ПРАМЯНЁВЫЯ ПАШКО́ДЖАННІ,
паталагічныя змены ў тканках і органах ад дзеяння іанізавальнага выпрамянення пры мясц. іх уплыве. Узнікаюць пераважна як ускладненні ад прамянёвай тэрапіі злаякасных пухлін. Выклікаюць склероз, аблітэрацыю крывяносных сасудаў, дэгенерацыю нерв. канцоў, гібель клетак парэнхімы. Цяжкасць мясц. П.п. залежыць ад віду выпрамянення, сумарнай дозы, рэжыму фракцыяніравання, працягласці перыяду пасля прамянёвай тэрапіі і інш. Падзяляюцца на прамянёвыя рэакцыі і П.п.
Прамянёвыя рэакцыі (зваротныя прамянёвыя дэрматыты) — запаленчыя або дыстрафічныя змены паверхневых слаёў скуры, гояцца без спец. лячэння. П.п. скуры — незваротныя прамянёвыя дэрматыты) — дэструктыўныя змены скуры. Бываюць раннія П.п. (узнікаюць у працэсе апрамянення або ў першыя 3 месяцы) і познія (звыш 3-х месяцаў пасля заканчэння апрамянення). Да ранніх П.п. скуры адносяць эрытэматозны, вільготны, сухі дэрматыты, раннюю прамянёвую язву; да позніх — атрафічны дэрматыт, прамянёвы фіброз, познюю прамянёвую язву, прамянёвы рак. Лечаць раннія П.п. скуры тэрапеўт. сродкамі, познія — хірург. аперацыямі.
А.С.Маўрычаў.
т. 13, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫШНЯ́НСКІЯ БАІ́ 1943,
абарона партызанамі в. Пышна Лепельскага р-на Віцебскай вобл. 19 мая — 9 чэрв. ў час карнай аперацыі «Котбус» у Вял. Айч. вайну. У канцы 1942 Чашніцкая партыз. брыгада «Дубава», разграміўшы ням. гарнізон у вёсцы, стварыла там кантралюючы пункт за чыг. Лепель—Пышна—Докшыцы—Параф’янава, што злучала ням. 3-ю танк. армію з яе тылам. Гітлераўцы беспаспяхова спрабавалі захапіць Пышна ў снеж. 1942, студз. 1943. 19.5.1943 партызаны адбілі атаку палка карнікаў, пасля чаго вораг пачаў бамбіць Пышна і яе наваколле; 23 мая пасля няўдалай атакі карнікі падцягнулі новыя сілы. Партызаны стварылі вакол вёскі 2 кальцы абароны. 8 чэрв. вораг пры падтрымцы танкаў распачаў новае наступленне. Каб пазбегнуць вял. страт, партызаны пакінулі вёску. Замкнуўшы кальцо акружэння, ням. паліцэйскія войскі СС 9—21 чэрв. беспаспяхова прачэсвалі лес. Подзвіг абаронцаў вёскі стаў тэмай карціны партыз. мастака М.Абрыньбы «Бой за Пышна» (1943).
А.І.Валахановіч.
т. 13, с. 153
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Магдалена Іванаўна) (дзявочае Завіша, у 1-м шлюбе Красінская; 8.7.1861, Варшава — 6.1.1945),
дзеяч бел. культ. руху, мецэнатка. Дачка Яна (Івана) Казіміра Завішы. Пасля смерці бацькі спадчынніца яго маёнткаў на Беларусі і ў Вял. Польшчы. Была выхавана ў духу бел. культуры, сімпатызавала хрысціянскім дэмакратам. Фінансавала выд-ва «Загляне сонца і ў наша аконца», «Беларускае выдавецкае таварыства, газ. «Беларус», т-вы цвярозасці, шпіталі, сельскія крамы і інш. Адкрыла бел. школы ў сваіх уладаннях у Кухцічах, Уздзе, Каменцы. Яе маёнтак у Кухцічах (цяпер пас. Першамайск у Уздзенскім р-не) наведалі І. і А.Луцкевічы, Р.Скірмунт, А.Уласаў і інш. дзеячы бел. нац.-культ. руху. Аказвала матэрыяльную падтрымку ў выданні першых кніг М.Багдановіча, К.Буйло і інш.; у знак удзячнасці І.Луцкевіч змясціў герб Завішаў «Лебедзь» на тытульным лісце зб. вершаў Багдановіча «Вянок». Пасля 1917 у эміграцыі ў Польшчы, Літве, Германіі, з 1932 у Швейцарыі.
