ЛЕ́НІН,

вёска ў Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл., на правым беразе р. Случ. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 46 км на ПнЗ ад г. Жыткавічы, 274 км ад Гомеля, 18 км ад чыг. ст. Мікашэвічы. 875 ж., 318 двароў (1999).

Упершыню ўпамінаецца ў 1568 у прывілеі Жыгімонта Аўгуста кн. Юрыю Алелькавічу на заснаванне мястэчка. У ім названы і тапонім будучага нас. пункта — Ленін. У 1582 мястэчка перайшло да кн. Аляксандра Алелькавіча. З 17 ст. ва ўладанні Радзівілаў, з пач. 19 ст. — Вітгенштэйнаў. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Мазырскага пав. Мінскай губ. У 1863 адкрыта аднакласнае нар. вучылішча. У 1886—437 ж, 79 двароў, у 1908—1019 ж., 196 двароў. У 1922—39 у складзе Польшчы, цэнтр Ленінскай гміны Палескага ваяв. З 12.10.1940 гар. пасёлак, у 1940—50 цэнтр Ленінскага раёна Пінскай вобл. У Вял. Айч. вайну з 16.7.1941 да 6.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Л. і раёне 4474 чал.; у жн. 1942 акупанты расстралялі ў Л. каля 2 тыс. чал., у лют. 1943 у час карнай аперацыі «Горнунг» загубілі 1200 чал. 12.9.1942 адбыўся Ленінскі бой 1942. З 9.1.1952 вёска ў Ленінскім р-не Пінскай, з 1954 Брэсцкай абл., з 1960 у Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл. У 1972—842 ж., 252 двары.

Лясніцтва, цэх па перапрацоўцы драўніны. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. ваеннапалонных і ахвяр фашызму, камсамольцаў, партызан. Магілы ахвяр фашызму. Помнік партызанам. Помнік архітэктуры — капліца на могілках (1870-я г.).

т. 9, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОДЗЬ (Łódź),

горад у цэнтр. ч. Польшчы, адм. ц. Лодзінскага ваяв., на водападзеле рэк Вісла і Одра. Вузел чыгунак і аўтадарог. 1 млн. 41 тыс. ж. з прыгарадамі (1993). Буйны цэнтр тэкст. прам-сці; электратэхн., маш.-буд., металаапр., хім. (штучнае валакно, гумавая), швейная, харч., мэблевая, папяровая, паліграф., абутковая прам-сць. Буйнейшы кінематаграфічны цэнтр Польшчы. 8 ВНУ, у т. л. ун-т, мед. акадэмія, Вышэйшая школа кінематаграфіі, тэлебачання і тэатра, Вышэйшая духоўная семінарыя; аддзяленне АН. Філармонія, тэатры. Музеі: маст., археал. і этнагр., гісторыі тэкст. вытв-сці. Арх. помнікі 18—19 ст.

Першапачаткова вёска Лодзя, уласнасць біскупаў куяўскіх; упершыню згадваецца ў 1332. У 1387 атрымала ням. гар. права, у 1423 кароль Польшчы Ягайла надаў Л. магдэбургскае права. Месцазнаходжанне Л. сярод пушчаў, далёка ад гандл. шляхоў не спрыяла развіццю горада, і да пачатку 19 ст. ён захоўваў агр. характар. У 1820-я г. створаны першыя мануфактуры, у 2-й пал. 19 ст. Л. — цэнтр буйнога тэкст. раёна, пачалося яго хуткае дэмаграфічнае развіццё. З 1870-х г. Л. — важны цэнтр рабочага руху. Тут адбылося першае ў Рас. імперыі рабочае паўстанне (гл. Лодзінскае паўстанне 1905). У 1-ю сусв. вайну ў ліст. 1914 пад Л. адбылася бітва, у выніку якой герм. войскі спынілі наступленне рас. войск. У 2-ю сусв. вайну акупіравана ням. фашыстамі (1939—45; наз. Ліцманштат). Вызвалена войскамі 1-га Бел. фронту. У 1971 адзін з цэнтраў забастовачнага руху ў Польшчы.

Н.​К.​Мазоўка (гісторыя).

Лодзь. Стары горад.

т. 9, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЛІ́БАКІ Налібокі,

вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., на скрыжаванні аўтадарог г.п. Івянец — в. Шчорсы і г. Стоўбцы — в. Налібакі. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 45 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Стоўбцы, 83 км ад Мінска. 691 ж., 254 двары (1999).

