Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)
АРЭА́ЛЬНАЯ ЛІНГВІСТЫ́КА,
раздзел мовазнаўства, які даследуе арэалы моўных з’яў, іх тыпы і ўзаемадзеянне. Асноўныя прынцыпы арэальнай лінгвістыкі распрацаваў у 1925 італьянскі лінгвіст М.Барталі, які паказаў, што ўзаемадзеянне арэалаў блізкіх ці функцыянальна тоесных з’яў можа разглядацца з пункту погляду дыяхраніі (гэта значыць часавых адносін): адны арэалы ўяўляюць інавацыі (новыя з’явы, якія распаўсюджваюцца), іншыя — архаізмы (старыя з’явы, што звужаюць сваю тэрыторыю). Ад іх узаемнага размяшчэння залежаць так званыя нормы арэалаў. Складаныя выпадкі прасторавага ўзаемадзеяння арэалаў моўных з’яў (адна з якіх была прычынай узнікнення другой) даследаваў бел. лінгвіст П.А.Бузук.
Сучасная арэальная лінгвістыка займаецца інтэрпрэтацыяй моўных фактаў, здабытых лінгвістычнай геаграфіяй і пададзеных графічна ў выглядзе большых або меншых масіваў, размешчаных асобна ці ў кантакце паміж сабой. Налажэнне арэалаў розных інавацыйных з’яў, якія характарызуюць асобную мову ці моўную супольнасць, утварае так званую арэальную структуру гэтай мовы ці супольнасці.
Літ.:
Бузук П. Лінгвістычная геаграфія як дапаможны метад пры вывучэнні гісторыі мовы // Sbornik praci I. Sjezdu slovanskych filologů v Praze, 1929. Praha, 1932. Т. 2;
Цыхун Г.А. Арэальная тыпалогія славянскіх моў. Мн., 1988;
Bartoli M. Introduzione alla neolinguistica. Genève, 1925.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІМПІ́ЙСКАЯ СІМВО́ЛІКА,
сістэма атрыбутаў, агульных для ўсяго алімпійскага руху. Уключае алімпійскі сімвал, дэвіз (разам складаюць алімпійскую эмблему) і сцяг. Алімпійскі сімвал — 5 пераплеценых кольцаў блакітнага, чорнага, чырвонага, жоўтага і зялёнага колераў — аб’яднанне ў алімпійскім руху пяці кантынентаў. Алімпійскі дэвіз — «Citius, altius, fortius» («Хутчэй, вышэй, мацней»), Існуюць таксама неафіц. дэвізы (сфармуляваны П. дэ Кубертэнам): «Спорт — гэта мір», «Галоўнае не перамагчы, галоўнае — удзельнічаць». Алімпійскі сімвал і дэвіз зацверджаны Міжнародным алімпійскім камітэтам (МАК) у 1913. Ён жа зацвердзіў іх у 1920 як часткі афіц. алімпійскай эмблемы, права выкарыстоўваць яе маюць толькі МАК і нац. алімпійскія к-ты. Алімпійскі сцяг — белае палотнішча з алімпійскім сімвалам у цэнтры; зацверджаны МАК у 1913. Вывешваецца на алімпійскіх спаборніцтвах з 1920. Спалучэнне колераў сцяга і алімпійскіх кольцаў сімвалізуе колеры ўсіх нацый. Да алімпійскай сімволікі адносяцца таксама афіц. эмблемы нац. алімпійскіх к-таў (спалучаюць алімпійскі сімвал з элементамі дзярж. геральдыкі), Алімпійскіх гульняў, сесій, кангрэсаў, т.зв. спадарожныя алімпійскія сімвалы (талісманы гульняў, піктаграмы, тэрміны-надпісы і інш.). Выкарыстанне алімпійскай сімволікі ў рэкламных і камерцыйных мэтах, не звязаных з алімпійскім рухам, забаронена алімпійскай хартыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГНАСТЫЦЫ́ЗМ (ад грэч. agnōstos недаступны пазнанню),
