ПАВО́ДЗІНЫ,

сістэма дзеянняў жывых істот у працэсе іх узаемаадносін паміж сабой і з навакольным асяроддзем. Уласцівы асобным індывідам і іх сукупнасцям (П. біял. віду, сац. групы). Асн. адзінкай аналізу П. з’яўляецца дзеянне — працэс, абумоўлены матывамі і накіраваны на рэалізацыю мэты. Важную ролю адыгрываюць таксама заахвочвальныя фактары — патрэбнасць, інтарэсы, погляды, перакананні, ідэалы, імкненні, каштоўнасныя арыентацыі і ўстаноўкі. П. чалавека вызначаюцца заахвочваннямі, што ўзнікаюць пад уплывам жыццёвых умоў (гал. ч. сацыяльных), прыроджанымі імкненнямі. Адрозніваюць віды П.: усвядомленыя і неўсвядомленыя, рацыянальныя і эмацыянальныя, якія знаходзяцца ў складанай узаемасувязі. П. чалавека вывучае псіхалогія. У сацыялогіі і сац. псіхалогіі паняцце П. выкарыстоўваецца для характарыстыкі самавыражэння індывіда ў сац. акружэнні. Біхевіярызм разглядае П. як сістэму рухальных рэакцый у адказ на знешні стымул. Неабіхевіярызм паміж стымуламі і рэакцыяй уключае т.зв. «прамежкавыя пераменныя» ў выглядзе заахвочванняў, мэт, установак і інш. элементаў свядомасці. Фрэйдызм звяртае ўвагу на залежнасць П. ад бессвядомай прыхільнасці; гештальтпсіхалогія — ад цэласных вобразаў успрымання. Гл. таксама Выхаванне, Дэвіянтныя паводзіны, Дзеянне сацыяльнае, Нормы, Сацыялізацыя.

Літ.:

Бобнева М.И. Социальные нормы и регуляция поведения. М., 1978;

Мисюк Н.С. Структура и коррекция поведения человека. Мн., 1980;

Рубинштейн С.Л. Основы общей психологии. [2 изд.] СПб. и др., 1999;

Чирков В.И. Самодетерминация и внутренняя мотивация поведения человека // Вопр. психологии. 1996. № 3.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 11, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАБУДО́ВА ў СССР у 1985—91,

тэрмін, які ўвайшоў у шырокі ўжытак з сярэдзіны 1980-х г. і абазначаў курс на рэфармаванне сац.-эканам. і паліт. сістэмы СССР. Пачата па ініцыятыве Ген. сакратара ЦК КПСС М.С.Гарбачова і яго бліжэйшых паплечнікаў. Асн. зместам П. абвяшчалася ўмацаванне сацыяліст. ладу праз дэмакратызацыю грамадскага жыцця («дэмакратычны сацыялізм») і радыкальную эканам. рэформу, якія знайшлі адлюстраванне ў матэрыялах студз. і чэрв. (1987) пленумаў ЦК КПСС, XIX Усесаюзнай парт. канферэнцыі (чэрв. 1988), XXVII і XXVIII з’ездаў КПСС. У выніку П. разам з пэўнымі зрухамі ў дэмакратызацыі грамадства адбылося абвастрэнне крызісу ў многіх сферах жыцця, узніклі міжнац. канфлікты ў шэрагу рэгіёнаў, КПСС і кіраўніцтва СССР паступова страчвалі кантроль за падзеямі ў саюзных рэспубліках, у т. л. ў Расіі. Да канца 1989 у асн. распалася сістэма краін сацыяліст. садружнасці, 6.11.1991 распушчана КПСС, да канца 1991 СССР спыніў існаванне. Былыя саюзныя рэспублікі сталі суверэннымі дзяржавамі, у т. л. БССР — Рэспублікай Беларусь; большасць з іх увайшлі ў Садружнасць Незалежных Дзяржаў. Гл. таксама Камуністычная партыя Савецкага Саюза і Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.

Літ.:

Гарбачоў М.С. Перабудова і новае мысленне для нашай краіны і для ўсяго свету Пер. з рус. Мн., 1988;

Хоскинг Дж. История Советского Союза, 1917—1991: Пер. с англ. 2 изд. М., 1995. С. 466—510.