Вядома з 1447. Належала Гедыголдавічам, Кезгайлам, Завішам, Шэметам, Радзівілам, якія пабудавалі тут касцёл (1636); з сярэдзіны 19 ст. — Вітгенштэйнам, Гогенлое. У 16 ст. цэнтр воласці Навагрудскага пав. У 17—18 ст. вакол двара сфарміравалася вёска (у 1727 у Н. 62 двары), уваходзіла ў Ашмянскі пав. Віленскага ваяв. У 1720-я г. каля Н. заснавана гута (гл. Налібоцкая шкляная мануфактура). З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Ашмянскага пав. У 2-й пал. 19 ст. — мястэчка. У 1897 у ім 270 ж., 42 двары, у вёсцы 1519 ж., 224 двары, касцёл, малітоўны дом, 2 школы, бальніца, валасны суд, карчма. З пач. 20 ст. Н. — вёска, 1789 ж., нар. вучылішча, касцёл. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Стаўбцоўскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—54 і з 1963 цэнтр сельсавета, у 1940—54 у Івянецкім р-не Баранавіцкай вобл., з 1963 у Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл. У Вял. Айч. вайну партызаны правялі тут Налібоцкія баі 1942, 1943; ням.-фашысты ў ліп. 1943 спалілі вёску і загубілі 109 яе жыхароў.

Аграфірма «Налібокі». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Касцёл. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

В.​У.​Шаблюк.

т. 11, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТУРФІЛАСО́ФІЯ (ад лац. natura прырода + філасофія),

філасофія прыроды, абстрактнае тлумачэнне прыроды, якая разглядаецца ў яе цэласнасці. Узнікла ў антычнасці, ёй быў уласцівы наіўны непадмацаваны навук. даследаваннямі погляд на прыроду. Ранняя стараж.-грэч. Н. (мілецкая школа і інш.) была фактычна першай гіст. формай філасофіі ўвогуле. Геракліт, Эмпедокл, Анаксагор, Эпікур, Арыстоцель і інш. зрабілі спробу асэнсавання існага, субстанцыі, пытанняў касмалогіі і касмагоніі. Яны выказалі погляд на прыроду, як на тое, што бясконца развіваецца, ідэю аб арган. мэтазгоднасці, меркаванне аб атамах (гл. Атамістыка), ідэю прыродазнаўча-гіст. развіцця жывога з нежывога, распрацавалі вучэнне аб процілегласці, супярэчнасці і інш. У эпоху сярэднявечча ант. Н. была выцеснена крэацыянісцкімі ўяўленнямі хрысц., мусульм. і іудзейскай тэалогіі. У эпоху Адраджэння Н. пераадолела характэрныя для антычнасці антрапамарфізм і міфалагізм, стала больш грунтоўна апірацца на прыродазнаўча навук. веды (Дж.​Бруна, Б.​Тэлезіо, Т.​Кампанела), але адчувала на сабе ўплыў сярэднявечча (гілазаізм, магія, кабала). У 17—18 ст., у эпоху прагрэсу механістычнага прыродазнаўства, калі перавагу мелі аналіт. метады і метафіз. спосаб разгляду прыроды, Н. страціла былое значэнне. Адраджаецца Н. ў 1-й пал. 19 ст., яе развіццё звязана з дзейнасцю І.​Канта. Ф.​Шэлінга і інш. прадстаўнікоў класічнай ням. філасофіі. У канцы 10 — пач. 20 ст. В.​Оствальд, Г.​Дрыш, Т.​Ліпс і інш. імкнуліся з дапамогай Н. пераадолець крызіс найноўшага прыродазнаўства. Ідэі Н. характэрны і для 20 ст., яны праявіліся ў філасофіі рас. касмізму (А.​Л.​Чыжэўскі, У.​І.​Вярнадскі), тэорыі касмагенезу (П.​Тэяр дэ Шардэн) і інш. філас. плынях.

Т.​І.​Адула.

т. 11, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАНЭ́ЧКА,

вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Змейка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 34 км на ПнУ ад г. Баранавічы, 236 км ад Брэста, 21 км ад чыг. ст. Пагарэльцы. 647 ж., 283 двары (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры — Паланэчкаўскі палацава-паркавы ансамбль, Паланэчкаўскі Юр’ёўскі касцёл.

