По́ра ’маленькая адтуліна на скуры, сітавіна, кіпра’ (РБС). Запазычана ў славянскія мовы, у тым ліку іншыя еўрапейскія з лац. porus < грэч. πόρος ’шлях праз нешта, праход’ (Махэк₁, 384), магчыма, праз ням. Pore ’маленькая адтуліна на скуры’ (Сной, 472), рус. по́ра, польск. pora, чэш. pór, славен. pora ’тс’, літ. porà ’тс’. У беларускай, імаверна, праз рускую, дзе праз нямецкую (з XVIII ст.) (Фасмер, 3, 328; Цыганенка, 318). Роднаснае лац. porta ’вароты’, portus ’порт, гавань’ (Цыганенка, 318).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыхо́д ’парафія; ніжэйшая царкоўная арганізацыя ў хрысціянскай царкве; мясцовасць, дзе жывуць члены гэтай арганізацыі’ (ТСБМ, Др.-Падб., Бяльк., Мат. Гом.; лях., Сл. ПЗБ), ’збор людзей на рэлігійнае свята’ (ПСл), пріхо́джынік ’прыхаджанін, парафіянін’ (Бяльк.). Рус. прихо́д ’царкоўны прыход’, укр. прихо́д ’парафія’. Аддзеяслоўны назоўнік з нулявой суфіксацыяй ад прыходзіць < хадзіць (гл.). Як мяркуе Фасмер (3, 368), першаснае значэнне — ’сход для выбараў старасты’. Паводле ЕСУМ (4, 582), запазычана з рускай мовы, што нельга выключыць і для беларускага слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Склон1 грам. ‘склон’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Гарэц., Др.-Падб., Стан.). Утварэнне на ўласнай глебе ад запазычаных граматычных тэрмінаў склане́нне (гл.), скланя́ць, параўн. рус. склоне́ние, склоня́ть. Крукоўскі (Уплыў, 42) лічыць беларускае слова запазычаннем з рускай мовы.

Склон2 ‘схіл’ (Гарэц., Ласт., Сл. ПЗБ, Др.-Падб., Яшк.), ‘нахіл’ (ТС). У сучаснай літаратурнай мове, хутчэй за ўсё, з рус. склон ‘схіл’, аднак у народнай мове можа быць самастойным утварэннем, параўн. кланіць (гл.) і наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрэ́льба ‘ручная агнястрэльная зброя з доўгім ствалом’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Байк. і Некр., Гарэц., Сл. ПЗБ, ТС), ‘паляўнічая зброя’ (Пятк. 1), стрэ́лбла ‘тс’ (рэч., Яшк. Мясц.), стральба́ ‘тс’ (Нас., Шымк. Собр.). Параўн. укр. стре́льба ‘тс’, польск. strzelba ‘тс’, якое, па сведчанні Брукнера (522), першапачаткова значыла ‘страляніна’, а ‘гатунак зброі’ пачало абазначаць з XVII ст. Рэгіянальная інавацыя, магчыма, узнікшая на базе польскай мовы, параўн. польск. strzelba ‘страляніна, кананада’, балг. стрелба́ ‘стральба’, макед. стрелба ‘тс’ і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сёк-сёк-сёк ‘падзыўныя для кароў’ (тураў., ДАБМ, камент., 895). Няясна. Нагадвае метатэзу падзыўных ксʼо‑ксʼо‑ксʼо (староб., ДАБМ, там жа), якія магчыма супаставіць з польск. дыял. kse > se, у чым бачаць далёка прасунутую рэдукцыю першапачатковага k sobie; гл. Махэк₂, 534; параўн. аналагічнае паходжанне ўкр. соб! (пры паганянні валоў), гл. Смаль-Стоцкі, Приміт., 31. Не выключана і новае паходжанне, з дзіцячай мовы, параўн. Смаль-Стоцкі, Приміт., 25 і наст. Гл. таксама ЕСУМ, 3, 117 (ксо́бі).