вёска ў Уздзенскім р-не Мінскай вобл., на левым беразе р. Нёман. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на ПдЗ ад г.п. Узда, 90 км ад Мінска, 12 км ад чыг. ст. Коласава. 515 ж., 218 двароў (1999).
Упершыню згадваецца пад 1284 як месца бітвы вял.кн.ВКЛ Рынгольда з кааліцыяй кіеўскіх, уладзімірскіх, друцкіх князёў і татар (гл.Магільнянская бітва 1284): Пазней велікакняжацкае ўладанне. З 1-й чвэрці 15 ст. ўласнасць Альгердавічаў, з 1512 — Пацаў (М.Пац пабудаваў касцёл), з 1602 — М.К.Радзівіла Сіроткі, з 1830-х г. — Вітгенштэйнаў. Перад 1480 у крыніцах названа мястэчкам. У 16 ст. ў М. дзейнічала прыстань, у 16—17 ст. існаваў Магільнянскі замак. У час войнаў сярэдзіны 17 ст. М. разбурана. З 1793 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Ігуменскага пав. У канцы 18 ст. 374 ж., 92 двары, уніяцкая царква, млын, карчма, верф. У 1863 М. наведаў мастак Н.Орда і зрабіў яе замалёўкі. З 1924 цэнтр сельсавета Уздзенскага р-на. З 1937 працавала электрастанцыя. У 1972—497 ж., 172 двары. У 1979—91 наз. Нёман.
Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Каля вёскі рэшткі Магільнянскага замка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЙМАН (Maimon) Саламон [сапр.Хейман (Heiman); 1753 або 1754, мяст. Мір, цяпер г.п. Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 22.11.1800], філосаф-асветнік. Вучыўся ў Івянецкай талмудычнай школе. З 1777 у Германіі, дзе самастойна вывучаў філасофію, медыцыну, фізіку, матэматыку. У 1784 скончыў гімназію ў Алтане. Пасля знаёмства ў Берліне з ням. філосафам М.Мендэльсанам пераклаў яго філас. працу «Ранішнія часы», напісаў «Дапаможнік да прыродазнаўства і пачаткаў Ньютана». У «Аўтабіяграфіі» (1791) адлюстраваў гаротнае і бяспраўнае становішча сялян-беларусаў, сваіх землякоў-яўрэяў, жорсткасць і пагардлівыя адносіны да людзей з боку магнатаў і князёў. Быў прыхільнікам філасофіі яўр. тэолага Майманіда (таму і змяніў сваё прозвішча). У працы «Спроба трансцэндэнтальнай філасофіі» (1790) паказаў немагчымасць існавання незалежнай ад свядомасці кантаўскай «рэчы ў сабе». Лічыў, што існуе толькі адзіны свет — свет свядомасці і, як дадзенае, ён не можа быць растлумачаны («Аб прагрэсе філасофіі», 1793). У сваёй гнасеалогіі вылучаў 3 віды пазнання: апастэрыёрнае, апрыёрнае і чыста апрыёрнае (філасофія). Даследаваў тэарэт. праблемы логікі, этыкі, эстэтыкі, выступаў за рэфармаванне існуючай сістэмы ўлады на прынцыпах гуманізму, свабоды і справядлівасці («Гісторыя жыцця», 1792; «Катэгорыі Арыстоцеля», 1794, і інш).
Літ.:
Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии: Избр. произв. XVI — начала XIX в. Мн., 1962;
Беленький М.С. Иудаизм. 2 изд. М., 1974;
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛІЯ УНУ́ТРАНАЯ, Аўтаномны раён Унутраная Манголія. На Пн Кітая, мяжуе з Мангольскай Рэспублікай. Пл. 1,2 млн.км² (паводле кіт. крыніц). Нас. 21,8 млн.чал. (1992). Адм. цэнтр — г.Хух-Хота. На ПнУ размешчаны хрыбты Вял. Хінгана (выш. да 2034 м), на З — пласкагор’і (выш. 500—1500 м). Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -10 °C да -28 °C, ліп. 18—25 °C. Ападкаў каля 250 мм за год. Гал. рака Хуанхэ — суднаходная. На З пераважаюць пустыні, у цэнтры паўпустыні і стэп, у гарах на Пн — тайга. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка. Вырошчваюць засухаўстойлівыя гатункі збожжавых (яравая пшаніца, гаалян, проса, грэчка, авёс, кукуруза), тэхн. культуры (соя, сланечнік, каноплі, бавоўнік, цукр. буракі). Жывёлагадоўля пашавага кірунку. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, коз, коней, вярблюдаў. Прам-сць: горназдабыўная (жал. руда, каменны вугаль), чорная металургія, машынабудаванне, электратэхніка, лёгкая (гарбарная, шарсцяная, тэкст.), харч. (мясная, цукр., мукамольная), буд. матэрыялаў. Гал.прамысл. цэнтры: Баатоў, Хух-Хота, Цзінін. Транспарт чыг. і аўтамабільны.