Вядома з 16 ст. як мястэчка ў Навагрудскім пав. Належала Рудамінам-Дусяцкім, потым Радзівілам, пры якіх пабудаваны палац. З 1795 у складзе Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. ў Жухавіцкай вол. Навагрудскага пав. У 1845 пад апякунствам К.​Радзівіла ў П. знаходзілася рэдакцыя час. «Народ і час», які выдаваў Я.​Філіповіч (выйшаў 1 нумар). У час паўстання 1863—64 у наваколлі П. дзейнічалі паўстанцкія атрады. У сярэдзіне 1880-х г. пад назвай П. былі 3 нас. пункты: мястэчка (454 ж., 62 двары, касцёл, капліца, земскае нар. вучылішча, вадзяны млын, крама), вёска (9 двароў) і маёнтак. У пач. 20 — сяло (459 ж., 89 двароў) і маёнтак (29 ж.). З 1921 у складзе Польшчы, мястэчка (523 ж., 99 двароў, цэнтр гміны Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв.) і фальварак (77 ж., 9 дамоў). З 1939 у БССР, вёска. З 12.10.1940 цэнтр сельсавета ў Гарадзішчанскім р-не. З 14.4.1960 у Савіцкім с/с, з 25.12.1962 у Баранавіцкім р-не. З 12.9.1986 зноў цэнтр сельсавета.

Г.​І.​Дулеба.

т. 11, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КАЛЕ́ГІУМ ЕЗУІ́ТАЎ,

помнік архітэктуры барока 17 ст. ў г. Пінск Брэсцкай вобл. Размешчаны ў гіст. цэнтры горада. Калегіум разам з мураваным касцёлам св. Станіслава (пабудаваны ў 1636—46, у 1956 разбураны) уваходзіў у ансамбль кляштара езуітаў. Узведзены ў 1651—1738 з цэглы. Яго трохпавярховы Г-падобны ў плане будынак паўд. фасадам арыентаваны да набярэжнай р. Піна. Тут размяшчаліся вучэбныя класы, трапезная, службовыя памяшканні. Фасады члянёны аконнымі праёмамі з ляпнымі абрамленнямі. Паўд.-зах. вугал фланкіруе 6-гранная вежа-контрфорс. Будынак завершаны 2-схільным дахам з заломам. Яго тарцы ўпрыгожаны складанымі франтонамі з дэкар. валютамі. З 1638 у калегіуме знаходзілася філас.-тэалагічная школа; у 1645 адкрыта муз. бурса, у 1694 — аптэка; увесь час дзейнічаў т-р, у 1727—35 — друкарня, меліся б-ка, шпіталь для бедных. У 1773 калегіум закрыты. Касцёл у 1786 перададзены уніятам і стаў кафедральным саборам Пінска-Тураўскай уніяцкай епархіі, у 1800 належаў правасл. Пінскаму Богаяўленскаму манастыру. У 1848 сюды пераведзена з Лядаў духоўнае вучылішча. У 1919 касцёл вернуты езуітам, у 1923 аднавілася навуч. дзейнасць калегіума. З 1925 пры калегіуме працавала духоўная семінарыя, з 1937 — навіцыят (установа для падрыхтоўкі новых членаў ордэна). У 1939 калегіум закрыты. У будынку размяшчаліся адм. ўстанова і карцінная галерэя, з 1995 пасля рэстаўрацыі — Музей Беларускага Палесся.

Літ.:

Адамовіч С. Комплекс Пінскага езуіцкага кляштара // Наша вера. 1999. № 3.

Ю.​А.​Якімовіч, А.​А.​Ярашэвіч.

Пінскі касцёл і калегіум езуітаў. Будынак былога калегіума. Здымак 2000.
Пінскі касцёл і калегіум езуітаў. Фота пач. 20 ст.

т. 12, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦО́ЎНАЕ НАВУЧА́ННЕ,

адзін з прадметаў агульнаадук. школы, накіраваны на падрыхтоўку школьнікаў да прац. дзейнасці. Асн. задача П.н. — набыццё вучнямі ведаў аб прадметах, сродках і працэсах працы, агульнатэхн. і спец. уменняў і навыкаў, неабходных для авалодання якой-н. прафесіяй.

