. Акадэміі агр. навук Рэспублікі Беларусь (1994), д-рс.-г.н., праф. (1992). Скончыў БДУ (1974) і Усесаюзны с.-г.ін-т (1984). У 1976—80 і з 1985 у Бел.НДІ жывёлагадоўлі (з 1987 нам. дырэктара, з 1990 дырэктар ін-та і адначасова навук.-вытв. аб’яднання «Племэліта»). Навук. працы па праблемах павышэння эфектыўнасці селекцыі ў свінагадоўлі на аснове генетыка-папуляцыйных метадаў, спецыялізацыі розных тыпаў, ліній і парод свіней. Адзін са стваральнікаў беларускай мясной пароды і заводскіх тыпаў «Мінскі» адкормачны і «Віцебскі» мясны буйной белай пароды свіней.
Тв.:
Биотехнология свиноводства. Мн., 1993 (разам з В.С.Смірновым, І.П.Шайко).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБАРЫ́Т (франц. gabarit),
гранічны знешні абрыс (контур) прадмета, збудавання ці ўстройства. З улікам габарыту рухомага саставу вядзецца праектаванне мастоў, ліній электраперадач і сувязі, інш. збудаванняў.
На чыгунцы адрозніваюць габарыт рухомага саставу (лакаматыва, вагона) і габарыт набліжэння збудавання да чыг. пуці (абрыс прасторы ўздоўж пуці). На рачным транспарце — габарыт судна і габарыт падмаставы (контур свабоднай прасторы пад мостам). На аўтадарогах устанаўліваюць габарыт набліжэння канструкцый мастоў — гранічны папярочны контур, унутр якога не павінны заходзіць элементы збудавання або размешчаных на ім прыстасаванняў. Габарытныя абмежаванні аўтамабіля: даўжыні — 12 м (аўтапоезда 24 м), шырыні — 2,5 м, вышыні — 3,8 м (для аўтамабіляў з буйнатанажнымі кантэйнерамі 4 м).
Да арт.Габарыт. Габарытныя абмежаванні: 1 — даўжыні цягача з паўпрычэпам; 2 — шырыні і вышыні аўтамабіля; 3 — даўжыні аўтамабіля з двума прычэпамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРГУ́К,
пругкія хвалі з частатой 109—1013Гц. Па фізічнай прыродзе не адрозніваецца ад ультрагуку (2∙104—109Гц). Існуе гіпергук прыродны (цеплавыя ваганні крышталічнай рашоткі) і штучны (генерыруецца пры дапамозе спец. выпрамяняльнікаў; гл.П’езаэлектрычнасць, Магнітастрыкцыя).
Пругкія хвалі распаўсюджваюцца ў асяроддзі, калі іх даўжыні большыя за даўжыню свабоднага прабегу малекул у газах ці міжатамных адлегласцей у вадкіх і цвёрдых целах. Таму ў газах, у т. л. ў паветры, пры нармальных умовах гіпергук не распаўсюджваецца, у вадкасцях хутка затухае; параўнальна добрыя праваднікі гіпергуку — монакрышталі пры нізкіх т-рах. Гіпергук выкарыстоўваюць для даследавання стану рэчыва, асабліва ў фізіцы цвёрдага цела, для стварэння акустычных ліній затрымкі ў ЗВЧ дыяпазоне і інш. прылад акустаэлектронікі і акустаоптыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАДЭЗІ́ЧНАЯ АСТРАНО́МІЯ, палявая астраномія,
раздзел практычнай астраноміі, які для патрэб геадэзіі і картаграфіі распрацоўвае метады вызначэння геагр. каардынат пунктаў і азімутаў ліній на зямной паверхні з дапамогай астр. назіранняў. Многія яе спосабы вызначэнняў шыраты, часу і азімута засн. на вымярэнні зенітных адлегласцей свяціл; даўгата вызначаецца з рознасці паміж знойдзеным мясц. зорным часам і грынвіцкім часам для сярэдняга моманту назіранняў. Пункт на мясцовасці, геагр. каардынаты і азімут напрамку якога на другі пункт знойдзены з дапамогай астр. назіранняў, наз.астр. пунктам. Геадэзічная астраномія займаецца апісаннем і тэорыяй астр. прылад, неабходных пры вызначэнні астр. каардынат пунктаў, распрацоўкай спосабаў вызначэння часу, шыраты, даўгаты і азімута, метадаў астр. вымярэнняў у палявых умовах і апрацоўкі даных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРФЕ́ЙС (англ. interface),
сукупнасць тэхн. і праграмных сродкаў для абмену інфармацыяй паміж рознымі прыладамі і блокамі электронных вылічальных машын, вылічальных сістэм, сетак і інш. Мае апаратную частку (забяспечвае мех. і эл. злучэнне), сістэму правіл і пагадненняў аб кадзіраванні, сінхранізацыі і лагічнай арганізацыі перадавальнай інфармацыі, праграмы ці асобныя прыстасаванні для непасрэднага выканання абмену.
