легальная арганізацыя Камуніст. рабочай партыі Польшчы (КПРП), створаная ў жн. 1922 з мэтай удзелу ў выбарах у сейм і сенат. Пазбаўленая магчымасці выступаць адкрыта, КПРП стварыла легальную выбарчую арг-цыю «С.п.г. і в.», ЦК якой выклаў выбарчую праграму партыі ў адозве. У Зах. Беларусі выбарчыя к-ты саюза дзейнічалі ў Брэсце, Беластоку, Гродне, Вільні, Кобрыне, Лідзе. Яны ядналі вакол сябе рэв. актыў, наладжвалі мітынгі, сходы, распаўсюджвалі камуніст. л-ру. Нягледзячы на рэпрэсіі ўлад, арышты актывістаў, ануляванне ў многіх выбарчых акругах бюлетэняў і спісаў, за кандыдатаў «С.п.г. і в.» пададзена больш за 132 тыс. галасоў, з іх у Зах. Беларусі 23 тыс.; пасламі (дэпутатамі) сейма абраны камуністы С.Ланцуцкі і С.Крулікоўскі. Саюз існаваў да пач. 1925; у 1923, 1924 ён удзельнічаў у выбарах у гар. рады і праўленні бальнічных кас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СВЕ́ТАЧ»
(«Swietač»),
грамадска-палітычная газета ліберальна-асветніцкага кірунку. Выдавалася з 1(14).11 да 31.12.1916 (13.1.1917) у Петраградзе на бел. мове лацінкай штотыднёва. Рэдактар-выдавец Э.Будзька. Прызначалася для беларусаў-католікаў. Прапагандавала ідэі культ.-нац. адраджэння Беларусі з клерыкальна-каталіцкім ухілам. Выступала за пашырэнне кааперацыі, школ на роднай мове, газет, культ.-асв. гурткоў. Інфармавала пра падзеі 1-й сусв. вайны, дзейнасць Бел.т-ва ў Петраградзе па аказанні Дапамогі пацярпелым ад вайны, паведамляла пра бел. вечарынку, на якой ставіліся п’есы М.Крапіўніцкага «Па рэвізіі» і А.Валодзьскага «Як яны жаніліся». Друкавала творы А.Паўловіча, А.Зязюлі, высока цаніла творчасць Г.Сянкевіча, падкрэслівала, што ён выводзіў «свае тыпы з нашага краю». У арт. «Думкі да граматыкі» Будзькі (пад псеўд. Акцуб) адзначалася неўнармаванасць бел. мовы ў выданнях «Нашай нівы» і суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца», прапаноўваліся нормы правапісу. Выйшла 7 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТАСЛА́Ў О́ЛЬГАВІЧ (у хрышчэнні Мікалай; ? —15.2.1164),
князь чарнігаўскі. Сын Алега Святаславіча. У 1136 запрошаны ў Ноўгарад, дзе княжыў з перапынкамі да 1141. Ў 1142 меў нейкую воласць «около Гомья» (Гомеля). У 1146 яму належалі Курск, Ноўгарад-Северскі, Карачаў, Колцеск, Дзедаслаў, але ў тым жа годзе ён выгнаны з Чарнігаўскай і Северскай зямель. У 1147 увайшоў у саюз з Юрыем Далгарукім, з дапамогай яго войск заняў зямлю вяцічаў, пасля вярнуў свае ўладанні. Калі Юрый Далгарукі заняў Кіеў (1149), С.О. атрымаў ад яго «и Случеск, и Клеческ, и вси Дрегвиче» (Слуцк і Клецк з навакольнымі землямі), а каля 1155 — Мазыр. Паводле дагавора 1157 з вял. кіеўскім кн. Ізяславам Давыдавічам атрымаў Чарнігаўскую зямлю, а г. Ноўгарад-Северскі перадаў пляменніку Святаславу Усеваладавічу. Некат. час у яго землях знаходзіўся пазбаўлены ўладанняў полацкі кн.Рагвалод Барысавіч, якому С.О. у 1158 дапамог войскамі вярнуць свае землі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛЕ́ДЧЫ,