Аргументы на карысць уключэння прац. дзейнасці ў навуч.-выхаваўчы працэс у адпаведнасці з узроставымі, фіз. і інтэлектуальнымі магчымасцямі дзяцей выказаны ў сацыяльна-пед. тэорыях 17—18 ст. (Я.А.Каменскі, Дж.Лок, Ж.Ж.Русо). І.Г.Песталоці разглядаў працу вучняў як важнейшы элемент развіццёвага навучання і пед. арганізаванага выхаваўчага асяроддзя. У сярэдзіне 19 ст. разгарнуўся шырокі рух настаўнікаў і выхавальнікаў за ўкараненне навуч. працы ў школах краін Зах. Еўропы і ЗША. Як навуч. прадмет пад назвай «Ручная праца» ўключана ў планы пач. школ і настаўніцкіх семінарый Фінляндыі (1866). У 2-й пал. 19 ст. таксама ўведзена ў агульнаадук. школах Францыі (1882), Вялікабрытаніі (1890), Італіі (1894), ЗША (1895) і інш.; у Рас. імперыі выкладалася з 1884. Пашырэнне атрымала сістэма П.н., створаная К.​Ю.​Цырулем. У СССР у 1937 П.н. ў агульнаадук. школе адменена, у 1954—56 адноўлена.

На Беларусі П.н. арганізуецца ў форме ўрокаў, практыкумаў, экскурсій, працоўнай (вытворчай) практыкі. Заняткі праводзяцца ў навуч. і навуч.-вытворчых умовах. У адпаведнасці з планамі сярэдняй агульнаадук. школы вядзецца распрацоўка зместу, форм і метадаў падрыхтоўкі вучняў да працы ў межах агульнаадук. галіны «Тэхналогія».

Літ.:

Казакевич В.М., Поляков В.А., Ставровский А.Е. Основы методики трудового обучения. М., 1983;

Атутов П.Р., Поляков В.А. Роль трудового обучения в политехническом образовании школьников. М., 1985, Школа и труд. М., 1987.

т. 13, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДУНЬ,

гарадскі пасёлак у Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл. За 30 км ад Воранава, 93 км ад Гродна, 24 км ад чыг. ст. Бастуны на лініі Вільнюс — Ліда. Вузел аўтадарог на Вільнюс, Ліду, Іўе, Васілішкі, Астрыну. 3,1 тыс. ж. (2000).

Упершыню ўпамінаецца ў 1387 у грамаце Ягайлы як горад Радыня, цэнтр воласці. У 14—17 ст. непадалёк ад Р. існаваў Радунскі замак. Паводле перапісу 1538, у мястэчку Р. 7 вуліц, рынак, 43 крамы, 210 дамоў хрысціян. Цэнтр староства, далучанага ў 1568 да Лідскага пав. У 1649 Р. атрымала магдэбургскае права і ўласны герб: у сярэбраным полі выява чырв. рака. У 2-й пал. 18 ст. прыватнае ўладанне. З 1795 у Рас. імперыі, у Лідскім пав. Слонімскага намесніцтва, з 1801 у Віленскай губ. У 1897 у Р. 1621 ж., 313 дамоў, гарбарны з-д, млын, нар. вучылішча. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Лідскага пав. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 вёска, цэнтр Радунскага раёна. З чэрв. 1941 да 13.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія вясной 1942 расстралялі тут 1137 чал. З 30.4.1958 гар. пасёлак. З 25.12.1962 у Воранаўскім р-не.

Працуюць малочны і гароднінасушыльны з-ды, каўбасны цэх, хлебапякарня, камбінат быт. паслуг, прадпрыемства электрасетак; 2 сярэднія і музычная школы, школа-інтэрнат, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і супрацоўнікаў органаў дзярж. бяспекі, магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 13, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАГІ́ЧЫНСКІ РАЁН,

на Пд Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1965). Пл. 1,9 тыс. км². Нас. 52 тыс. чал. (1997), гарадскога 34%. Сярэдняя шчыльнасць нас. 27 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Драгічын, г.п. Антопаль, 133 сельскія населеныя пункты. Падзяляецца на пассавет Антопальскі і 14 сельсаветаў: Асавецкі, Бездзежскі, Брашэвіцкі, Вулькаўскі, Галоўчыцкі, Гутаўскі, Дзеткавіцкі, Драгічынскі, Закозельскі, Імянінскі, Немяржанскі, Папінскі, Радастаўскі, Хомскі. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986) 22 населеныя пункты (​1/6 тэр.) забруджаны радыенуклідамі.

