адзін з кірункаў пратэстантызму. Узнікла ў пач. 16 ст. ў Германіі ў перыядРэфармацыі. Назва ад імя заснавальніка М.Лютэра. Канчаткова веравучэнне выкладзена ў 1530 у «Аўгсбургскім спавяданні». Гал. пастулат тэалогіі Л. — выратаванне асабістай верай, якое даруецца Богам, без дапамогі царквы. Сувязь Бога і чалавека набывае ўнутраны, асабісты характар, царква перастае быць пасрэднікам паміж Богам і індывідам. Усе вернікі прызнаюцца роўнымі перад Хрыстом, святары страчваюць становішча асобага саслоўя, адмаўляюцца каталіцкая іерархія, манаства, бясшлюбнасць святароў. Рэліг. суполкі самі запрашаюць пастараў і выбіраюць кіруючыя органы — кансісторыі. Крыніцай веравучэння з’яўляецца Біблія, якую вернік мае права самастойна тлумачыць. У кірхах (храмах) няма абразоў. З 7 таінстваў каталіцкай царквы засталіся хрышчэнне і прычасце. Набажэнства вядзецца на роднай мове. У кульце Л. ўвасабляецца прынцып таннай царквы.
У Беларусь Л. пачало пранікаць у 1520-я г. з Лівоніі і Усх. Прусіі; трапляла і непасрэдна з Германіі праз студэнтаў з ВКЛ, якія навучаліся ў ням. ун-тах, асабліва ў Лейпцыгскім. Першым значным прапаведнікам Л. ў ВКЛ быў А.Кульва, які выкладаў вучэнне Лютэра ў сваёй школе ў Вільні. У 1544 ва Усх. Прусіі быў адкрыты пратэстанцкі Кёнігсбергскі ун-т, які значна паспрыяў распаўсюджванню Л. ў ВКЛ і Польшчы. Тут было некалькі кафедраў з навучаннем на польскай, літ. і бел. мовах, устаноўлена некалькі стыпендый для выхадцаў з Беларусі, Літвы і Польшчы, друкавалася пратэстанцкая л-ра. 3 сярэдзіны 1550-х г. лютэранскія суполкі з’явіліся ў Вільні, Мінску, Слуцку і інш. У канцы 16 ст. на тэр.ВКЛ было ад 5 да 8 суполак. Л. было пашырана сярод гараджан, у меншай ступені сярод шляхты. Гал. кіруючым органам лютэранскай царквы ў ВКЛ была выбраная на сінодзе Літоўская кансісторыя на чале з прэзідэнтам (пазней суперінтэндантам). У час рэліг. ганенняў у 17—18 ст. лютэране супрацоўнічалі з кальвіністамі і праваслаўнымі, карысталіся падтрымкай Прусіі і Расіі; колькасць вернікаў у гэтыя часы значна скарацілася. У пач. 20 ст. ў Беларусі заставаліся адзінкавыя лютэранскія суполкі, частка іх існавала ў Зах. Беларусі да 1940-х г.; вернікі былі пераважна ням. нацыянальнасці. У 1990-я г. Л. стала адраджацца. На 1.1.1997 у Рэспубліцы Беларусь зарэгістраваны 3 лютэранскія суполкі: у Віцебску, Гродне, Мінску.
Літ.:
Чанышев А.Н. Протестантизм. М., 1969;
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (Вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970;
Kosman M. Reformacja i kontrreformacja w Wielkim Księstwie Litewskim. Wrocław etc., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТО́ЎСКІ РАЁН.
На З Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,3 тыс.км². Нас. 40,9 тыс.чал. (1998), гарадскога 45 %. Сярэдняя шчыльн. 31 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Масты. Уключае 154 сельскія нас. пункты, 14 сельсаветаў: Азёркаўскі, Галубоўскі, Глядавіцкі, Гудзевіцкі, Дубненскі, Зарудаўеўскі, Курылавіцкі, Лунненскі, Малькавіцкі, Мастоўскі, Мікелеўшчынскі, Пацавіцкі, Пескаўскі, Харціцкі.
