счуць, счую, счуеш, счуе; зак.
Разм.
1. каго-што і з дадан. сказам. Улавіць на слых якія‑н. гукі, размову. Калі Ніна, счуўшы шагі ля сябе, узняла вочы ад акна, яна ўбачыла перад сабой Лявона. Галавач. Жур счуў, што гутарку трымаюць пра яго, і тапор свой уткнуў у бервяно. Баранавых. // Пачуць, прыслухацца. Як не счуюць мяне, я мацней загуду, Дам гучнейшы акорд песні новай... Чарот.
2. што. Атрымаць звесткі пра каго‑, што‑н.; даведацца (з размоў, чутак і пад.). Хто зманіў, хто звёў дзяўчыну? Счуў жаніх праз дзень прычыну, — Зганьбавала яго люба: Быў ён з ёй нібыта грубы. Ставер.
3. каго. Учуць (пра жывёл). На суседнім двары (мусіць, толькі прачнуўся), счуўшы чужых людзей, забрахаў сабака. Крапіва. Але дзе так схавацца, каб і пазіраць было зручна, і каб .. [казуля] не заўважыла або нюхам не счула? Ляўданскі.
4. што. Адчуць. Уніз, уніз! — не счуўшы болю. Уніз! — з грымотнага блакіту, Не на пасадачнае поле, А ў поле стоптанага жыта. Матэвушаў.
5. перан.; што і з дадан. сказам. Інтуітыўна адчуць, прадбачыць. А Бушмара і ў брата не знайшлі — счуўшы бяду, ён там застаўся прыхоўвацца. Чорны. Саўка зрабіў рашучае намаганне і сеў. Ён счуў — Бруй мае сказаць нешта такое, што варта паслухаць седзячы. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тра́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Разм.
1. Моцна, з сілай стукнуць каго‑, што‑н. або чым‑н. Трахнуў Юрка кулаком і жонку па галаве. Гарэцкі. Іван Мацвеевіч схапіў чайнік і трахнуў аб сцяну. Фарфоравыя асколкі разляцеліся ў розныя бакі. Каршукоў. Калі ж бабёр убачыць нешта падазронае, ён так трахне хвастом, што ажно пырскі разляцяцца ва ўсе бакі. Матрунёнак. [Гаспадар:] — Не выцерпеў брыгадзір, паехаў у газету, знайшоў таго карэспандэнта, дый гаворыць: «Вось як трахну табе той рукой, якой у мяне няма, дык будзеш ведаць, як трэба пісаць!» Гурскі.
2. Выстраліць па кім‑, чым‑н. І раптам, як гром з нябёс, Вартаўнік з дубальтоўкі трахнуў. Напэўна, соллю ў кагось. Караткевіч. // Забіць, застрэліць каго‑н. — І што са старастам? Трахнулі яго? — спытаў Сцёпка. Хомчанка. — То-та, я гляджу, учора мне якраз у Грозаве казалі: пана Вранеўскага трахнулі. — Як трахнулі? — Ну, як — забілі! Скрыган. // Утварыць рэзкі гук пры выстрале. Прылажыўся ён [дзед] і бахнуў, Бліснуў іскрамі агонь; Як пярун, стрэл гэты трахнуў. Колас.
3. Выпіць спіртных напіткаў. [Генька:] — Даруй мне! Сёння нядзеля. Я шкляначку трахнуў! Гарбук. // З прагнасцю з’есці што‑н. [Пятрусь:] — Вось бы сюды чыгунок бульбяных аладак, што цэлы дзень млеюць у сале ў гарачай печы, вось тут бы я трахнуў так, каб аж... Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трыво́га, ‑і, ДМ ‑возе, ж.
1. Неспакой, моцнае душэўнае хваляванне, выкліканае страхам, апаскай і пад. Цімошка пільна і з трывогаю пазіраў па кожную новую асобу, якая паказвалася ў хаце. Колас. Перамагаючы ў самім сабе трывогу за лёс справы, Змітрок Анісімавіч намагаўся жартаваць .. пры кожнай нагодзе. Брыль. Сюды пралягуць светлыя дарогі, Якімі пройдзе маладосць дзяцей, Не знаючы ні гора, ні трывогі Сваіх бацькоў... Начны знікае цень. Танк. Я ўсё часцей лаўлю ў цішы Даўно забытай песні водгук, Што сее дзесь на дне душы Незразумелую трывогу. Гілевіч. // Перапалох, мітусня, беганіна. Скончаны сваркі, суды, трывогі, лішнія клопаты. Бядуля. У вёсцы трывога: прыехаў земскі з казакамі... Якімовіч. // звычайна мн. (трыво́гі, ‑вог). Клопаты, турботы. У гэтым шчасці .. [бацькі] можа нават забыліся на свае трывогі за дачку. Кулакоўскі. О, каб магла спіхнуць з плячэй Гару трывог, няўдач, памылак, Што прыціскае і пячэ, Што не дае расправіць крылы. Каржанеўская.
