на́вісь, ‑і, Т на́віссю, ж.

1. Тое, што навісае над чым‑н. Чорная навісь хмар. □ Стаіць.. [домік] у ціхім завулку, пад навіссю таполяў. Навуменка. Узяўшы ўправа — пад гарой З-пад цёмнай навісі абрыва Палонка білася вадой. Гаўрусёў.

2. перан. Нешта страшнае, што навісла над кім‑н., што пагражае чалавеку. Навісь вайны. □ У тыя дні.. [Тадаровіч] выехаў.., чуючы перад сабою адно — чорную навісь смяртэльнай навалы. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

на́глуха, прысл.

1. Вельмі шчыльна, без адтулін. [Блецька] стараўся ўвайсці праз чорныя дзверы, але яны былі наглуха забіты цвікамі. Чорны. Вокны наглуха завешаны чорнай паперай. Алешка. // Вельмі моцна, так, што нельга перамясціць, ссунуць, адвярнуць. Рабочыя падчышчалі і падмяталі пуці, замыкалі стрэлкі і наглуха забівалі іх кастылямі. Лынькоў.

2. На ўсе гузікі, кручкі, засцежкі (зашпіліцца). Людзі ішлі па вуліцы, наглуха зашпіленыя. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

накшта́лт, прыназ. з Р.

Спалучэнне з прыназоўнікам «накшталт» выражае параўнальныя адносіны: указвае на прадмет, з’яву, прызнак, да якіх падобны якія‑н. прадметы, з’явы, прызнакі. Міхал Тварыцкі бачыў перад сабой нешта накшталт скрыжавання гарадскіх вуліц. Чорны. Камедыя будзе гучаць актуальна, свежа да таго часу, пакуль з жыцця зусім не знікнуць тыпы накшталт Гарлахвацкага і Зёлкіна. Казека. Пятляла рэчка тут накшталт вужакі. Машара.

[Польск. na ksztalt.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нарадзі́цца, ‑раджуся, ‑родзішся, ‑родзіцца; зак.

1. З’явіцца на свет. Нарадзілася дачка. □ Цікава наведваць вёску, дзе нарадзіўся і вырас. Бядуля.

2. перан. З’явіцца; узнікнуць, пачацца. Нарадзіўся калгас. Нарадзілася ідэя. □ Нейкая грымаса .. нарадзілася і застыла на твары Скуратовіча. Чорны. Нарадзіўся страх і скаваў цела і рукі. Галавач.

•••

Нарадзіцца пад шчаслівай зоркай — тое, што і нарадзіцца ў сарочцы.

Нарадзіцца ў сарочцы — быць удачлівым, шчаслівым ва ўсім.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неарганізава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Пазбаўлены арганізаванасці; бязладны, непланамерны. [Слаўна:] — [Атрады] ёсць, але, відаць, яшчэ малыя, неарганізаваныя. Новікаў.

2. Які не можа дзейнічаць дакладна і планамерна, правільна арганізаваць жыццё; недысцыплінаваны. Андрэйка Казакевіч запісаўся ў калгас не самы першы. А чаму не першы? На гэта сам ён цяпер кажа: «Неарганізаваны я быў хлопец». Чорны.

3. Які не ўваходзіць у склад якой‑н. арганізацыі. Неарганізаваная моладзь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непадалёку, прысл. і прыназ.

1. прысл. На нязначнай адлегласці; паблізу. Непадалёку, спрабуючы голас, азваўся салавей. Аляхновіч.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «непадалёку» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца для ўказання на прадмет ці месца, паблізу якіх хто‑, што‑н. знаходзіцца або што‑н. адбываецца. [Серж з бацькам] былі ўжо непадалёку свайго дома. Чорны. Непадалёку сцішаных Ашмян Загаласіла ўтрапёна дудка — Куды гучней, чым віленскі арган. Дукса.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павыво́дзіцца, ‑дзіцца; зак.

1. Перастаць існаваць, знікнуць; аджыць свой век — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Усе плямы павыводзіліся. Не будзе вады — павыводзіцца рыба. □ Госці і пачастункі сярод хутаранцаў павыводзіліся ўшчэнт. Чорны.

2. Вывесціся з яйца, лічынкі і пад. — пра птушак, насякомых. Буслы, якія павыводзіліся ў гнёздах, сталі дарослыя і цяпер кожную раніцу разам са сваімі бацькамі кружылі высока ў небе. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пагла́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.

1. Правесці злёгку далонню па чым‑н. Настаўнік палажыў руку на .. галоўку [дзяўчынкі], пагладзіў валасы. Колас. Мікуць дакрануўся рукою да халоднага металу, пагладзіў лапчастае шырокае кола. Чорны.

2. Пры дапамозе прэса зрабіць гладкім, роўным; адпрасаваць. Пагладзіць сукенку. Пагладзіць касцюм.

3. Выгладзіць, перагладзіць усё, многае. Пагладзіць усю бялізну.

4. і без дап. Гладзіць некаторы час. Пагладзіць дзве гадзіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падвыва́ць, ‑ае; незак.

1. Выць час ад часу, нядоўга. [Сабака] адбегся ад чалавека і, круцячыся на месцы, падвываў за кожным сваім брэхам. Чорны. // Утвараць гукі, падобныя на выццё. Падвывае матор. Падвывае мяцеліца. □ У коміне пачынаў падвываць вецер. Лобан.

2. Суправаджаць што‑н. выццём. [ванька] не чуў, як сястрычка клікала маці, як плакала, узлезшы на жэрдкі плота, а Мурза жаласна падвываў ёй. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакі́дацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Кідацца на працягу нейкага часу. — Захварэла [маці] пры немцах на тыфус. Тыдні тры пакідалася ў гарачцы і памерла. Грахоўскі.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Кінуцца, упасці на што‑н. або куды‑н. — пра ўсіх, многіх. Камандзір даў каманду спыніцца. Чырвонаармейцы пакідаліся на траву пад бярозамі, паабапал шырокай дарогі. Чорны.

пакіда́цца, ‑а́ецца; незак.

Зал. да пакіда́ць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)