АНТРАПАГЕНЕ́З (ад антра́па... + ...генез),

1) станаўленне чалавека як біял. віду ў працэсе фарміравання супольнасці — сацыягенезу.

2) Раздзел антрапалогіі, які вывучае гэту з’яву. Тэорыя антрапагенезу дае адказы на пытанні, дзе і пры якіх абставінах з’явіўся чалавек на Зямлі. Тэорыя эвалюцыі грунтуецца на выніках біял. і грамадскіх навук. Іх узаемадзеянне па пытанні ўзнікнення чалавека і яго развіцця склала паняцце «сінтэтычная тэорыя эвалюцыі». Факты, якія пацвярджаюць роднасныя сувязі чалавека і жывёл, падзяляюцца на прамыя (касцявыя рэшткі выкапнёвага чалавека, яго бліжэйшых продкаў і блізкія да іх формаў) і ўскосныя (параўнальна-анатамічныя, фізіялагічныя, біяхімічныя, генетычныя і інш.).

Асн. прынцыпы навук. тэорыі антрапагенезу (роднаснасць продкаў чалавека з чалавекападобнымі малпамі шымпанзэ, гарылай, арангутангам) абгрунтавалі ў канцы 19 ст. Ч.​Дарвін і Т.​Гекслі. Вывучэнне выкапнёвых рэшткаў паказала, што ў чалавека і ў сучасных малпаў былі агульныя продкі, якія засялялі Афрыку, Азію, часткова Еўропу больш за 20 млн. г. назад. У біял. эвалюцыі чалавека вылучаюць паслядоўныя стадыі: пераходных істот, або аўстралапітэкаў, якія з’явіліся каля 5 млн. г. назад; архантрапаў (жылі каля 1,5 млн. — 200—150 тыс. г. назад); палеаантрапаў (жылі больш за 100—35 тыс. г. назад); сучаснага чалавека (Homo sapiens; з’явіўся больш за 50 тыс. г. назад). Найб. важныя фактары антрапагенезу — прыстасаванне (адаптацыя) да зменлівых умоў навакольнага асяроддзя праз працоўную дзейнасць і пераход ад расліннай ежы да мясной. Гэтыя змены ў паводзінах былі выкліканы пагаршэннем умоў існавання ў ледавіковую эпоху.

Вылучаецца біял. адаптацыя, у ходзе якой мяняюцца марфалагічныя асаблівасці (прамахаджэнне і звязаная з ім зменлівасць верхніх і ніжніх канечнасцяў, будова таза і інш.), і адаптацыя паводзін, звязаных са зменай спосабаў жыцця (гл. Адаптацыя сацыяльная). Развіццё грамадства (сацыягенез) адбывалася разам з біял. эвалюцыяй чалавека. Першыя прылады працы з’явіліся больш за 2 млн. г. назад. Мова як сродак зносін людзей сфарміравалася на стадыі архантрапаў. На стадыі палеаантрапаў пачалі фарміравацца ідэалагічныя ўяўленні, якія працягваюць развівацца ў людзей больш позніх відаў, а таксама выявіліся культ. адрозненні — аснова сучасных этнічных асаблівасцяў.

Літ.:

Алексеев В.П. Становление человечества. М., 1984;

Тегако Л.И., Саливон И.И. Основы современной антропологии. Мн., 1989;

Фоули Р. Еще один неповторимый вид: Пер. с англ. М., 1990.

Л.​І.​Цягака.