М.К.Багадзяж.
т. 13, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПРЫ́ЗА (франц. reprise аднаўленне, паўтарэнне),
1) у музыцы — паўтарэнне адной або некалькіх тэм пасля іх развіцця або выкладання новага тэматычнага матэрыялу; адзін з кампазіцыйных сродкаў завяршэння вобразна-тэматычнага развіцця. Прынцып рэпрызнасці ляжыць у аснове большасці тыповых кампазіцыйных схем: 2-часткавай рэпрызнай, 3-часткавай, ронда, санатнай, канцэнтрычнай і інш. У санатнай форме Р. — дакладнае або відазмененае паўтарэнне экспазіцыйнага матэрыялу. Р. можа значна адрознівацца ад экспазіцыі, што абумоўлена вобразным развіццём, зместавай канцэпцыяй твора. Існуюць таксама несапраўдная Р., дзе пач. тэма ўзнаўляецца ў неасноўнай танальнасці, і люстраная Р., у якой выкладзены матэрыял узнаўляецца ў адваротным парадку.
2) На эстрадзе — славесны ці пантамімічны камічны нумар (часам жарт, анекдот), які выконваецца акцёрамі размоўнага жанру, клоунамі (сола, дуэтам, групай).
3) У цырку — хада каня адным і тым жа алюрам; чаргаванне завершаных і звязаных паміж сабой трукаў, пасля якіх ідзе паўза.
Літ.:
Гл. да арт. Форма музычная.
Ю.Дз.Златкоўскі (музыка).
т. 14, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСПУБЛІКА́НСКІ КАЛЯНДА́Р, рэвалюцыйны каляндар,
уведзены ў перыяд Французскай рэвалюцыі /789—99 дэкрэтам Нац. канвента ад 5.10.1793. Р.к. адмяніў хрысц. летазлічэнне і ўстанавіў новую эру (першы дзень — дзень абвяшчэння рэспублікі — 22.9.1792). Год падзяляўся на 12 месяцаў, па 30 дзён кожны, месяц — на 3 дэкады. Пасля 360 дзён уводзіліся 5 (у высакосныя гады 6) «дадатковых» дзён («санкюлатыды»). Дзесяты дзень і ўсе дадатковыя лічыліся днямі адпачынку і рэв. свят. Месяцы атрымалі новыя назвы, у якіх улічваліся асаблівасці пары года: асеннія (вандэм’ер, брумер, фрымер), зімовыя (нівоз, плювіёз, вантоз), веснавыя (жэрміналь, фларэаль, прэрыяль), летнія (месідор, тэрмідор, фруктыдор); зменены таксама назвы дзён тыдня. Р.к. дзейнічаў да 1.1.1806, калі ў перыяд напалеонаўскай Першай імперыі зноў быў заменены грыгарыянскім календаром (гл. Новы стыль). Р.к. быў узноўлены ў час Парыжскай камуны 1871 і дзейнічаў з 18 сак. па 28 мая 1871, пасля чаго адноўлены грыгарыянскі каляндар. Гл. таксама Каляндар і літ. пры ім.