Амаль уся тэр. раёна размешчана ў межах Верхнянёманскай нізіны. Паверхня раўнінная, агульны нахіл з Пд на Пн да даліны р. Нёман, 80 % яе — на выш. да 120 м, найвыш. пункт 167 м (за 2 км на Пд ад в.Вял. Рагозніца). Карысныя выкапні: торф, цэментныя мел і гліны, гліны і суглінкі для грубай керамікі, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -5,1 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 540 мм за год. Вегетац.перыяд 198 сут. Найб. рака Нёман з прытокамі Шчара з Сіпай, Зальвянка, Рось, Ельня. Меліярацыйныя каналы: Нацкава, Ланцавічы, Міклашоўскі. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (54,3 %), тарфяна-балотныя (14,8 %), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (14,4 %), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (11,8 %). Пад лесам 33 % тэр. раёна. Суцэльныя масівы лесу захаваліся ўздоўж р. Нёман (часткі Нёманскіх лясоў і Ліпічанскай пушчы). Лясы пераважна хваёвыя, яловыя, бярозавыя і чорнаальховыя, трапляюцца дубовыя, грабавыя, ясянёвыя. Пад балотамі 20,7 тыс.га, з іх асушана 17,2 тыс.га. Помнікі прыроды рэсп. значэння: катлавіны Гумнішча і Падбярэззе, Пабоеўскі вял. камень з ямкамі, Княжаводскае і Пашынскае агаленні стараж. адкладаў Княжаводскае агаленне стараж. адкладаў, роў Яна і Цэцыліі (з агаленнем Самастрэльнікі), Дубненскае і Пескаўскае агаленні азёрных і рачных адкладаў. Зоны адпачынку Масты, Воўпа, Скідзель.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 64,8 тыс.га, з іх асушаных 22,3 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 16 калгасаў, 2 саўгасы, 10 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля і буракаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы дрэваапр. (мэбля, піламатэрыялы), харч. (крухмал, маянэз), металаапр. (рамонтны з-д у в. Пескі) прам-сці; вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэгла). ГЭС каля в. Пацавічы. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Ліда—Масты—Ваўкавыск і Гродна—Масты; аўтадарогі Шчучын—Масты—Ваўкавыск, Масты—Слонім, Масты—Гродна і інш. У раёне 19 сярэдніх, 9 базавых, 4 пач. школы, школа-інтэрнат для дзяцей са слабым зрокам, муз. школа, 23 дашкольныя ўстановы, 32 клубы, 37 б-к, 6 бальніц, 5 амбулаторый, 22 фельч.-ак. пункты. Гудзевіцкі дзярж.літ.-краязнаўчы музей, мастоўскі музей «Лёс і чалавек». Арх. помнікі: касцёл Ганны (1782) у в. Лунна, Троіцкі касцёл (1740) у в. Струбніца. Выдаецца газ. «Зара над Нёманам».
орган прадстаўнічай улады Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1919—20. Створана 13.12.1919 у Мінску ў выніку расколу Рады Беларускай Народнай Рэспублікі з-за супярэчнасцей паміж яе дзеячамі па пытанні аб адносінах да Польшчы. Прадстаўнікі Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) і Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф) выступілі супраць «супрацоўніцтва» с.-д. кіраўніцтва Рады БНР з польскімі ўладамі. Рада БНР падзялілася на 2 часткі: большая яе частка (50 чал.) абвясціла сябе Н.р. БНР, меншая (37 чал.) — Найвышэйшай радай Беларускай Народнай Рэспублікі. Старшынёй Н.р. БНР абраны П.А.Крачэўскі (БПС-Ф), яго намеснікамі — П.Бадунова (БПС-Р) і В.І.Захарка (БПС-Ф), сакратарамі — Н.Козіч і Я Мамонька (БПС-Р). Яны склалі прэзідыум Н. р.БНР, які ў перыяд паміж сесіямі выконваў яе паўнамоцтвы. Раду Міністраў узначаліў В.Ю.Ластоўскі (БПС-Р). Пастановай Рады было прадугледжана, што ўсе дзеянні ўрада ўзгадняюцца з прэзідыумам Рады. Польскія акупац. ўлады не прызналі Н.р. БНР, выдалі загад пра яе роспуск, Бадунову, Ластоўскага і Мамоньку зняволілі ў турму. У студз. 1920 патаемна выехалі з Мінска ў Берлін Крачэўскі і Захарка. У маі 1920 Бадунова, Т.Грыб, Ластоўскі і Мамонька атрымалі дазвол выехаць у Рыгу, дзе да іх далучыліся Крачэўскі і Захарка. 4.7.1920 пачалося паспяховае наступленне Чырв. Арміі на сав.-польскім фронце. Паводле дагавора паміж Літвой і РСФСР ад 12.7.1920 Літ. Рэспубліцы былі перададзены Вільня і Віленскі край. Гэта выклікала абурэнне і Найвышэйшай, і Н.р. БНР. Захарка, які ўзначальваў дэлегацыю ўрада Ластоўскага на перагаворах у Маскве, уручыў ноту пратэсту наркому замежных спраў РСФСР Г.В.Чычэрыну. Гэты пратэст быў адвергнуты. Стала зразумела, што Сав. Расія не прызнае БНР. Бел. эсэры адмовіліся супрацоўнічаць з бальшавікамі і не падпісалі Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Яны патрабавалі абвясціць поўную незалежнасць Беларусі ў яе этнічных межах, стварыць самастойнае бел. войска і кааліцыйны сацыяліст. ўрад. Марнымі аказаліся спадзяванні і Найвышэйшай рады БНР на тое, што бел. дзяржаву прызнае Польшча. Пасля заключэння 12.10.1920 прэлімінарнага міру паміж РСФСР і Польшчай у Рызе 20 кастр. адбылася нац.-паліт. нарада з удзелам прадстаўнікоў БПС-Р, БПС-Ф і бел. сацыял-дэмакратаў. Чл. прэзідыума Найвышэйшай рады БНР К.Цярэшчанка ад яе імя прызнаў Нар. раду адзінай паліт. структурай БНР. З гэтага часу Н.р. БНР зноў стала называцца Радай БНР.