т. 1, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІЯ РЭЛІГІ́ЙНЫЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ ЗА МЯЖО́Й,

рэлігійна-грамадскія аб’яднанні вернікаў-беларусаў у краінах Еўропы і Амерыкі. Узніклі ў канцы 1940 — пач. 1950-х г. Беларускае праваслаўнае аб’яднанне існавала з 5.5.1946 да канца 1940-х г. Створана ў г. Рэгенсбург (Германія) на з’ездзе правасл. беларусаў. Кіраўніцтва: М.​Лапіцкі, І.​Касяк, Т.​Шыбут, М.​Сяднёў, Н.​Арсеннева, з вер. 1947 архіепіскап Філафей, ініцыятар далучэння замежнай Бел. правасл. царквы да Рускай замежнай царквы. Выдавала час. «Звіняць званы Сьвятой Сафіі» (1946—47). Аб’яднанне праваслаўных беларусаў у ЗША. Засн. ў крас. 1950. Ініцыіравала з’езд правасл. беларусаў у Саўт-Рыверы 25.11.1950, на якім створаны Бел. грэка-правасл. царк. к-т у Амерыцы. Жыровіцкае праваслаўнае брацтва. Засн. ў 1948 у Германіі, выдавала час. «Сіла веры» (1948—65). Беларуска-амерыканскае каталіцкае таварыства. Засн. ў маі 1950 у Нью-Йорку. Кіраўнікі С.​Грынкевіч, В.​Пануцэвіч, А.​Попка, Б.​Даніловіч. Спрабавала стварыць у Нью-Йорку бел. каталіцкую парафію. Беларускае акадэмічнае каталіцкае аб’яднанне «Рунь» імя св. Аўгусціна. Створана ў кастр. 1949 у г. Лувен (Бельгія) на з’ездзе бел. каталіцкай інтэлігенцыі Вялікабрытаніі, Бельгіі, Германіі і Францыі. Пазней адкрыты аддзелы ў Італіі і ЗША. Удзельнічалі Ч.​Сіповіч, Л.​Гарошка, А.​Адамовіч, М.​Навумовіч, Ф.​Бартуль, А.​Надсон і інш. У 1950 увайшло ў міжнар. каталіцкую арг-цыю «Pax Romana», якая аб’ядноўвае нац. акадэмічныя і студэнцкія каталіцкія суполкі ўсяго свету. Дзейнасць аб’яднання па бел. эмігранцкім друку прасочваецца да канца 1960-х г. Беларускае евангельска-баптысцкае брацтва ў ЗША і Канадзе. Першы з’езд адбыўся ў 1973, друк. орган — бюлетэнь «Веснік Беларускага евангельска-баптысцкага брацтва» (выдаўцы Д.​Ясько і У.​Панцэвіч). Беларуская старакаталіцкая артадаксальная субажня. Існавала ў 1960-я г. ў Германіі, Бразіліі і Аргенціне, з 1960-х г. у ЗША і Канадзе. Кіраўнікі У.​Рыжы-Рыскі, В.​Матэйчык, Л.​Галубовіч.

Літ.:

Вініцкі А. Матар’ялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939—1951 гг. Лос Анжэлес;

Мн., 1994;

Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мн., 1993.

Л.​У.​Языковіч.

Да арт. Беларускія рэлігійныя арганізацыі за мяжой. Памятны Крыж Тысячагоддзя хрысціянства на Беларусі ў г. Мідленд (Канада).

т. 2, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРАКІ́ (Beta),

род адна-, двух- і шматгадовых травяністых раслін сям. лебядовых. 6 відаў (па іншых звестках 15). Пашыраны ў Зах. Еўропе, Міжземнамор’і, Зах. Азіі, Індыі, вырошчваюць таксама ў Паўн. і Паўд. Амерыцы, Паўн. Афрыцы, Аўстраліі. У культуры двухгадовыя віды: буракі лісцевыя, ці мангольд, і буракі звычайныя караняплодныя (B. vulgaris), да якіх належаць групы разнавіднасцей цукр., сталовых і кармавых буракоў. Пачалі спажываць карані буракоў у 3—1 ст. да н.э. У канцы 12 ст. з’явіліся ў культуры кармавыя формы, у 18—19 ст. — цукровыя. На Беларусі буракі ў культуры з 1830-х г.

