СКАВАРАДА́ (Рыгор Савіч) (3.12.1722, г.п. Чарнухі Палтаўскай вобл., Украіна — 9.11.1794),
украінскі філосаф, пісьменнік і педагог. У 1734—41, 1744—45, 1751—53 вучыўся ў Кіева-Магілянскай духоўнай акадэміі (яго настаўнікам па філасофіі быў Е.Каніскі). У 1745—50 у складзе пасольскіх місій быў у Венгрыі, Аўстрыі, Рэчы Паспалітай і інш. У 1750—51 выкладаў у Пераяслаўскім, у 1759—69 — у Харкаўскім калегіумах. У далейшым вандраваў па Украіне як філосаф-прапаведнік. У цэнтры яго філасофіі, выкладзенай у трактатах, дыялогах і прытчах, — канцэпцыя бачнай (матэрыя) і нябачнай (Бог) натур. Паводле С., боскі пачатак патаемна прысутнічае ва ўсёй прыродзе, і гал. задача чалавека — спасціжэнне нябачнай прыроды праз бачную («Пачатковыя дзверы да хрысціянскай дабрачыннасці», 1766—80). Лічыў, што ў кожнай асобе закладзена боская прырода, усведамленне Бога адбываецца праз самапазнанне («Наркіс», канец 1760-х г). Адрозніваў першае нараджэнне чалавека (фізічнае) і другое (духоўнае), калі чалавек атрымлівае сапраўдную свабоду праз спасціжэнне боскай сутнасці. Сусвет падзяляў на 3 часткі: макракосм (прырода), мікракосм (чалавек) і сімвалічны свет (Біблія). Лічыў, што асн. сродкам увядзення чалавека ў духоўны свет з’яўляецца сімвал («Дыялог. Імя яму — Патоп змеяў», канец 1780-х г.), што хрысціянства і ант. культура маюць агульную духоўную аснову. Сац. погляды С. грунтуюцца на ідэі прызначэння Богам кожнага чалавека да пэўнага віду дзейнасці (земляробства, вайсковай справы, багаслоўя). Пед. канцэпцыя С. заснавана на ідэі выхавання дзіцяці ў адпаведнасці з яго асабістай прыродай. Лічыў, што выхаванне павінна пачынацца яшчэ да фіз. нараджэння чалавека. Літ. творчасць С. эмацыянальна-вобразна адлюстроўвае яго філас. ідэі. Яго паэзія спалучае пафаснасць, манументалізм і лірычнасць, творчае пераасэнсаванне біблейскіх матываў і нар. песеннай культуры (цыкл «Сад божых песень, прарослых з зярнят Свяшчэннага Пісання», 1753—85). Развіваў жанр празаічнай байкі, дзе ў сатырычна-алегарычнай форме крытыкаваў грамадскія заганы, ухіленне чалавека ад духоўнай культуры (цыкл «Байкі харкаўскія», 2-я пал. 1760-х г. — 1774). Ідэі С. паўплывалі на развіццё ўсх.-слав.рэліг. філасофіі і л-ры.
Тв.:
Рус.пер. — Избранное: Песни, басни, притчи. М., 1972;
Соч.Т. 1—2. М., 1973;
Соч.Мн., 1999.