Да сярэдзіны 17 ст.тэр. М.У. займалі паўд.-манг. княствы, у 1634 заваяваныя маньчжурамі, у 1636 перайменавана імі ў М.У. З канца 19 ст. пачалося масавае перасяленне ў М.У. кіт. каланістаў. У 1932—45 значная частка М.У. акупіравана яп. войскамі, якія намагаліся стварыць сабе апору з мясц.манг.князёў. З 1947 аўт. раён Кітая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЎЧАДЗЬ,
вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Моўчадзь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 33 км на ПнЗ ад г. Баранавічы, 230 км ад Брэста, 5 км ад чыг. ст. Міцкавічы. 1046 ж., 348 двароў (1999). Лясніцтва, пякарня. Сярэдняя школа, базавая школа-інтэрнат, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам і ахвярам фашызму, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Петрапаўлаўская царква (1869—73).
Вядома з 1-й пал. 15 ст., калі тут быў заснаваны касцёл св. Тройцы (не збярогся). З 1486 мястэчка Слонімскага пав., уласнасць вял.князёўВКЛ. У 1654 разбурана ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і на 4 гады вызвалена ад падаткаў. У 1660-я г. ўласнасць Халецкіх. У 1716—70 належала Юдзіцкім, пазней — Тызенгаўзам. З 1795 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. мястэчка Люшнеўскай вол. Слонімскага пав. Гродзенскай губ. У 1879 М. на 2/3 знішчана пажарам. У 1886—479 ж., 45 двароў, школа, 2 царквы, 3 сінагогі, бровар, 4 кірмашы на год. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны ў Слонімскім, з 1926 — у Баранавіцкім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр сельсавета Гарадзішчанскага раёна, з 25.12.1962 у Баранавіцкім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РБУТЫ,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, шляхецкі род герба «Тромбы» («Трубы»), Родапачынальнік літоўскі баярын Нарыбут (Нарбут) атрымаў маёнткі ад вял.князёўВКЛ Жыгімонта Кейстутавіча [1432—40] і Казіміра [1440—92], Паводле родавай легенды, Н. былі адгалінаваннем магнацкага роду Осцікаў, таму часам пісаліся Осцікамі-Нарбутамі. Найб. вядомыя: Войцех Нарбутавіч (? — 1510?), харужы дворны ў 1501—05, маршалак гаспадарскі ў 1505—09. Мікалай Войцехавіч (? — каля 1556), староста крэўскі і мазырскі, маршалак гаспадарскі ў 1546—53, ваявода падляшскі з 1551. Станіслаў Мікалаевіч (? — 1596), староста ашмянскі, ваявода мсціслаўскі з 1595. Дамінік (? — пасля 1807?), староста міжэвіцкі, лідскі чашнік у 1770—74 і войскі ў 1774—94. Пасол на сеймы 1764, 1782, Чатырохгадовы сейм 1788—92, чл. «Згуртавання сяброў урадавай уставы». Падпісаў Віленскі акт паўстання 1794, чл.Найвышэйшай літоўскай рады. Юстын (каля 1773—25.9.1845), удзельнік паўстання 1794, гісторык. Аўтар кн. «Нарыс каранёў літоўскага народу» (Гродна, 1818, 2-е выд. 1820), «Унутраная гісторыя літоўскага народу з часоў Яна Сабескага і Аўгуста II...» (т. 1—2, Вільня, 1842, 2-е выд. 1843). Станіслаў (4.5.1853, б. маёнтак Шаўры, Воранаўскі р-н Гродзенскай вобл. — 11.3.1926), урач. Д-р медыцыны (1879). Скончыў Баварскі ун-т у Мюнхене, Дэрпцкі (Тартускі) ун-т. На ўласныя сродкі збудаваў бальніцу ў Браславе, дзе яму пастаўлены помнік. Гл. таксама Нарбут К., Нарбут Л.Т., Нарбут Т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКАЕ КНЯСТВА,