У 1-ы год буракі ўтвараюць сакаўны мясісты караняплод з разеткай лісця, на 2-і даюць кветаносы і насенне. Сцябло травяністае, прамастойнае, галінастае, паяўляецца на 2-і год. Лісце буйное, гладкае або хвалістае, прыкаранёвае на доўгіх чаранках, сцябловае амаль сядзячае. Кветкі двухполыя, зялёныя ці белаватыя. Плады пры выспяванні зрастаюцца, утвараючы суплоддзі — клубочкі.

Сталовыя буракі (агароднінныя) культывуюцца ў 2 формах: сталовыя караняплодныя (больш пашыраныя) і буракі лісцевыя (мангольд). Караняплоды масай 0,4—0,9 кг, цёмна-чырвоныя, бардовыя, чырвона-фіялетавыя, багатыя цукрам (9—16%), бялком (1,8—3%), мінер. солямі, арган. к-тамі, клятчаткай, вітамінамі C, групы B, P, PP. Спажываюцца караняплоды і лісце вараныя, кансерваваныя, сушаныя. Лепшыя для іх глебы на Беларусі — акультураныя дзярнова-падзолістыя і тарфяна-балотныя. Раянаваныя сарты: Бардо 237, Холадаўстойлівыя 19, Пушкінскія К-18. Кармавыя буракі багатыя вугляводамі, мінер. солямі, вітамінамі. Караняплоды масай да 10—12 кг, жоўтыя, белыя, чырвоныя. Скормліваюцца ўсім відам жывёлы, пераважна малочным. Бацвінне ідзе на корм свежае і сіласаванае. Сеюць на акультураных тарфяніках, на сугліністых і супясчаных мінер. глебах з нейтральнай рэакцыяй глебавага раствору. Раянаваныя сарты: Бел. чырвоныя, Экендорфскія жоўтыя і інш. Цукровыя буракі — найважнейшая тэхн. культура — сыравіна для цукр. прам-сці. Маюць белыя караняплоды масай 400—500 г, багатыя цукрам (19—20%, макс. да 23%). Цепла- і святлолюбівыя, вельмі патрабавальныя да ўмоў жыўлення і вільгаці, асабліва ў перыяд фарміравання лісця і караняплода (ліп.жн.). Вырошчваюцца на добра ўгноеных сугліністых і супясчаных дзярнова-падзолістых глебах, на акультураных тарфяна-балотных. Бацвінне, жамерыны, патака ідуць на корм. Гл. таксама Буракаводства.

У.​П.​Пярэднеў.

Бурак сталовы.

т. 3, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ХАЎ,

горад у Беларусі, цэнтр Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.; прыстань на р. Дняпро. За 51 км ад Магілёва. Чыг. ст. на лініі Магілёў—Жлобін, аўтадарогамі злучаны з Магілёвам, Рагачовам і з аўтамагістралямі Магілёў—Гомель і Магілёў—Бабруйск. 20,7 тыс. ж. (1995). Прадпрыемствы харч. (Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод), лёгкай, металаапр. прам-сці, сац.-быт. абслугоўвання. Быхаўскі гісторыка-краязнаўчы музей.

Упершыню згадваецца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» у 1430. Узнік на месцы ўмацаванага гарадзішча. У 15—17 ст. належаў кн. Дз.​С.​Друцкаму-Зубравіцкаму, Гаштольдам, Жыгімонту I Старому, Хадкевічам, Сапегам. У канцы 16 ст. тут распачата буд-ва гар. умацаванняў і замка, засн. касцёл. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 адбыліся Быхава аблога 1654—55, Быхава абарона 1659, Быхава аблога 1660—61. У Паўночную вайну 1700—21 Быхаў — важны стратэгічны пункт, адбыліся Быхава аблога 1702 і Быхава абарона 1707. У 1755 у Быхаве 2522 ж. У 1772—96 і 1802—1923 цэнтр Быхаўскага павета Магілёўскай губ. У 1781 зацверджаны герб горада: на чырв. полі 2 скрыжаваныя чыгунныя гарматы. У 1796—1802 заштатны горад Беларускай губ. З 1831 дзярж. ўласнасць. У 1897 у Быхаве каля 6,4 тыс. ж. З 1924 цэнтр раёна. У 1939 — 11 тыс. ж. З 5.7.1941 да 28.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Быхаве і раёне 9158 чал. У 1970 — 17,4 тыс. ж. Першыя абарончыя збудаванні Быхава ўзніклі ў 14 ст., у пач. 17 ст. горад ператвораны ў магутную крэпасць. У сістэму яе ўмацаванняў увайшоў Быхаўскі замак, што стаў кампазіцыйным цэнтрам паселішча. Паводле генплана 1778 стараж. ўмацаваная ч. горада з замкам і гандл. плошчай перад ім захавана як цэнтр. планіровачнае ядро, вакол якога з Пн і Пд створаны новыя рэгулярныя раёны з сеткай амаль прамавугольных кварталаў. Помнікі архітэктуры — Быхаўская сінагога і Быхаўская Троіцкая царква. Брацкая магіла барацьбітоў за сав. ўладу, сав. воінаў і партызан.