службовая асоба пракуратуры, органаў папярэдняга следства мін-ваўнутр. спраў, дзярж. бяспекі і фін. расследаванняў, якая ажыццяўляе папярэдняе следства. С. абавязаны прымаць усе меры да ўсебаковага, поўнага і аб’ектыўнага даследавання акалічнасцей крымін. справы, ажыццяўляць крымін. праследаванне асобы, у адносінах якой сабраны дастатковыя доказы аб учыненні ёю злачынства, шляхам прыцягнення яе ў якасці абвінавачанага, прад’яўлення абвінавачання, ужыванні ў адносінах да яе меры стрымання, перадачы яе справы пракурору для накіравання ў суд. С. таксама абавязаны прыняць меры па забеспячэнні бяспекі ўдзельнікаў крымін. працэсу і інш. асоб у адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства. Ён правамоцны ўзбуджаць крымін. справу ці адмаўляць у яе ўзбуджэнні, спыняць ці прыпыняць папярэдняе следства па крымін. справе, ажыццяўляць усе следчыя і інш. працэсуальныя дзеянні, прадугледжаныя законам. Пастановы С., вынесеныя ў адпаведнасці з патрабаваннямі закону, па крымін. справах, што знаходзяцца ў яго вядзенні, абавязковыя для выканання ўсімі юрыд. і службовымі асобамі і грамадзянамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАЛО́ВІЦКАЯ БІ́ТВА 1771 Адбылася 23.9.1771 каля мяст.Сталовічы паміж войскамі ВКЛ і Расіі ў час барацьбы Барскай канфедэрацыі супраць прысутнасці рас. войск у Рэчы Паспалітай. Вял. гетман ВКЛ М.К.Агінскі ў маі 1771 сабраў пад сваё камандаванне 2 тыс.чал. войска ВКЛ. 6.9.1771 каля в. Рудзькі Пінскай эканоміі ён разбіў рас. батальён з 500 салдат палкоўніка А.Албічава. 10.9.1771 у мяст. Хомск заклікаў разрозненыя сілы канфедэратаў аб’яднацца для абароны «веры, вольнасці і незалежнасці». Ліквідаваць гэты ачаг супраціўлення ўзяўся ген.-маёр А.В.Сувораў, які 12.9.1771 выступіў з-пад Любліна на чале 1 тыс. салдат з 8 гарматамі. Каля 2 гадз ночы 23.9.1771 атрад Суворава напаў на атрады Агінскага. У ходзе 8-гадзіннага бою Агінскі страціў 500 чал. забітымі і каля 300 палоннымі. Пасля паражэння ў бітве Агінскі выехаў за мяжу. С.б. стала апошнім арганізаваным супраціўленнем войска ВКЛ напярэдадні першага падзелу Рэчы Паспалітай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАХ,
1) у псіхалогіі — адмоўная эмоцыя, што ўзнікае ў выніку рэальнай або ўяўнай небяспекі, якая пагражае жыццю арганізма, асобе, яе каштоўнасцям (ідэалам, мэтам, прынцыпам і інш.). Сфарміраваныя рэакцыі С. з’яўляюцца адносна стойкімі і здольныя захавацца нават пры разуменні іх бессэнсоўнасці. Таму выхаванне ўстойлівасці да С. звычайна накіравана не на пазбаўленне ад яго, а на выпрацоўку ўменняў валодаць сабой пры наяўнасці С. Неафрэйдызм разглядае С. як гал. крыніцу неўрозу.