2. Небяспечнае становішча, а таксама сігнал, які апавяшчае аб ім. Баявая трывога. □ Трывога! — узвіўся над лагерам кліч. Мележ. Маё пакаленне, мае аднагодкі, пачуўшы трывогу, надзелі пілоткі і ў цеснай зямлянцы кляліся ўрачыста: «Лічыце мяне камуністам!» Грахоўскі.
•••
Паветраная трывога — сігнал аб з’яўленні праціўніка ў паветры.
Біць трывогу гл. біць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тры́зніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.
1. Гаварыць без памяці, будучы цяжка хворым або ў сне. Пасля навальнічнай ночы Косцік захварэў. Ён увесь гарэў, нібы ў агні, ноччу трызніў, усхопліваўся з пасцелі, клікаў да сябе старэйшых. С. Александровіч. Узнялася тэмпература, і малая трызніла, страшна водзячы вачыма. Брыль. Маці спалохалася яшчэ больш, калі пасярод дня — першага дня новага года — Славік раптам пачаў трызніць і кідацца на ложку. Шамякін.
2. Гаварыць з упэўненасцю аб тым, чаго няма, не існуе; галюцыніраваць. Бяссмерцем трызню? Хай мяне яно, як чужака, міне. Рудкоўскі.
3. У моцным захапленні думаць і гаварыць усё пра адно. Трызніць [Качан] аб ёй і дзень і ноч, а сказаць што-небудзь дзяўчыне не можа. Васілёнак. Мы [хлопцы], як і ўсе ў нашай школе, трызнілі аб космасе. Шыцік. Горада .. [Ціхамір] так і не пабачыў. Але забываць не забываў пра яго. І вось у гэтае лета рашыў наведацца — раптам падумаў, навошта вечна трызніць. Чыгрынаў. // Марыць аб тым, што не можа здзейсніцца, што даўно прайшло і больш не вернецца. Не дрэмлючы,.. [Васіль] трызніў гумном, цэпам з выслізганым цапільнам, бачыў пусты ток. Мележ. Я і цяпер, бывае, трызню інтэрнатам, Дзе мы сям’ёй шматмоўнаю жылі. І. Калеснік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
утаймава́цца, ‑муюся, ‑муешся, ‑муецца; зак.
1. Уціхамірыцца, супакоіцца (пра чалавека). Пачалі будаваць дарогу праз балота. Старыя працівіліся, але моладзь не ўтаймавалася, пакуль не ўзяла верх... Чарот. Стыпендыю [студэнты] атрымалі, праз дзень-два паедуць на бульбу, так што ёсць усе падставы павесяліцца. Толькі пад раніцу ўтаймуецца інтэрнат. Навуменка. // Стаць паслухмяным, падпарадкавацца волі чалавека (пра жывёл). Вінавата апусціўшы хвост, Кудлік трохі ўтаймаваўся, але ненадоўга. Рылько.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зменшыцца, суцішыцца або суняцца (пра боль і пад.). — Дарагі браце Сцяпане! Пойдзем да мяне, паляжыш, адпачнеш, боль утаймуецца... Дубоўка. [Алімпа] думала, што гэта яшчэ не роды, а проста забалеў жывот і калі яна будзе рухацца, дык боль утаймуецца. Сабаленка. // Заглушыцца, прыглушыцца (пра якое‑н. пачуццё, хваляванне і пад.). Калі агульная ўзрушанасць і захапленне, нарэшце, утаймаваліся, я пайшоў да Сені. Шамякін. — А чаго я цябе не бачыў да гэтага дня? — спытаў Пятро Ізобаў свайго даўняга сябра, калі радасць нечаканай сустрэчы крыху ўтаймавалася. Савіцкі. // Прыйсці ў нерухомы стан, стаць спакойным. На трэці дзень Утаймаваўся акіян. І хвалі, Прыкмеціўшы бязлюдны астравок, Як трэску, лодку іхнюю прыгналі І выплеснулі ціха на пясок. Куляшоў. Я Чорнае мора зялёным назваў бы, Калі ўтаймуецца бура і шторм. Грахоўскі. Пад раніцу завіруха трохі ўтаймавалася. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
халасты́, ‑ая, ‑ое.