В.​Л.​Насевіч, В.​М.​Удальцоў (гісторыя).

Быхаў. Вуліца Леніна.

т. 3, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́СКАЎ КРАІ́НА (баскскае Эўскады, ісп. Vascongadas),

Басконія, аўтаномная вобласць на Пн Іспаніі, у Кантабрыйскіх гарах, каля ўзбярэжжа Біскайскага зал. Пл. 7,3 тыс. км². Нас. 2,2 млн. чал. (1989), пераважна баскі, а таксама іспанцы. Уключае правінцыі Алава, Біская, Гіпускаа. Адм. ц.г. Віторыя.

Рэльеф горны і ўзгорысты. Ёсць радовішчы жал., свінцовых і цынкавых рудаў. Клімат умераны, марскі. Лясы шыракалістыя (бук, дуб, каштан). Цяжкая і здабыўная прам-сць. Развіты металургія (выплаўка чыгуну, сталі, каляровых металаў, вытв-сць пракату), металаапрацоўка і машынабудаванне (судна- і станкабудаванне, вытв-сць чыгуначнага і электраабсталявання, пад’ёмнікаў, узбраення). Ёсць хім. (вытв-сць кіслотаў, угнаенняў, пластмасаў, коксахімія), папяровая, цэм., харч. прам-сць. Гал. прамысл. цэнтры — Більбао і Сан-Себасцьян. У прыморскіх раёнах развіта жывёлагадоўля, на Пд — земляробства. Вінаградарства і вінаробства. Рыбалоўны промысел. Прыморскія курорты з цэнтрам у г. Сан-Себасцьян.

У 1 ст. да нашай эры — сярэдзіне 5 ст. нашай эры тэрыторыя, заселеная продкамі баскаў (прыкладна сучасная ісп. прав. Навара), намінальна знаходзілася пад уладай рымлян і атрымала ад іх назву Васконія. Пад націскам вестготаў каля 580 частка баскаў перасялілася ў Франкскую дзяржаву, дзе ўтварыла герцагства Гасконь. У час барацьбы супраць маўраў (гл. Рэканкіста) узнікла некалькі баскскіх графстваў, цэнтральным з якіх стала Навара (з 10 ст. каралеўства). У 11—15 ст. уладанні баскаў падпарадкаваліся Навары і Кастыліі, у канцы 15 — пач. 16 ст. ўвайшлі ў адзіную ісп. дзяржаву і да 1876 захоўвалі некаторую аўтаномію (гл. Фуэрас). Пасля перамогі ў Іспаніі Нар. фронту ў 1936 створаны аўт. раён, названы Краінай Баскаў (у 1939 з падзеннем рэспублікі і ўсталяваннем дыктатуры Ф.​Франка страціў сваё самакіраванне). З 1960-х г. у Іспаніі ўзмацніўся рух баскаў за аўтаномію, у т. л. тэрарыстычная дзейнасць падп. арг-цыі ЭТА (засн. ў 1959), у выніку якой у 1968—сярэдзіне 1995 загінулі каля 850 чал. Пасля падзення рэжыму Франка ў адпаведнасці з новай ісп. канстытуцыяй 1978 Баскаў краіна атрымала часовую, а са студз. 1980 пастаянную аўтаномію.