т. 12, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГРА́МНАЕ КІРАВА́ННЕ,

кіраванне рэжымам работы аб’екта па загадзя зададзенай праграме, пры якім аб’ект праходзіць пэўную паслядоўнасць станаў у адпаведнасці з алгарытмам. Напр., рэалізацыя П.к. лятальным апаратам забяспечвае патрэбную траекторыю яго руху.

Сістэма П.к. мае праграмнае прыстасаванне і сістэму сачэння, якая ўзнаўляе праграму і пераўтварае яе ў кіравальныя сігналы. Адрозніваюць сістэмы П.к. з неперарыўным (аналагавым) запісам праграмы (у выглядзе капіраў, кулачкоў, шаблонаў і інш.) і з дыскрэтным запісам (перфакарты, перфастужкі, магнітныя стужкі і інш. запамінальныя прыстасаванні). Выкарыстоўваюцца таксама сістэмы з разамкнёным ланцугом уздзеяння і з адваротнай сувяззю (замкнёныя), якія функцыянуюць з адаптацыяй і аптымізацыяй, сістэмы прамога П.к. (з непасрэднай сувяззю ЭВМ і аб’екта) і высокім узроўнем аптымальнасці кіравання і саманавучання. Пашырана ў кіраванні тэхнал. працэсамі (змяненне фіз. і хім. параметраў, т-ры, ціску, канцэнтрацыі і інш.) і абсталяваннем (рух машын, механізмаў, трансп. сродкаў, металарэзных станкоў), у энергетыцы пры вывадзе на аптымальны рэжым работы розных агрэгатаў. На базе П.к. распрацаваны шматаперацыйныя станкі, робататэхн. комплексы машын і абсталявання з убудаванымі мікрапрацэсарнымі сродкамі і на іх аснове гібкія аўтаматызаваныя вытворчасці.

Літ.:

Ратмиров В.А. Управление станками гибких производственных систем. М., 1987;

Ильин О.П., Козловский К.И., Петренко Ю.Н. Системы программного управления производственными установками и робототехническими комплексами. Мн., 1988.

М.​А.​Ярмаш, М.​Л.​Савік.

т. 12, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНГАНІ́Я (ад грэч. syn разам + gonia вугал), крышталеграфічная сістэма,

сукупнасць крышталёў, элементарныя ячэйкі якіх характарызуюцца аднолькавымі сіметрыяй крышталёў і крышталеграфічнай сістэмай восей каардынат. Паводле суадносін паміж даўжынямі рэбраў (a, b, c) і вугламі (α, β, γ), ячэйкі адрозніваюць 7 С. (32 віды сіметрыі): кубічная (a=b=c, α=β=γ=90°), мае 5 відаў (груп, класаў) сіметрыі; тэтраганальная (а=b≠с, α=β=γ=90°), 7 відаў; гексаганальная (a=b≠c, α=β=90°, γ=120°), 7 відаў; трыганальная (a=b=c, α=β=γ≠90°), 5 відаў; рамбічная (a≠b≠c, α=β=γ=90°), 3 віды; манаклінная (a≠b≠c, α=γ=90°, β≠90°), 3 віды; трыклінная (a≠b≠c, α≠β≠γ≠90°), 2 віды сіметрыі. Часам вылучаюць 2 падсінганіі гексаганальнай С. — трыганальную і гексаганальную. С. групуюцца ў 3 катэгорыі: вышэйшая (кубічная), сярэдняя (тэтраганальная, гексаганальная, трыганальная) і ніжэйшая (рамбічная, манаклінная, трыклінная). Крышталі ніжэйшай катэгорыі найменш сіметрычныя, характарызуюцца некалькімі адзінкавымі напрамкамі (не менш за 3). сярэдняй — адным адзінкавым напрамкам, вышэйшай — найб. сіметрычныя, не маюць адзінкавых напрамкаў. З дапамогай С. вызначаюць мінералы і інш. крышт. рэчывы. Каля 38% мінералаў крышталізуюцца ў трыкліннай і манакліннай, 23% — у рамбічнай, 10% — у трыганальнай, 7,5% — у гексаганальнай, 9,5% — у тэтраганальнай, 12% — у кубічнай сінганіях.

В.​І.​Ярцаў.