Кр.: Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 1, кн. 1—2. Вільня; Нью-Ёрк; Мн.; Прага, 1998. Анатоль Сідарэвіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАНІЗА́ЦЫЯ,
сістэма мерапрыемстваў дзярж. органаў, культ. устаноў і каталіцкага духавенства па асіміляцыібел. народа. У правядзенні П. актыўна ўдзельнічалі польскія і паланізаваныя феадалы і шляхта, што жылі на Беларусі, а таксама мясц. пласты насельніцтва пасля прыняцця імі каталіцкай веры. Першыя сімптомы П. абазначыліся пасля Крэўскай уніі 1385, калі ў заснаваных на бел. землях касцёлах асн. набажэнства пачалі весці на лац., а казанні — на польск. мовах. З пашырэннем уплыву каталіцызму на Беларусі ішло паступовае ўмацаванне пазіцый польск. элемента ў сістэме адукацыі, кнігавыдавецкай справе. З 324 кніг, надрукаваных у ВКЛ у 1525—99, 151 выдадзена на лац., 114 — на польск., 50 — на старабел. мовах. П. бел. народа ўзмацнілася пасля Люблінскай уніі 1569. У 1696 усеагульная канфедэрацыя саслоўяў Рэчы Паспалітай прыняла пастанову, у якой зафіксавана, што ў службовым справаводстве ВКЛ «усе рашэнні павінны складацца на польскай мове». Пасля 1696 пачала зніжацца роля бел. мовы ў міжасобасных зносінах людзей, асабліва сярод заможных, прывілеяваных прадстаўнікоў насельніцтва. Гал. прычына істотнай страты беларусамі сваёй культ.-моўнай адметнасці — у свядомай дзейнасці свецкай і духоўнай улад Рэчы Паспалітай. П. беларусаў мела месца і пасля Taro, як іх землі ў выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) былі далучаны да Рас. імперыі. Цяпер такую палітыку ажыццяўлялі гал. чынам каталіцкае духавенства, у якога на Беларусі было шмат касцёлаў, кляштараў і навуч. устаноў, а таксама польск. прафесійныя і прыдворныя тэатры. П. аслабела толькі пасля задушэння паўстання 1863—64, калі ўжо палякам давялося адстойваць сваю культуру і мову ад русіфікацыі. З пач. 1-й сусв. вайны 1914—18, якая прывяла да захопу герм. інтэрвентамі зах. часткі бел. зямель, палітыку П. разам з каталіцкім духавенствам праводзілі розныя шавіністычныя польскія партыі і культ.-асв. рухі. П. ўзмацнілася пасля змены герм. акупацыі Беларусі польскай, і калі паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 да Польшчы адышла значная частка тэр. Беларусі (гл.Заходняя Беларусь). Нягледзячы на ўпартае супраціўленне П. беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, пазіцыя польск. культуры і мовы, якія мелі сталую падтрымку з боку дзяржавы і каталіцкага духавенства, станавілася ўсё больш трывалай на «крэсах усходніх». Перад уз’яднаннем у вер. 1939 Зах. Беларусі з БССР тут ужо амаль не было бел. школ, адсутнічалі ўмовы для развіцця бел. прафесійнай нац. культуры У той ці інш. сферы П. праводзілася на этнічных бел. землях Польшчы і ў пасляваен. перыяд. У наш час у гэтым краі Польшчы далёка не поўнасцю задавальняюцца патрэбы нац.-культ. развіцця беларусаў. Элементы П. назіраюцца і сёння ў практыцы некат. каталіцкіх храмаў на тэр. суверэннай Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАКЛА́Д,
1) па магчымасці поўнае і дакладнае ўзнаўленне інфармацыі, увасобленай у тэксце на адной мове, тымі самымі ці функцыянальна аналагічнымі сродкамі другой мовы.