Адрозніваюць І. паслядоўны (інфармацыя перадаецца паслядоўна, біт за бітам) і паралельны (многаканальны); унутрымашынны. перыферыйных прылад, міжмашынны, міжсістэмны, міжсеткавы і інш.Асн. характарыстыкі: прапускная здольнасць, частата перадачы сігналаў, колькасць ліній сувязі (каналаў), дапушчальная адлегласць паміж спалучанымі прыладамі і інш. У міні-, мікра-, а таксама персанальных ЭВМнайб. пашыраны паралельны І. тыпу «агульная шына» або «мультышына», па якім перадаюцца адрасы, даныя і сігналы кіравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАЛЁЎ (Сцяфан Барысавіч) (н. 10.3.1926, в. Караблёва Шумяцкага р-на Смаленскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне аўтаматызаваных сістэм кіравання. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1986), д-ртэхн.н. (1974), праф. (1982). Скончыў Адэскі політэхн.ін-т (1955). З 1957 на Мінскім з-дзе аўтам.ліній, у 1967—92 дырэктар Цэнтр.НДІ тэхнікі кіравання. Навук. працы па тэорыі стварэння аўтам. сістэм праектавання і аўтаматызацыі працэсаў кіравання вытв-сцю ў машына- і прыборабудаванні. Дзярж. прэмія СССР 1984.
Тв.:
Автоматизация процессов подготовки производства. Мн., 1973;
Методологические основы разработки АСУ. Мн., 1975 (разам з Б.А.Собалевым, Я.А.Жаўняровічам);
Автоматизация технологической подготовки производства. Мн., 1982 (разам з С.М.Мірзоевым);
АСУ на промышленном предприятии: Методы создания: Справ. 2 изд. М., 1989 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАФІЛІ́Я (ад мона... + ...філія),
паходжанне групы арганізмаў ад агульнага продка; адзін з асн. прынцыпаў эвалюцыі арган. свету. Ідэя М. складае аснову сучаснай сістэматыкі. Класічнае разуменне М.: узнікненне таксона любога рангу ад адзінага родапачынальнага віду на аснове дывергенцыі або адаптыўнай радыяцыі. Распаўсюджанне з’яў эвалюцыйнага паралелізму ў філагенезе розных груп арганізмаў ускладняе практычнае выкарыстанне класічнай канцэпцыі М. ў сістэматыцы, таму што мяжу паміж продкавым і нашчадкавым таксонамі часта перасякаюць некалькі філетычных ліній, што эвалюцыяніруюць паралельна, агульны продак якіх існаваў на больш ранніх этапах філагенезу. Гэты прыватны выпадак М. наз. парафіліяй. Амер. палеантолаг Дж.Сімпсан прапанаваў (1960) разглядаць таксон як монафілетычны, калі ён паходзіць адным або некалькімі каранямі ад аднаго таксона больш нізкага рангу (напр., тып — ад класа, клас — ад атрада і г.д.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́СТРАВЫЯ ГРАФІ́ЧНЫЯ СІСТЭ́МЫ,
комплекс апаратна-праграмных сродкаў увядзення, апрацоўкі, захоўвання і ўзнаўлення аптычных відарысаў.
Зыходны 2-мерны відарыс дыскрэтызуецца з дапамогай растравага сканера і пераўтвараецца ў лічбавы відарыс у выглядзе матрыцы элементаў (пікселаў). Для каляровых відарысаў дадаткова праводзіцца колерадзяленне і фарміруюцца асобныя матрыцы для кожнага з асн. колераў. Для такога пераўтварэння 3-мерных відарысаў найб. пашыраны метад сячэння зыходнага аб’екта паралельнымі плоскасцямі і фарміравання паслядоўнасці 2-мерных матрыц, а таксама метад 2-мернага растравага ўвядзення эквівалентных светлавых ліній на паверхні аб’екта. Выкарыстоўваюцца ў сістэмах тэхн. зроку ў робататэхніцы, медыцыне, паліграфіі, лёгкай прам-сці і інш, Гл. таксама Лічбавая апрацоўка відарысаў.
На Беларусі Р.г.с. распрацоўваюцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.