БЕ́ГАЙМ ((Behaim) Марцін) (6.10.1459, г. Нюрнберг, Германія — 29.7.1507),
нямецкі географ і падарожнік. Шмат гадоў правёў у Партугаліі, дарадчык караля Хуана II па пытаннях навігацыі. У 1484—86 прымаў удзел у партугальскай экспедыцыі Д.Кау ўздоўж зах. ўзбярэжжа Афрыкі. У 1492 стварыў глобус «Зямны яблык» (дыяметрам 0,54 м), які адлюстраваў геагр. ўяўленні аб паверхні Зямлі напярэдадні адкрыцця Новага Свету. Арыгіналам паслужыла карта свету, якая грунтавалася пераважна на даных Пталамея. Глобус Бегайма — найвялікшая гісторыка-геагр. каштоўнасць (захоўваецца ў Нюрнбергскім музеі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕКЛЯМІ́ШАЎ (Уладзімір Аляксандравіч) (16.8.1861, г. Днепрапятроўск — 1920),
рускі скульптар, пераважна партрэтыст і жанрыст. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1878—87), пазней яе праф. (з 1894) і рэктар (1900—02 і 1906—11). У творчасці спалучаў уплыў перасоўнікаў і познаакадэмічнае мастацтва («Якія свежыя на дзіва былі ружы», 1892, «Вясковая любоў», 1896; партрэты А.А.Рыцоні, 1902, А.І.Куінджы, 1909; і інш.). Аўтар помнікаў Ермаку ў Новачаркаску (1904) і С.П.Боткіну ў Пецярбургу (1908).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЦІНА (ад братчына — калектыўнае частаванне),
пасудзіна шарападобнай ці пукатай формы, часта з нізкім паддонам і конусападобным вечкам. Выкарыстоўвалася пераважна пры святочных застоллях, на памінках і інш. На Беларусі медныя і драўляныя браціны бытавалі ў 16—18 ст. Залатыя і сярэбраныя браціны з гравіраваным ці чаканеным арнаментам вядомы ў Расіі ў 16—17 ст., медныя і драўляныя — у нар. побыце 16—19 ст. У 19—20 ст. браціна — дэкаратыўны посуд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЗЕЛ, Вісель (Wisel) Элі (н. 30.9.1928, г. Сігету-Мармацыей, Румынія), амерыканскі грамадскі дзеяч, пісьменнік. Праф. іудаістыкі Сіці-каледжа ў Нью-Йорку (з 1972). Скончыў Сарбону. У 2-ю сусв. вайну вязень канцлагераў Асвенцім, Бухенвальд. З 1956 у ЗША. Піша пераважна па-французску. Большая ч. яго твораў («І свет маўчаў», 1956; «Дзень», 1961; «Песня мёртвых», 1966 і інш.) звязана з тэмай катастрофы еўрап. яўрэйства. Аўтар тэрміна «халакост» (татальнае знішчэнне яўрэяў у 2-ю сусв. вайну). Нобелеўская прэмія міру 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́НІПЕГ, Уініпег (Winnipeg),
горад на Пд Канады, на р. Асінібайн пры яе ўпадзенні ў р. Рэд-Рывер. Адм. ц. правінцыі Манітоба. Першае паселішча еўрапейцаў на месцы Вініпега засн. ў 1738; назву атрымаў у 1873. 652,4 тыс.ж. (1993). Важны вузел трансканадскіх чыгунак і шашэйных дарог. Міжнар. аэрапорт. Гандлёва-размеркавальны цэнтр стэпавых тэрыторый Канады. Рынак збожжа (пераважна пшаніцы) сусв. значэння. Харч. (мясакансервавая, мукамольная, малочная, маслабойная), швейная, мэблевая, паліграф., хім., электратэхн., нафтаперапр., металаапр., маш.-буд.прам-сць. 2 ун-ты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСЯ́ТЫ,
возера на мяжы Міёрскага і Браслаўскага р-наў Віцебскай вобл., у бас.р. Вята, за 18 км на ПдЗ ад г. Міёры. Пл. 1,05 км², даўж. 1,4 км, найб.шыр. 900 м, найб.глыб. 14,5 м, даўж. берагавой лініі 4,1 км. Пл. вадазбору 16,2 км². Схілы катлавіны ўзвышаныя, месцамі стромкія, пераважна пад хмызняком, у паўн.-зах. частцы востраў пл. 0,2 га. Дно да глыб. 2 м пясчанае або глеістае, глыбей выслана сапрапелем. Злучана каналам з воз. Укля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ША,
рака ў Гомельскай вобл., правы прыток Іпы (бас. Прыпяці). Даўж. 39,3 км. Пл. вадазбору 233 км². Пачынаецца за 2 км на ПнЗ ад в. Пружынішчы Акцябрскага р-на, далей цячэ ў Светлагорскім і Калінкавіцкім р-нах па паўн.-ўсх. ускраіне нізіны Гомельскае Палессе. Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 1,5—2 км. Пойма двухбаковая, шыр. 500 м — 1 км. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае (шыр. 7—12 м). У пойме створаны наліўныя сажалкі. На рацэ г.п. Азарычы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́БЛА (Rutilus rutilus caspicus),
рыба сям. карпавых, падвід плоткі. Жыве ў Каспійскім м., недалёка ад берагоў. Паўпрахадная, чародная рыба.
Даўж. да 35 см (зрэдку да 50 см), маса да 800 г. Спінны плаўнік кароткі, грудныя, брушныя і анальныя плаўнікі звычайна цёмныя. Рот паўніжні. Корміцца пераважна малюскамі, таксама ракападобнымі, лічынкамі хіранамід і расліннасцю. На нераст вясной заходзіць у р. Волгу, Церак, Урал, Эмбу. Маляўкі скочваюцца ў мора, дзе жывуць да палавой спеласці (2—5 гадоў). Аб’ект промыслу. Колькасць скарачаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАЗАБО́Р,
1) перыядычнае або пастаяннае забіранне вады з вадаёма, вадацёку ці падземнай крыніцы ў бытавых або прамысл. мэтах. Характарызуецца аб’ёмам і прызначэннем вады, якая забіраецца, працягласцю яе адбору. Вада высокай якасці прызначаецца пераважна на пітное водазабеспячэнне.
2) Комплекс гідратэхн. збудаванняў і абсталявання для забору вады з паверхневых ці падземных крыніц. Вакол водазаборных збудаванняў, прызначаных для цэнтралізаванага гасп.-пітнога водазабеспячэння, акрэсліваюцца зоны санітарнай аховы. Забор вады з рэк і вадаёмаў патрабуе таксама выканання правіл аховы моладзі рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІБІДЭМІ́Я (ад а... + лібіда),
поўная адсутнасць лібіда. Уласціва пераважна жанчынам. Найчасцей вынік прыроджаных або набытых нейраэндакрынных расстройстваў, якія прыводзяць да недаразвіцця ўсёй палавой сферы (інфантылізму) або да другаснага зніжэння (амаль да поўнага знікнення) палавой цягі. Прычынай алібідэміі з’яўляюцца таксама інтаксікацыі наркотыкамі, нейралептыкамі, транквілізатарамі, постінфекц. пашкоджанні гіпаталамуса, узроставая інвалюцыя (гл. Клімакс). У выключных выпадках А. можа быць вынікам няправільнага выхавання. У мужчын надзвычай рэдкая і абумоўлена ў асноўным глыбокай паталогіяй гіпаталама-гіпафізарна-ганаднай сістэмы, часцей недаразвіццём усёй палавой сістэмы.