ПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯ (франц. polarisation ад грэч. polos вось, полюс) біяэлектрычная, наяўнасць падвойнага электрычнага слоя на мяжы змесціва жывой клеткі і знешняга асяроддзя. Абумоўлена будовай біялагічных мембран і нераўнамерным размеркаваннем неарган. іонаў (у асаблівасці іонаў натрыю, калію, хлору і інш.) у клетцы і вакол яе. Вонкавая паверхня клеткі ў стане спакою мае дадатны зарад, а ўнутр. — адмоўны.
П. — непасрэдная прычына ўзнікнення мембраннага патэнцыялу (патэнцыялу спакою). Выбіральнае павелічэнне іоннай пранікальнасці біял. мембран вядзе да змены П. Напр., пранікненне іонаў натрыю ў клетку праз мембрану ўзбуджанага ўчастка нерва вядзе да дэпалярызацыі мембраны і ўзнікнення патэнцыялу дзеяння. Час вяртання П. мембраны да ўзроўню спакою (сыходная фаза патэнцыялу дзеяння) наз. фазай рэпалярызацыі мембраны. Павелічэнне патэнцыялу спакою звыш нармальнага ўзроўню вядзе да гіперпалярызацыі мембраны.
Адносна стабільны ўзровень П. жывой клеткі забяспечваецца пастаянствам электрахім. градыентаў, якое падтрымліваецца работай іонных помпаў. Гл. таксама Біяэлектрычныя патэнцыялы, Мембранная тэорыя ўзбуджэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНО́ (франц. panneau ад лац. pannus кавалак тканіны),
1) частка сцяны, абмежаваная стужкай арнаменту ці лепкай і запоўненая жывапіснай ці скульптурнай выявай.
2) Жывапісны твор дэкар. характару, а таксама мазаічныя, ляпныя, разныя, тканыя, вышываныя, вязаныя, плеценыя і інш. кампазіцыі з металу, шкла, керамікі, дрэва, нітак, саломы і інш., прызначаныя для аздаблення пэўнага ўчастка сцяны (насценнае П.) або столі (плафон). П. аздаблялі сцены культавых і грамадз. збудаванняў у Стараж. Егіпце і Грэцыі. Мастацтва П. дасягнула значнага росквіту ў Зах. Еўропе ў 17—18 ст. На Беларусі вядома з 17 ст. ў аздабленні інтэр’ераў культавых збудаванняў. З 18 ст. шырока распаўсюджаны ў рэзідэнцыях магнатаў. У 20 ст. П. ўпрыгожваюць інтэр’еры і экстэр’еры грамадскіх і жылых будынкаў: творы Л.Асецкага, І.Ахрэмчыка, Г.Вашчанкі, І.Давідовіча, С.Катковай, Т.Кіршчынай, А.Кішчанкі, У.Крываблоцкага, Я.Кузняцова, У.Стальмашонка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЦДА́РМ (ад франц. place d’armes плошча для збору войск),
1) тэрыторыя сваёй або інш. краіны, якая выкарыстоўваецца для падрыхтоўкі ўварвання на тэр.інш. дзяржавы ў якасці базы для згрупавання і разгортвання войск (напр., тэр. Саудаўскай Аравіі была П. пры вызваленні Кувейта ў ходзе аперацыі «Бура ў пустыні», гл.Кувейцкі крызіс 1990—91).
2) Участак тэр., якім авалодалі наступаючыя войскі пры фарсіраванні воднай перашкоды або процілеглага берага, што ўтрымліваецца адступаючымі войскамі пры адыходзе [напр., у Вял.Айч. вайну ў вер. 1943 сав. войскі пасля фарсіравання р. Дняпро на фронце 750 км ад Лоева (Беларусь) да Запарожжа (Украіна) занялі на правым беразе ракі больш за 20 П., з якіх потым працягвалі наступленне на З.].