2) Тэкст, што ўзнікае ў выніку працэсу перакладу. У адпаведнасці з тым, у якой форме ажыццяўляецца П., ён падзяляецца на 2 тыпы: пісьмовы і вусны, у т. л. паслядоўны і сінхронны. Вылучаюць наступныя віды пісьмовага П.: маст., грамадска-паліт., навук.-тэхнічны. Кожны з гэтых відаў мае свае жанравыя разнавіднасці. Напр., у маст. адрозніваюць П. паэзіі, прозы, драматургіі і дзіцячай л-ры, у грамадска-паліт. — П. газетна-інфарм. паведамленняў, публіцыстыкі і аратарскіх прамоў, у навук.-тэхн. — П. навук. твораў, афіц.-дзелавых дакументаў і тэхн. тэкстаў. У сярэдзіне 20 ст. ўзнік машынны пераклад, які выконваецца з дапамогай электронна-выліч. тэхнікі. Паводле паўнаты ўзнаўлення арыгінала П. бывае поўным, скарочаным і адаптаваным (у ім дапускаюцца ці пераказваюцца неістотныя, з пункту гледжання пэўнага чытача, моманты арыгінала). Інфармацыя пра іншамоўны тэкст можа быць атрымана перакладчыкам у выніку непасрэднага (у арыгінале) успрымання або апасродкаванага — праз іншы П. ці падрадкоўнік (паслоўная — радок у радок — перадача сэнсу вершаванага твора без захавання яго фармальных адзнак: рытму, рыфмы, гукапісу). У апошніх выпадках інфармацыя пра першакрыніцу значна абмежаваная. Найб. пашыраны і складаны — пераклад мастацкі. Найб. раннія ўзоры пісьмовага П. — вавілонскі П. шумерскага эпасу пра Гільгамеша і перакладныя тэксты дакументаў з б-кі асірыйскіх цароў у Ніневіі (2-е тыс. да н.э.). Асаблівае пашырэнне П. набыў у перыяд бурнага развіцця чалавечай цывілізацыі, у век навук.-тэхн. рэвалюцыі. Калі ў 19 ст. перакладалі з некалькіх дзесяткаў моў, то ў наш час — прыкладна з 1500 моў свету. На Беларусі, як і ў большасці краін Еўропы, развіццё ўласнага пісьменства пачалося з П. У сярэднія вякі перакладалі рэліг. кнігі (Біблія, Евангелле), свецкія і рэліг. аповесці (гл.Перакладная аповесць), творы вучэбныя і навуковыя. Найвыдатнейшы тагачасны бел. перакладчык Ф.Скарына. Вял. ўклад у развіццё П. зрабілі таксама С.Будны, В.Цяпінскі і інш. У 19 ст. разам са станаўленнем новай бел. л-ры адраджаецца маст. пераклад (В.Дунін-Марцінкевіч, А.Абуховіч, Я.Лучына і інш.), які ў 20 ст. займае пануючае становішча сярод інш. відаў бел. П. Тэорыю і практыку П. вывучае перакладазнаўства.
Літ.:
Комиссаров В.Н. Слово о переводе. М., 1973;
Бархударов Л.С. Язык и перевод. М., 1975;
Теорія і практика перекладу. Вип. 1—11. Київ, 1979—84.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛО́ШЧА,
архітэктурна арганізаваная прастора, уключаная ў вулічную сетку населенага пункта і абмежаваная будынкамі, скверамі, паркамі або натуральным рэльефам (бераг ракі, яр, гара). Бываюць П. адм.-грамадскія, тэатр., прывакзальныя, мемарыяльныя (ствараюцца ў гонар вял.гіст. падзей, дзярж. дзеячаў, вучоных, майстроў мастацтва), П. гандл., трансп. і інш.Гал. П. або сістэма П. уваходзяць у склад ядра цэнтра горада, звычайна маюць вял. памеры, значныя прылеглыя пабудовы (адм.-грамадскія будынкі); служаць месцам масавых мерапрыемстваў. П., у кампазіцыю якіх уключаюцца творы архітэктуры, манум. скульптуры і жывапісу, часам утвараюць асн.арх. ансамблі, якія і вызначаюць аблічча населеных месцаў. П. рознага прызначэння могуць мець азеляненне па перыметры, у цэнтр.ч. (партэр) або мяшанае. Партэрная частка П. бывае звычайна ў выглядзе газона ці спалучаецца з дрэва-кустовымі насаджэннямі, кронам якіх надаюць геам. форму, або з курцінамі зялёных масіваў, што абрамляюць П.
