нюх, ‑у, м.
1. Здольнасць да ўспрыняцця і адрознівання пахаў (адно з пяці знешніх пачуццяў). [Конь] хутка ўзяў нюхам дарогу і, весела пырхаючы, пайшоў роўна. Якімовіч. І верне пара аж у столь І смачным пахам нюх ласкоча. Крапіва.
2. перан. Чуццё, кемлівасць. Міхалка не адзін раз выбягаў на гэтую вуліцу і нюхам вясковага чалавека ўгадваў, што недалёка тут павінна быць поле. Колас. [Камбат:] — Старшына Шаплыкаў наогул мае схільнасць да розных пошукаў. У яго нюх — будзь здароў. Васілёнак.
•••
Ні за нюх (панюх) табакі — ні за што, дарэмна (загінуць, прапасці і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перае́зд, ‑у і ‑а, М ‑дзе, м.
1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. пераехаць (у 1, 3 знач.).
2. ‑а. Месца, дзе можна пераехаць цераз што‑н. Як калісьці, і сёння тут натоўпам стаялі прымкнутыя і непрымкнутыя лодкі. Бо з гэтага пераезда лягчэй за ўсё трапіць у бліжэйшыя засажоўскія вёскі. Кірэенка. — Зрабіце пераезд цераз траншэі, — папярэдзіў Саўка. Федасеенка. // Месца перасячэння чыгуначных пуцей шасейнай дарогай. Гэта быў звычайны чыгуначны пераезд, якіх шмат параскідана на сталёвых шляхах зямлі. Быкаў. Не ідзе, а ляціць паравоз, і толькі мільгаюць паабапал пераезды, слупы, паласатыя вёрсты. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
першабы́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да найстаражытнейшага перыяду гісторыі чалавецтва. Першабытны чалавек. Першабытнае грамадства. Першабытная культура.
2. перан. Устарэлы, прымітыўны. Першабытная тэхніка. □ У гэтым млыне і пад’ёмны механізм быў таксама стары, першабытны. Брыль. // Дзікі, некультурны. Першабытныя норавы.
3. Першапачатковы, былы. Тут, у вёсцы, першабытная цішыня, хвалюючы водар зямлі, пах усяго жывога, што расце, цягнецца да сонца, дыхае. Навуменка. І вецер імкнецца наўсцяж развінуць сваю першабытную дужасць. Глебка. // Некрануты, у натуральным стане. Першабытны лес.
4. Ужываецца ў якасці састаўной часткі назваў некаторых выкапнёвых жывёл. Першабытны зубр.
•••
Першабытны камунізм гл. камунізм.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прына́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прынаджваць — прынадзіць.
2. Тое, чым прынаджваюць птушак, рыб, жывёл. Пад паплаўком, у тым таямнічым падводным царстве, куды патанула прынада, прачнулася ўжо далікатная прыгажуня плотка. Брыль. Цяпер зайцы ў лясах гуляюць, Іх упалюеш без прынады. Колас. // Тое, што прыцягвае, прываблівае. Высокі ясень — прынада для птушак, і яны ляцяць з-за канала, з лясных і балотных гушчынь. Пестрак. [Гунава:] — Я гатовы паручыцца галавой, што праз гадзіну .. [салдаты] будуць тут. Х-хэ! Дымок над страхой — нядрэнная прынада. Самуйлёнак. Каханне — лёгкая прынада Для сэрцаў чуткіх, маладых. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прытушы́ць, ‑тушу, ‑тушыш, ‑тушыць; зак., што.
1. Трохі збавіць, аслабіць (святло, агонь і пад.). Прытушыць лямпу. □ [Сухоцкі] звярнуў на прасёлак і, прытушыўшы фары, паехаў у бок Ядліны. Курто. // у перан. ужыв. Зоры прытушылі свой бляск, толькі самыя буйныя сям-там яшчэ ярка гарэлі на небасхіле. Быкаў.
2. Разм. Затушыць, загасіць. Бацька трохі пакурыў, потым прытушыў недакурак, паклаў на трухлявы пянёк — эканоміў курыва. Масарэнка.
3. перан. Аслабіць, стрымаць. — Але чаму яны засталіся? — каб неяк прытушыць Шарэйкаву гарачнасць, спытаў Зазыба. Чыгрынаў. — А мне не спадабалася! — усміхнуўся ён аднымі вачамі і тут жа прытушыў ўсмешку. Місько.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прэць, прэю, прэеш, прэе; незак.
