пераця́ць, ператну, ператнеш, ператне; ператнём, ператняце; пр. перацяў, ‑цяла, ‑ло; заг. ператні; зак.
Разм.
1. каго-што. Перасячы, перакусіць і пад. што‑н. на часткі. Перацяць нітку зубамі. □ Дрот з вяроўкай не зраўняць, дрот лісе не перацяць. Астрэйка. Здавалася, калі б рак схапіў дзяўчынку сваімі грознымі клюшнямі, дык перацяў бы папалам. Хомчанка.
2. што. Заступіўшы, перагарадзіць, перарэзаць (шлях, дарогу). Войска і паліцыя перацяла.. [дэманстрацыі] дарогу. Чорны.
3. каго-што. Туга перавязаць, сціснуць. Калі Юрка згінаўся і нацягваў ленту, чуў, што дрыжаць рукі. Пасля не хацелася адгінацца: балела паясніца, аж рэзалася, бы яе перацялі мокрым пяньковым путам. Пташнікаў.
4. пераважна безас. Перахапіць спазмай. У горле перацяло.
5. чым. Разм. Ударыць чым‑н. доўгім, гнуткім; перацягнуць. Максім наскочыў на афіцэра і перацяў яго прыкладам. Стаховіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скрыві́цца, скрыўлюся, скрывішся, скрывіцца; зак.
1. Зрабіцца крывым, няроўным; перакрывіцца, выгнуцца. [Лявон:] — Полаз у санак скрывіўся. Жычка. На вуліцы жоўты пясок, Скрывілася хата набок, Яе кулямётныя кулі Навылет, як ветрам, прадзьмулі. Астрэйка. Прыплёўся .. [сабака] з лесу галодны, хворы, з абмарожанымі пярэднімі нагамі, якія пасля скрывіліся так, што было смешна і балюча глядзець, як бяжыць гэтае сабачаня. Ваданосаў. Скрывіўшыся ў сядле,.. [коннік] кінуў каманду назад: — А ну, падцягніся! Лынькоў.
2. Разм. Зрабіць грымасу, міну, якая выказвае незадавальненне, пагарду, боль і інш. — Я нікому не казаў, — закрычаў Міхалка і ад болю ў плячы скрывіўся. Чорны. [Алесь:] — Яшчэ і мой Андрэй напэўна скрывіцца, як даведаецца, што бацька ў сорак пяць гадоў надумаўся ажаніцца. Васілевіч. Бародка зноў спыніўся каля ложка, і твар яго так скрывіўся ад болю і злосці, што Марына спалохалася. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сусве́т, ‑у, М ‑свеце, м.
1. Увесь свет, бясконцы ў часе і прасторы і бясконца разнастайны па формах, якія прымае матэрыя ў працэсе свайго развіцця. Недзе ў бяздонных глыбінях сусвету Вымпел чырвоны праносіць ракета. Макаль. Самуіла, які любіў кнігу і хацеў пазнаць тайны сусвету, не мог задаволіць рэлігійны дыдактызм. Каваленка.
2. Зямны шар, Зямля з усім, што існуе на ёй. [Восень] усім людзям сусвету ў дарунак плён зямлі прыносіць. Дубоўка. І «Аўрора», агнём скалануўшы планету, аддавала салют маладосці сусвету. А. Вольскі.
3. Тое, што і свет (у 3 знач.). Але наш паэт і натураліст не дабіраецца да другой, не менш важнай ісціны — да класавага падзелу большай часткі гэтага сусвету на паноў і нявольнікаў. Кудраўцаў. Ён [Ленін] скалануў стары сусвет, Да камунізма шлях намеціў. Астрэйка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ту́хнуць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. тух, ‑ла; незак.
1. Пераставаць гарэць, свяціць; гаснуць. Зусім не чутно было выбухаў, толькі ў небе, далёка адсюль, загараліся і адразу тухлі арыенціровачныя ракеты. Лупсякоў. Пад самай столлю захісталася лямпа і пачала тухнуць. Каваль. Агонь ніколі ў нас не тухне, Па двух калах кіпіць кацёл. Астрэйка. Раджаўся дзень, за лесам тухлі зоры. Кляшторны. // Страчваць бляск, жывасць (пра вочы, погляд і пад.). Гора вырастае ў адзін міг: галава апускаецца ніжэй, вочы тухнуць. Бядуля.
