ПРЫЧЫ́ННАСЦЬ, каузальнасць,

адна з форм узаемасувязі і ўзаемадзеяння з’яў, дзе адна з іх — прычына — абумоўлівае і з неабходнасцю параджае іншую з’яву — вынік (гл. Прычына і вынік). Кожная з’ява мае прычыну і адначасова яна з’яўляецца прычынай інш. з’явы; або, наадварот, без прычыны нішто не паяўляецца. Прычына і дзеянне ўтвараюць ланцуг, які цягнецца з мінулага, пранізвае сучаснае і знікае ў будучым. Таксама прычына распадаецца на знешнія абставіны, унутр. ўмовы і ўзбуджэнне, што служыць непасрэднай прычынай дзеяння. Напр., калі порах сухі (абставіны) і мае адпаведныя інгрэдыенты (умова), то дзякуючы ўдару (узбуджэнне) ён загарыцца (дзеянне). У гісторыі філасофіі прынцып П. сфармуляваны Дэмакрытам, а як строга прычынная сувязь з’яў — стоікамі і Эпікурам. Суб’ектыўны ідэалізм не прызнае аб’ектыўнага характару П. і зводзіць яе да паслядоўнасці адчуванняў (Д.​Юм) або сцвярджае, што П. — апрыёрная катэгорыя чалавечага розуму, якая прыўносіцца ў хаатычны свет з’яў (І.​Кант). Аб’ектыўны ідэалізм (Г.​Гегель, неатамісты) лічыць канчатковай прычынай з’яў сусв. дух, або Бога (гл. Індэтэрмінізм), але не адмаўляе дэтэрмінізм. Дыялектычны матэрыялізм прызнае аб’ектыўны і ўсеагульны характар П., яе складанасць, зменлівасць, шматзначнасць. А.​Шапенгаўэр вылучаў 3 формы П.: ва ўласным сэнсе (для неарган. свету), раздражненне (у арган.-раслінным жыцці) і матыў (ва ўчынках адушаўлёных істот). Дж.​Міль, Г.​Спенсер і інш. імкнуліся растлумачыць П. на аснове толькі вопыту, з дапамогай індукцыі. Пазітывізм (А.​Конт, Р.​Авенарыус, Э.​Мах і інш.) замянілі паняцце «П.» паняццем функцыянальнай залежнасці, паняцце прычыны — «умовамі».

Прычынна-выніковыя сувязі бываюць непасрэдныя і апасродкаваныя, агульныя і найбліжэйшыя, гал. і негалоўныя, унутр. і знешнія, аб’ектыўныя і суб’ектыўныя і інш. Узнікае складаная сетка прычынна-выніковых сувязей, якія пераплятаюцца і выклікаюць універсальнае ўзаемадзеянне. З’явы прыроды наз. прычынна-тлумачальнымі, а сувязі паміж імі — адпаведнымі прычыннасці прынцыпу, таму што ў адносінах да гэтага прынцыпу разглядаецца аб’ектыўная прадметная сувязь, якая не можа супярэчыць вынікам даследаванняў прыродазнаўчых навук. Пры вывучэнні такіх сувязей шырока выкарыстоўваюцца эксперым. даследаванні, матэм. апарат, раскрываюцца магчымы, або статыстычны характар прычынна-выніковых сувязей у прыродзе ці сферы сац.-эканам., грамадскіх працэсаў. На аснове П. арганізуецца матэрыяльна-практычная дзейнасць чалавека, выпрацоўваюцца навук. прагнозы.

В.​В.​Краснова.