Правобразам гар. П. былі парадныя прамавугольныя ў плане двары палацавых і храмавых комплексаў Крыта, Егіпта, Вавілоніі, Асірыі. У Стараж. Грэцыі прамавугольныя ў плане П. — агоры, Рыме — форумы. У сярэдневяковых гарадах П. мела нерэгулярны план, у перыяд барока і класіцызму — чатырохвугольныя, круглыя, складаных абрысаў, шматвугольныя і інш формы, часта сіметрычныя (П. св. Пятра ў Рыме, Трафальгарская ў Лондане, дэ Голя ў Парыжы). У рас. гарадах ствараліся крамлёўскія, гар., саборныя, гандлёвыя плошчы. Выдатныя ўзоры П. у Расіі створаны архітэктарамі класіцызму 18—19 ст. (Тэатральная ў Маскве, Дварцовая плошча ў С.-Пецярбургу і інш.).
На Беларусі П. вядомы са старажытнасці. З развіццём гар. паселішчаў як цэнтраў рамяства і гандлю, гал. ролю ў структуры гарадоў адыгрывалі гандл. П., вядомы яны і ў мястэчках. У 18 ст. ў гарадах на гал. П. узводзілі адм., гандл. і культавыя будынкі, стваралася ансамблевая забудова (Варнянскі архітэктурны ансамбль, Гарадніца, Пастаўскі архітэктурны ансамбль, Полацкая Парадная плошча). У канцы 18 — пач. 19 ст. многія гарады (Барысаў, Бабруйск, Віцебск, Мінск і інш.) былі распланаваны паводле рэгулярнай схемы, кампазіцыйныя восі іх складалі гал. вуліцы, на перасячэнні якіх ствараліся цэнтр. П. З 2-й пал. 20 ст. П. выконваюць ролю грамадскіх цэнтраў, маюць значныя памеры, вылучаюцца ансамблевасцю забудовы (Перамогі плошча, Якуба Коласа, Кастрычніцкая, Прывакзальная ў Мінску, Перамогі плошча ў Віцебску, пл. Цырыманіялаў у Брэсцкай крэпасці-героі, Тэатральная ў Магілёве, Будаўнікоў у Наваполацку).
Літ.:
Заславский Е.Л. Проблема формирования архитектурных ансамблей главных городских площадей // Стр-во и архитектура Белоруссии. 1981. №4;
Общественные центры городских населенных мест БССР. Мн., 1991.
Плошча святога Пятра ў Рыме.Плошча Кастрычніцкая ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДУКЦЫ́ЙНАСЦЬ ПРА́ЦЫ,
інтэнсіўнасць, эфектыўнасць у працэсе вытв-сці, колькасныя адносіны аб’ёму (масы) атрыманага прадукту да працы, затрачанай на яго выраб. Выражаецца колькасцю прадукцыі, зробленай за адзінку часу — выпрацоўкай, або затратай часу на адзінку прадукцыі — працаёмкасцю. Пад павелічэннем П.п. разумеецца эканомія затрат прац. часу на выраб адзінкі прадукцыі або дадатковая колькасць вырабленай прадукцыі за адзінку часу, што непасрэдна ўплывае на павышэнне эфектыўнасці вытв-сці (у адным выпадку скарачаюцца выдаткі на вытв-сць адзінкі прадукцыі, а ў другім — за адзінку часу вырабляецца больш прадукцыі). Павышэнне П.п. — гал. крыніца росту дабрабыту грамадства, развіцця яго вытв. сіл і вырашэння сац. праблем. Адрозніваюць прадукцыйнасць грамадскай і індывід. (жывой) працы, лакальную прадукцыйнасць. Прадукцыйнасць грамадскай працы падлічваецца адносінамі валавога ўнутранага прадукту (інш. аналагічнага паказчыка) да колькасці работнікаў, занятых у галінах матэрыяльнай вытв-сці і сферы паслуг. Яна адлюстроўвае эфектыўнасць жывой працы (мэтазгодную дзейнасць чалавека, затраты яго разумовай і фіз. энергіі) і эканомію грамадскай працы, арэчаўленай у сродках вытворчасці. На прадпрыемствах вызначаюць прадукцыйнасць індывідуальнай працы, якая адлюстроўвае час, неабходны для вырабу адзінкі прадукцыі або колькасці тавару, зробленага за пэўны перыяд часу. Лакальная прадукцыйнасць — сярэдняя П.