ГРЫЦА́Й Аляксей Міхайлавіч (н. 7.3.1914, С.-Пецярбург),
рускі жывапісец. Нар. мастак Расіі (1963), чл.АМСССР (1964). Вучыўся ў Ленінградскай АМ (1932—39). Выкладаў у Маскоўскім маст. ін-це імя Сурыкава (1948—52 і з 1964; праф. з 1966). У творах развівае традыцыі рус. пейзажнага жывапісу: «У Жыгулях. Бурны дзень» (1948—50), «Летні сад» (1956), «Чорная вада» (1967). Аўтар твораў на індустр. тэму («Электрапечы», 1947), партрэтаў (групавы партрэт «Пасяджэнне Прэзідыума АНСССР», 1951). Дзярж. прэмія СССР 1951, 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ КАЙЧЖЫ́ (каля 344, г. Усі, Кітай — каля 406),
кітайскі жывапісец і тэарэтык мастацтва. Яго творчасць увасабляе канфуцыянскія ідэі маральнага ўдасканалення (гл.Канфуцыянства). Скруткі Гу Кайчжы, вядомыя па пазнейшых копіях, складаюцца з асобных дыдактычных паводле зместу жанравых сцэн (часам на фоне пейзажу); павольная рытміка ліній звязвае вытанчана акрэсленыя фігуры ў выразныя групы («Павучанне прыдворным дамам», 9 жанравых сцэн, копія 6 ст.; цыкл «Легенда пра фею ракі Ло», копіі 10—11 ст.).
Гу Кайчжы. Павучанне прыдворным дамам. Скрутак на шоўку. Фрагмент. Копія 6 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́СНІК (Husnik) Якуб (29.3.1837, Вейпрніцы, каля г. Пльзень, Чэхія — 26.3.1916),
чэшскі вучоны і вынаходнік у галіне фотамех. спосабаў рэпрадукавання. Працаваў у галіне геліяграфіі, фоталітаграфіі, фотацынкаграфіі. Прапанаваў рэпрадукцыйную эмульсію з фторыстым серабром, клішэ на слаях з жэлаціны і хлорнага жалеза (для высокага друку). Вынайшаў (1865—68) адзін з маст. спосабаў рэпрадукавання — фотатыпію. Аўтар манаграфій «Агульная галіна фотатыпіі» (1877, 3-е выд. 1885), «Геліяграфія» (1888) і інш. Вядомы таксама як жывапісец-партрэтыст.
Літ.:
Немировский Е. Выдающийся чешский фототехник // Сов. фото. 1957. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІІ́Л ЧО́РНЫ (каля 1360—1430),
рускі жывапісец. Разам са сваім сябрам А.Рублёвым і інш. майстрамі працаваў ва Уладзімірскім Успенскім саборы (1408) і Троіцкім саборы Троіца-Сергіевай лаўры ў Загорску (1420-я г.). Яму прыпісваецца ўдзел у выкананні часткі размалёвак і некат. абразоў для гэтых сабораў.
Літ.:
Грабарь И.Э. О древнерусском искусстве. М., 1966;
Лазарев В.Н. Андрей Рублев и его школа. М., 1966.
