ПО́ЛЬСКА-ЛІТО́ЎСКІ ДАГАВО́Р 1920,
падпісаны 7 кастр. ў Сувалках (Польшча). Прадугледжваў частковае перамір’е паміж Польшчай і Літвой. Вызначыў дэмаркацыйную лінію паміж польскімі і літ. войскамі, згодна з якой Віленскі край заставаўся пад кантролем Літвы. Сарваны польскім бокам пасля таго, як войскі польскага ген. Л.Жалігоўскага ўзнялі «бунт» і захапілі 9.10.1920 Вільню, дзе быў створаны ўрад Сярэдняй Літвы. У выніку ўзнік Віленскі канфлікт 1920—39.
Літ.:
Коўкель І. Польска-літоўскі канфлікт і роля ў ім беларускіх палітычных партый і арганізацый (1920—1923 гг.) // Беларусіка=Albaruthenica. Мн., 1994. Кн. 3;
Łossowski P. Konflikt polsko-litewski, 1918—1920. Warszawa, 1996.
Р.Р.Лазько.
т. 12, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКА-ІСПА́НСКІ ДАГАВО́Р 1812 Аб саюзе супраць Францыі.
Падпісаны 20 ліп. ў г. Вял. Лукі (Расія) рас. канцлерам М.П.Румянцавым і ўпаўнаважаным ісп. картэсаў (парламента) Сеа Бермудэсам. Былі абвешчаны дружба, згода і саюз паміж дзяржавамі, выказаны іх цвёрды намер сумесна весці барацьбу супраць агульнага ворага — франц. імператара Напалеона І. Аляксандр І прызнаў законнасць картэсаў, што сабраліся ў г. Кадыс і прынятай імі Кадыскай канстытуцыі 1812. Аднаўляліся гандл, адносіны паміж краінамі. Паводле дагавора Расія і ісп. патрыёты ўзгаднілі ваен. намаганні ў барацьбе з Напалеонам, што ў пэўнай ступені ўскладніла перакідку франц. войск з Іспаніі ў Расію і Цэнтр. Еўропу ў час вайны 1812 і кампаніі 1813.
т. 13, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРСА́ЛЬСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1783.
Падпісаны 3.9.1783 у Версалі паміж Вялікабрытаніяй з аднаго боку і Францыяй, Іспаніяй, Нідэрландамі — з другога. Разам з мірным пагадненнем паміж Вялікабрытаніяй і ЗША (гл. Парыжскі мір 1783) завяршыў Вайну за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83, у якой Францыя, Іспанія і Нідэрланды ўдзельнічалі на баку Злучаных Штатаў. Замацаваў папярэднія пагадненні аб міры паміж бакамі. Паводле Версальскага мірнага дагавору Вялікабрытанія ўступіла Францыі в-аў Табага ў Вест-Індыі і Сенегал у Афрыцы, Іспаніі — Фларыду і в-аў Менорка, але атрымала ад Нідэрландаў порт Нагапатынам на Пд Індыі. Акрамя таго, былі пашыраны правы Францыі на рыбалоўства каля берагоў Ньюфаўндленда, скасавана забарона французам будаваць умацаванні ў г. Дзюнкерк.
т. 4, с. 105
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-САВЕ́ЦКА-ІРА́НСКІ ДАГАВО́Р 1942 аб саюзе.
Падпісаны 29 студз. ў Тэгеране. Яго падпісанню папярэднічаў часовы ўвод сав. і англ. войскаў у Іран у жн.—вер. 1941 з мэтай перашкодзіць фаш. Германіі выкарыстаць тэрыторыю і рэсурсы Ірана ў вайне супраць СССР і Англіі. Дагавор забяспечваў супрацоўніцтва Ірана з антыгітлераўскай кааліцыяй у 2-й сусв. вайне. СССР і Англія абавязваліся абараняць Іран ад агрэсіі з боку Германіі або інш. дзяржавы, не займаць пазіцыі, якая магла б пашкодзіць інтарэсам Ірана ва ўзаемаадносінах з інш. краінамі. Іран у сваю чаргу абавязваўся не ўсталёўваць адносін, несумяшчальных з дагаворам. Пасля заканчэння 2-й сусв. вайны войскі саюзнікаў выведзены з Ірана.
т. 1, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Дагавор аб забароне і абмежаванні выпрабаванняў атамнай зброі, гл. Маскоўскі дагавор 1963
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЎРСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1920 Падпісаны саюзнымі дзяржавамі-пераможцамі ў 1-й сусв. вайне 1914—18 [Вялікабрытаніяй, Францыяй, Італіяй, Японіяй, Бельгіяй, Грэцыяй, Польшчай, Партугаліяй, Румыніяй, Каралеўствам сербаў, харватаў і славенцаў, Хіджазам (Саудаўская Аравія), Чэхаславакіяй і Арменіяй] з Турцыяй 10 жн. ў г. Сеўр. Быў ч. Версальска-Вашынгтонскай сістэмы. Аформіў падзел Асманскай імперыі, у т. л. расчляненне ўласна тур. тэрыторыі. Паводле ўмоў дагавора Сірыя і Ліван перадаваліся Францыі, Палесціна і Ірак — Вялікабрытаніі як мандатныя тэрыторыі. Турцыя адмаўлялася ад прэтэнзій на Аравійскі п-аў і краіны Паўн. Афрыкі, прызнавала пратэктарат Вялікабрытаніі над Егіптам, англ. анексію в-ва Кіпр. Усх. Фракія, Галіпальскі п-аў, раён Ізміра перадаваліся Грэцыі, а-вы Дадэканес — Італіі, Чарнаморскія пралівы дэмілітарызаваліся і пераходзілі пад кантроль новаўтворнай міжнар. Камісіі праліваў. Прадугледжвалася стварэнне незалежнай дзяржавы Курдыстан (не адбылося). Дагаворам абмежаваны тур. ўзбр. сілы (50 тыс. чал.). Урад Вял. нац. сходу Турцыі адхіліў С.м.д. На Лазанскай канферэнцыі 1922—23 Турцыя дамаглася замены яго Лазанскім мірным дагаворам 1923.