У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

т. 2, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДА́Д,

горад, сталіца Ірака. Адм. ц. мухафазы Багдад. Размешчаны на берагах р. Тыгр. 3,9 млн. ж. (1990). Трансп. вузел на перакрыжаванні шляхоў, якія звязваюць краіны Міжземнамор’я, Сярэдняга Усходу і Паўд. Азіі. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Багдад — эканам. і культ. цэнтр краіны. У горадзе каля чвэрці прамысл. прадпрыемстваў краіны: тэкст., гарбарныя, швейныя, цэм., хім., харчовыя, электратэхн. і фармацэўтычныя; у прыгарадзе — буйны нафтаперапр. з-д. Саматужная вытв-сць абутку, ювелірных вырабаў, харч. прадуктаў. 3 ун-ты. Акадэмія навук, Акадэмія прыгожых мастацтваў. Музеі: Іракскі; сучаснага мастацтва; этнаграфічны.

Засн. ў 762 халіфам Мансурам пад назвай Мадзінат ас-Салам (горад міру) і стаў сталіцай Абасідаў халіфата. У 9 ст. значны цэнтр араб. культуры, рамяства і транзітнага гандлю. У 10 ст. паступова страціў паліт. значэнне, але доўгі час заставаўся навук. цэнтрам; на пач. 13 ст. ў Багдадзе было больш за 30 бібліятэк. З 945 пад уладай Буідаў дзяржавы, з 1055 — Сельджукскай дзяржавы, у 1258 заваяваны манголамі, якія разбурылі і разрабавалі горад. У канцы 14 — пач. 15 ст. двойчы ўзяты Цімурам і разбураны. У 16—17 ст. Багдадам валодалі туркі, персы, зноў туркі. У 1638—1917 у складзе Асманскай імперыі. У 1917 заняты англ. войскамі, з 1920 адм. ц. брытанскай падмандатнай тэрыторыі. З 1921 сталіца Ірака.

Зберагліся помнікі архітэктуры: т.зв. палац Абасідаў (канец 12 — пач. 13 ст., рэстаўраваны ў 20 ст., з 1923 музей), маўзалей Зубайды (13 ст.), ансамбль медрэсэ Мустансірыя (1227—33, перабудаваны ў 1823, рэстаўраваны ў 20 ст.), мінарэт Сук аль-Газаль (1279), караван-сарай хан Марджан (1358—59, з 1937 Музей араб. старажытнасцяў), брама Баб аль-Вастані (1221, цяпер Музей зброі), маўзалей Мусы аль-Кадзіма (т.зв. «Залатая мячэць», 1515). Сучасны Багдад рэканструяваны. Гал. магістраль — вул. ар-Рашыд з сучаснымі будынкамі банкаў, магазінаў, атэляў; цэнтр. плошча — ат-Тахрыр з манументам «Рэвалюцыя 14 ліпеня» (1962). На праспекце Саадун — помнік Невядомаму салдату (1959), на Пд — Універсітэцкі гарадок, на зах. беразе Тыгра — парламент, палац ар-Рыхаб, будынкі ўрадавых устаноў, аэрапорт.

Да арт. Багдад. «Залатая мячэць».

т. 2, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖЫ́НСК,

горад абл. падпарадкавання ў Мінскай вобл., цэнтр Дзяржынскага р-на. На чыг. лініі (ст. Койданава) і аўтадарозе Мінск—Баранавічы. За 38 км ад Мінска. 24,6 тыс. ж. (1996).