т. 13, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б Адбыўся 16—22.1.1934 у Мінску. Прысутнічалі 456 дэлегатаў з рашаючым і 271 з дарадчым голасам ад 65 119 чл. і канд. у чл. партыі разам з вайск. арг-цыямі; 37 909 чл. і канд. у чл. КП(б)Б]. Парадак дня; справаздачы ЦК КП(б)Б

(М.​Ф.​Гікала),

Рэвіз. камісіі КП(б)Б (І.​Ф.​Кудзелька), ЦК ККП(б)Б (І.​А.​Лычоў); даклады аб 15-годдзі ўтварэння КП(б)Б і БССР (В.​Ф.​Шаранговіч), аб калгасным і саўгасным будаўніцтве (М.​М.​Галадзед); выбары кіруючых органаў партыі і дэлегатаў на XVII з’езд ВКП(б). З’езд прааналізаваў вынікі 1-й пяцігодкі, вызначыў задачы і кірункі дзейнасці КП(б)Б у 2-й пяцігодцы, разгледзеў праблемы індустрыялізацыі рэспублікі, далейшай перабудовы сельскай гаспадаркі і інш. З’езд падвёў вынікі чысткі партыі: за 1933 з КП(б)Б выключана 9769 чл. і канд. у чл. партыі (18,4%), пераведзена з чл. у канд. 4266 чал. і з канд. у спачуваючыя 3108 чал. З’езд ухваліў дзейнасць ЦК КП(б)Б, прызнаў яго паліт. лінію правільнай, арганізац. работу здавальняючай; ухваліў тэзісы ЦК ВКП(б) да XVII з’езда партыі па 2-му пяцігадоваму плану развіцця нар. гаспадаркі СССР. Даў ацэнку праведзенаму ачышчэнню Наркамзема, Наркамасветы, АН БССР, БДУ, інш. дзярж., навук. і асв. устаноў ад нацыяналіст. элементаў, выхадцаў з дробнабурж. партый, трацкістаў, правых і інш.; калгасаў і саўгасаў — ад антысав. контррэв. элементаў. З’езд прыняў зварот да працоўных рэспублікі і байцоў БВА, у якім заклікаў цясней згуртавацца вакол КП(б)Б, памножыць намаганні ў барацьбе за перамогу сацыялізму, супраць здраднікаў пралетарскай рэвалюцыі — трацкістаў, правых апартуністаў, контррэв. бел. нацдэмаў. Выбраў ЦК КП(б)Б са 103 чл. і 43 канд. у чл., Рэвіз. камісію КП(б)Б з 11 чл., 38 дэлегатаў на XVII з’езд ВКП(б).

Літ.:

Резолюции XV съезда КП(б)Б. Мн., 1934;

Гікала М.Ф. Адчотны даклад XV з’езду аб рабоце ЦК КП(б)Б. Мн., 1934.

Р.​П.​Платонаў.

т. 13, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСЛІ́НЫ (Plantae, або Vegetabilia),