Раён у межах водна-ледавіковай раўніны Загароддзе, на Пн — ч. Прыпяцкага Палесся, на Пд — у межах Брэсцкага Палесся. Паверхня плоскараўнінная, 85% тэр. з вышынямі да 165 м. Найвыш. пункт 173 м (на ПнУ ад в. Крамно). Карысныя выкапні: торф, легкаплаўкія гліны, буд. пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -4,9 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 629 мм за год. Вегетац. перыяд 202 сут. На Пн раёна р. Ясельда з прытокамі Ласінцы, Плёса і інш., Дняпроўска-Бугскі канал, меліярац. каналы — Белаазерскі, Жыроўскі, Ляхавіцкі, Павіцкі і інш. У межах раёна вадасховішчы: Галоўчыцкае, Белін-Восаўцы і інш.; часткова размешчаны азёры Спораўскае і Белае. Глебы: дзярнова-падзолістыя забалочаныя (37,6%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (34,5%), тарфяна-балотныя нізінныя (21,9%) і інш. Пад лесам 23% тэрыторыі. Найб. лясістасць на Пд; лясы хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя і інш., чвэрць іх — штучныя насаджэнні. Балоты займаюць 15,8% тэр., ​1/4 іх асушана. На тэр. раёна дзяржаўныя біялагічныя заказнікі Званец, Радастаўскі і часткова Спораўскі. Зоны адпачынку на р. Ясельда і Дняпроўска-Бугскім канале.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 96,9 тыс. га (51%), з іх асушана 41,9 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 22 калгасы, 1 саўгас, рыбгас «Навасёлкі», 23 фермерскія гаспадаркі. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля. Разводзяць авечак і свіней, займаюцца пчалярствам і рыбагадоўляй. Вырошчваюць збожжавыя культуры: жыта, пшаніцу, ячмень, авёс, грэчку, гарох, бульбу, цукр. буракі, лён. Прадпрыемствы харч. (сыр, хлеб, спірт), лёгкай (ватна-прадзільная ф-ка) прам-сці; вытв-сць буд. матэрыялаў, камбікорму, безалкагольных напіткаў, гематагену. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Брэст—Гомель, аўтадарогі Брэст—Гомель і Драгічын—Бяроза, Дняпроўска-Бугскі канал, нафтаправод «Дружба». У раёне 23 сярэднія, 15 базавых, 15 пач. школ, 4 муз. школы, санаторная школа-інтэрнат, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, прафес.-тэхн. вучылішча, 14 дашкольных устаноў, 46 клубаў, 61 б-ка, 6 бальніц, 3 амбулаторыі, 27 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: касцёл (да 1820) і Троіцкая царква (1784) у в. Бездзеж; царква Ушэсця (пач. 20 ст.) у в. Брашэвічы; царква Раства Багародзіцы (1737) у в. Вавулічы; Міхайлаўская царква (1780) у в. Восаўцы; Юр’еўская царква (1766) у в. Валавель; Пакроўская царква (1740) у в. Дзеткавічы; сядзіба Э.​Ажэшка з капліцай-пахавальняй (1853) у в. Закозель (19 ст.); Троіцкая царква (1842) у в. Зёлава; Успенскія цэрквы ў в. Ласінцы (пач. 19 ст.) і ў в. Ліпнікі (1792); руіны сядзібы, дзе жыла Э.​Ажэшка ў в. Людзвінова; царква Багародзіцы (19 ст.) у в. Ляхавічы; касцёл (19 ст.) у в. Новае Папіна; сядзіба (пач. 19 ст.) у в. Пярковічы; Праабражэнская царква (1810) у в. Папіна; Пакроўская царква (1862) у в. Радастава; царква Раства Багародзіцы (1797) у в. Субаты; Святадухаў касцёл (1750) у в. Язвіны. Выдаецца газ. «Драгічынскі веснік».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 6, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕ́СКІЯ ШКО́ЛЫ ДО́ЙЛІДСТВА.

Сфарміраваліся ў 17—18 ст. у драўляным грамадз. і культавым дойлідстве Бел. Палесся, традыцыі школ развіваліся да пач. 20 ст. Вылучаліся самабытнымі канструкцыйнымі і маст. прыёмамі стварэння арх. формы. Адрозніваюць зах.-палескую і ўсх.-палескую (прыпяцкую) школы.