1. Які не ўступіў у шлюб, нежанаты (пра мужчыну). Наш сусед, выкладчык музыкі ў інтэрнаце і кіраўнік самадзейнасці ўсіх навакольных устаноў і арганізацый, халасты хлопец гадоў пад сорак, амаль не даваў знаць аб сваім існаванні. Радкевіч. [Паліна:] Ты — дзяцюк халасты, а ў мяне тут — сям’я, Муж... Куляшоў. // Які складаецца з халасцякоў. Халастая кампанія. // Уласцівы халасцяку, халасцякам. Халастое жыццё. □ «Лёталі ў космас? Час і дзень. У халастым, а ці ў жанатым стане?» Барадулін.
2. Які не прыводзіць у рух механізма, машыны; не рабочы. Халастыя абароты. □ Як шалёны, завыў матор — задняе кола, згубіўшы счапленне з грунтам, засвістала на халастым хаду. Краўчанка. // Не звязаны з выкананнем карыснай работы. Халасты перагон вагонаў. □ Да мінімуму зведзены прастоі, халастыя прабегі. Механізатары змагаюцца за кожную мінуту рабочага часу. «Звязда».
3. Не здольны наравіць цэль; не баявы (пра стральбу). Не быў апошні выстрал халастым, Галовы склалі каты пад кусты... А я без памяці ляжаў на мяккім доле. А. Астапенка. — На граніцы, Ягорка, халастымі патронамі не страляюць. Шыловіч. // Які не мае кулі, шроту. Халасты зарад.
•••
На халастым хаду — упустую, марна.
Халасты прабег — пра транспарт, які ходзіць паражняком.
Халасты стрэл — пра бескарыснае дзеянне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
це́рціся, труся, трэшся, трэцца; тромся, трацеся; пр. цёрся, церлася; заг. трыся; незак.
1. Церці сябе, сваё цела чым‑н.; націрацца. Церціся мачалкай.
2. Хістаючыся, дакранацца да паверхні іншага прадмета. Аб сцяну крайняй хаты церліся галіны сосен і елак. Пестрак. Чаўны церліся аб сцёблы чароту. Няхай. // Дакранацца чым‑н. да чаго‑н., выказваючы якія‑н. пачуцці (ласку, радасць, вернасць і пад.). Дзяўчына ўсё гарнулася да .. [Іванавых] грудзей і сваёй гарачай аксамітнай шчакой церлася аб яго рассечанае асколкам плячо. Быкаў. З-за пліты паказалася кацянё. Падняўшы старчком хвост і пазіраючы ўверх на Валю, яно замяўкала, нечага просячы, і пачало церціся аб Валіну нагу. Карпаў.
3. Разм. Быць, знаходзіцца каля каго‑н., дзе‑н. (звычайна з карысцю для сябе). Дзякуй Максіму з Андрэем, каля іх труся, розуму набіраюся. Машара. Вуды надоечы там жа, на Сожы, пааддаваў суседнім хлапчуком, якія апошнімі днямі, ведаючы пра мой ад’езд, настойліва церліся ля мяне і маіх вуд. Карамазаў. Тое, што цяпер Халахцей па некалькі разоў на дні ўзыходзіў на высокі ганак школы, цёрся ў асяроддзі настаўнікаў, распісваўся ў школьных ведамасцях, давала яму падставу лічыць сябе прадстаўніком вясковай інтэлігенцыі. Ракітны.
•••
Церці дні — марна траціць час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ці́кавы 1, ‑ая, ‑ае.
Спец. Зроблены, пашыты з ціку 2. Цікавая навалачка. Цікавы чахол.
ці́кавы 2, ‑ая, ‑ае.
1. Спец. Які мае адносіны да ціка 3, з’яўляецца цікам 3. Цікавае дрэва.
2. Зроблены з драўніны ціку. Цікавая мачта.
ціка́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які выклікае цікавасць, захапляе. Цікавая кніга. Цікавы даклад. □ Дзед умее расказваць такія цікавыя казкі, што заслухаешся. Рылько. // Які вызначаецца сваёй работай, багатымі ведамі і іншымі прыкметнымі рысамі. Паездкі на Бярозаўскую ДРЭС запомніліся і ўсхвалявалі мяне перш за ўсё сустрэчамі з вельмі цікавымі людзьмі. Дадзіёмаў. — Цікавы чалавек наш палітрук. Ён бясконца ходзіць ад адной гарматы да другой, на прыбор, да сувязістаў і разведчыкаў і праводзіць гутаркі. Шамякін.
2. Забаўны; незвычайны. Я сягоння вам хачу Расказаць пра сад дзіцячы, Што там добрага пачуў, Што цікавага пабачыў. А. Александровіч. Акрамя «зайцавага хлеба» ў бацькавай скрынцы бывае шмат якіх цікавых рэчаў. Лынькоў.