аўтатрофныя арганізмы (аўтатрофы), якія валодаюць здольнасцю да фотасінтэзу, маюць шчыльныя клетачныя абалонкі з цэлюлозы, запасное рэчыва, звычайна крухмал; царства жывых арганізмаў. Царства Р. уключае 3 падцарствы: багранкі, ці чырвоныя водарасці, сапраўдныя водарасці і зародкавыя, або вышэйшыя Р. (каля 350 тыс. відаў). Большасць Р. характарызуецца чляненнем цела, што прыводзіць да павелічэння паверхні. Неабходнасць гэтага абумоўлена спосабам жыўлення — паглынанне з навакольнага асяроддзя газападобнага (фотасінтэз) і вадкага (вада і раствораныя ў ёй мінер. солі) кампанентаў. Для вышэйшых Р. таксама характэрна наяўнасць вял. колькасці спецыялізаваных структур (гл. Вегетатыўныя органы, Тканка і інш.). Многія важныя асаблівасці будовы Р. вызначаюцца характарам іх росту, размнажэння, спосабам рассялення. Паходжанне Р. звязана з першымі этапамі станаўлення жыцця на Зямлі, а вянец іх эвалюцыі — кветкавыя (пакрытанасенныя), якія ўзніклі ў раннюю мелавую эпоху і цяпер займаюць дамінуючае становішча ў флоры планеты. На Беларусі 1638 відаў сасудзістых Р., 430 мохападобных, каля 7 тыс. грыбоў, 2232 водарасцей, 477 лішайнікаў. Інтрадукавана 1,5 тыс. відаў і форм драўнінных, кустовых і больш за 5 тыс. травяністых Р. (гл. таксама Расліннасць). Без Р. немагчыма існаванне жывёл і чалавека. Зялёныя Р., якія маюць у сабе хларафіл, здольныя акумуляваць энергію Сонца, утвараюць арган. рэчывы з неарган., падтрымліваюць пастаянны састаў атмасферы (паглынаюць вуглякіслы газ і выдзяляюць кісларод). Як першасныя прадуцэнты арган. рэчываў Р. — вызначальнае звяно ў складаных ланцугах жыўлення ўсіх гетэратрофных арганізмаў (гетэратрофаў) Зямлі. Утвараюць розныя расл. згуртаванні (фітацэнозы), абумоўліваюць ландшафтную разнастайнасць планеты і неабмежаваную разнастайнасць экалагічных умоў для інш. арганізмаў. Пры непасрэдным удзеле Р. утвараюцца глеба, торф, з выкапнёвых Р. — буры і каменны вугаль. Для чалавека найб. значэнне маюць насенныя, пераважна кветкавыя Р., якія даюць ежу, вопратку, паліва, буд. матэрыялы і інш. Інтэнсіўная і не заўсёды рацыянальная дзейнасць чалавека прывяла да знішчэння натуральнай расліннасці на вял. плошчах, многія віды паставіла пад пагрозу знікнення. Таму спец. заканадаўчымі актамі, прынятымі ў большасці краін, у т. л. на Беларусі, свет Р. знаходзіцца пад аховай (гл. Ахова прыроды, Ахова раслін). Вывучае Р. батаніка.

А.​А.​Малажаўскі, А.​У.​Суднік.

т. 13, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́МСКІ-КО́РСАКАЎ Мікалай Андрэевіч (18.3.1844, г. Ціхвін Ленінградскай вобл. — 21.6.1908),

рускі кампазітар, дырыжор, музычны пісьменнік і дзеяч. У 1860-я г. ўдзельнік «Магутнай кучкі», у 1880-я г. фактычна кіраўнік Бяляеўскага гуртка (у 1886—1900 узначальваў арганізаваныя М.Бяляевым Рус. сімф. канцэрты). З 1871 праф. Пецярб. кансерваторыі (з перапынкам). У кампазітарскай творчасці праявіў глыбокую зацікаўленасць нац. гісторыяй, побытам і мастацтвам. Зрабіў значны ўклад у рус. оперу: закончыў класічны перыяд яе развіцця, узбагаціў новымі жанравымі разнавіднасцямі, пашырыў яе вобразную сферу спалучэннем рэальных і нар.-фантаст. элементаў. На фарміраванні муз. мовы яго твораў адбіліся асаблівасці розных фалькл. жанраў. Аўтар 15 опер, у т. л. «Пскавіцянка» (паст. 1873, канчатковая рэд. 1894), «Снягурачка» (паст. 1882, у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі 1981), опера-быліна «Салко» (паст. 1897, у т-ры оперы і балета Беларусі 1957), «Царская нявеста» (паст. 1899, у т-ры оперы і балета Беларусі 1933, 1950), «Кашчэй Бессмяротны» (паст. 1902), опера-легенда «Паданне пра нябачны горад Кіцеж і дзеву Фяўронію» (паст. 1907), «Залаты пеўнік» (паст. 1909, у Бел. студыі оперы і балета 1931, у т-ры оперы і балета Беларусі 1971). Майстэрства яго аркестроўкі выявілася і ў праграмных сімф. творах, у т. л. «Іспанскае капрычыо» (1887, на гэтую музыку паст. балет у т-ры оперы і балета Беларусі 1949), «Шэхеразада» (1888). Аўтар паэт. рамансаў, зб-каў апрацовак нар. песень, дапаможнікаў па гармоніі і аркестроўцы. Закончыў многія творы М.​Мусаргскага, А.​Барадзіна, А.​Даргамыжскага. Сярод вучняў (выхаваў больш за 200 кампазітараў і муз. дзеячаў): М.Анцаў, А.Глазуноў, В.​Залатароў, А.Лядаў, І.​Стравінскі і інш. Шматгранная дзейнасць Р.-К. зрабіла вял. ўплыў на развіццё рус. муз. культуры і многіх прадстаўнікоў сусв. муз. мастацтва).