Зах.-палеская школа склалася ў межах сучаснай Брэсцкай вобл. паміж Брэстам і Пінскам. Нар. жыллё гэтага рэгіёна вылучаецца своеасаблівасцю канструкцыі, планіроўкі, арг-цыі двара, архітэктуры пабудоў. Зрубы жылых і гасп. пабудоў ставілі пераважна з брусоў і дыляў з рубкай вуглоў «у каню», «у просты замок» і без «астатку». У гасп. збудаваннях пашырана слупавая канструкцыя плеценых з лазы сцен. Шырока бытавалі стрэхі 4-схільныя і паўвальмавыя з прычолкамі, накрытыя саломай ці чаротам. Здаўна характэрна каркасная канструкцыя страхі на сохах, стаяках, козлах, пазней — на кроквах. Своеасаблівасць планіроўкі 3-камернага жылля заключалася ў тым, што жылы пакой сенцамі злучаўся часам не з клеццю, а з варыўнёй. Найб. пашыраны былі пагонныя двары. У культавым дойлідстве пераважалі храмы падоўжна-восевай кампазіцыі, дзе розныя па памерах і форме зрубы аб’ядноўвалі агульным пластычным гонтавым дахам (цэрквы ў вёсках Здзітава Бярозаўскага, Вавулічы Драгічынскага р-наў). Будавалі таксама цэрквы з невысокімі пірамідальнымі вярхамі, часам зрэзанымі ў верхняй частцы (Олтушская Спаса-Праабражэнская царква), храмы з вежамі-званіцамі на гал. фасадзе (царква ў в. Альба Івацэвіцкага р-на), крыжовыя з перавагай у кампазіцыі падоўжнай восі (у в. Чарнаўчыцы Брэсцкага р-на). Пад уплывам стылю барока з’явіліся храмы падоўжна-восевай кампазіцыі з 2-вежавым гал. фасадам (Валавельская Юр’еўская царква) і базілікальныя (Опальская царква Параскевы Пятніцы). Асн. тыпы званіц — слупавыя (в. Ражкоўка Камянецкага р-на), каркасныя (в. Хмелева Жабінкаўскага р-на) і ярусныя зрубна-каркасныя (гл. Чэрская Міхайлаўская царква і званіца). Для школы характэрны сувязі з дойлідствам Украіны (Валынь, Букавіна), Літвы і Польшчы.

Усх.-палеская (прыпяцкая) школа склалася ў Прыпяцкім Палессі і верхнім Падняпроўі (у межах сучасных Гомельскай, У Брэсцкай і Пд Мінскай абласцей). Для гэтай тэрыторыі характэрны вянковыя, пагонныя, Г-падобныя двары і 2- і 3-камерныя хаты. Жыллё і гасп. пабудовы вылучаліся тэхнікай складання сцен з бярвёнаў (рубка вуглоў з «астаткам»; часам выступы-канцы бярвёнаў «астатку» счэсваліся на 6 граней), выкарыстаннем 2-схільных дранічных дахаў на зволаках. У паўд. частцы зоны сустракаюцца цэнтрычныя пабудовы жылога і гасп. прызначэння з вянковым пірамідальным перакрыццём. На ПдУ многія жылыя будынкі мелі квадратны план і вальмавы каркасны дах. У культавым дойлідстве разам з падоўжна-восевай кампазіцыяй храмаў пашыраны глыбінна-прасторавая і крыжова-цэнтрычная кампазіцыі з яруснымі вярхамі. На ранняй стадыі развіцця школы (17—1-я пал. 18 ст.) вярхі былі чацверыковыя пірамідальныя (Сінкевіцкая Георгіеўская царква), пад уплывам стылю барока расла колькасць заломаў (Слуцкая Міхайлаўская царква), вярхі станавіліся васьмерыковымі (Старабеліцкая Мікалаеўская царква). У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. школай выпрацаваны арыгінальны прыём узмацнення кантрасту кампазіцыі цэнтр. храмавага аб’ёму ў выніку пастаноўкі паміж 2 васьмерыкамі чацверыка (Рубельская Міхайлаўская царква, Кажан-Гарадоцкая Мікалаеўская царква). Такі прыём характэрны і для званіц. Будавалі таксама ярусныя храмы глыбінна-прасторавай кампазіцыі са званіцамі на гал. фасадзе (Гомельская Ільінская царква). На раннім этапе відавочная сувязь школы з Бойкаўшчынай (Укр. Карпаты), на познім пэўны ўплыў зрабіла дойлідства Левабярэжнай Украіны.

Літ.:

Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978.

Ю.​А.​Якімовіч.

т. 11, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)