Літ.:
Барабаш Ю.Я. «Знаю человека...»: Григорий Сковорода. Поэзия. Философия. Жизнь. М., 1989;
Гарин И. Сковорода // Гарин И. Пророки и поэты. М., 1994. Т. 3;
Кравец В.В. Разговор о Сковороде: С приложением хрестоматии по сковородоведению. Київ, 2000;
Эрн В. Г.Сковорода: Жизнь и учение // Эрн В. Борьба за логос;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯСТЭ́ЧКА,
населены пункт, які адрозніваўся ад горада меншай колькасцю насельніцтва, адсутнасцю абарончых збудаванняў, агр. рысамі, ад сяла і вёскі — наяўнасцю гандлю і рамяства як сталых заняткаў часткі жыхароў. На Беларусі актыўна ўзнікалі з 14 ст. каля месцаў традыц. кірмашоў, на бойкіх гандл. скрыжаваннях, у вял. сёлах і вёсках (каралеўскія таргі). У 15—16 ст. на тэр. Беларусі было больш за 200 М., з іх каля 70 у Панямонні, больш за 40 у цэнтр. рэгіёне і Паазер’і, больш за 30 у Падняпроўі і прыкладна столькі ж на Палессі. Пэўны час падаткі ад местачковага гандлю ішлі выключна на карысць казны. Феадалам забаранялася ствараць прыватнаўладальніцкія таргі без дазволу вял. князя ці караля, праводзіць прыватнаўладальніцкія кірмашы бліжэй чым за тры мілі ад каралеўскіх М. У 1588 шляхта дамаглася скасавання абмежаванняў і забароны буд-ва прыватнаўладальніцкіх таргоў у М. Жыхары, якія вырашылі сяліцца ў М., вызваляліся на некалькі гадоў ад натуральных і грашовых падаткаў. Некат. М. будаваліся каля замкаў ці ствараліся разам з імі (Іказнь, 1504; Дзісна, 1566). Многія ўзнікалі каля кляштараў і вял. прыходаў (Жыровічы, 1643). З часу скасавання абмежаванняў у 16 ст. ў М. пачалі пераўтварацца вял. сёлы і вёскі (Моталь, 1554; Дзівін, 1566; Станькава, 1585, і інш.). Найб. хутка раслі М. на буйных шляхах і скрыжаваннях дарог, каля перапраў і прыстаней (Нача, Барань, Старобін, Стары Свержань, Свіслач, Петрыкаў і інш.). У абавязкі местачкоўцаў уваходзілі нагляд за дарогамі, будаўніцтва корчмаў і заезных дамоў. У 16—18 ст. на Беларусі было ўжо каля 400 М. На чале адміністрацыі М. стаяў войт. М. падзяляліся паводле прыналежнасці (дзярж., прыватнаўласніцкай, царк.), ландшафтнай прывязкі (берагавыя, сухадольныя, балотныя). Магнаты і заможныя паны стваралі свае М. побач з замкамі, палацамі, сядзібамі (Шчучын, Паставы, Варняны, Лужкі і інш.). Ва ўзнікненні М. пэўную ролю адыгрывала наяўнасць прамысл. і інш. аб’ектаў.
Планіровачную структуру вызначалі асн.гандл. шляхі (вуліцы-дарогі). Звычайна на іх перасячэнні стваралася гандлёвая плошча, дзе будавалі гандлёвыя рады, крамы, корчмы, аўстэрыі, у М., якія мелі магдэбургскае права, — ратушы, важніцы (напр., Койданава, цяпер г. Дзяржынск, в. Цімкавічы Капыльскага р-на, г. Клецк Мінскай вобл., г.п.Вял. Бераставіца Гродзенскай вобл.). У цэнтр. частцы М., дзе сяліліся рамеснікі і гандляры, жылыя дамы злучаліся з крамамі і майстэрнямі, часам уключалі ў свой аб’ём шынкі. Пад жыллё шырока выкарыстоўвалі мезаніны і мансарды. Асн.дэкар. элементы аздаблення жылых дамоў — высокі ашаляваны франтон, часам складанай формы, і падчэні пры ўваходзе. Перыферыйныя часткі М. займалі сядзібы сельскага тыпу. М., утвораныя магнатамі і заможнымі панамі побач з замкамі, палацамі, сядзібамі (гарады Шчучын Гродзенскай вобл., Паставы, в. Лужкі Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.), мелі 2 кампазіцыйныя ядры: ансамбль забудовы плошчы і ансамбль палацава-замкавага комплексу. У асобных выпадках абодва цэнтры зліваліся (Лужкі, Паставы). У пач. 19 ст. для многіх М. распрацоўваліся т.