т. 14, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛА́Х-АД-ДЗІН, Саладзін,
Юсуф ібн Айюб (1138—4.3.1193), султан Егіпта [1171—93]. Курд па паходжанні. Быў спачатку на службе сірыйскага султана Нур-ад-дзіна, у 1164—68 удзельнік паходаў у Егіпет. З 1169 візір — фактычны правіцель Егіпта пры намінальнай уладзе халіфа з дынастыі Фатымідаў. Пасля смерці апошняга з Фатымідаў абвясціў сябе султанам Егіпта. У 1174 падпарадкаваў сабе Сірыю і некат. раёны Ірака. У 1187 пачаў вайну супраць дзяржаў крыжаносцаў на Б. Усходзе, разбіў іх войскі 3—4.7.1187 у бітве пры Хіціне. 2.10.1187 заняў Іерусалім, што выклікала 3-і крыжовы паход (1189—92, гл. ў арт. Крыжовыя паходы). Вёў вайну з войскам крыжаносцаў на чале з англ. каралём Рычардам I. Пасля паражэння свайго войска пры Арсуфе ў вер. 1191 заключыў з Рычардам мірны дагавор, паводле якога захаваў б.ч. сваіх заваяванняў, у т. л. Іерусалім. У зах.-еўрап. л-ры вобраз С. часта ўжываўся як прыклад высакароднасці і дабрадзейнасці.
т. 14, с. 105
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САН-МАРЦІ́Н ((San Martin) Хасэ дэ) (25.2.1778, Япею, Аргенціна — 17.8.1850),
адзін з кіраўнікоў вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26, нац. герой Аргенціны. Атрымаў ваен. адукацыю ў Іспаніі. У 1808—12 удзельнік вайны іспанцаў супраць франц. акупацыі. Пасля вяртання на радзіму (1812) далучыўся да барацьбы правінцый Ла-Платы супраць ісп. панавання, чл. масонскай ложы Лаўтара. З 1814 камандуючы Паўн. арміяй. Пасля абвяшчэння незалежных Аб’яднаных Правінцый Ла-Платы (1816) камандуючы Андскай арміяй. На чале яе перайшоў цераз Анды і ў бітвах пры Чакабука (лют. 1817) і Майпу (крас. 1818) разбіў ісп. войскі, у выніку чаго Чылі атрымала незалежнасць. У 1820—21 узначаліў паход у Перу, вызваліў ад іспанцаў ч. краіны; першы кіраўнік (пратэктар) урада Перу (1821—22). З-за рознагалоссяў з С.Баліварам у вер. 1822 падаў у адстаўку і выехаў у Еўропу.
Літ.:
Штрахов А.И. Сан-Мартин — герой аргентинского народа // Латин. Америка. 1970. № 4.
т. 14, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТАКСЕ́РКС III Ох,
персідскі цар [358—338 да н.э.]. З дынастыі Ахеменідаў, сын Артаксеркса II. Стаў царом пасля знішчэння старэйшых братоў. Імкнуўся аднавіць цэласнасць і магутнасць Ахеменідаў дзяржавы, жорстка душыў паўстанні ў М.Азіі, Фінікіі, на Кіпры. У 341 да н.э. зноў далучыў да сваёй дзяржавы Егіпет. Забіты сваім прыбліжаным еўнухам Багоем.
т. 1, с. 505
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКІ КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ.
Існаваў у 1680—1832 у Оршы. Засн. рэчыцкім стольнікам Войцехам Станіславам Катоўскім. Мураваны касцёл з бакавой вежай-званіцай асвячоны 10.8.1768. Тады ж пабудаваны жылы корпус, у якім пасля закрыцця кляштара размяшчаліся інвалідная каманда, потым арыштанцкі дом, у 1920—30-я г. рамеснае вучылішча. Касцёл знесены ў 1970-я г.
А.А.Ярашэвіч.
т. 1, с. 540
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХА́Я, Ахея (грэч. Achaia),
вобласць у Стараж. Грэцыі, населеная ахейцамі на Пн Пелапанеса. Пасля 146 да нашай эры назва Ахая пашырана на Сярэднюю і Паўд. Грэцыю. На пачатку нашай эры Ахаяй наз. рым. правінцыя з тэр. усёй заваяванай рымлянамі Грэцыі (акрамя Фесаліі, Акарнаніі і Этоліі). У перыяд элінізму на Пелапанесе існаваў Ахейскі саюз.
т. 2, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)