п. рабочых (працуючых), разлічаная па прадпрыемстве або галіне ў цэлым. Адрозніваюць натуральны, прац. і грашовы метады вымярэння П.п. Пры натуральным метадзе яе ўзровень вызначаецца адносінамі колькасці прадукцыі ў натуральных адзінках вымярэння да затрат рабочага часу або да сярэдняспісачнай колькасці працуючых. Такі метад выкарыстоўваюць на прадпрыемствах, якія вырабляюць адзін від прадукцыі. а таксама для вымярэння ўзроўню П.п. на рабочых месцах і асобных участках вытв-сці. Яго вартасці — нагляднасць, прастата вылічэння, канкрэтнасць; недахоп — ужываецца пры выпрацоўцы аднаго віду прадукцыі. Варыянтам натуральнага метаду, які пашырае межы выкарыстання, з’яўляецца метад натуральных умоўных адзінак, пры якім аднародная, але разнаякасная прадукцыя прыводзіцца па якой-н. прыкмеце да ўмоўнага эталона. Працоўны метад заключаецца ў сувымярэнні розных відаў прадукцыі па затратах працы на іх вытв-сць (працаёмкасцю). Ён найб. дакладны, аб’ектыўна адлюстроўвае змены П.п. па асобных відах прадукцыі, прадпрыемствах і па галінах нац. гаспадаркі. Пры яго выкарыстанні неабходна ўлічваць, што прац. нормы на кожным прадпрыемстве могуць быць свае і мець розную ступень напружанасці. Найб. універсальны і пашыраны вартасны метад, пры якім П.п. выражаецца вартасцю прадукцыі (валавой, таварнай, чыстай), што прыпадае ў сярэднім на аднаго работніка. Найб. дакладны паказчык вызначаецца па чыстай прадукцыі, але яго недахопы у тым, што не ўлічвае затраты арэчаўленай працы.
Літ.:
Зайцев Н.Л. Экономика промышленного предприятия. 3 изд. М., 2000;
Куприякова Е.М. Банки и биржи. М., 1996;
Экономика труда и социально-трудовые отношения. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫТО́РЫКА (ад грэч. rhētorikē),
навука пра аратарскае мастацтва, або красамоўства. Узнікла ў Стараж. Грэцыі ў 5—4 ст. да н.э., склалася ў сістэму ў З—2 ст. да н.э., у Рыме — з 1 ст. да н.э. Дасягнула росквіту ў ант. л-ры (Арыстоцель, Цыцэрон, Квінтыліян). Ант. аўтары ўлічвалі 3 крыніцы красамоўства (прыродны дар, навучанне і практыкаванне) і 3 яго мэты — пераканаць, усхваляваць чытача і прынесці яму эстэт. асалоду. У сярэднія вякі і ў эпоху Адраджэння Р. набыла значэнне навукі пра ўсе віды выказвання (маст. і навук. проза, царк. казанні і дыспуты, судовыя і паліт. прамовы, дзелавая і сяброўская перапіска). Распрацоўвала стыліст. прыёмы маўлення і пісьмовых тэкстаў (іх вобразна-маст. выяўленасць) і была па сутнасці адной з ранніх форм нарматыўнай эстэтыкі і літ.-знаўства. У стараж.-рус. культуру Р. пранікла праз Візантыю, садзейнічала развіццю ва ўсх.-слав. рэгіёне аратарскага мастацтва і аратарскай прозы (творы Кірылы Тураўскага, Клімента Смаляціча і інш.). У бел. рэнесансавай культуры вывучалася ў цыкле «сямі вольных мастацтваў», поруч з граматыкай, дыялектыкай, арыфметыкай, геаметрыяй, астраноміяй і музыкай. У канцы 16—17 ст. на Беларусі Р. вывучалі ў брацкіх, езуіцкіх і уніяцкіх школах. У перыядрэліг. палемікі знайшла ўвасабленне ў творах палемічнай л-ры. Арыгінальныя трактаты па Р. у бел.