зв. ўзорныя планы [напр., гарады Быхаў, Клімавічы, Крычаў, Прапойск (цяпер г. Слаўгарад), Чавусы Магілёўскай вобл., Маладзечна, Вілейка Мінскай вобл., Сянно Віцебскай вобл. і інш.], паводле якіх забудова арганізоўвалася квартальным прынцыпам. Найб. развітую планіровачную структуру на У Беларусі мелі М., што раней былі пав. цэнтрамі (гарады Быхаў, Горкі, Чавусы Магілёўскай вобл., Рагачоў Гомельскай вобл.) ці т.зв. пазаштатнымі гарадамі (гарады Бялынічы, Крычаў, Мсціслаў Магілёўскай вобл.). Астатнія М. Падняпроўя захоўвалі традыц. вясковае аблічча, нярэдка з адной вуліцай. Заходнебел. М. вызначаліся больш развітым цэнтрам, які ўтваралі брукаваная плошча з гандл. радамі, царква ці касцёл, карчма, валасная ўправа (гміна). Непадалёку маглі размяшчацца сінагога, часам — мячэць, пажарная служба з дазорнай вежай. Дамы-крамы ставілі па перыметры плошчы і на асн. вуліцах надзвычай шчыльна, дах да даху. Будынкі часцей былі драўляна-каменныя (фахверкавыя, 15—18 ст.), з мураваным 1-м паверхам (сутарэннем) ці поўнасцю мураваныя (в. Гальшаны Ашмянскага р-на, г.п. Дзятлава, Іўе, Любча, г. Навагрудак Гродзенскай вобл.). Шырока выкарыстоўваліся ўзорныя праекты местачковых дамоў (Варняны, Дзятлава, Іўе, Паставы). У структуры М. зах. рэгіёнаў пэўную ролю адыгрывалі мясц. прадпрыемствы: валюшні, крупадзёркі, млыны, бровары, суднабуд. верфі. Гэта найб. характэрна для М. Радзівілаў (г.п. Урэчча Любанскага р-на Мінскай вобл., Целяханы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.), Сапегаў (г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.). На працягу 20 ст. ў М. адбыліся пэўныя арх.-планіровачныя пераўтварэнні. У тых, што сталі раённымі цэнтрамі, рэканструяваны (зах. рэгіёны) ці зноў створаны (усх. рэгіёны) плошчы, дзе важнае месца занялі адм. будынкі, дамы культуры, рэстаран, гасцініца, універсальныя магазіны. У заходнебел. М. пад новыя патрэбы часам прыстасоўваліся і старыя збудаванні: гандл. рады ў Іўі, Навагрудку, Пружанах — пад магазіны, дамы-крамы ў Ваўкавыску, Іўі Гродзенскай вобл., Валожыне, Нясвіжы, Ракаве Мінскай вобл. — пад майстэрні, пункты харчавання, невял. гандл. пункты. Развіццё былых М. вядзецца паводле індывід. праектаў. Добраўпарадкоўваюцца плошчы, ствараюцца кветнікі і скверы, ставяцца помнікі. Жылая забудова прадстаўлена секцыйнымі 2—5-павярховымі дамамі. У канцы 19 ст. ў М. жыло каля 150 тыс.чал. У 1920—30-я г. многія М. БССР пераўтвораны ў гарады і гар. пасёлкі, астатнія — у вёскі. У Зах. Беларусі М. існавалі да 1939.
Літ.:
Лакотка А.І. Дойлідства. Мн., 1997 (Беларусы;
Т. 2);
Яго ж. Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. Мн., 1999.
А.І.Лакотка.
Да арт.Мястэчка. Маладзечна. Рынак. Пач. 20 ст.Да арт.Мястэчка. Гандлёвая плошча ў Клецку (Мінская вобл.). 1930-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТА (ням. Rakete ад італьян. rocchetta шпуля, верацяно),
лятальны апарат, які рухаецца ад дзеяння рэактыўнай цягі. Можа рухацца і ў беспаветранай прасторы, што дае магчымасць выкарыстоўваць Р. для палётаў у космас. Бываюць адна- і шматступеньчатыя ракеты, кіравальныя (маюць сістэму кіравання, якая забяспечвае палёт па зададзенай траекторыі, напр., балістычныя ракеты) і некіравальныя (звычайна баявыя тактычныя Р. з далёкасцю палёту да дзесяткаў кіламетраў). Выкарыстоўваюцца ў ваен. справе (ракетная зброя), для навук. (напр., «Космас»), геафіз. (напр., «Вертыкаль») і метэаралаг. даследаванняў, а таксама для запуску касмічных апаратаў (гл.Ракета-носьбіт).