філасофскае вучэнне, паводле якога немагчыма пазнанне аб’ектыўнага свету, яго сутнасці і заканамернасці развіцця, дасягненне абсалютнай ісціны; крайняя форма скептыцызму. Роля навукі абмяжоўваецца толькі пазнаннем з’яў. Тэрмін уведзены ў 1863 англ. прыродазнаўцам Т.Гекслі. Ідэі агнастыцызі прасочваліся яшчэ ў ант. філасофіі (Пратагор, сафісты). Найб. паслядоўна агнастыцызм прадстаўлены ў вучэннях Д.Юма і К.Канта. Юм лічыў, што ўсё пазнанне звязана толькі з вопытам і прынцыпова не выходзіць за яго межы, а таму нельга меркаваць пра адносіны паміж вопытам і рэальнасцю. Кант абгрунтоўваў агнастыцызм увядзеннем і размежаваннем паняццяў «рэч у сабе» (недасягальная для пазнання) і «рэч для нас» (у працэсе пазнання якой утвараецца вобраз гэтай рэчы). Пазнаючы вобраз, розум імкнецца пазнаць і «рэч у сабе», але гэта яму не ўдаецца, паколькі ён валодае магчымасцямі толькі для пазнання вобраза рэчы, таму розум канчаткова заблытваецца ва ўзаемна супярэчлівых выказваннях аб прадмеце (антыноміях), якія дапускаюць пераканаўчае лагічнае абгрунтаванне. Агнастыцызм параджаецца абсалютызацыяй, празмерным адасабленнем і проціпастаўленнем тэорыі і практыкі, пазнання і рэчаіснасці, суб’екта і аб’екта пазнання. Разнавіднасцю агнастыцызму з’яўляецца іерогліфаў тэорыя, неапазітывізм, экзістэнцыялізм і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛО́ГІЯ БЫЦЦЯ́,
адно з асноўных паняццяў каталіцкай філасофіі — тамізму, паводле якога Бог і ўсё ім створанае знаходзяцца ў суадносінах з агульным для іх быццём. Фама Аквінскі ўзвёў аналогію быцця ў фундаментальны прынцып гэтай дактрыны і распрацаваў яго філас. змест. У 20 ст. ўклад у распрацоўку аналогіі быцця, вызначэнне сфер і магчымасцяў выкарыстання зрабілі Э.Пшывара, Ф. Ван Стэенберген, Б.Лакебрынк, К.Ранер. Сутнасць аналогіі быцця ў тым, што паміж Богам і яго тварэннямі існуюць першапачатковыя адносіны падабенства ў адрозненнях і адрозненні ў падабенстве. Таму адносіны аналогіі могуць пераважаць толькі там, дзе няма ні поўнага падабенства, ні поўнага адрознення, а спалучаюцца адно з адным. Першасным, вызначальным прызнаецца падабенства, першакрыніца якога — стварэнне Богам сусвету і ўсяго, што ў ім існуе. Гэта дае магчымасць філас.-тэалагічнымі сродкамі абгрунтоўваць быццё Бога як першакрыніцу створанага сусвету розных падабенстваў, сярод якіх самае набліжанае да творчай магутнасці стваральніка — творчая дзейнасць чалавека. Але яе нельга атаясамліваць з творчым актам стварэння, бо яна толькі набліжаецца да яго паводле падабенства (аналогіі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЁН, Вільён (Villon) Франсуа (сапр.дэ Манкарб’е або дэ Лож; de Montcorbier, des Loges; каля 1431, Парыж — пасля 5.1.1463), французскі паэт. Скончыў Сарбону (1452). Не парываючы са студэнцкай багемай, Віён стаў заўсёднікам парыжскіх тавернаў і прытонаў, сябраваў з крымінальнікамі, валацужнічаў па Францыі. Усё гэта адбілася ў паэзіі Віёна, яскравай і своеасаблівай, дзе побач з матывамі пераходнасці, недаўгавечнасці ўсяго існага, захаплення ўцехамі жыцця і каханнем выступаюць і сац. матывы. Абвінавачваўся ў злачынствах, неаднаразова трапляў у турму, у 1463 прыгавораны да смяротнай кары, замененай на дзесяцігадовае выгнанне. Далейшы лёс Віёна невядомы. Аўтар «Малога запавету» (1456) і «Вялікага запавету» (1461), «Балады пра павешаных» (1463). Асобныя яго вершы на бел. мову перакладалі З.Колас, А.Зарыцкі.
Тв.:
Бел.пер. — Балада ісцін навыварат;
Чатырохрадкоўе // Наша слова. 1992. № 29;
Рус.пер. — Стихи. М., 1963;
Лирика. М., 1981.
Літ.:
Сент-Бёв Ш. Франсуа Вийон // Сент-Бёв Ш. Литературные портреты: Критич. очерки: Пер. с фр.М., 1970;
Косиков Г.К. Франсуа Вийон // Villon F. Oeuvres. М., 1984;