-літ. рэгіёне стварылі М.К.Сарбеўскі, К.Каяловіч, С.Лаўксмін, рукапісныя лекцыі якіх сталі асновай курсаў у школах. У эстэтыцы барока Р. разглядалася як універсальная тэорыя ўсіх відаў «славеснага мастацтва», адначасова працягваліся традыцыі школьнай Р. як навукі пра красамоўства (рукапісныя трактаты М.Цяцерскага «Лекцыі па рыторыцы з прыкладамі», 1734; К.Нарбута «Кароткія ўводзіны да мастацтва рыторыкі» і інш.). З развіццём маст. прозы (канец 18 — пач. 19 ст.) мяжа паміж Р. і паэтыкай паступова знікала і яны склалі раздзелы літ.-знаўства. У працах Ф.Н.Галянскага «Пра красамоўства і паэзію» (1786), Э.Славацкага «Пра красамоўства» (1809—14, надрук. 1826), Л.Бароўскага «Заўвагі аб паэзіі і рыторыцы ў сэнсе іх падобнасці і розніцы» (1820) Р. і паэтыка разглядаюцца ў агульнаэстэт. плане як навукі аб прыгожых мастацтвах. У сучаснай тэорыі л-ры тэрмін «рыторыка» не ўжываецца, яе літ.-знаўчыя і лінгвістычныя праблемы сталі прадметам стылістыкі. Р. пакінула ў спадчыну нямала стыліст. прыёмаў, рытарычных і стылістычных фігур.
Літ.:
Дорошевич Э., Конон В Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫЯ ДЭМАКРА́ТЫ,
у Расіі прадстаўнікі рэв. руху, ідэолагі сял. дэмакратыі. Іх ідэалогія зарадзілася ў 1840-я г. і стала вызначальнай у грамадскім руху 1860—70-х г. Паводле сац. становішча Р.д. — гал. чынам разначынцы, хоць сярод іх былі і дваране. Адзін з першых Р.д. — В.Р.Бялінскі. У 1850—60-я г. Р.д. на чале з М Г.Чарнышэўскім, М.А.Дабралюбавым, А.І.Герцэнам, М.П.Агаровым і інш. прапагандавалі свае ідэі на старонках час.«Современник» і «Колокол». Р.д. спалучалі ідэю сял. рэвалюцыі з ідэямі утапічнага сацыялізму; сялянства яны разглядалі як гал.рэв. сілу ў краіне; меркавалі, што Расія пасля знішчэння прыгоннага права шляхам сял. рэвалюцыі, мінаючы капіталізм, прыйдзе праз сял. абшчыну да сацыялізму. Р.д. стварылі тайныя рэв. арг-цыі «Зямля і воля» 1860-х г., «Зямля і воля» 1870-х г. і інш. (гл.Народніцтва), Рас. сацыял-дэмакраты і сацыялісты-рэвалюцыянеры сваімі папярэднікамі лічылі Р.д.
На Беларусі Р.д. — прадстаўнікі радыкальнага кірунку ў нац.-вызв. руху, сац.-філас, думцы, маст. л-ры і публіцыстыцы 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. (К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, А.Гурыновіч, Цётка, Я.Купала, Я.Колас і інш.). Іх ідэалогія адлюстроўвала істотныя тэндэнцыі працэсу фарміравання бел. нацыі і нац. культуры, стала яскравым сведчаннем развіцця нац. самасвядомасці беларусаў. Іх светапогляд фарміраваўся пад уплывам рас. Р.д. і народніцтва, а таксама польскага нац.-вызв. руху. Станаўленне рэв.-дэмакр, ідэй у грамадскай думцы Беларусі пачалося ў 1830—40-я г. (Ф.Савіч, Ю.Бакшанскі). Як самаст, ідэалаг, плынь аформіліся ў перыядпаўстання 1863—64, што было звязана з дзейнасцю Каліноўскага і яго прыхільнікаў. Найб. поўна дэмакр.-вызв. тэндэнцыі адлюстраваны ў пач. 20 ст. ў творчасці Цёткі, Я.Купалы, Я.Коласа, дзейнасці публіцыстаў бел. друку. Р.д. змагаліся за карэннае пераўтварэнне грамадскага ладу ў інтарэсах прац. мас шляхам сял. рэвалюцыі. Яны выступалі ад імя ўсяго народа, але былі выразнікамі пераважна інтарэсаў прац. сялянства. Аснову грамадскай паэзіі Р.