3. Знамянальны, характэрны; прыкметны якімі‑н. якасцямі, уласцівасцямі. Ёсць пушчы, якія не менш цікавыя, [чым] далёкія трапічныя лясы. Маўр.
4. Разм. Прыгожы. [Пані Вашамірская] аглядае сябе, — яна яшчэ цяпер, маючы пяцьдзесят гадоў, досыць цікавая, стройная, вёрткая, нібы ёй дваццаць гадоў. Бядуля.
5. Тое, што і цікаўны (у 1 знач.). [Сцяпан:] Вельмі васпанна цікавая! Скора састарышся, каханенькая, родненькая, як усё будзеш ведаць. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цудо́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які з’яўляецца цудам (у 1 знач.), робіць цуды (у 1 знач.). І стаў Іванка.. на цудоўнай дудцы іграць. Якімовіч.
2. Вельмі добры; выдатны, адмысловы. Цудоўны будынак. Цудоўнае надвор’е. □ На дварэ была цудоўная летняя ноч. Чарнышэвіч. // Які вылучаецца высокім майстэрствам, незвычайным талентам. [Клава:] — Я ўпэўнена, што .. [Праменны] цудоўны паэт, а вы [Язва] яму зайздросціць. Крапіва. // Вельмі добры па характару, паводзінах і пад. (пра чалавека). — Дарэчы, яна не раўнуе, што ты бываеш... у мяне? — Здаецца, не. — Мне таксама здаецца, што не. Твая Люся — цудоўная жанчына. Разумніца. Светлая галава. Васілёнак. [Аня:] — Каб вы [Казанцаў] ведалі, які цудоўны чалавек мой муж! Васілевіч.
3. Незвычайна прыгожы; маляўнічы. У Веры Засуліч цудоўныя пышныя валасы цёмна-каштанавага колеру. Зарэцкі. Струменьчык вады.. пераліваецца цудоўнай вясёлкай. Даніленка. // Цікавы, захапляючы. Цудоўная казка зноў захапіла ўяўленне хлопчыка. Шыловіч.
4. Прыемны; дзіўны. Цудоўны водар. □ Цудоўны пах расцвітаючых ліп ліўся з парку. Чарнышэвіч. // Мілагучны (пра голас, гукі). Цудоўны голас. Цудоўныя спевы. □ Я сяджу на высокім узгорку і слухаю гэтую цудоўную сімфонію вясны. Ігнаценка.
5. Небывалы, нябачаны. Бульба парасла цудоўная: ядраная, буйная — адна ў адну. «Беларусь».
6. Жыватворны, цудадзейны. Хто спеў хоча скласці такі, Каб песня душу акрыляла, — Напіся з цудоўнай ракі: Рака гэта Янка Купала. Бялевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шмо́ргаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. каго-што і без дап. Цягнуць, тузаць кароткімі, рэзкімі рухамі. Да Панаса падышлі абодва хлопцы. Адзін — бледны, спалохаўся, шморгае Панаса за рукаў кашулі. Галавач. — Зоя Кірылаўна! Ён мяне за косы шморгае... Дубоўка. // Шморгаючы, зрываць што‑н. або абрываць з паверхні. Цудоўныя каштаны! Толькі гэты аднарукі «прынцыпал» на злосць яму, Гукану, шморгае лісце. Цэлую галіну абарваў. Шамякін. Маці з цёткаю пільна завіхаюцца, шморгаюць у кошыкі буйныя спелыя ягады. Ус.
2. што і без дап. Праводзіць па чым‑н., намазваючы што‑н. Тоўстую шэрую нітку [Іван] шморгае кавалачкам воску. Лынькоў. // Церці па чым‑н. Хуценька шморгаю шчоткаю зубы, мыюся — усё раблю спехам. Савіцкі. На парозе.. спакойна сядзеў пацук і шморгаў пярэдняй лапаю сабе па носе. Чорны.
3. чым. Прыціскаючы, праводзіць чым‑н. па якой‑н. паверхні, утвараючы характэрны гук. А сам [Венька] крадком, крадком, паўз сцяну бэзу адбегся падалей і, схаваўшыся за кустамі, пазіраў, як Шурка шморгае карабком па запалцы. Шыловіч.
4. чым. З шумам часта ўцягваць носам паветра. Слаўка стаяў у кутку, шморгаў носам і злосна пазіраў на брата. От, гэты свісток! Няхай. Суседкі смяюцца, хлеба малому даюць, а той шморгае носам з марозу ды: «Не хачу хлеба, дай сала». Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)