Вядомы з 12 ст. як г. Крутагор’е. У 12—13 ст. пабудаваны Койданаўскі замак. У пісьмовых крыніцах упамінаецца з 1442 як г. Койданава (назва паходзіць ад імя паўлегендарнага татарскага военачальніка Койдана, які нібыта быў тут разбіты ў 13 ст. ці знаходзіўся на службе ў войску ВКЛ у 14 ст.). З 1483 належаў кн. В.​М.​Вярэйскаму. магнатам Гаштольдам, з 1539 — вял. кн. ВКЛ Жыгімонту I Старому. У 1550—1831 належаў Радзівілам. З 1831 дзярж. маёмасць. Быў буйным цэнтрам кальвінізму, у 17 ст. пабудаваны Койданаўскі кальвінскі збор. У 1588 мястэчка. З 1793 у Рас імперыі, цэнтр воласці Мінскага пав. У вайну 1812 каля Койданава адбылася Койданаўская бітва 1812. У 1871 праз мястэчка пракладзена чыгунка. У канцы 19 — пач. 20 ст. 2 вучылішчы, 2 яўр. школы, царква, касцёл, кальвінскі збор, сінагога, мясц. прамысловасць. У 1897—4744 ж. У 1899 пабудавана Койданаўская запалкавая фабрыка «Дружына». З 1924 цэнтр Койданаўскага раёна (у 1932—37 нац. польскі). У 1932 горад перайменаваны ў Дзяржынск. У 1937—39 у Мінскім р-не, потым цэнтр Дзяржынскага раёна. У Вял. Айч. вайну з 28.6.1941 да 7.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Дз. і раёне 17 606 чал., дзейнічала Дзяржынскае патрыятычнае падполле. У 1970—11,5 тыс. жыхароў.

Прам-сць: маш.-буд. і металаапр. (з-ды доследна-мех., эксперым.-мех., маторарамонтны і інш.), лёгкая (швейная і тэкст. ф-кі, ільнозавод) і харч. Дзейнічае Дзяржынскі гісторыка-краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры — касцёл апекі Божай (2-я пал. 18 ст.), Пакроўская царква (1851). Памятны знак у гонар 850-годдзя заснавання Крутагор’я—Койданава—Дз. (1996). Помнік у гонар вызвалення горада.

Брацкая магіла чырвонаармейцаў, брацкія могілкі сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Гарадзішча жал. веку, эпохі Кіеўскай Русі і позняга феадалізму.

А.​І.​Валахановіч (гісторыя).

Фрагмент забудовы горада Дзяржынск.

т. 6, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ЙСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,

помнік архітэктуры барока. Пабудаваны ў 1643—46 у г.п. Друя Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. па фундацыі падканцлера ВКЛ Казіміра Сапегі. Комплекс уключае касцёл, кляштарны корпус, браму з агароджай. Касцёл — мураваная 3-нефавая 1-вежавая базіліка. На гал. фасадзе тарцы бакавых нефаў закрыты невял. аб’ёмамі з пластычнымі валютамі над імі, тарцы цэнтр. нефа — масіўнай 4-яруснай чацверыковай вежай-званіцай, завершанай купалам (дабудавана ў 1772). Інтэр’ер аздоблены ордэрнай пластыкай, лепкай у тэхніцы стука. Скляпенні захавалі дэкор 17 ст. ў выглядзе ляпных геам. кесонаў. Галоўны 2-ярусны алтар у стылі позняга барока выкананы ў 1764—67, амбон і 4 бакавыя алтары з элементамі стылю ракако — у 1779. З Пн да касцёла прылягае 2-павярховы мураваны будынак кляштара, які ўтварае прамавугольны замкнёны двор, з 3 бакоў абкружаны калідорам. Ансамбль дапоўнены мураванай арачнай агароджай з брамай (пабудавана ў 1778).