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Така́рня ’такарная майстэрня’ (ТСБМ), ’саматужны такарны станок для апрацоўкі дрэва’ (Скарбы), ’прымітыўны такарны станок для вырабу калаўротаў’ (гродз., Нар. сл.), ’станок, на якім точаць калодкі для колаў’ (Жд. 2). Укр. тока́рня ’майстэрня токара; такарны станок’, дыял. ’станок для абточкі калодак для колаў’, рус. тока́рня, тока́рная ’такарная майстэрня’, польск. tokarnia ’такарная майстэрня’ (Варш. сл.). Да токар (гл.); у першым значэнні, магчыма, запазычана з польскай мовы, дзе ў значэнні ’такарны станок’ ужываецца tokarka. Параўн. сячкарня, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Танцюры́стка ’танцорка’ (Мат. Гом.), танцюрі́ст ’танцор’ (кам., ЖНС). Параўн. укр. танцю́ристка, танцюри́ст ’хто добра танцуе’, што паводле ЕСУМ (5, 516), вытворныя ад танцю́ра ’тс’, адкуль і назва грыбоў танцю́рка ’мухамор’, што адлюстроўвае іх знешні выгляд (на доўгай тонкай ножцы), параўн. папярэднія словы, гл. Арэальныя ўтварэнні, звязаныя з украінскай мовай, паколькі для беларускай мовы ўтварэнні на ‑ура (‑юра) і -іст (‑ыст) для характарыстыкі асоб нехарактэрны, параўн. Сцяцко, Афікс. наз., 70; Саевіч, Derywacja, 401, 409.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́нчыць ’танцаваць’ (астрав., Нар. словатв.; Гіл., Жд. 3, Сл. ПЗБ), ’танцаваць, скакаць’ (Сцяшк.), ’танцаваць; заляцацца’ (Нас.), та́нчыць (та́ньчыць) ’танцаваць у кругу, у карагодзе’ (Нар. Гом.), та́ньчыць ’танцаваць’ (Байк. і Некр.), сюды ж та́ньчык ’танец, песня да танцаў’ (Байк. і Некр.), та́нчыцца ’важдацца, займацца’ (Нас.), та́ньчыцца ’цешыцца, вазіцца’ (Байк. і Некр.). З польскай мовы, дзе tańczyć ’танцаваць’ (з XVI ст.), звязанае з taniec ’танец’ (Брукнер, 565; Борысь, 626; Длугаш-Курчабова, 495). Параўн. танцаваць, танец, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трамбава́ць ’шчыльна ўкладваць, закладваць, прыціскаючы, і выраўноўваць паверхню рыхлай масы’ (ТСБМ, Шат.; пух., Сл. ПЗБ), трэмбова́ті ’збіваць гліну’ (пруж., ЖНС). Са старога польск. trambować ’тс’, якое з нова-в.-ням. trampeln ’тупаць’, с.-н.-ням. trampen ’тупаць нагамі’, англ. tramp ’цяжка ступаць, тупаць’ (КЭСРЯ, 449). Рус. трамбова́ть таксама запазычана з польскай мовы ў XIX ст. — насуперак Фасмеру (4, 93), які рускую лексему выводзіць непасрэдна з нямецкай крыніцы. Паводле ЕСУМ (5, 618), з’яўляецца гукапераймальным утварэннем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́па ‘калектыў артыстаў тэатра, цырка’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Запазычана з рускай мовы, у якой слова труппа паходзіць з ням. Truppe ‘трупа’, ‘атрад’, ‘войска’, апошняе запазычана з франц. troupe ‘натоўп, банда’, якое з позналац. trouppus ‘гурт’ і ст.-франк. þrop ‘група’, што ўзнікла ў выніку метатэзы з þorp ‘натоўп, гурт’, ‘сяло’, параўн. ст.-англ. þorp, þrop, англ. thorp ‘вёска’, ням. Dorf ‘тс’ (Фасмер, 4, 109; Чарных, 2, 267; Даза, 729; Васэрцыер, 237; ЕСУМ, 5, 657).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)