д. складалі ідэі гіст. прадвызначэння прац. народа, тэндэнцыі наіўна-ўраўняльнага сял. сацыялізму, рашучае адмаўленне бурж.-памешчыцкага ладу. Іх грамадска-паліт. праграма ўключала патрабаванні ліквідацыі самадзяржаўя, дэмакратызацыі грамадскага жыцця, скасавання памешчыцкага землеўладання, надзялення сялян зямлёй, свабоднага развіцця нац. культуры. Ідэалы Р.д. ў пэўнай ступені ўвайшлі ў ідэалогію бел.паліт. партый левага кірунку пач. 20 ст.: Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СВАБО́ДА»,
амерыканская радыёстанцыя, засн. ў г. Мюнхен (ФРГ) у 1952, ва ўмовах «халоднай вайны», для вядзення інфармацыйна-прапагандысцкай барацьбы супраць СССР. Упершыню выйшла ў эфір у сак. 1953 як радыё «Вызваленне», неўзабаве перайменавана ў «С.» Фармальна выступала ад імя няўрадавай арг-цыі «Камітэт барацьбы за вызваленне ад бальшавізму» (з 1964 «Камітэт вызвалення»), але ў пач. 1970-х г. камісія Кангрэса ЗША афіц. прызнала факт яе фінансавання амер. спецслужбамі з дзярж. бюджэтных крыніц. У 1977 рэдакцыя «С.» пры фармальным захаванні самастойнасці аб’яднана ў адным будынку з рэдакцыяй радыёстанцыі «Свабодная Еўропа» (засн. ў 1950). Да канца 1980-х г. на радыёстанцыі «С.» карэспандэнтамі і каментатарамі працавалі пераважна эмігранты і перабежчыкі з СССР, у т. л. з Беларусі, кіруючыя пасады займалі кадравыя амер. спецыялісты. У складзе рэдакцыі «С.» былі арганізаваны адпаведныя нац. рэдакцыі (у т. л. з 1954 беларуская), якія вялі перадачы на 17 мовах народаў СССР. Асн. кірункамі радыёперадач «С.» ў гэты перыяд былі крытыка сацыялізму, сав. ладу і нац.-дзярж. ўпарадкавання СССР. У іх асвятляліся негатыўныя з’явы з гісторыі і сучаснага жыцця СССР (у т. л. парушэнні правоў чалавека, рэпрэсіі палітычныя ў СССР), паведамлялася пра падзеі і здарэнні, якія замоўчваліся ў сав. сродках масавай інфармацыі, пра праваабарончы рух у СССР, пра дысідэнтаў; чыталіся літ. творы А.Зіноўева, У.Максімава, Б.Пастарнака, А.Салжаніцына і інш., што былі забаронены ў СССР. Распад СССР і спыненне «халоднай вайны» не прывялі да закрыцця «С.». Яна ператварылася ў адзін з прапагандысцкіх інструментаў амер.-натаўскай палітыкі глабалізму. У 1995 штаб-кватэра «С.» пераехала з Мюнхена ў Прагу. Створаны новыя карэспандэнцкія пункты, у т. л. ў Беларусі, Расіі і інш. краінах б.СССР. Абнавіўся апарат «С.». У карэспандэнцкіх пунктах у краінах СНД штатнымі супрацоўнікамі пачалі працаваць журналісты, арыентаваныя на зах. ліберальна-дэмакр. каштоўнасці. Некат. б. супрацоўнікі «С.» (М.Дэйч, С.Шусцер, М.Сакалоў і інш.) цяпер працуюць у рас. сродках масавай інфармацыі. Бел. служба «С.» вяшчае 8 гадз у суткі і мае інфарм., аналітычныя праграмы па эканам., культуралагічных, этнагр., гіст., рэлігіязнаўчых, краязнаўчых і інш. праблемах. Сярод былых і сучасных супрацоўнікаў бел. рэдакцыі «С.» С.Станкевіч, Я.Запруднік, Г.Айзенштат, В.Жданко, Ю.Дракахруст, А.Лукашук, С.Навумчык і інш. «С.» прапагандуе прынцыпы зах. дэмакратыі, ліберальнай эканомікі і з гэтых пазіцый асвятляе падзеі ў свеце, выступае супраць аднаўлення геапаліт. адзінства б. рэспублік СССР.
Літ.:
Вачнадзе Г.Н. Антенны направлены на Восток. 2 изд. М., 1977.