3) Участак мясцовасці на марскім узбярэжжы, захоплены пры правядзенні марской дэсантнай аперацыі з мэтай забеспячэння высадкі і разгортвання гал. сіл (напр., Нармандская дэсантная аперацыя 1944).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКІЯ ЯКАБІ́НЦЫ,
група прыхільнікаў радыкальных грамадска-паліт. рэформ, якія дзейнічалі напярэдадні і ў час паўстання 1794, а таксама ў першыя гады пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795). Уваходзілі прадстаўнікі шляхты, інтэлігенцыі і незаможнага мяшчанства. Назву «П.я.» атрымалі ад паліт. праціўнікаў з-за пэўнага падабенства іх поглядаў з поглядамі франц.якабінцаў. Гал. дзеячы — К.Канопка, Ю.Меер, Я.Ясінскі і інш. — былі паслядоўнікамі Гуга Калантая (адсюль іх другая назва — «гуганісты»). П.я. патрабавалі раўнапраўя мяшчан, скасавання паншчыны і сял. прыгону, устанаўлення рэспублікі; заклікалі да барацьбы з тыраніяй, абвяшчалі братэрства народаў. У крас. 1794 заснавалі ў Варшаве Якабінскі клуб, у маі і чэрвені кіравалі выступленнямі варшавян (у т. л. самасудамі) і дамагаліся пакарання караля і прыхільнікаў Таргавіцкай канфедэрацыі. Пасля задушэння паўстання ў 1797 засн.Т-ва польскіх рэспубліканцаў.
Літ.:
Leśnodorski B. Połścy jakobini: Karta z dziejów insurekcji 1794 roku. Warszawa, 1960.
расійскі ваен. дзеяч. Ген. ад кавалерыі (1813). Удзельнік рус.-тур. вайны 1787—91, вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 (гл. ў арт.Другі падзел Рэчы Паспалітай), задушэння паўстання 1794, Персідскага паходу 1796. У 1797—1805 у адстаўцы, з 1805 зноў у арміі. Удзельнік рус.-пруска-франц. 1806—07, рус.швед. 1808—09, рус.-тур. 1806—12 войнаў. У вайну 1812 камандаваў 7-м пях. корпусам, вызначыўся ў баях пад Салтанаўкай (23 ліп., каля Магілёва), Смаленскай бітве 1812, Барадзінскай бітве 1812, пад Малаяраслаўцам і Красным. Удзельнік замежных паходаў рускай арміі 1813—14 (бітвы пад Баўцэнам, Дрэздэнам, Парыжам). У 1815—24 камандаваў 3-м і 4-м карпусамі. З 1824 у адстаўцы. Чл.Дзярж. Савета з 1826.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗЕ́ТКА (ад франц. rosette літар. ружачка) у архітэктуры і мастацтве, арнаментальны матыў у выглядзе стылізаванай распушчанай кветкі (часцей ружы). Вядомы са старажытнасці ў арх. дэкоры і ў дэкар.-прыкладным мастацтве.
Найб. пашыраны матывы Р. ў нар. жыллі Беларусі, асабліва на Палессі, дзе яны блізкія паводле формы салярным знакам. Выявы Р. ці іх палавін робяць на франтонах. Колькасць іх на франтоне ад 1 да 3, што адпавядае міфалагічным пазіцыям сонца (раніца, поўдзень, вечар). Некат. Р. маюць выгляд кола. Стылізаваныя Р. пашыраны і ў аздабленні верхніх ч. ліштваў. Р. ўпрыгожваюць філёнгі дзвярэй, іканастасы, алтары, іх змяшчаюць на метопах, кесонах столі і інш. Вядомы таксама ў арнаментальных расл. кампазіцыях, дэкар. размалёўцы на дрэве, палатне, шкле. Разнастайнымі па малюнку Р. аздаблялі прасніцы, каўшы і інш. прадметы нар. побыту.
С.А.Сергачоў.
