«ВЕСНАХО́Д»,
арганізацыя маладых пісьменнікаў і мастакоў Зах. Беларусі. Створана ў маі 1927 у Вільні з мэтай творчай вучобы і ўзаемадапамогі. Выдаў альманах «Рунь веснаходу» (1927), у якім надрукаваны творы П.Пестрака (Звястун), А.Салагуба, А.Бартуля і інш. Улады Польшчы не зацвердзілі статут арг-цыі, і «Веснаход» неўзабаве пасля стварэння спыніў дзейнасць.
т. 4, с. 116
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́МАРАЧНАЯ МАЁМАСЦЬ,
у цывільным праве маёмасць памерлага, у якога няма спадчыннікаў ні па законе, ні па завяшчанні або яны пазбаўлены спадчынадаўцам спадчыны ці адмовіліся ад яе. Паводле бел. заканадаўства вымарачная маёмасць пераходзіць на карысць дзяржавы, якая пасля прыняцця спадчыны адказвае па даўгах спадчынадаўцы ў межах сапраўднага кошту маёмасці, што перайшла да яе.
т. 4, с. 313
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯТЧЫ́НСКІ БОЙ 1942,
бой паміж партыз. атрадамі А.І.Далідовіча, «Чырвоны Кастрычнік» (камандзір Ф.І.Паўлоўскі) і ням.-фаш. буйным гарнізонам у в. Вятчын Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. 14 студз. партызаны атакавалі гарнізон з 2 бакоў. Пасля непрацяглага бою гарнізон перастаў існаваць, у партызан страт не было.
т. 4, с. 404
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНО́ВЕРСКАЯ ДЫНА́СТЫЯ,
каралеўская дынастыя ў Вялікабрытаніі ў 1714—1901. Змяніла дынастыю Сцюартаў. Прадстаўнікі Гановерскай дынастыі: Георг I
[1714—27],
Георг II [1727—60], Георг III [1760—1820], Георг IV [1820—30], Вільгельм IV [1830—37], Вікторыя [1837—1901]. Пасля ўступлення на прастол Эдуарда VII, сына Вікторыі і прынца Альберта (прадстаўнік герм. дома Сакс-Кобург-Гота), пачалося праўленне Сакс-Кобург-Гоцкай дынастыі (з 1917 Віндзорская дынастыя).
т. 5, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМО́НІЯ,
у грэчаскай міфалогіі дачка Арэса і Афрадыты, жонка Кадма, заснавальніка г. Фівы. На вяселлі багі падарылі ёй сукенку і каралі, вырабленыя Гефестам, якія пасля прыносілі няшчасце ўсім, хто імі валодаў, і сталі прычынай гібелі прарока Амфіярая. У аснове міфа — казачны матыў аб закляцці, якое ляжыць на скарбах, здабытых вайной ці несумленным шляхам.
т. 5, с. 65
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НЦКАЕ ПРЫМІРЭ́ННЕ,
пагадненне паміж паўн. і паўд. Нідэрландамі ў ходзе Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. Падпісана 8.11.1576 у г. Гент па ініцыятыве Генеральных штатаў. Прадугледжвала сумесную барацьбу супраць ісп. войск у Нідэрландах, амністыю ўдзельнікам руху, захаванне каталіцызму на Пд і кальвінізму на Пн краіны і інш. Страціла сілу пасля заключэння Утрэхцкай уніі (1579).
т. 5, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕО́РГІЙ XII, Гіоргі XII (1746—9.1.1801),
апошні цар [1798—1801] царства Картлі-Кахеты (Усх. Грузія). З дынастыі Багратыёнаў. Сын Іраклія II. Аднавіў Георгіеўскі трактат 1783. Ва ўмовах пагрозы ўварвання з боку Ірана і ўнутр. нестабільнасці пайшоў на саюз з рас. імператарам. Пасля смерці Георгія XII абвешчаны маніфест Паўла I пра далучэнне Усх. Грузіі да Расіі (пач. 1801).
т. 5, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАТАНІ́Я (ад гіпа... + грэч. tonos напружанне),
паніжэнне тонусу тканак арганізма і артэрыяльнага ціску крыві. Можа развівацца пасля вострых і хранічных інфекц. хвароб, вітаміннай недастатковасці, прафес. шкоднасцей, парушэнняў дзейнасці эндакрыннай і нерв. сістэм, страўнікава-кішачнага тракту. Прыкметы: хуткая стамляльнасць, слабасць, задышка, галавакружэнне. Лячэнне: правільны рэжым працы, адпачынку і харчавання, вітаміны, фізкультура, гармоны, курортатэрапія.
т. 5, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОМАЦЭНТРЫЧНЫ ПУЧО́К прамянёў,
пучок светлавых прамянёў, якія (самі або іх прадаўжэнні) перасякаюцца ў адным пункце. Хвалевая паверхня, што адпавядае гомацэнтрычнаму пучку, — сфера, яе цэнтр — пункт перасячэння гомацэнтрычнага пучка. Відарыс аптычны будзе дакладна адпавядаць арыгіналу (кожнаму пункту арыгінала адпавядае пэўны пункт відарыса), калі гомацэнтрычны пучок пасля праходжання праз аптычную сістэму пераўтвараецца ізноў у гомацэнтрычны.
т. 5, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОР, Хор,
у старажытнаегіпецкай міфалогіі бог сонца і неба, сын Асірыса і Ісіды. Уяўлялі Гора ў выглядзе сокала (ці чалавека з галавой сокала) або крылатага сонечнага дыска. Першапачаткова Гора шанавалі як драпежнага бога палявання, пазней — як апекуна ўлады фараона, які лічыўся зямным увасабленнем Гора. Пасля перамогі над богам цемры Сетам Гор стаў уладаром Сусвету.
т. 5, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)