Данііл Чорны і А.Рублёў. Апосталы Павел і Пётр з групай святых. Фрагмент фрэскі Успенскага сабора ва Уладзіміры. 1408.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́У, Доу (Dou) Герард (7.4.1613, г. Лейдэн, Нідэрланды — 9.2.1675), галандскі жывапісец. Вучыўся ў свайго бацькі Я.Дау і ў Рэмбранта (1628—31), якому наследаваў у ранні перыяд творчасці. Пісаў пераважна невял. жанравыя карціны, у якіх ствараў вобразы вучоных, музыкантаў, гандлярак і інш.: «Астраном», «Зубны ўрач», «Скрыпач», «Гандлярка селядцамі» і інш. Натуралістычна-дакладнае адлюстраванне прадметаў, цікавыя сюжэты, спалучаныя з вонкавай прыгажосцю, дэкар. і светлавымі эфектамі, прынеслі яму славу моднага партрэтыста і майстра мініяцюрнага нацыянальнага жывапісу — своеасаблівага «галандскага ракако».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́ЙНІК Дзмітрый Іванавіч (н. 11.5.1929, г. Беразіно),
бел.жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1954), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1960, вучыўся ў В.Волкава, У.Сухаверхава, В.Цвіркі). Працуе ў галіне станковага і манум. жывапісу. Аўтар тэматычных карцін, пейзажаў: «Вясна. Порт» (1963), «Вечная памяць» (1965), «Лясное возера» (1969), «Белыя коні» (1972), «Асеннія далячыні» (1978), «Дзявочы гай» (1979); мазаічных пано «Карагод» (1968) і «Каруначніцы» (1974, абодва з М.Казакевічам) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРАЕ́ВІЧ-КУН (Andrejević-Kun) Джорджа (31.3.1904, г. Вроцлаў — 17.1.1964),
сербскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Бялградзе (1920—25), Венецыі, Рыме і Парыжы. Заснавальнік сац.-крытычнага кірунку ў сербскім мастацтве 1930-х г. Удзельнік грамадз. вайны ў Іспаніі 1936—39, у 1941—45 — нац.-вызв. барацьбы ў Югаславіі. Аўтар станковых кампазіцый «Маці» (1937), «Калона» (1946), «У Парыжы» (1950), цыкла гравюр па дрэве «Крывавае золата» (1934), «За свабоду» (1937) і інш.
Дж.Андраевіч-Кун. Пахаванне. З цыкла гравюр па дрэве «Крывавае золата». 1934.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРО́ПАЎ Аляксей Пятровіч (25.3.1716, С.-Пецярбург — 23.6.1795),
рускі жывапісец-партрэтыст. Вучыўся ў «Канцылярыі ад будаўніцтва» ў Пецярбургу (з 1732) у А.М.Мацвеева, з 1739 працаваў там у «жывапіснай камандзе» ў І.Я.Вішнякова. Удзельнічаў у размалёўцы палацаў у Пецярбургу (1744—50), яго прыгарадах і ў Маскве, Андрэеўскага сабора ў Кіеве (1752—55). Партрэты Антропава часткова звязаны з традыцыямі парсуны, жывапіснымі прыёмамі барока, адметныя праўдзівасцю характарыстык (А.Ізмайлавай, 1759, атамана Ф.І.Краснашчокава, 1761, Пятра III, 1762, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБАШВІ́ЛІ Георгій (Гіга) Іванавіч (21.11.1862, Тбілісі — 28.10.1936),
грузінскі жывапісец. Нар. мастак Грузіі (1929). Вучыўся ў Пецярбургскай (1886—88) і Мюнхенскай (1894—97) АМ. Адзін з заснавальнікаў і праф. Тбіліскай АМ (1922—30). Аўтар больш як 200 твораў пераважна бытавога («Трое гараджан», 1893; «Хеўсур у сне», 1898, і інш.) і батальнага («Абарона Ахоты», 1901, і інш.) жанраў, а таксама партрэтаў (І.Чаўчавадзе, Н.Нікаладзе, дэ Роза і інш.), пейзажаў, нацюрмортаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДМАХО́ЎСКІ Уладзіслаў Вікенцьевіч (1841, Вільня — ?),
бел.жывапісец. Сын мастака В.Дмахоўскага. Вучыўся ў бацькі і ў Варшаве. З 1875 выкладаў маляванне ў гімназіях (Чанстахова, Польшча). З канца 1870-х г. жыў і працаваў у маёнтку Нагародавічы (Дзятлаўскі р-н Гродзенскай вобл.). Сярод твораў жанравыя карціны («Рамізнік», «Паштовая станцыя», «На начлезе»), акварэлі («У Вільню на карнавал» і інш.), у якіх паказана жыццё дробнамаянтковай шляхты. Удзельнічаў у дэкар. афармленні Марыяцкага касцёла ў Кракаве.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.