т. 14, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУБ’Е́КТ (лац. subjectum),

філасофская катэгорыя, якая абазначае крыніцу актыўнасці, накіраваную на аб’ект, носьбіта прадметна-практычнай дзейнасці і пазнання (індывіда ці сац. групу). У гісторыі філасофіі тэрмін «С.» ужываўся ў розных сэнсах: як індывід. быццё і матэрыя (Арыстоцель), нешта рэальнае, што існуе ў рэчах, супрацьлеглае аб’екту, які існуе толькі ў інтэлекце (схаластыка) і інш. Сучаснае разуменне паняцця «С.». звязана з вучэннем Р.​Дэкарта, які разглядаў С. як актыўны пачатак у пазнавальным працэсе, што дазволіла ў далейшым вывучаць умовы, формы і суб’ектыўныя перадумовы гэтага працэсу. Прадстаўнікі ідэалізму крыніцу актыўнасці бачаць у самім С. Ў матэрыялізме С. разглядаецца як ізаляваны біял. індывід, які пасіўна адлюстроўвае навакольную рэчаіснасць. Дыялект. матэрыялізм тлумачыць С. як прадукт гіст. развіцця і звязвае яго актыўнасць з матэрыяльна-пераўтваральнай дзейнасцю (гл. Суб’ектыўны фактар у гісторыі). У сацыялогіі С. — грамадства як самапазнавальная сац. сістэма, у вузкім сэнсе — асобныя людзі, групы, калектывы, якія арганізуюць і ажыццяўляюць працэс пазнання навакольнага асяроддзя з мэтай яго аналізу і тлумачэння. У сацыялогіі і філасофіі С. разглядаецца ў арган. адзінстве з аб’ектам. С. служыць крыніцай актыўнага пераўтварэння аб’екта, і ў той жа час з ускладненнем аб’екта (сац. з’яў, працэсаў) істотна мяняецца і сам С.: пашыраюцца межы яго дзейснасці, характар і кірункі пазнання.

І.​В.​Катляроў.

т. 15, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУБКУЛЬТУ́РА (ад суб... + культура), падкультура,

паняцце, якое абазначае культуру пэўнай сац. групы, што адрозніваецца ўласнымі каштоўнасцямі, звычаямі і нормамі. Феномен С. з’яўляецца вынікам шматграннасці і складанасці культ. жыцця, неаднароднасці культуры і яе драблення ў працэсе дэмакратызацыі сацыякульт. рэальнасці. Праблему С. разглядаюць у некалькіх аспектах: як асобную арг-цыю людзей (найчасцей моладзі); як самаст. цэласнае ўтварэнне ўнутры афіц. культуры, якое вызначае стыль жыцця і мыслення яе носьбітаў і адрозніваецца сваімі звычаямі, нормамі, комплексам каштоўнасцей і інстытутамі; як сукупнасць негатыўных норм, каштоўнасцей і дзеянняў людзей, якія супярэчаць прынцыпам афіц. культуры (дэлінквентная культура); як трансфармаваная сістэма каштоўнасцей традыц. культуры, якая набыла своеасаблівую светапоглядную афарбоўку. Праблемамі С. займаліся О.​Шпенглер, Х.​Артэга-і-Гасет, А.​Тофлер, М.​Брэйк, А.​Моль, Э.​Шойх, Р.​Швентэр і інш. Адрозніваюць С. нац., рэліг., гендэрныя, узроставыя і прафес., афіц., неафіц. і інш. У залежнасці ад адносін С. да агульнапрынятых у грамадстве норм і каштоўнасцей вылучаюць пазітыўную і негатыўную (контркультура) С. Паняцце С. дапамагае зразумець умовы дынамікі і фактары дыферэнцыяцыі і інтэграцыі культ. працэсу, якія адбываюцца пад уздзеяннем закону адзінства і разнастайнасці культуры.

Літ.:

Журавлева Н.Б. Молодежная субкультура. Гродно, 1999;

Токова Н.Ю. Молодежная субкультура. Могилев, 2000;

Schivendter R. Teorie der Subkultur. Frankfurt am Main, 1976.

С.​М.​Зень.