З 1852 касцёл стаў прыхадскім. У 1923—29 у памяшканнях б. кляштара бернардзінцаў дзейнічаў кляштар айцоў марыянаў (засн. па ініцыятыве віленскага біскупа і генерала ордэна марыянаў Ю.​Матулевіча). У 1924 манахі-беларусы ордэна марыянаў арганізавалі школу (з 1930 гімназія імя Стафана Баторыя; у 1924—33 дырэктар А.​Цікота). Гімназія вылучалася дэмакр. традыцыямі. У ёй вучыліся будучыя гісторык В.​Ярмалковіч, пісьменнік Я.​Германовіч, мастак В.​Жаўняровіч, рэліг. дзеяч, заснавальнік б-кі імя Ф.​Скарыны ў Лондане Ч.​Сіповіч, д-р філасофіі Т.​Падзява і інш. Марыяне падтрымлівалі Бел. хрысціянскую дэмакратыю, садзейнічалі адкрыццю бел. друкарні імя Ф.​Скарыны ў Вільні, фінансавалі выданне бел. перыёдыкі і л-ры. З-за бел. накіраванасці да кляштара варожа ставіліся польскія свецкія і рэліг. ўлады. У канцы 1939 кляштар і гімназія зачынены сав. ўладамі. Некаторыя айцы марыяне знайшлі прытулак у лонданскім бел. марыянскім доме, заснаваным у 1964 ксяндзом Сіповічам.

Літ.:

Туронак Ю. Да гісторыі Друйскага Марыянскага манастыра // Браслаўскія чытанні. Браслаў, 1991;

Яго ж. Беларускія Марыяны ў Друі // Спадчына. 1991. № 5.

Т.​В.​Габрусь, К.​С.​Шыдлоўскі.

Друйскі кляштар бернардзінцаў. Галоўны фасад.

т. 6, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУХАВА́Я МУ́ЗЫКА,

разнавіднасць інструментальнай музыкі, прызначаная для выканання на духавых інструментах. Ахоплівае творы для асобных інструментаў, для ансамбляў і аркестраў. Вядома са старажытнасці. Яе вытокі звязаны з магічна-рытуальнымі абрадамі, ваен., паляўнічымі, пастухоўскімі і інш. сігналамі (гл. Сігнальная музыка). На працягу стагоддзяў складваліся маст. выразныя сродкі, жанры, формы Д.м. Яе асн. жанры: камерна-інструментальны (санаты, фантазіі, мініяцюры, трыо, квартэты і інш.), марш, папуры. У рэпертуары духавых аркестраў таксама розныя п’есы, уверцюры, часам сімфоніі (М.​Мяскоўскі, І.​Стравінскі), інструментоўкі сімф., балетнай, вак., народнай, а таксама аранжыроўкі і кампіляцыі эстраднай, танц. і джазавай музыкі.

На Беларусі выкарыстанне труб, рагоў, дудак у вайск., паляўнічым, прыдворным побыце і старажоўстве адлюстравана ў летапісных і літ. крыніцах («Песня пра зубра» М.​Гусоўскага, «Александрыя», «Пан Тадэвуш» А.​Міцкевіча), муз. антуражы арх. помнікаў стылю ракако, нац. геральдыцы. З 13 ст. музыка на духавых інструментах суправаджала выступленні скамарохаў. Пастухоўскія сігналы, песенныя, танц. імправізацыі і найгрышы на духавых інструментах (фуярка, чаратоўка, жалейка, дудка, дуда, флейта, кларнет) здаўна ўводзілі ў рэпертуар народных інстр. ансамбляў і аркестраў. Пра характар быт. музыкі 16—17 ст. у выкананні духавых інструментаў дае ўяўленне т.зв. «Полацкі сшытак». У канцы 17 — пач. 18 ст. выканальніцтва на духавых інструментах актыўна развівалася на Магілёўшчыне. У жанрах Д.м. працавалі І.Дабравольскі, Вус, Няльгоўскі і інш. У 2-й пал. 18 — пач. 20 ст. Д.м. Беларусі ўключала пераважна п’есы прыкладнога характару (маршы, бальныя танцы і інш.) і камерна-інстр. творы. У 1930—50-я г. асновы арыгінальнага бел. рэпертуару для духавога аркестра залажылі М.​Аладаў, Ю.​Бяльзацкі, Дз.​Лукас, П.​Падкавыраў, С.​Палонскі, М.​Чуркін, Я.​Цікоцкі. У 1960—90-я г. ў розных жанрах Д.м. прадавалі Л.​Абеліёвіч, У.​Алоўнікаў, А.​Багатыроў, У.​Буднік, Г.​Вагнер, В.​Войцік, Г.​Гарэлава, Я.​Глебаў, А.​Гураў, У.​Дамарацкі, Я.​Дзягцярык, Э.​Зарыцкі, Л.​Захлеўны, Э.​Казачкоў, С.​Картэс, А.​Клеванец, І.​Кузняцоў, І.​Лучанок, А.​Мдывані, У.​Палуэктаў, У.​Прохараў, Ю.​Семяняка, Дз.​Смольскі, Р.​Сурус, В.​Сярых, К.​Цесакоў, Л.​Шлег і інш.