буйное феад. зямельнае ўладанне князёў Радзівілаў у 16—18 ст. у Навагрудскім пав. Цэнтр — г.Нясвіж. Вядома з сярэдзіны 15 ст. (паводле некат. звестак, існавала ў 13 ст.). У 1492 вял.кн. Аляксандр падараваў двор Нясвіж з с. Круты Бераг і Чучэвічы П.Я.Мантыгірдавічу. У 1-й пал. 16 ст. маёнтак перайшоў да Радзівілаў. У 1547 М.Радзівіл Чорны атрымаў ад імператара Карла V княжацкі тытул «Свяшчэннай Рымскай імперыі», які ў 1549 прызнаны вял. князем ВКЛ. З гэтага часу да Нясвіжскага маёнтка Радзівілаў ужывалася назва Н.к. У пач. 1560-х г. у Н.к. праведзена валочная памера. У буйную латыфундыю Н.к. ператварыў сын Чорнага — М.К.Радзівіл Сіротка. У 1568—69 да яго ў спадчыну перайшло і далучана да Н.к. Мірскае графства. У 1587 гэта латыфундыя падзялялася на 7 ключоў (Нясвіжскі, Мірскі, Свержанскі, Быхаўшчынскі, Чанавіцкі, Салтанаўскі, Затур’янскі), налічвала каля 40 сёл. На поўдні Н.к. межавала з Клецкім княствам Радзівілаў. На аснове Н.к. ў 1586 створаны буйны маярат — Нясвіжская ардынацыя, правы на якую перадаваліся ў спадчыну старэйшаму прадстаўніку Радзівілаў па мужчынскай лініі. У пач. 17 ст. памеры Н.к. дасягнулі 5810 валок, тут было каля 3600 «дымоў» (25 тыс.чал. насельніцтва). У Нясвіжы знаходзіўся замкавы суд, якому падлягала ўсё насельніцтва, у т. л. і шляхта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЖЭ́МЫСЛАВІЧЫ,
чэшская княжацкая і каралеўская дынастыя ў 9—14 ст. Назву атрымалі ад імя легендарнага селяніна-аратага Пржэмысла з в. Старадзіцы. Адзін з першых дакладна вядомых князёў з П. — Вацлаў [924—936]; першы кароль — князь Уратыслаў II [1085—92]. З 12 ст. спадчынныя каралі. Найб. значныя прадстаўнікі:
Пржэмысл I Отакар (? — 15.12.1230), князь (1192—93, 1197), кароль Чэхіі [1198—1230]. Пры ім умацавалася цэнтр. ўлада, вырас міжнар. аўтарытэт чэш. дзяржавы. Садзейнічаў ням. каланізацыі. У 1212 дамогся ад герм. караля Фрыдрыха II Гогенштаўфена прызнання незалежнасці Чэхіі.
Вацлаў I Аднавокі (1205—22 9.1253), кароль Чэхіі [1230—1253], Сын Пржэмысла I Отакара. У час яго праўлення складвалася саслоўная манархія, працягвалася ням. каланізацыя чэш. зямель.
Пржэмысл II Отакар (каля 1230—26.8.1278), кароль Чэхіі [1253—78], Сын Вацлава 1. З дапамогай рэформ умацаваў каралеўскую ўладу і ваен. магутнасць чэш. дзяржавы, якая распрасціралася ад вытокаў Лабы і Одры да Адрыятычнага м. Удзельнічаў у крыжовых паходах Тэўтонскага ордэна супраць прусаў і ВКЛ (1254, 1267). У гонар яго быў названы засн. ў 1255 г. Кралявец (ад чэш. krdl кароль, ням. Кёнігсберг, цяпер Калінінград). Сапернічаў з Рудольфам II Габсбургам за імператарскі прастол, пасля выбрання таго імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» (1273), адмовіўся прынесці ленную прысягу. Загінуў у бітве каля Сухіх Круг (Маравія). У 1306 пасля смерці караля Вацлава III [1305—06] дынастыя спыніла існаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫ́НЬ, Валынская зямля,
гістарычная вобласць у бас.паўд. прытокаў Прыпяці і вярхоўях Зах. Буга (цяпер тэр. Валынскай, Ровенскай, Жытомірскай, паўн.ч. Цярнопальскай і Хмяльніцкай абл. Украіны, усх.ч. Бельска-Падляскага, Хэлмскага і Замойскага ваяв. Польшчы).