Разеткі ў афармленні столі палаца ў г. Высокае Камянецкага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБО́ (Франц Аляксеевіч) (17.6.1856, г. Адэса, Украіна — 13.3.1928),
расійскі жывапісец-баталіст. Вучыўся ў Рысавальнай школе ў Адэсе (з 1865) і ў АМ у Мюнхене (1877—83). Жыў пераважна ў Пецярбургу. У 1904—12 выкладаў у Пецярбургскай АМ. З 1913 у Германіі. Працаваў пераважна ў панарамным жывапісе. Аўтар грандыёзных паводле маштабаў твораў, якія вызначаюцца дакумент. дакладнасцю адлюстравання гіст. падзей: панарамы «Штурм аула Ахульга» (каля 1896, не захавалася), «Абарона Севастопаля» (1902—04, адкрыта ў 1905 у Севастопалі; у 1941—42 пашкоджана пры абароне горада, адноўлена і зноў адкрыта ў 1954), «Барадзінская бітва» (1911, адкрыта ў 1912 у Маскве; адрэстаўрыравана і зноў адкрыта ў 1962). Пісаў таксама станковыя карціны: «Атака Новачаркаскага палка ў баі на рацэ Шахэ» (1907), «Барадзінскі бой» (1913, з К.Бекерам) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЦАРСКАЕ ВЫХАВА́ННЕ,
сістэма выхавання сыноў свецкіх феадалаў у сярэдневякоўі ў Зах. і Цэнтр. Еўропе. З 7-гадовага ўзросту хлопчыкаў аддавалі ў двор сюзерэна (сеньёра), дзе да 14 гадоў яны былі пажамі і да 21 — збраяносцамі. Апрача фіз. загартоўкі маладыя феадалы павінны былі навучыцца «сямі рыцарскім дабрачыннасцям» (верхавой яздзе, фехтаванню, валоданню кап’ём, плаванню, паляўніцтву, гульні ў шашкі, складанню вершаў і спевам у гонар дамы сэрца), выпрацаваць у сабе маральныя якасці — храбрасць, настойлівасць, вернасць сюзерэну. Вял. значэнне ў Р.в. мелі рэлігія і правілы прыдворнага этыкету. У канцы сярэдневякоўя для рыцара лічылася неабходным валодаць франц. мовай, якая стала мовай прыдворнай знаці. Сістэма Р.в. з яе культам дамы сэрца адыграла станоўчую ролю ў змене становішча жанчыны ў феад. асяроддзі. З падзеннем рыцарства знікла і Рв. Асобныя яго элементы на пэўны час адрадзіліся ў рыцарскіх акадэміях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫШЭЛЬЁ (Richelieu) Арман Эмануэль дзю Плесі
(du Plessis; на рас. службе Эмануіл Восіпавіч; 14.9.1766, Парыж — 17.5.1822),
французскі і рас.дзярж. дзеяч, герцаг. У пач.Франц, рэвалюцыі эмігрыраваў (1789) у Расію. У 1790 удзельнічаў у Крымскай кампаніі на чале з А.В.Суворавым, атрымаў чын ген.-лейтэнанта. У 1793—94 у складзе кааліцыйных войск ваяваў супраць рэв. Францыі. З 1803 граданачальнік Адэсы, у 1805—14 ген.-губернатар Новарасійскага краю. Садзейнічаў гасп. асваенню і засяленню Паўн. Прычарнамор’я. Пасля рэстаўрацыі Бурбонаў з 1814 у Францыі; першы міністр ва ўрадзе Людовіка XVIII (1815—18, 1820—21). Пры падтрымцы рас. імператара Аляксандра І дамогся некат. змякчэння на карысць Францыі Парыжскага мірнага дагавора, скарачэння памераў кантрыбуцыі і колькасці (у 1817) акупацыйных войск у Францыі. На Ахенскім кангрэсе «Свяшчэннага саюза» (1818) дамогся поўнага спынення акупацыі Францыі. У г. Адэса яму пастаўлены помнік (1828).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЙНА́ЛЬ ((Raynal) Гіём Тама Франсуа) (11.4.1713, г. Сен-Жэнье, дэпартамент Аверон, Францыя —6.3.1796),
французскі гісторык і сацыёлаг, прадстаўнік Асветніцтва. Адукацыю атрымаў у езуіцкім калежы, але ад дзейнасці святара адмовіўся. У 1747 жыў у Парыжы, займаўся літ. працай, супрацоўнічаў у «Энцыклапедыі» Д.Дзідро. У сваім гал. творы «Філасофская і палітычная гісторыя ўстаноў і гандлю еўрапейцаў у абедзвюх Індыях» (т. 1—6, 1770) востра крытыкаваў феад.-абсалютысцкія парадкі, каталіцкую царкву, каланіялізм. Яго кніга канфіскавана, а Р. зняволены ў турму. У 1781 пакінуў Францыю, знайшоў прытулак пры дварах прус. караля Фрыдрыха II і рас. імператрыцы Кацярыны II. У 1787 вярнуўся на радзіму. У перыяд Французскай рэвалюцыі 1789—99 выступаў супраць паглыблення рэв. барацьбы, асуджаў якабінцаў. Яго ідэі паўплывалі на філасофію Сен-Сімона, на канцэпцыю франц. гісторыкаў эпохі Рэстаўрацыі, на погляды А.М.Радзішчава. Аўтар «Гісторыі англійскага парламента» (1748).