Літ. тв.: Летопись моей музыкальной жизни. 9 изд. М., 1982.

Літ.:

Страницы жизни Н.​А.​Римского-Корсакова: Летопись жизни и творчества. Вып. 1—4. Л., 1969—73;

Стасов В.В. Статьи о Римском-Корсакове. М., 1953;

Кандинский А. Н.​А.​Римский-Корсаков // История русской музыки. 2 изд. М., 1984. Т. 2. кн. 2.

Т.​А.​Дубкова.

М.А.Рымскі-Корсакаў.

т. 13, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМО́ЙЛАВЫ,

сям’я рускіх акцёраў.

Васіль Міхайлавіч (17.4.1782, Масква — 23.7.1839), артыст пецярбургскага Вял. т-ра (1803—39). Выступаў пераважна ў оперы (у тэнаровых і барытонавых партыях); іграў і ў драм. спектаклях. Найб. поспех меў у лірыка-драм. і гераічных партыях у операх К.​А.​Каваса, Ф.​Паэра і інш. Соф’я Васілеўна (народжаная Чэрнікава; 1787—3.3.1854), драм. і оперная артыстка. Жонка Васіля Міхайлавіча. Скончыла тэатр. вучылішча (1804). У 1804 дэбютавала на пецярбургскай сцэне. Выступала ў операх і операх-вадэвілях. Пакінула сцэну ў 1843. Васіль Васілевіч (25.1.1813, С.-Пецярбург — 8.4.1887), драм. акцёр. Сын Васіля Міхайлавіча і Соф’і Васілеўны. Скончыў Горны корпус (1829), Лясны ін-т (1832). Дэбютаваў у 1834 у партыі Іосіфа (опера «Іосіф» Э.​Мегюля). У 1835—75 у Александрынскім т-ры. Лепшыя ролі «з пераапрананнем»; Макар Губкін («Студэнт, артыст, харыст і аферыст» Ф.​Коні), Стружкін («Акцёр» М.​Някрасава) і інш. У п’есах У.​Шэкспіра і А.​Астроўскага не здолеў узняцца над узроўнем меладраматычнага псіхалагізму і дэкаратыўна падкрэсленай этнаграфічнасці. Вера Васілеўна (1824, С.-Пецярбург — 20.11.1880), драм. актрыса. Дачка Васіля Міхайлавіча і Соф’і Васілеўны. У 1841—53 у Александрынскім т-ры. З артыстызмам, грацыяй, лёгкасцю выконвала лірыка-драм. і камедыйныя ролі: Эльміра («Тарцюф» Мальера). Выдатна валодала мастацтвам вядзення дыялогу, тонка перадавала стыль аўтара. І.​Тургенеў для яе напісаў камедыі «Дзе тонка, там і рвецца», «Правінцыялка». Надзея Васілеўна (18.1.1818, С.-Пецярбург — 30.3.1899), драм. актрыса. Дачка Васіля Міхайлавіча і Соф’і Васілеўны. У 1838—59 у Александрынскім т-ры. Займала амплуа інжэню ў вадэвілях. Павел Васілевіч (11.7.1866, С.-Пецярбург — 16.4.1931), драм. акцёр. Засл. арт. Рэспублікі (1923). Сын Васіля Васілевіча. Сцэн. дзейнасць пачаў у Пецярбургу (1888). Іграў у правінцыі, у т. л. ў трупе М.​Барадая, у 1891—93 у Т-ры Корша (Масква), у 1904—05 у Драм. т-ры імя В.​Камісаржэўскай (Пецярбург), у 1900—04 і 1920—24 у трупе б. Александрынскага т-ра. Напаўняў сваю ігру настроямі трывогі, усведамленнем трагічнай няздольнасці ўвасобіць ідэалы: Гамлет («Гамлет» Шэкспіра), Чацкі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Старыцын («Прафесар Старыцын» Л.​Андрэева), Освальд («Прывіды» Г.​Ібсена) і інш.

