ДАВІДЗЮ́К (Dawidziuk) Мікола (н. 23.4.1944, в. Уснаршчына Беластоцкага ваяв., Польшча),
польскі жывапісец і графік. Па паходжанні беларус. Скончыў Вышэйшую школу пластычных мастацтваў у Лодзі (1969) і выкладае ў ёй (з 1993 праф.). Мастак імкнецца да пранікнення ва ўнутр. свет асобы, раскрываючы яго праз містычныя твары загадкавых персанажаў, у якіх відавочна сувязь з міфалагічнасцю, спалучэнне канонаў іканапісу з кірункам сучаснага заходнееўрап. мастацтва. Асн. працы: «Падвойны профіль» (1984), «Падбеластоцкі татэм» (1991), «Без назвы» (1992), «Блакітны квадрат» (1994) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЎГМАЛЕ,
гарадзішча жал. веку і ранняга сярэднявечча (канец 1-га тыс. да н.э. — канец 12 ст.) у Латвіі. За 22 км на У ад Рыгі, на левым беразе Зах. Дзвіны (Даўгавы). Месца перасячэння заходнядзвінскага шляху з сухапутным шляхам з Пд і Пн, значная ч. якога праходзіла праз Беларусь. Даследаваў у 1966—70 В.А.Уртанс. Знаходкі (сканд., герм., слав., фін., балцкія, візант., араб. вырабы, зах.-еўрап. манеты) даюць падставу сцвярджаць, што Д. было буйным рамесным і гандл. цэнтрам, да 10 ст. належала земгалам, у 11—12 ст. заселена этнічна змешаным насельніцтвам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДВА АГНІ́»,
бел.нар. гульня. Удзельнікі (8—20 чал.) дзеляцца на 2 каманды, выбіраюць «агнёў» (вядучых). На пляцоўцы чэрцяць «калідор» (даўж. 8—12 м, шыр. 8—10 м). «Агні» становяцца ў «калідоры», гульцы — паабапал яго. Ударам аб зямлю ўнутры «калідора» гулец адной каманды перакідвае мяч гульцу другой, а «агні» ловяць. Гулец, мяч якога злоўлены, лічыцца «згарэлым» і выбывае. Гульня працягваецца, пакуль «агні» выведуць з яе гульцоў другой каманды. Гульню можна праводзіць і са зменай «агнёў» праз 10—15 мін. Перамагае той, хто выведзе з гульні найб. гульцоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТА́Н-ЛАРА́ (Autant-Lara) Клод (н. 5.8.1903, г. Люзарш, Францыя),
французскі кінарэжысёр. Дэбютаваў у кіно ў 1919 як мастак. У 1930 зняў адну з першых шырокафарматных стужак «Раскладанне агню». У 1933 дэбютаваў у гукавым кіно (камедыя «Цыбулька»). З 1939 ставіў фільмы-экранізацыі: «Шлюб Шыфон», «Любоўныя лісты», «Пяшчотная»; сярод лепшых — паводле рамана Стэндаля «Чырвонае і чорнае» (1954). У фільмах 1950—70-х г. адчуваюцца сац. накіраванасць, антываен. пратэст: «Д’ябал у цялесным вобразе», «Праз Парыж», «Не забі», «Бульба», «Дзённік жанчыны ў белым», «Новы дзённік жанчыны ў белым», «Глорыя».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛГЕБРАІ́ЧНАЕ ЎРАЎНЕ́ННЕ,
ураўненне выгляду P(x, y, ..., z)=0, дзе P(x, y, ..., z) — мнагасклад n-ай ступені (n≥0) ад адной або некалькіх пераменных. Калі пераменная адна, то лік а, які ператварае алгебраічнае ўраўненне ў тоеснасць, наз.коранем ураўнення і мнагасклад дзеліцца на (x-a) без рэшты (тэарэма Безу). У алгебраічна замкнёным полі (гл.Алгебраічны лік) кожны мнагасклад P(x) ступені n мае роўна n каранёў (у т. л. кратных). Н.Абель паказаў (1824), што пры n≥5 карані некаторых ураўненняў P(x)=0 нельга запісаць праз радыкалы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕЛАПА́ТЫЯ (ад грэч. allēlōn адзін аднаго, узаемна + ...патыя),
