ГРО́ЗА ((Groza) Аляксандр Караль) (30.6.1807, в. Закрынічча Вінніцкай вобл., Украіна — 3.11.1875),

польскі паэт, празаік, драматург. Вучыўся ў Віленскім і Дэрпцкім ун-тах. У 1838—42 рэдагаваў і выдаваў у Вільні альманах «Rusałka» («Русалка»). Прадстаўнік т.зв. «украінскай школы» ў польскай л-ры. Збіраў і апрацоўваў укр. і бел. фальклор. Выкарыстоўваючы сюжэты нар. паданняў, напісаў паэмы «Канеўскі стараста» (1836), «Сарока» (1838), «Пра памерлыя душы» (1848), «Марцін» (1849), «Смяцінскі» (1860), драму «Грыць» (1858). У альманаху «Rubon» («Рубон») апублікаваў тэксты бел. нар. песень, матэрыялы пра бел. вяселле, святкаванне Сёмухі і інш.

т. 5, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРОС (Віктар Іванавіч) (11.11.1934, в. Дзяляцічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 31.3.1980),

бел. скульптар. Скончыў маст. ін-т Літ. ССР у Вільні (1958). Працаваў у станковай і манум. скульптуры. Сярод твораў: «Рыбак» (1958 і 1968), «Муляр» (1961), «Нескароны» (1964), партрэт А.​П.​Марэсьева (1960), помнікі воінам і партызанам, што загінулі ў Вял. Айч. вайну, у в. Дзяляцічы (1964), г. Любань Мінскага р-на (1966, з У.​Ананька, арх. В.​Занковіч, Л.​Левін), в. Пухавічы Пухавіцкага р-на (1969, арх. В.​Марухін). Творы вызначаюцца лаканізмам, абагульненасцю пластыкі.

В.Грос. Муляр. 1961.

т. 5, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕ́МБА (Мар’ян) (парт. псеўд. Я н ; каля 1885 — люты 1921),

рэвалюцыянер, удзельнік барацьбы за сав. ўладу ў Беларусі. З 1906 чл. РСДРП. За рэв. дзейнасць зняволены ў турму. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 у Маскве. У жн. 1919 пакінуты ЦК КП(б)ЛіБ для падп. работы ў Мінску, акупіраваным польск. войскамі. Адзін з кіраўнікоў Мінскага падп. к-та КП(б)ЛіБ, вёў работу па арганізацыі камуніст. ячэек і партыз. атрадаў у Мінскай губ. 3 крас. 1920 на падп. рабоце ў Вільні. У канцы 1920 арыштаваны. Памёр у лагеры для інтэрніраваных.

т. 6, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВІ́САН ((Dawison) Багуміл) (15.5.1818, Варшава — 1.2.1872),

польскі акцёр. Вучыўся ў Варшаўскай драм. школе. Дэбютаваў у 1837. У 1838 выступаў у Вільні, у 1839 — у Мінску ў трупе В.​Ашпергера. З 1840 іграў у Варшаве, Плоцку, Львове, Гамбургу, Дрэздэне, ЗША і інш. Акцёр вял. сцэн. тэмпераменту, выразнай знешнасці. Найб. яго дасягненні — трагедыйна-характарныя ролі ў п’есах У.​Шэкспіра, Ф.​Шылера, Мальера. Сярод інш. роляў: Вацлаў («Муж і жонка» А.​Фрэдры), Валек («Ціхія воды рвуць берагі» Ф.​Л.​Шродэра), барон Санваль («Шаснаццаць гадоў назад» В.​Дуцанга), Стары англічанін («Мірандаліна» К.​Гальдоні).

т. 5, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ЛЬСКІ (сапр. Няелаў) Мамант Віктаравіч

(1865, с. Кантэміраўка Палтаўскай вобл., Украіна — 21.6.1918),

расійскі акцёр. З 1885 выступаў у т-рах Вільні, Растова, Новачаркаска, у 1890—1900 у Александрынскім т-ры (Пецярбург). З 1900 акцёр-гастралёр у правінцыяльных і сталічных т-рах. Яго мастацтва адметнае стыхійным тэмпераментам і адначасова натуральнасцю. Найб. блізкія яго дараванню былі героі моцных, неўтаймаваных страсцей і пачуццяў. Сярод лепшых роляў: Чацкі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Нязнамаў («Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага), Рагожын («Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага), Гамлет, Атэла (аднайм. п’есы У.​Шэкспіра), Карл Моар («Разбойнікі» Ф.​Шылера).