2. перан. Слабець, памяншацца. І бязмерная радасць адразу тухне, нібы ў сэрцы агні чорным радном пакрыліся. Лынькоў. Гудкі запелі расставанне, А стрэчы як і не было. І тухне зноў на скрыжаванні Падзей зялёнае святло. Чэрня.
ту́хнуць 2, ‑не; пр. тух, ‑ла; незак.
Разм. Загніваць і непрыемна пахнуць; пратухаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
усця́ж, прысл. і прыназ.
Абл.
1. прысл. На ўсёй прасторы, ва ўсіх напрамках; скрозь. Неба, усцяж засланае бялесымі воблакамі, пазірала непрыветна і холадна. Колас. / З прыназ. «па» ўтварае спалучэнне з М. Паставіўшы ля варот вядро, .. [Алёша] паімчаўся ўсцяж па вуліцы далей. Краўчанка. Няхай гудзе, як першы гром вясною, Усцяж па ўсёй зямлі, па ўсіх марах Жывая слава пераможцам бою, Паборнікам і праўды і дабра. Астрэйка.
2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «усцяж» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца пры ўказанні на прадмет, уздоўж па лініі якога што‑н. размяшчаецца, рухаецца. Хуткая плынь ракі адразу панесла пантон з танкам усцяж берага. Мележ. Ніна неўзабаве выйшла на ўскрай лесу і недалёка ўбачыла вёску, што раскінулася ўсцяж дубровы. Шчарбатаў. Усцяж дарогі цвілі буйныя белыя рамонкі. Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чу́тны, ‑ая, ‑ае; чуцён, чутна.
1. Даступны слыху; які ўспрымаецца слыхам. І дзявочы голас звоніць над лясамі: «Будуць у калгасе слаўныя дажынкі, Будуць чутны песні за гарой высокай». Панчанка. Рагочуць мужчыны. Доўга адзін да аднаго бародамі варочаюцца, а тады паасобныя галасы — кожны па-свойму чуцён. Скрыган. А гэта што — ледзь чутны крок? Ці проста шоргнула ігліца? А. Вольскі. // перан. Вядомы. Бедны хлопец Кастусь, Што каленьмі свяціў у апратцы кастравай, Выспеў коласам буйным, а Беларусь Стала чутнай і знанай на свеце дзяржавай. Лужанін.
2. у знач. вык. Чуецца, гучыць. Ледзь чутны ціхі звон Звычайным свежым ранкам, Калі страсае клён З галін сваіх мядзянкі. Астрэйка. У кнізе чутны і рэха гераічнай.. гісторыі Беларусі, і перазвон зброі ў часы рэвалюцыйных выступленняў народных мас. Ярош.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шапта́цца, шапчуся, шэпчашся, шэпчацца; незак.
Гаварыць паміж сабой ціха, шэптам. Зося кінулася ў гушчу моладзі і пачала таптацца з нейкім незнаёмым Рыгору хлопцам. Гартны. І гэта было ўжо ў далёкім, здаецца, мінулым, калі мы ляжалі з.. [Жарнаком] побач пад зялёнымі жорсткімі коўдрамі і доўга шапталіся пра родныя вёскі, лугі... Брыль. // Ціхенька, па сакрэту займацца абгаворамі, плёткамі. А потым шапталіся [людзі] ў яго за спінаю пра заўчасную смерць яго бацькі — правізара Альшэўскага, пра катоўню ў Навагрудскай турме, пра Зосю. Бажко. [Усевалад:] — Цяпер .. [Галіна] падумае, што я помшчуся: знарок перавёў да сябе, каб .. [Барыса] прынізіць. За тое, што тайком шэпчацца з дырэктарам і не мае смеласці сказаць мне праўды ў вочы. Скрыган. // перан. Слаба, ледзь чутно шумець, шапацець, журчаць і пад. Ціха шэпчуцца чароты, І калышацца аер. Астрэйка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ёсць 1,
1. Форма цяпер. часу ўсіх асоб адз. і мн. ліку дзеяслова «быць». Люба адчула, што яна не адзінокая, што каля яе ёсць свае, родныя людзі. Шамякін. [Хлопцы] не захацелі, каб Аня праводзіла: самі знойдуць, карты і компас ёсць. Мележ.