т. 14, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІФТ (Swift) Джонатан (30.11.1667, Дублін — 19.10.1745),

англійскі пісьменнік. Вучыўся ў Трыніты-каледжы Дублінскага ун-та (1682—88). У 1689—99 літ. сакратар і бібліятэкар дыпламата і эсэіста У.​Тэмпла. У 1692 атрымаў ступень магістра мастацтваў у Оксфардскім ун-це. У 1695 прыняў сан свяшчэнніка. Д-р багаслоўя (1702). У 1710—14 зблізіўся з кіраўнікамі ўрада торы, падтрымліваў і накіроўваў іх урадавую палітыку ў артыкулах і памфлетах.

У 1713 настаяцель сабора св. Патрыка ў Дубліне. Літ. дзейнасць пачаў як паэт. Першыя паэт. творы насілі парадыйны характар і высмейвалі манернасць т. зв. высокай паэзіі. Майстар паліт. памфлета, у якім асуджаў унутр. палітыку Англіі, калан. войны, выступаў супраць забабонаў і невуцтва. У памфлетах «Бітва кніг» (1697) і «Казка бочкі» (1704), напісаных у алегарычнай форме і насычаных паліт., антырэліг. сатырай, — ідэі карыснасці ведаў. Памфлеты «Пісьмы Суконшчыка» (1723—24), «Сціплая прапанова» (1729) прысвечаны барацьбе за правы ірл. народа. Асн. твор — раман «Падарожжы Гулівера» (1726), у якім вострая сатыра на славалюбства і крывадушнасць тагачасных судоў, паліт. дзеячаў і партый; у ім С. стварыў гратэскавы партрэт грамадства, з дапамогай якога высмейваецца ўсё чалавецтва. У апісанні падарожжа ў краіну ліліпутаў С. праводзіць ідэю аб выхаванні дзяцей у атмасферы справядлівасці, мужнасці, рэлігійнасці і любві да сваёй краіны. Вобразы патрыярхальных і мудрых волатаў, якія займаюцца мірнай плённай працай і не ведаюць зброі, служаць для акцэнтавання ідэалу пісьменніка — адукаванай манархіі. Апошняя частка рамана, якая апавядае пра разумных коней, напоўнена песімізмам: С. ужо не верыць у адраджэнне дабрадзейнасці людзей, аднак вобраз Гулівера, простага, працавітага і сумленнага чалавека, заклікае да самаўдасканалення. Паводле рамана зняты маст. і мультыплікацыйныя фільмы (Англія, ЗША, Іспанія). Бел. т-р юнага гледача паставіў спектакль «У краіне ліліпутаў» (1985). На бел. мову раман пераклаў А.​Кудравец.

Тв.:

Бел. пер. — Падарожжы Гулівера. Мн., 1974;

Рус. пер. — Памфлеты. М., 1955;

Дневник для Стеллы. М., 1981;

Путешествия Гулливера... Мн., 1992;

Приключения Гулливера в Лилипутии. Мн., 1996.

Літ.:

Муравьев В.С. Джонатан Свифт. М., 1968;

Дубашинский И.А. Памфлеты Свифта. Рига, 1968;

Левидов М.Ю. Путешествие.., мысли и чувства Джонатана Свифта... М., 1986.

М.​С.​Рагачэўская.

Дж. Свіфт.