Літ.:

Левин С.Я. Духовые инструменты в истории музыкальной культуры. Ч. 1—2. Л., 1973—83.

А.​Л.​Карацееў.

т. 6, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУЛА́Г, Галоўнае ўпраўленне папраўча-працоўных лагераў, працоўных пасяленняў і месцаў зняволення,

у СССР у 1934—56 падраздзяленне НКУС (МУС), якое ажыццяўляла кіраўніцтва сістэмай папраўча-працоўных лагераў (ППЛ). У 1934 створаны саюзна-рэсп. Наркамат унутр. спраў (НКУС), у склад якога ўключана Аб’яднанае дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне пры СНК СССР (АДПУ, пазней — Гал. ўпраўленне дзярж. бяспекі — ГУДБ). У канцы 1930 — пач. 40-х г. створана каля 15 спец. Гал. упраўленняў, якія мелі лагеры на месцах (Карагандзінскі — «Карлаг», Салавецкі — СЛОН, Беламорска-Балт., Варкуцінскі, Нарыльскі і інш.). Тэр. СССР умоўна была разбіта на 8 зон дыслакацыі тэр. упраўленняў з падначаленымі ім ППЛ, турмамі, этапамі, перасыльнымі пунктамі. Існавалі лагеры прымусовых работ, асобага прызначэння, катаржныя, спец., буд., лагерныя НДІ, а таксама папраўча-прац., выхаваўча-прац., дзіцячыя і інш. калоніі. Паводле афіц. статыстыкі на 1.3.1940 у ГУЛАГу было 53 лагеры, 425 папраўча-прац. калоній і 50 калоній для непаўналетніх дзяцей «ворагаў народа». У 1920—50-я г. праз ГУЛАГ прайшло каля 10 млн. чал., у т. л. каля 600 тыс. ураджэнцаў Беларусі. Паводле справаздачы НКУС СССР за 1934—37 у лагерах штогод у сярэднім памірала ад 20 да 28 тыс. чал., у 1938 памерла больш за 90 тыс., у 1941 — больш як 100 тыс. У 1942, паводле афіц. звестак, загінула 248 677 чал., у 1943 — 166 967 чал, у наступныя гады (да 1947 уключна) смяротнасць складала ад 18 да 60 тыс. чал. штогод. На Беларусі ў 1930-я г. было 15 турмаў і ізалятараў спец. прызначэння.

Пасля выхаду ў свет кн. А.​Салжаніцына «Архіпелаг ГУЛАГ» (1973), дзе ён паказаў сістэму масавых рэпрэсій у сав. дзяржаве, тэрмін «ГУЛАГ» стаў сінонімам лагераў і турмаў НКУС.

Літ.:

Росси Ж. Справочник по ГУЛАГу. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1991;

Адамушко В.И., Иванова Н.В. «Помилуйте...»: Документы по репрессиям 1939—41 гг. в Вилейской обл. Мн., 1992;

Касцюк М., Міхнюк У. Рэпрэсіі — самае цяжкае злачынства таталітарнага рэжыму // Крыжовы шлях. Мн., 1993;

Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 20—50-ых гг. на Беларусі. Мн., 1994;

Кузнецов И. Без грифа «секретно». Мн., 1997.

У.​І.​Адамушка, І.​М.​Кузняцоў.

т. 5, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)