узаемадзеянне раслінных арганізмаў у фітацэнозахпраз вылучэнне ў асяроддзе спецыфічных хім. рэчываў (фітанцыдаў, маразмінаў, калінаў, антыбіётыкаў і інш.). Выяўляецца прыгнечаннем адных відаў раслін іншымі (напр., пырнік і іншае пустазелле выцясняюць або прыгнечваюць развіццё культ. раслін; арэшнік, дуб, елка сваімі выдзяленнямі прыгнечваюць рост траў пад кронамі), зрэдку спрыяльным для сумеснага існавання ўзаемаўплывам (напр., у віка-аўсянай сумесі; пасевах кукурузы з сояй і інш.). Адыгрывае значную ролю ў працэсах узнікнення, развіцця і змены раслінных згуртаванняў. Улічваецца пры стварэнні зялёных насаджэнняў, абгрунтаванні севазваротаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІТО́З (ад а... + мітоз),
прамое дзяленне ядра, адзін са спосабаў дзялення клеткі. Упершыню апісаў ням. біёлаг Р.Рэмак (1841); тэрмін прапанаваў ням. гістолаг В.Флемінг (1882). Адбываецца праз падзел ядзерца з наступнай перацяжкай усяго цела ядра без утварэння храмасом і ахрамацінавага верацяна. Пры амітозе, у адрозненне ад мітозу, не забяспечваецца раўнамернае размеркаванне генет. матэрыялу кожнай храмасомы паміж дзвюма даччынымі клеткамі. Часам пры дзяленні ядра ў ходзе амітозу ўтвараюцца мнагаядзерныя клеткі. Амітоз уласцівы некаторым прасцейшым, а таксама клеткам спец. тканак (напр., храстковай, злучальнай) і паталагічных разрастанняў, у прыватнасці пухлінных.
агрэсіўная вайна Англіі і Францыі супраць Кітая. Выкарыстаўшы грамадз. вайну ў Кітаі, Англія ў кастр. 1856 пачала супраць яго ваен. дзеянні. На пач. 1857 да яе далучылася Францыя. У канцы 1857 англа-франц. войскі захапілі Гуанчжоў (Кантон), у 1858 порт Дагу. Пагражаючы наступленнем на Цяньцзінь і Пекін, Англія і Францыя прымусілі кіт. ўрад падпісаць кабальныя Цяньцзінскія дагаворы (1858). Праз год яны аднавілі ваен. дзеянні, у 1860 захапілі Цяньцзінь, Пекін. Пекінскія дагаворы 1860 ператваралі Кітай у паўкалан. дзяржаву.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФЕРАМАГНІ́ТНЫ РЭЗАНА́НС,
рэзкае павелічэнне паглынання энергіі электрамагнітных хваляў, што праходзяць празантыферамагнетык, пры пэўных (рэзанансных) значэннях частаты і напружанасці прыкладзенага магн. поля; разнавіднасць электроннага магнітнага рэзанансу.
Пры антыферамагнітным рэзанансе ўзбуджаюцца рэзанансныя ўзаемна звязаныя ваганні вектараў намагнічанасці магн. падрашотак антыферамагнетыка адносна ўзаемнага размяшчэння і адносна напрамку прыкладзенага поля. Частата гэтых ваганняў вызначаецца значэннем эфектыўных магн. палёў, што ўздзейнічаюць на магн. моманты падрашотак (поле абменнага ўзаемадзеяння падрашотак, поле магн. анізатрапіі, вонкавае статычнае магн. поле). Антыферамагнітны рэзананс дае магчымасць выявіць значэнні эфектыўных магн. палёў у антыферамагнетыках, іх структуру і інш. ўласцівасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АО́РТА (грэч. aortē),
у чалавека галоўная артэрыя вялікага круга кровазвароту, што выносіць кроў з левага жалудачка сэрца. Каля выхаду з яго аорта наз. ўзыходнай (даўж. яе каля 6 см), потым утварае дугу аорты, пераходзіць у сыходную аорту, праходзіць уздоўж пазваночніка праз грудную і брушную поласці. У млекакормячых жывёл і чалавека існуе левая дуга аорты, у птушак — правая. У рыб ад брушной аорты адыходзяць шчэлепныя артэрыі. Яны падзяляюцца на капіляры, з якіх кроў цячэ ў 2 прадаўгаватыя ствалы — карані спінной аорты; абедзве зліваюцца ў няпарную спінную аорту.