т. 14, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАМАРО́ХІ,

народныя акцёры, вядомыя ўсх.-слав. народам са старажытнасці да пач. 20 ст. Першыя прафес. акцёры, дзейнасць якіх грунтавалася на нар. творчасці, выступалі як музыкі, спевакі, выканаўцы сцэнак, дрэсіроўшчыкі, акрабаты, фокуснікі, лялечнікі і інш. на плошчах гарадоў, мястэчак, вёсак, у замках, корчмах. Тэрмін «С.» паявіўся ва ўсх. славян у балг. перакладах з грэч. мовы ў 8—9 ст. Першае летапіснае ўпамінанне ў 1068, выява прадстаўлення С. — на фрэсках Сафійскага сабора ў Кіеве (1039). На Беларусі першае ўпамінанне тэрміна «С.» ў пропаведзях Кірылы Тураўскага, а выявы зафіксаваны ў археал. знаходках 12 ст. з Навагрудка (вухавёртка з выявай музыкі) і Ваўкавыска (шахматная фігурка ў выглядзе барабаншчыка). Захаваліся выявы С. у Аршанскім (13 ст.) і Мсціжскім (14 ст.) евангеллях, на мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу 15 ст. Вядомы С. аселыя і вандроўныя. Аселыя жылі ў гарадах і мястэчках, часта мелі зямельныя надзелы і былі цесна звязаны з пэўнай гульнёвай нар. традыцыяй, удзельнічалі ў каляндарных і сямейных святах і абрадах, спрыялі развіццю тэатральна-гульнёвага пачатку. Вандроўныя С. не былі звязаны з якой-небудзь рэгіянальнай маст. традыцыяй. На Беларусі вядомы С.-музыкі, бахары (казачнікі, апавядальнікі баек і інш.), штукары (гімнасты, ілюзіяністы), мядзведнікі, лялечнікі і інш. Існавалі спец. вучэльні-школы, у т. л. Смаргонская акадэмія. У параўнанні з Маскоўскай дзяржавай, дзе С. зазналі ўціск з боку царк. і свецкіх улад і нават забарону дзейнасці (1648 і 1657), на Беларусі яны мелі адносна больш спрыяльныя ўмовы для свайго мастацтва і праіснавалі да пач. 20 ст. Апошні паказ С. «Велікодныя яйкі» зафіксаваны ў 1925 у в. Астроўна Віцебскай вобл. С. ўзбагачалі і плённа развівалі нар. тэатральнае мастацтва. Традыцыі мастацтва С. выразна адчуваюцца ў разнастайных формах нар. гульнёвай культуры.

Літ.:

Барщевский И. Несколько слов из истории искусства скоморохов. Ростов-Ярославский, 1914;

Белкин А.А. Русские скоморохи. М., 1975;

Каладзінскі М. Скамарохі // Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1.

Да арт. Скамарохі. Прадстаўленне скамарохамі русаллі. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу. 15 ст.
Да арт. Скамарохі. Музыка іграе на псалтырыуме. Наверша вухавёрткі з раскопак у Навагрудку. 12 ст.

т. 14, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКОТ (Scott) Вальтэр (15.8.1771, г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 21.9.1832),

англійскі пісьменнік. Вучыўся ў Эдынбургскім ун-це. Па адукацыі юрыст. З 1799 шэрыф, з 1806 сакратар суда. Літ. дзейнасць пачаў са збірання нар. легенд і балад (зб. «Песні шатландскай мяжы», ч. 1—3, 1802—03). Папулярнасць набыў рамант. паэмамі «Песня апошняга менестрэля» (1805), «Марміён» (1808), «Дзева возера» (1810) і інш., у якіх спалучэнне драм. фабулы з маляўнічымі шатл. пейзажамі, сцэнамі палявання і казачнымі прыгодамі. Сусв. вядомасць С. прынеслі гіст. раманы, у якіх ён стварыў партрэты Шатландыі, Англіі і кантынента з пач. сярэдневякоўя і да канца 18 ст., паказаў уплыў паліт. і інш. сіл на развіццё чалавечай асобы. Аўтар т.зв. шатландскіх раманаў, у т. л. «Уэверлі» (1814), «Пурытане» (1816), «Роб Рой» (1818), у якіх адлюстраваў найб. значныя падзеі з гісторыі Шатландыі. У рамане «Айвенга» (т. 1—3, 1820, экранізаваны ў 1952 і 1983) на фоне жорсткага самавольства феадалаў, гвалтоўных дзеянняў рыцараў-крыжакоў паказаў рамант. каханне і адвагу, пышнасць рыцарскіх турніраў. Раманы «Манастыр», «Абат» (абодва 1820), «Кенілварт» (1821), «Вудстак» (1826) і інш. пра падзеі з гісторыі Англіі, раман «Квенцін Дорвард» (т. 1—3, 1823, экранізаваны ў 1988) пра абс. манархію ў Францыі ў часы праўлення Людовіка XI. Сярод найб. вядомых раманаў: «Чорны карлік» (1816), «Ламемурская нявеста» (1819), «Перцкая прыгажуня» (1828), «Граф Роберт Парыжскі» (1832, экранізаваны ў 2000 пад назвай «Рыцарскі раман») і інш. Аўтар гіст. і гісторыка-літ. прац, аповесцей, навел. Творчасць С., якая вызначаецца гістарызмам, асабістым поглядам на падзеі, рамант. героямі і рэаліст. паказам жыцця, паўплывала на развіццё гіст. рамана ў сусв. л-ры 19—20 ст. На бел. мову яго асобныя раманы пераклалі Л.​Забалоцкая, М.​Пазнякоў.