2) Адно з асн. паняццяў экзістэнцыялізму. Уведзена С.К’еркегорам, які вылучаў звычайны «эмпірычны» С.-боязь, выкліканы канкрэтным прадметам ці абставінамі, і нявызначаны, неўсвядомлены С.-тугу — метафізічны С., які невядомы жывёлам, прадметам якога з’яўляецца нішто; ён абумоўлены тым, што чалавек смяротны і ведае пра гэта. У М.Хайдэгера С. адкрывае перад «экзістэнцыяй» яе апошнюю магчымасць — смерць. Метафізічны, экзістэнцыяльны С. Ж.П.Сартр тлумачыць як С. перад самім сабой, перад сваёй магчымасцю і свабодай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАМПЛІЕ́РЫ (франц. templiers ад temple храм), храмоўнікі,
ваенна-манаскі ордэн, заснаваны ў 1119 у Іерусаліме франц. рыцарамі. Назва ад месцазнаходжання першапачатковай рэзідэнцыі паблізу месца, дзе, паводле падання, знаходзіўся храм Саламона. Ордэн Т. засн. для абароны паломнікаў заваяваных крыжаносцамі краін ад мусульман. Дзякуючы ахвяраванням вернікаў, занятку гандлем і ліхвярствам, ён ператварыўся ў буйнейшага феадала і банкіра Б. Усходу і Зах. Еўропы. У 13 ст. колькасць рыцараў дасягнула 15 тыс. Папства неаднаразова выкарыстоўвала Т. у барацьбе з ерасямі і нар. паўстаннямі. Пасля правалу крыжовых паходаў Т. асталяваліся ў Еўропе, пераважна ў Францыі. Франц. кароль Філіп IV Прыгожы баяўся росту магутнасці Т., імкнуўся завалодаць багаццем ордэна, таму ў 1307 дамогся арышту Т. і ўзбудзіў супраць іх інквізіцыйны працэс. У 1310 рыцары абвінавачаны ў маніхействе і на чале з магістрам спалены на агні, а маёмасць ордэна перайшла ў каралеўскую казну. У 1312 папа Клімент V скасаваў ордэн Т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАІ́СТЫ САЮ́З 1882 (ням. Dreibund),
ваенна-паліт. блок Германіі, Аўстра-Венгрыі і Італіі, які існаваў да 1 -й сусв. вайны. Склаўся на аснове аўстра-германскага дагавора 1879. Аформлены сакрэтным пагадненнем аб абароне (падпісаны 20.5.1882 у Вене на 5 гадоў) паміж Аўстра-Венгрыяй, Герм. імперыяй і Італіяй. Прадугледжваў узаемную ваен. падтрымку бакоў у выпадку магчымага нападу на адзін з іх Францыі ці Расіі, абавязацельствы не ўдзельнічаць у саюзах, скіраваных супраць аднаго з удзельнікаў дагавора, і інш. Быў важным элементам у сістэме знешнепаліт. саюзаў О. фон Бісмарка. У 1887 і 1891 дагавор прадоўжаны і дапоўнены палажэннямі на карысць Італіі. У процівагу яму ў 1904—07 утварылася Антанта. Т.с. часткова страціў значэнне пасля заключэння ў 1902 італа-франц. дагавора аб нейтралітэце, канчаткова ён распаўся на пач. 1-й сусв. вайны, калі Італія абвясціла свой нейтралітэт (1914), а потым уступіла ў вайну на баку Антанты (1915).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАЎЧАВА́ДЗЕ Ілья Рыгоравіч (8.11.1837, с. Кварэлі, Грузія — 12.9.1907),
грузінскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1857—61). Працаваў суддзёй і інш., быў старшынёй Т-ва пашырэння пісьменнасці сярод грузін, праўлення Груз.драм.т-ва. Чл.Дзярж. савета (1906). Адзін з заснавальнікаў (з А.Цэрэтэлі) груз.рэв.-дэмакр. плыні 1860—70-х г. «Цергдалеўлебі». Літ. дзейнасць з 1857. Паэзія Ч. прасякнута гуманіст. матывамі, грамадз. пафасам. Пісаў вершы-замалёўкі роднай прыроды. У паэме «Пустэльнік» (1883) тэма грамадз. служэння. Саслоўна-класавыя супярэчнасці груз. грамадства ў паэмах «Здань» (1859, апубл. 1872—73), «Некалькі малюнкаў, або Выпадак з жыцця разбойніка» («Разбойнік Како», 1860), аповесцях «Ці ж ён чалавек?» (1859—63), «Апавяданне жабрака» (1859, апубл. 1873). Аповесць «Атарава ўдава» (1887) пра жыццё вёскі пасля адмены прыгоннага права. На бел. мову асобныя яго творы пераклаў Х.Жычка.