не́куды, прысл.

1. Кудысьці, невядома куды. Некуды ж вось ідзе гэтая вузкая лясная дарожка. Брыль. [Вісарыёна] моцна ўдарылі па галаве, схапілі за рукі, некуды пацягнулі. Самуйлёнак. Паравоз, пыхкаючы і набіраючы хуткасць, паімчаўся некуды ўдалячынь. Шчарбатаў.

2. Няма такога месца, куды б можна было адправіцца, змясціць каго‑, што‑н. Без вестак ад цябе — нам некуды ісці. Глебка.

•••

Далей (ехаць, ісці) некуды — горш таго, што ёсць, быць не можа.

Дзець некуды гл. дзець.

Некуды вачэй дзець гл. дзець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ні́жні, ‑яя, ‑яе.

1. Які знаходзіцца ўнізе; проціл. верхні. Ніжняя губа. □ Калі дагараў ужо ніжні паверх панскага палаца, атрад Сёмкі-матроса рушыў з двара. Лынькоў. Сонца сваім ніжнім краем кранулася чорнай рысы далягляду, пачало апускацца за лес. Краўчанка.

2. Блізкі да вусця ракі. У ніжнім цячэнні [Дняпра] .. знаходзяцца славутыя дняпроўскія парогі. Курто.

3. Які надзяваюць непасрэдна на цела; сподні. Ніжняя кашуля.

4. Самы нізкі па тону (аб гуках). Ніжнія ноты.

•••

Ніжні чын гл. чын.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папе́радзе,

1. прысл. На некаторай адлегласці перад кім‑, чым‑н. Ірына ішла паперадзе. Чорны. Тарыел, ідучы паперадзе, на кожным кроку чуў, як спатыкаюцца людзі. Самуйлёнак.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «паперадзе» вырашае прасторавыя адносіны: паказвае на становішча перад кім‑, чым‑н. Ідзе войска, сцягі ўюцца, Кроў бурліцца ў жылах, А паперадзе ўсіх едзе Сам Клім Варашылаў. Купала. За паўвярсты паперадзе фурманкі ішоў па лесе Максім Ус з наганам і гранатай. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́рабак, ‑бка; мн. парабкі, ‑оў і парабкі, ‑аў; м.

Наёмны сельскагаспадарчы рабочы ў памешчыцкай або кулацкай гаспадарцы. Зямля навокал была ўрадлівая.. Парабкоў тут было многа, бо фальваркі і маёнткі былі багатыя. Чорны. Было ў пана сямёра парабкоў, адзін аднаго прыгажэй і здатней. Лынькоў. Гнаў канвой парабкоў, — тупат ног за акном. Пан хадзіў па пакоі, чарнейшы ад хмары. Куляшоў. У хаце туліліся дзве сям’і парабкаў, але і іх не было, — паехалі араць на поле. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пато́мства, ‑а, н.

1. Маладое пакаленне ў адносінах да старэйшых, да бацькоў; дзеці. У .. [бяседцы] летам па выхадных днях усё Чмаруцькава патомства ўрачыста засядала за святочным самаварам. Лынькоў. Праз два тыдні з ікрынак выходзіць шматлікае патомства. Матрунёнак. Усё сваё жыццё жаўна праводзіць на ствалах дрэў і ў дупле, дзе спіць і выводзіць патомства. В. Вольскі.

2. Людзі будучых пакаленняў. Прыгожыя людзі, рабочыя людзі — Іх подзвіг працоўны, іх клопат аб Мінску Шчаслівым патомствам забыты не будзе. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пацяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Перамясціць, перанесці куды‑н. усё, многае. Пацягаць усе дровы пад павець.

2. і без дап. Цягаць некаторы час. Пацягаць дровы. Пацягаць бараку па полі. □ То і пацягалі ж за свавольствы Лявонавага бацьку, ледзь у астрог не запякалі. Гурскі.

3. Пакрасці, прысвоіць сабе ўсё, многае. [Сомік:] — Усе ведаюць, што яны падлогу ў магазіне ўзадралі, ды дошкі пакралі, што яны снапы ў мяне з азярода пацягалі. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прырабі́ць, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак.

1. што. Прымацаваць, трывала злучыць з чым‑н. Па вечарах [Ляткоўскі] стаў хадзіць з шомпалам, прырабіўшы да яго драўляную асаду. Вітка. // Прыбудаваць да чаго‑н. (якое‑н. памяшканне). [Бацька] да сяней прырабіў трысценак з адным акном, паставіў печ. Гурскі. Жыў Герасім у той жа маленькай варывеньцы. Толькі прырабіў да яе за гэты час дашчаную прыбудоўку з акенцам. Якімовіч.

2. Зарабіць у дадатак да асноўнага заработку. Прырабіць на разгрузцы вагонаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разбо́й, ‑ю, м.

Напад з мэтай аграблення, які суправаджаецца пагрозамі, гвалтам, забойствам. Смерць, разбурэнне, разбой ішлі разам з гітлераўскімі зграямі. Колас. А здарыцца — чорныя зграі Зноў рушаць чыніць разбой, — Зямляк мой, зямлі абраннік, Першым выйдзе на бой. Лось. Мяркуючы па паводзінах улад і паліцыі, бандыт і далей бы жыў і ўзбагачаўся за кошт грабяжу і развеяў, калі б яго не забілі свае ж паплечнікі. Філімонаў. // перан. Разм. Пра непамерна вялікія вымаганні, прыцясненні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́сквіт, ‑у, М ‑віце, м.

1. З’яўленне кветак на раслінах; цвіценне. Росквіт ніў святкуе лета, Час жніва не за гарой. Па астачу мёду ў кветках Прыляцеў пчаліны рой. А. Александровіч. Было іх жыццё, як росквіт каліны, як быць маладосць толькі можа адна. Машара.

2. перан. Найвышэйшая ступень развіцця, уздыму чаго‑н., лепшая пара ў развіцці каго‑, чаго‑н. Росквіт эканомікі краіны. Росквіт таленту. □ Росквіт беларускай мастацкай прозы пачаўся ў савецкі час. Пшыркоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ту́зін, ‑а, м.

Дванаццаць аднолькавых прадметаў; камплект з дванаццаці аднолькавых прадметаў. Тузін хустак. □ Марынка выпарала рыжык, Ірынка — з тузін казлякоў, Максімка — жоўты грузд, Што выйшаў На свет адзін, без дружбакоў. Калачынскі. Галоўны бухгалтар, між іншым, славіўся тым, што мог выпіць за адзін прысест цэлы тузін шклянак чаю. Васілёнак. [Базыль] нічога не мае супраць піва і адлічвае грошы на тузін бутэлек, бо ён жа выйграў. Колас.

•••

Чортаў тузін — трынаццаць (па забабонных уяўленнях — нешчаслівы лік.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)