Тв.:

Бел. пер. — Айвенга. Мн., 1997;

Квенцін Дорвард. Мн., 1997;

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—20. М.; Л., 1960—65.

Літ.:

Орлов С.А. Исторический роман Валыгера Скотга. Горький, 1960;

Реизов Б.Г. Творчество Вальтера Скотта. М.; Л., 1965;

Пирсон Х. Вальтер Скотт. 2 изд. М., 1983;

Вальтер Скотт: Биобиблиогр. указ. М., 1958.

М.​С.​Рагачэўская.

В.Скот.

т. 14, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЭ́ЦІ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.

Адбыўся 10—16.12.1921 у Мінску. Прысутнічалі 183 дэлегаты з рашаючым і 33 з дарадчым голасам ад 6 паветаў Мінскай губ. (Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі, Мінскі, Слуцкі). Парадак дня: справаздачы ЦВК і СНК БССР (А.​Р.​Чарвякоў), Надзвычайнай камісіі БССР (Я.​К.​Ольскі), Наркамата земляробства БССР (А.​С.​Славінскі), Наркамата асветы БССР (У.​М.​Ігнатоўскі); міжнар. і ўнутр. становішча сав. рэспублік (В.​Г.​Кнорын); новая эканам. палітыка і работа Эканам. нарады (А.​І.​Вайнштэйн); аб правядзенні харчпадатку ў БССР (І.​А.​Адамайціс); аб працоўнай і гужавой павіннасці (Б.​Э.​Аршанскі); аб аднаўленні прам-сці Беларусі (Вайнштэйн); аб сав. будаўніцтве і арганізацыі ўлады на месцах (Я.​А.​Адамовіч); аб рабоце БДУ (У.​І.​Пічэта); аб кааперацыі (Я.​Л.​Дыла); аб сял. к-тах узаемадапамогі (М.​А.​Мар’ясін); аб падатковай палітыцы (Л.​М.​Шагаль); аб дапамозе галадаючым Паволжа (Чарвякоў); даклады: Адм. камісіі па пытаннях адм. падзелу БССР, мандатнай камісіі; выбары ЦВК БССР і дэлегатаў на IX Усерас. з’езд Саветаў. З’езд падвёў вынікі дзейнасці ЦВК і СНК БССР і ацаніў іх як станоўчыя. Адзначалася, што палітыка суцэльнай нацыяналізацыі прам-сці і харчразвёрстка скончыліся крахам, з 2-й пал. 1921 пачаўся перавод прам-сці Беларусі на рэйкі новай эканамічнай палітыкі. З’езд ухваліў дзейнасць Надзвычайнай камісіі (ЧК) па падаўленні сял. выступленняў. Падкрэслівалася неабходнасць размеркавання памешчыцкіх зямель, прапаганды лепшых спосабаў гаспадарання, арганізацыі кааператываў на вёсцы, ператварэння маёнткаў у сав. гаспадаркі (саўгасы), свабоднага выбару форм землекарыстання. У рэзалюцыі па нар. асвеце звярталася ўвага на пашырэнне бел. школы на вёсцы, правядзенне культ.-асв. работы на мясц. мовах, ліквідацыю непісьменнасці, актывізацыю выдання кніг, размяшчэнне школ у нацыяналізаваных маёнтках. З’езд выбраў ЦВК з 60 чл. і 12 канд., дэлегатаў на IX Усерас. з’езд Саветаў.