1. Гнісці, псавацца ад сырасці і цеплыні. Было тут калісьці — Багнішчы-балоты, ў дрыгве прэла лісце, Асокі, чароты... Купала. // Станавіцца запалёным ад перагравання і поту (пра скуру).
2. Разм. Пацець, пакрывацца потам ад цеплыні, цёплага адзення. Цыганы прэлі пад сваімі паласатымі коўдрамі, і я пазайздросціў людзям. Чыгрынаў. // перан. Старанна, шчыра займацца якой‑н. справай, трацячы шмат часу і сіл.
3. Разм. Ратавацца, даходзіць да поўнай гатоўнасці на невялікім агні. Бульба прэе. □ І свіную рабрынку, якая прэла ў .. баршчы, я браў не відэльцам.., а пальцамі, як у дзяцінстве. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пуці́на, ‑ы, ж.
1. Спец. Сезон масавай лоўлі рыбы. Зімовая пуціна. □ Адкрытая вада, навігацыя, лоўля рыбы з адкрытай вады — для рыбака змяшчаецца ў адным ёмкім слове — пуціна. «Маладосць».
2. Паэт. Тое, што і пуцявіна. Люблю, не знаючы пуціны, Ісці праз лес, балота, гаць, Мінаць квяцістыя нізіны, Пад грушай ў полі спачываць. Жылка. Усе гэтыя мучанікі за праўду выклікалі здзіўленне і глыбокае спачуванне і з непераможнаю сілаю хілілі на тую цярністую пуціну пакуты, па якой ішлі яны. Колас. Кожны з вядучых пісьменнікаў ішоў тут — у залежнасці ад уласнага таленту — рознымі пуцінамі. Лойка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рукапа́шны, ‑ая, ‑ае.
1. Які ажыццяўляецца без зброі ці халоднай зброяй (пра бой, сутычку). Бабка Антосіха стаяла з качаргою ля парога, нібы грэнадзёр, рыхтуючыся да рукапашнай схваткі. Нядзведскі. У рукапашнай схватцы партызаны змялі карнікаў, толькі адзінкі з іх уцалелі. Гурскі.
2. у знач. наз. рукапа́шная, ‑ай, ж. Бой, сутычка без прымянення зброі або з прымяненнем халоднай зброі. Завязалася рукапашная што называецца — не на жыццё, а на смерць. Брыль. [Саламацін:] У іх тут рукапашная была. [Падымае штык]. Штыком арудаваў немчура. Крапіва. Жывыя мерцвякі .. ішлі ў рукапашную, глушылі прыкладамі адкормленых граміл з адборных штурмавых батальёнаў. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сена́т, ‑а, М ‑наце, м.
1. Савет старэйшыя, вышэйшы орган дзяржаўнай улады ў Старажытным Рыме.
2. Вышэйшая судова-адміністрацыйная ўстанова ў царскай Расіі. Аксён Каль выступаў ад грамады, як давераная асоба. Хадзіў па судах, пачынаючы з акружнога, і давёў справу да сената, дзе яна і захлынулася, бо ўсюды пан цягне за пана. Колас.
3. Верхняя палата парламента ў ЗША, Францыі і некаторых іншых капіталістычных краінах. Адзін з удзельнікаў нашай экскурсіі, які часта бывае тут і ведае ўсе парадкі Кангрэса, паказаў нам залы пасяджэнняў палаты прадстаўнікоў і сената, пакой для прэсы. Новікаў.
[Лац. senatus ад senex — стары.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сіпа́ты, ‑ая, ‑ае.
Які страціў чысціню і гучнасць (пра голас, гукі і пад.). — Дарогу трэба перакрыць на суткі, — сіпатым, прастуджаным голасам гаварыў капітан. Быкаў. За парканам слізгануў па туга напятым дроце ланцуг, і ўжо ў наступны момант зайшоўся сіпатым брэхам сабака. Сабаленка. Глядзіш, праз пару месяцаў яго сіпаты гармонік ужо скуголіць па завуголлю суседніх вёсак. Скрыпка. // Які гаворыць прыглушана-хрыплым голасам (пра чалавека). Наставіў каўнер ад сцюжы ссінелы сіпаты жаўнер. Вялюгін. / у знач. наз. сіпа́ты, ‑ага, м.; сіпа́тая, ‑ай, ж. — Ці чуеш, Іван, хто гэта тут чмыхае? — раптам спытаў сіпаты. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)