Асн. часткі Р.: корпус з адсекамі (злучае ўсе часткі Р. ў адзіную канструкцыю), адзін або некалькі ракетных рухавікоў, ёмістасці з ракетным палівам (запас рабочага цела), карысны груз (баявая частка, касм. апарат, метэапрылады), сістэма кіравання (на кіравальных Р.). Канструкцыя Р. залежыць ад яе прызначэння і тыпу выкарыстаных рухавікоў. Асн. тып рухавіка для Р.-носьбіта — вадкасны ракетны рухавік, для большасці баявых, метэаралаг. і геафіз. Р. — цвердапаліўны ракетны рухавік. На многіх Р. устанаўліваюць спец. разгонныя або стартавыя рухавікі (звычайна цвердапаліўныя). Органы кіравання — аэрадынамічныя (напр., паветраныя рулі, інтэрцэптары, элероны), газадынамічныя (газаструменныя рулі, паваротныя камеры і соплы, дэфлектары) і камбінаваныя; забяспечваюць дынамічную стабілізацыю Р., кіраванне ёю на ўсёй траекторыі ці на яе асобных участках. Некіравальныя Р. стабілізуюцца ў палёце хваставым апярэннем або вярчэннем вакол падоўжнай восі. Запускаюцца з пускавых установак, у т. л. шахтавага тыпу, караблёў, падводных лодак, самалётаў, верталётаў, касм. — са стартавага комплексу касмадрома. Састаўныя (шматступеньчатыя) Р. складаюцца з 2—4 ракетных ступеняў, размешчаных паслядоўна ці па т.зв. пакетнай схеме. На 1-м этапе актыўнага ўчастка дзейнічае І-я ступень, разгон працягвае 2-я і г.д.Асн. характарыстыкі Р.: сіла цягі рухавіка (да 10 МН) і скорасць выцякання рэактыўнага струменя (3000—4500 м/с). Стартавая маса ад некалькіх кілаграм да некалькіх тысяч тон. Баявыя Р. бываюць: стратэгічныя, аператыўна-тактычныя, тактычныя; блізкага дзеяння, сярэдняй і вял. далёкасці (міжкантынентальныя); класаў «зямля—зямля», «зямля—паветра», «паветра—паветра», «паветра—зямля», «паветра—карабель», «карабель—зямля» і інш. Уваходзяць у наземныя, авіяц. і карабельныя ракетныя комплексы. Р. класа «зямля—паветра» — асн. зброя войск ППА (гл.Зенітны ракетны комплекс). Высокадакладным дальнабойным сродкам паветранага нападзення з’яўляецца крылатая ракета (ляціць больш за 2,6 тыс.км на выш. каля 30—100 м).