т. 15, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУКВЕ́ЦЦЕ,

парастак (сістэма парасткаў), на якім знаходзяцца кветкі. Уласцівы большасці кветкавых раслін. Па ступені разгалінавання адрозніваюць С. простыя і складаныя. У залежнасці ад тыпу галінавання і парадку распускання кветак простыя С. падзяляюць на батрычныя (бакакветныя), або рацэмозныя (монападыяльнае галінаванне, распусканне кветак ад асновы да верхавінкі — галоўка, гронка, катах, каташок, колас, парасонік, шчыток), і цымозныя, верхакветныя (сімпадыяльнае галінаванне, распусканне кветак ад верхавінкі да асновы — просты плеяхазій, дыхазій і манахазій). Складаныя С. бываюць аднародныя (напр., складаная гронка, складаны колас), разнародныя (спалучэнне розных тыпаў С. у межах адной групы — батрычнай або цымознай — напр., мяцёлка з каласкоў, дыхазій з манахазіяў) і змяшаныя (камбінацыя батрычных і цымозных С., напр., плеяхазій з кошыкаў, парасонік з манахазіяў). Колькасць кветак у С. ад 1—3 (напр., у гароху) да некалькіх дзесяткаў тысяч (у некат. відаў агавы), даўж. — да 12 м (напр., у пальмаў роду каламус). Будова С. мае значэнне ў сістэматыцы раслін: яна адлюстроўвае кірункі эвалюцыі блізкіх у сістэм. адносінах груп.

Суквецці. Простыя: 1 — гронка (ландыш); 2 — шчыток (груша); 3 — колас (чараўнік); 4 — парасонік (першацвет); 5 — катах (капытнік); 6 — галоўка (канюшына); 7 — кошык (нівянік). Складаныя: 8 — падвойная гронка (крынічнік); 9 — падвойны складаны парасонік (морква); мяцёлкі: 10 — пірамідападобная (бэз), 11 — шчыткападобная (рабіна); 12 — цірс (залозніца); 13 — дыхазій (зоркаўка); 14 — манахазіі: 14а — звіліна (незабудка), 14б — завіток (святаяннік).

т. 15, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРЫ́ФЫ (ад франц. tarif),

сістэма ставак, па якіх спаганяецца плата за паслугі. Найб. пашыраны мытныя тарыфы, Т. транспартныя, сувязі, страхавыя, камунальныя.

Т. транспартныя — стаўкі, па якіх аплачваюцца перавозкі грузаў, пасажыраў, багажу і пошты, а таксама пагрузачна-разгрузачныя работы, паслугі партоў, аэрапортаў і інш. Адрозніваюць Т. чыгуначнага, аўтамабільнага, марскога. рачнога, паветранага, трубаправоднага транспарту. Асн. фактары, якія ўлічваюцца пры фарміраванні і дыферэнцыяцыі трансп. Т.: адлегласць і від перавозкі (гарадская, міжгародняя, унутр., міжнар., кабатажная і інш.); від і памер грузу (дробны, павагонны, кантэйнерны і інш.); геагр. раён перавозкі. На ўсіх відах транспарту прадугледжваецца шырокі набор спец., ільготных, дамоўленых Т., якія накіраваны на актывізацыю попыту і дзейнічаюць у залежнасці ад рыначнай кан’юнктуры і стану трансп. галіны. Т. сувязі — цэны за паслугі, якія прадпрыемствы сувязі аказваюць спажыўцам. Асн. фактары дыферэнцыяцыі Т. — адлегласць, працягласць паслуг, час сутак, ступень тэрміновасці і інш. Формы спагнання плацяжу: пагадзінная, арэндная, абанементная платы або іх камбінацыі. Т. страхавыя — стаўкі страхавога ўзносу з адзінкі страхавой сумы або аб’екта страхавання. Прызначаецца для выплачвання страхавой кампенсацыі. Велічыня Т. вызначаецца ў дагаворы на страхаванне па дамоўленасці бакоў. Т. камунальныя — стаўкі за карыстанне электраэнергіяй, газам, вадой і інш. Дыферэнцыруюцца ў залежнасці ад катэгорый спажыўцоў (насельніцтва, прам-сць і інш.), Т. за карыстанне шэрагам паслуг для насельніцтва ніжэйшыя, чым для ўстаноў.