Літ.:

III Всебелорусский съезд Советов Рабочих, Крестьянских и Красноармейских депутатов (10—16 декабря 1921 г.): Резолюции и постановления. Мн., 1921.

А.​М.​Гесь, С.​П.​Самуэль.

т. 16, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЎТО́НСКІ О́РДЭН (лац. Ordo Theutonicorum), Нямецкі ордэн,

афіцыйная назва Ордэн шпіталя найсвяцейшай дзевы Марыі ў Іерусаліме, каталіцкая рыцарска-манаская арг-цыя і дзяржава. Засн. ў Палесціне ў 1198—99 пасля 3-га крыжовага паходу для апекі над пілігрымамі, хворымі і барацьбы з «нявернымі» (мусульманамі). У ім дамінавалі немцы. У Т.о. уваходзілі браты-рыцары, капеланы і працаўнікі. Вышэйшы кіраўнік — пажыццёва выбраны вял. магістр, якому падпарадкоўваліся цэнтр ураднікі — комтур, маршал і інш. Рэзідэнцыі вял. магістра — гарады Акон у Палесціне (да 1291), Венецыя (1291—1309), Мальбарк (1309—1457), Каралявец (Кёнігсберг; з 1457). Уладанні ордэна ў розных частках «Свяшчэннай Рым. імперыі» падзяляліся на вобласці на чале з краёвымі магістрамі: Нідэрланды, Багемія, Аўстрыя, Цюрынгія-Саксонія, Эльзас-Бургундыя, Латарынгія, Кобленц, Марбург, Боцэн і Вестфалія. У 1221 рым. папа вызваліў Т.о. ад кантролю свецкіх улад. Усталяванне ордэна ў Прусіі адбывалася на падставе прывілея імператара Фрыдрыха II (1226), Крушвіцкага дагавора з кн. Конрадам I Мазавецкім (1234), які дазволіў стварэнне рыцарскай дзяржавы ў Прусіі, і булы папы Грыгорыя IX (1234), які перадаў зямельныя ўладанні ордэну ў якасці папскага лена. Па просьбе мазавецкага князя рыцары пачалі барацьбу з прусамі, якіх канчаткова падпарадкавалі да 1283. У 1233 да Т.о. далучана ч. Дабжынскага ордэна, у 1237 — Лівонскі ордэн. Ордэнская дзяржава імкнулася пашырыць сваю тэр. за кошт суседзяў — ВКЛ (гл. Паходы Тэўтонскага ордэна на Беларусь) і Польшчы, у якой у 1308—09 захапіла Гданьскае Памор’е, а пазней і інш. землі. Экспансія Т.о. на слав. і літ. землі была спынена паражэннем у Грунвальдскай бітве 1410, пасля чаго пачаўся яго заняпад. Паражэнне ў Трынаццацігадовай вайне 1454—66 пазбавіла ордэн шэрагу зямель і гарадоў, у т. л. Мальбарка, і ператварыла яго ў васала Польшчы (гл. Тарунскі мір 1466). У 1525 апошні вял. магістр Альбрэхт Брандэнбургскі секулярызаваў ордэнскую дзяржаву і ператварыў яе ў свецкае герцагства Прусія (гл. таксама Прусія). Як міжнар. каталіцкая арг-цыя Т.о. існуе і цяпер (сядзіба і архіў у Вене), вядзе рэліг. і асв.-дабрачынную дзейнасць.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 16, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)