т. 14, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РВЕНСКІ САЮ́ЗНЫ ДАГАВО́Р 1704 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай.
Падпісаны 30 жн. рас. паслом Ф.А.Галавіным і паслом Рэчы Паспалітай Т.Дзялынскім (фактычна прадстаўляў Сандамірскую канфедэрацыю, што падтрымлівала караля Аўгуста ІІ у барацьбе супраць таксама выбранага каралём швед. стаўленіка Станіслава Ляшчынскага) каля г. Нарва (Эстонія) у Паўночную вайну 1700—21. Бакі абавязваліся весці сумесныя ваен. дзеянні супраць Швецыі і не заключаць сепаратных пагадненняў. Расія абяцала даць Аўгусту II дапаможнае войска (12 тыс. чал. і артылерыю), выплачваць штогод субсідыю (200 тыс. руб.) на ўтрыманне арміі Рэчы Паспалітай (48 тыс. чал.), дапамагчы ў падаўленні казацкага паўстання на Правабярэжнай Украіне. У выніку дагавора Рэч Паспалітая атрымлівала магчымасць супрацьстаяць швед. агрэсіі, Расія разлічвала звязаць гал. сілы шведаў у глыбіні Рэчы Паспалітай. Пасля паражэнняў ад швед. войск Аўгуст II 24.9.1706 заключыў са швед. каралём Карлам XII сепаратны Альтранштацкі мір, чым фактычна скасаваў Н.с.д.
Л.Л.Міхайлоўская.
т. 11, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЁІ́СКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1919.
Падпісаны 27 ліст. ў Нёі-сюр-Сен (прыгарад Парыжа) паміж дзяржавамі Антанты, якія перамаглі ў 1-ю сусв. вайну, і Балгарыяй; частка Версальска-Вашынгтонскай сістэмы. Набыў сілу 9.8.1920. Паводле дагавора Балгарыя страціла Зах. Фракію (8,5 тыс. км², перайшла ў распараджэнне Вялікабрытаніі, Італіі, Францыі, ЗША і Японіі, у 1920 перададзена Грэцыі) і выхад да Эгейскага м. (Балгарыі гарантаваўся свабодны эканам. выхад да гэтага мора), 4 зах. акругі з гарадамі Царыброд, Басілеград, Струміца (2566 км²; адышлі да Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў, з 1929 — Югаславія), пацверджана мяжа з Румыніяй, устаноўленая Бухарэсцкім мірным дагаворам ад 10.8.1913 (Паўд. Дабруджа засталася ў складзе Румыніі). Балгарыя абавязалася выплаціць дзяржавам-пераможцам рэпарацыі на суму 2,25 млрд. залатых франкаў (на працягу 37 гадоў), яе ўзбр. сілы колькасна абмяжоўваліся да 20 тыс. чал. У 1929 і 1930 перагледжаны артыкулы дагавора аб рэпарацыях, у 1938 — аб ваен. абмежаваннях.
Паводле балг.-рум. дагавора ад 7.9.1940 Паўд. Дабруджа вернута Балгарыі. Н.м.д. страціў сілу пасля 2-й сусв. вайны.
т. 11, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Дагавор аб перамір’і на Заходнім фронце (1917) 4/111—112, 359, 530; 8/405; 12/135
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
СЕН-ЖЭРМЕ́НСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1919,
адзін з дагавораў, падпісаны дзяржавамі-пераможцамі (ЗША, Вялікабрытаніяй, Францыяй, Італіяй, Японіяй і інш.) у 1-й сусв. вайне 1914—18 з Аўстрыяй 10 вер. ў г. Сен-Жэрмен-ан-Ле (каля Парыжа). Дагавор зафіксаваў распад Аўстра-Венгерскай імперыі пасля паражэння ў вайне і стварэнне на яе тэр. шэрагу самастойных дзяржаў: Аўстрыйскай рэспублікі, Венгрыі, Чэхаславакіі і Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 — Югаславія). Паводле дагавора Аўстрыі забаронена мець ваен. авіяцыю і ваен. флот, аб’яднанне з Германіяй; армія абмяжоўвалася колькасцю ў 30 тыс. чал. Аўстрыя абавязалася выплачваць рэпарацыі. Частка зямель імперыі перададзена Італіі (Паўд. Ціроль). Паўн. Букавіна — Румыніі, Закарпацце — Чэхаславакіі. С.-Ж.м.д. адлюстраваў змены ў Еўропе, што адбыліся ў выніку распаду Аўстра-Венгрыі. Разам з тым яго ўмовы, навязаныя дзяржавамі Антанты, стваралі падставы для міжнар. і міжнац. канфліктаў. Аншлюс Аўстрыі ў 1938 і інш. акты фаш. агрэсіі напярэдадні і ў час 2-й сусв. вайны 1939—45 азначалі гвалтоўную ліквідацыю ўмоў С.-Ж.м.д. і звязаных з ім інш. дагавораў Версальска-Вашынгтонскай сістэмы.
т. 14, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)