т. 15, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРМАЛІЗА́ЦЫЯ,

спосаб адлюстравання зместу пэўнай сукупнасці ведаў шляхам выкарыстання складанай сістэмы правіл, ідэалізацый, абстракцый, прыёмаў і аперацый. Забяспечвае абстрагаванне ад канкрэтнага значэння паняццяў і зместу навук. тэорыі з мэтай выяўлення яе лагічных асаблівасцей і дэдуктыўных магчымасцей, наяўнасці супярэчнасцей ці іх адсутнасці. У матэматыцы і фармальнай логіцы, дзе Ф. найб. развіта, уяўляе сабой адлюстраванне зместу ведаў у выглядзе фармалізаванай мовы. Неабходнай умовай для стварэння такой мовы з’яўляецца выкарыстанне аксіяматычнага метаду. Тэорыя можа разглядацца як фармальная сістэма, калі разам з аксіяматызацыяй і дакладным вызначэннем лагічных сродкаў яе паняцці замяняюцца сімвалічнымі абазначэннямі. Вылучаюць 2 тыпы фармалізаваных тэорый: цалкам фармалізаваная (з нескладанай лагічнай структурай і невял. колькасцю паняццяў) і часткова фармалізаваная (са складанай лагічнай структурай і вял. колькасцю паняццяў). Неабходнасць у Ф. ў пэўнай навуцы ўзнікае на дастаткова высокім узроўні яе развіцця, калі лагічная сістэматызацыя і арганізацыя ведаў становіцца першараднай задачай. Ф. стымулюе рух пазнання, адкрывае магчымасці для фармулёўкі і пастаноўкі новых праблем і пошуку іх вырашэння, служыць адным са сродкаў стварэння праграм для ЭВМ і мадэліравання мыслення.

Літ.:

Черч А. Введение в математическую логику: Пер. с англ. Т. 1. М., 1960;

Клини С.К. Математическая логика: Пер. с англ. М., 1973;

Бартон В.И. Логика. Мн., 2001;

Тарский А. Введение в логику и методологию дедуктивных наук: Пер. с англ. М., 2001.

В.​М.​Пешкаў.

т. 16, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІНА́НСАВА-ПРАМЫСЛО́ВАЯ ГРУ́ПА,

таварыства, створанае ў выніку аб’яднання капіталаў прадпрыемстваў розных галін, банкаў і інш. крэдытна-фін. ін-таў, н.-д. цэнтраў шляхам акцыяніравання. Мае на мэце максімізацыю прыбыткаў, павышэнне эфектыўнасці вытв. і фін. аперацый, умацаванне канкурэнтаздольнасці на ўнутр. і знешнім рынках, усталяванне тэхнал. і кааператыўных сувязей, рост эканам. патэнцыялу ўдзельнікаў. Кіраванне ажыццяўляецца праз цэнтр. кампанію, якая можа быць юрыд. асобай або групай фіз. асоб — уласнікаў і вышэйшых менеджэраў. Эканам. асновай Ф.-п.г. з’яўляецца сістэма ўдзелу, якая дазваляе аб’ядноўваць пад кіраўніцтвам цэнтр. кампаніі значную колькасць фірмаў праз іх удзел у акц. капітале. Функцыі цэнтр. кампаніі: спалучэнне паслядоўных стадый узнаўленчага цыкла ў цэлым, у т. л. рух капіталу; фін. забеспячэнне дзейнасці структур, якія ў яго ўваходзяць; рэалізацыя ўзгодненай палітыкі выраўноўвання нормы прыбытку.

Па прыналежнасці капіталу і маштабах дзейнасці адрозніваюць Ф.-п.г.: нацыянальныя, капітал і маштаб дзейнасці якіх абмяжоўваецца рамкамі адной краіны; транснацыянальныя, што маюць шырокую сетку даччыных прадпрыемстваў за мяжой, але асн. доля капіталу належыць адной краіне; шматнацыянальныя, або глабальныя, капітал якіх належыць прадпрымальнікам розных краін, а іх дзейнасць ахоплівае ўвесь сусв. рынак. Ф.-п.г. ў Рэспубліцы Беларусь дзейнічаюць у адпаведнасці з цывільным кодэксам краіны і законам «Аб фінансава-прамысловых групах» ад 4.6.1999.

М.​Е.​Заяц, І.​П.​Заева.

т. 16, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)