т. 6, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАРА́НСКІ ІНСТЫТУ́Т,

закрытая мужчынская сярэдняя навуч. ўстанова для дваранскіх дзяцей у Рас. імперыі ў 19 ст. Паводле рэформы 1828 ствараліся як дзярж. навуч. ўстановы на базе гімназій і высакародных пансіёнаў. Рыхтавалі да стацкай і дыпламат. службы, паступлення ва ун-т. Навучанне платнае. Існавала 5 Д.і.: у Маскве (1833—49), Вільні (1838—63), Пензе (1843—63), Ніжнім Ноўгарадзе (1844—1917) і Высакародны ін-т у Варшаве (1844—63). Не набылі пашырэння з-за таго, што дваране традыц. імкнуліся ўладкаваць сваіх дзяцей у ваен. навуч. ўстановы.

т. 6, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУКО́ЎСКІ ((Żukowski) Антані Шыман [1766) (?) — 1834 (?)], бел. акцёр, антрэпрэнёр. У 1790—92 узначальваў польскія трупы ў Мінску і Вільні. У 1795 стварыў у Магілёве трупу, якая ставіла спектаклі на польск. і рус. мовах. У 1795 трупа вольных акцёраў пад кіраўніцтвам Ж. па запрашэнні графа С.​Зорыча працавала ў яго Шклоўскім т-ры (выконвала польск. і рус. камедыі). Трупа Ж. выступала ў Гродне (1827, 1828, 1830),

Зэльве (1816). З 1811 узначальваў мінскую антрэпрызу, фактычна наладзіў рэгулярныя тэатр. паказы ў горадзе. З мінскай трупай гастраліраваў па Беларусі. У ёй выступалі вядомыя тагачасныя акцёры — К.Скібінскі, Ю.Жукоўская.

т. 6, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́МЕР (Арон Іосіфавіч) (1865, г. Швенчоніс, Літва — 1935),

дзеяч рэв. руху; адзін са стваральнікаў Бунда і першых прапагандыстаў марксізму ў Расіі. У брашуры «Аб агітацыі» (1897, пад рэд. Ю.​В.​Мартава) аддаваў перавагу эканамічным, а не паліт. патрабаванням рабочых. У сак. 1898 дэлегат Першага з’езда РСДРП у Мінску ад Бунда. У 1898—1905 чл. ЦК Бунда. Пасля рэвалюцыі 1905—07 адышоў ад паліт. дзейнасці. Кастр. рэвалюцыю 1917 не прыняў, выехаў у Польшчу, дзе аднавіў актыўную дзейнасць у Бундзе, стаяў на пазіцыях правага крыла Апошнія гады жыў у Вільні.

Э.​А.​Ліпецкі.

т. 8, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУБЕРТА́ВІЧУС ((Kubertavičius) Пятрас) (22.6.1897, в. Вартай Лаздзійскага р-на, Літва — 14.2.1964),

літоўскі акцёр і рэжысёр; адзін з заснавальнікаў літ. прафес. т-ра. Працаваў у т-рах Петраграда і Вільні (з 1916), каўнаскіх драм. (1920—52, 1959—63) і юнага гледача (1952—59). Сцэнічныя вобразы вылучаліся глыбінёй, рэаліст. выразнасцю, дынамікай: Скіргайла, Шарунас («Скіргайла», «Шарунас» В.​Крэве), Крушна («Сын уладара» і «Уладар» В.​Мікалайціса-Пуцінаса), Чабутыкін («Тры сястры» А.​Чэхава), Глостэр («Кароль Лір» У.​Шэкспіра). Паставіў спектаклі «Пяюць пеўні» Ю.​Балтушыса (1948, 1958), «Блудны сын» Р.​Блаўмана (1957) і інш.

т. 8, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НА́ША ПРА́ЎДА»,

легальная газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі. Выдавалася з 30.3 да 24.9.1927 у Вільні на бел. мове 2 разы на тыдзень. Пісала пра эканам. і паліт. становішча ў Польшчы, пра стан бел. школ, заняпад нац. культуры, вяла палеміку з выданнямі, якія зневажалі бел. народ, яго культуру і творцаў. Выкрывала каланізатарскую палітыку ўрада Ю.​Пілсудскага ў адносінах да народаў нац. меншасцей. У газеце супрацоўнічалі А.​Салагуб, М.​Васілёк, Я.​Маланка, Улад-Ініцкі і інш. Выйшла 50 нумароў, з іх 6 канфіскаваны. Забаронена польск. ўладамі.

С.​В.​Говін.

т. 11, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)