2. Служыць звязкай у састаўным іменным выказніку. — Як не пазнаць! — сказаў стары. — Ты ёсць Наш стараста... З. Астапенка.
3. Ужываецца як вокліч радасці, задаволенасці з прычыны якой‑н. удачы. Ёсць! Трапіў якраз у цэль.
•••
Так і ёсць гл. так.
Што (колькі) ёсць духу гл. дух.
Як ёсць — усё, поўнасцю, цалкам. Ці добра мне, ці кепска мне, Я ўсё, як ёсць, перажыву. Астрэйка.
ёсць 2, выкл.
Адказ падначаленага камандзіру, які абазначае: зразумела, будзе выканана. — Адно аддзяленне накіруй праводзіць абоз, а тры — да мінёраў.. Сам, вядзі аддзяленне. — Ёсць! Можна ісці выконваць? М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зацвісці́, ‑цвіту, ‑цвіцеш, ‑цвіце; ‑цвіцём, ‑цвіцяце; зак.
1. Пачаць цвісці; распусціцца, раскрыцца (пра кветку). Марына Паўлаўна тлумачыла дзецям, якія кветкі дзе трэба садзіць, каб тады, калі яны зацвітуць, быў прыгожы падбор фарбаў. Васілевіч. // Пакрыцца кветкамі. Сад зацвіў. □ Паглядзіш з горкі ўвесну, як зацвітуць дрэвы, здаецца, быццам хтосьці ўсё малаком абліў. Пальчэўскі.
2. перан. Зрабіцца радасным, ажыўленым (пра чалавека, яго твар, вочы). Як глянула на гэту фатаграфію, радасцю зацвіла дзяўчына, і шчокі яе макам загарэліся. Колас. Зацвіў усмешкай.. бацькаў твар. Астрэйка.
3. перан. Пачаць пышна развівацца; расквітнець. І па волі вялікага Леніна Дружна рушаць атрады на бой, Каб жыццё і квяціста і зелена Зацвіло над Бярозай-ракой. Глебка.
4. Пакрыцца, напоўніцца водарасцямі (пра ваду). Вада зацвіла.
5. Пакрыцца цвіллю, плесняй. Хлеб зацвіў. Сыр зацвіў.
6. Пакрыцца плямамі (пра шкло, метал).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пляц, ‑а, м.
1. Зямля пад сядзібай, сядзіба. Вадап’ян усімі сродкамі стараецца барзджэй прыблізіць тую часіну, калі ён паставіць свой дом на гэтым вось пляцы, што стыкаецца з пляцам пана Тарбецкага. Колас. [Валодзя:] — Мы ж засеялі шэсцьдзесят сотак, наш асабісты пляц, што калгас даў. Федасеенка.
2. Вялікая незабудаваная тэрыторыя ў горадзе або вёсцы, прызначаная для якой‑н. мэты. На пясчаным пляцы перад будынкам вакзала гамана і крык. Навуменка. Жывой гамонкай да світання Пляцы і вуліцы гулі. Астрэйка. З завулка .. [Круміньскі] хутка трапіў на маўклівы і гразкі пляц гарадскога рынку, перайшоў яго наўскасяк і апынуўся перад патрэбным яму домам. Галавач.
3. Гіст. Плошча для ваенных парадаў і страявых заняткаў. Па ўсяму пляцу салдаты займаліся страявой падрыхтоўкай. Хомчанка. А там далей, праз раку, — пляц, дзе гарматны свінец касіў надзею маладой Расіі, яе сумленне — дзекабрыстаў. Ліс.
[Ням. Platz.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)