У 6—10 ст. на Валыні жылі дулебы, бужане, валыняне. У канцы 10 ст. ўключана ў склад Кіеўскай Русі, у 988 кіеўскі вял.кн. Уладзімір Святаславіч пасадзіў на княжанне ў Валыні свайго сына Усевалада. У час яго княжання заснаваны г. Уладзімір, які ў 12 ст. стаў цэнтрам Уладзіміра-Валынскага княства. У 1199, з далучэннем да яго Галіцкага княства, утварылася Галіцка-Валынскае княства. З сярэдзіны 12 ст. пад уладай валынскіх князёў знаходзілася і Берасцейская зямля. У 1240 Валынь спустошана манголамі і трапіла ў залежнасць ад Залатой Арды. Пасля 1340-х г. у ВКЛ. У сярэдзіне 14 ст. за Валынь і Галіччыну змагаліся ВКЛ, Польшча і Венгрыя. У 1349 Польшча захапіла Галіцкія землі, у 1377 — Зах. Валынь з гарадамі Холм і Белз. У складзе ВКЛ статус Валыні вызначаўся ўстаўнымі граматамі (каля 1427, у 1501, 1509. 1547). Паводле Люблінскай уніі 1569 Валынь далучана да Польшчы, утворана Валынскае ваяводства. У выніку 2-га (1793) і 3-га (1795) падзелаў Рэчы Паспалітай Валынь далучана да Рас. імперыі. З 1918 усх. Валынь ў складзе Украіны. У выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921зах. Валынь перададзена Польшчы. З 1939 у складзе Украіны (акрамя зах. ускраін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕО́РГІЙ, Георгій Перамаганосец, Ягорый, Юрый,
хрысціянскі святы. Паводле легенды, родам з Лідыі, меў высокі ваен. чын у рым. войску. У часы ганенняў на хрысціян прыняў (каля 303) пакутніцкую смерць у Нікамедыі (цяпер г. Ізмір, Турцыя). Лічыўся апекуном земляробства і жывёлагадоўлі, стаў героем шматлікіх песень і паданняў. Дні памяці Георгія — 6 мая (веснавы Георгій) і 9 снеж. (асенні). Вобраз Георгія стаў узорам саслоўнага гонару (у Візантыі для ваен. знаці, у славян для князёў, у Зах. Еўропе для рыцараў). У Англіі на Оксфардскім саборы (1222) Георгій абвешчаны нац. святым.
Яраслаў Мудры ў гонар Георгія заснаваў г. Юр’еў (сучасны Тарту, Эстонія), храм у Кіеве (дзень яго асвячэння 26.11.1051 стаў царк. святам і названы Юр’евым днём). Георгія малявалі на абразах, гербах, пячатках у асн. у выглядзе конніка, які забівае кап’ём змея. З 14 ст. выява Георгія — эмблема Масквы, пасля ўвайшла ў герб горада і дзярж. герб Расіі. У 1769 у Расіі ўстаноўлены ваен. ордэн св. Георгія, у пач. 19 ст.Георгіеўскі флаг, у 1913 Георгіеўскі крыж. На Беларусі вобразу Георгія нададзены асобныя рысы язычніцкага божышча Ярылы, у шэрагу раёнаў існуюць Георгіеўскія цэрквы і касцёлы. На сюжэт бітвы Георгія са змеем рэльеф М.Каломба, статуя Данатэла, карціны А.Дзюрэра, В.Карпача, Л.Кранаха Старэйшага, Рафаэля і інш.
Л.М.Драбовіч.
Да арт.Георгій Перамаганосец. Бітва святога Георгія з драконам. Мастак П.Учэла 1450-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІЗА́НІЙ (Тустаноўскі) Лаўрэнцій
(сапр., верагодна, Куколь; 1550-я г., мяст. Тустынь, цяпер Івана-Франкоўскай вобл., паводле інш. звестак с. Пацеліч Львоўскай вобл., Украіна — каля 1634),
бел. педагог, царкоўны дзеяч, перакладчык. Брат С.Зізанія. Працаваў выкладчыкам у правасл. брацкіх школах Львова (да 1592), Брэста (1592—95), Вільні (1595—97), хатнім настаўнікам у крычаўскага старосты Б.Саламярэцкага (1597—1600), князёў А.Астрожскага (1600—03) і Я.Карэцкага (да 1618). У 1596 у Вільні ў брацкай друкарні выдаў азбуку «Наука ку читаню и розуменю писма словенского», у якую ўключыў «Лексіс...» — тлумачальны слоўнік (на 1061 слова), што аблягчаў разуменне стараслав. мовы, набліжаў навучанне да жывой мовы народа, пашыраў кругагляд вучняў, а таксама «Грамматіку словенскую съвершенного искуства осми частій слова».
Граматыка і азбука З. зрабілі значны ўплыў на развіццё мовазнаўчай навукі ўсх. і паўд. славян. З 1619 настаўнік у Кіева-Пячэрскай лаўры, перакладаў з грэч. мовы, рэдагаваў кнігі. У 1626 прывёз у Маскву рукапіс кнігі «Катэхізіс», дзе на бел. мове выклаў звесткі аб прыродзе і даў сваё тлумачэнне царк. догматаў (яго погляды абвешчаны ерэтычнымі). У перапрацаваным выглядзе «Катэхізіс» выд. ў Маскве ў 1627, перавыд. ў Гродне 1783, 1787 і 1788. У 1627 вярнуўся на Украіну, у сваіх казаннях выкарыстоўваў звесткі са стараж. філасофіі і гісторыі.