Вынайдзена ў Кітаі пасля адкрыцця пораху (каля 10 ст.); першае ўпамінанне пра Р. (трубкі з порахам) адносяцца да 1232. У Еўропе звесткі пра парахавыя Р. з’явіліся ў 13 ст., у канцы 14 — пач. 16 ст. існавала некалькі тыпаў Р. (рухаліся вертыкальна, па паверхні вады, па канаце). З канца 14 ст. сталі выкарыстоўвацца для феерверкаў (уяўлялі сабой кардонную гільзу з карысным грузам — зорачкамі ў верхняй частцы і порахам у ніжняй). Найб. раннія звесткі пра выкарыстанне Р. на Украіне адносяцца да 1516. У сярэдзіне 17 ст. лепшым ракетчыкам Еўропы лічыўся бел. інжынер і вучоны К.Семяновіч, які апісаў (1650) розныя канструкцыі ракет, абгрунтаваў ідэю шматступеньчатай Р. і ракетных батарэй. Звесткі пра Р. ў Расіі адносяцца да 1675, у 1680-я г. створана маск. Ракетнае прадпрыемства. Даследаванні па розных тыпах Р. у канцы 18 ст. правялі франц. інжынеры. У пач. 19 ст.англ. канструктар У.Конгрыў абагульніў вопыт ракетабудавання, правёў шэраг навук. даследаванняў у галіне ракетнай тэхнікі, распрацаваў новыя тыпы парахавых Р. (выратавальныя, гарпунныя, са стартавай масай да 450 кг і далёкасцю палёту больш за 3 км). Р. як зброя пашырылася ў многіх краінах Еўропы. З канца 1920-х г. распрацоўку вадкасных Р. і ракетных рухавікоў у СССР пачалі ў Газадынамічнай лабараторыі, Рэактыўным НДІ і Групе па вывучэнні рэактыўнага руху. У пач. 1940-х г. у Германіі створана Р. Фау-2 (з 1944 выкарыстоўвалася для абстрэлу Вялікабрытаніі). У 1948 у ЗША адбыўся запуск 2-ступеньчатай вадкаснай Р. «Бампер» (1-й яе ступенню была дапрацаваная Р. Фау-2). У 2-й пал. 1950-х г. адбыўся пераход ад адна- да шматступеньчатых Р. (у СССР Р-7), з дапамогай якіх пачаліся даследаванні касм. прасторы (гл.Касманаўтыка). У Расіі і СССР развіццё Р. звязана з імёнамі А.Дз.Засядка, К.А.Шыльдэра, К.І.Канстанцінава, М.І.Кібальчыча, К.Э.Цыялкоўскага, Ф.А.Цандэра, А.І.Шаргея (Ю.В.Кандрацюк), С.А.Косберга, С.П.Каралёва, В.П.Глушко і інш. Значны ўклад у развіццё ракетабудавання зрабілі інжынеры і вучоныя Г.Гансвінт (Германія), Р.Эно-Пельтры (Францыя), Р.Годард (ЗША), Г.Оберт і І.Вінклер (Германія), В. фон Браўн (Германія, ЗША).
Літ.:
Ляпунов Б.В. Ракета. 2 изд. М., 1960;
Золин Б.И., Савин Н.В. Основы теории и конструкции ракет. М., 1971;
Киселев С.П. Физические основы аэродинамики ракет. М., 1976;
Князьков В.С., Рожков В.В. Боевые ракеты. М., 1977;
Колесников К.С. Динамика ракет. М., 1980;
Феодосьев В.И. Основы техники ракетного полета. 2 изд. М., 1981;
Бельск і А.М., Ткачоў М.А. Вялікае мастацтва артылерыі: Казімір Семяновіч. Мн., 1992.
У.С.Ларыёнаў, У.М.Сацута.
Схемы ракет: а, б — аднаступеньчатых на цвёрдым і вадкім паліве (1 — баявая частка, 2 — сістэма кіравання, 3 і 5 — бакі акісляльніку і паліва, 4 — цвёрдае паліва, 6 — турбіна, 7 — камера згарання, 8 — стабілізатар); в — двухступеньчатай з папярочным дзяленнем (1 — карысны груз, 2 — пераходная ферма, РА — рухальны адсек, ПА — паліўны адсек); г — шматступеньчатай з пакетным размяшчэннем ступеняў (1 — баявая частка, 2 — сістэма кіравання, 3 — паліўныя бакі, 4 — ракетныя рухавікі); д — стратэгічнай сярэдняй далёкасці (1 — галоўка саманавядзення, 2 — баявая частка, 3 — электроннае абсталяванне, 4 — маршавы рухавік, 5 — крыло, 6 — аэрадынамічныя рулі).
1. Паказвае на асобу ці прадмет, аддаленыя ў прасторы ці часе.
Той лес.
На тым тыдні.
2. Паказвае на прадмет ці асобу, што вылучаюцца з ліку іншых.
Вазьмі тую кніжку, якую яшчэ не чытаў.
3. Паказвае на які-н. прадмет, асобу, пра якія гаварылася раней.
Прыйшла тая жанчына, якую мы чакалі.
4. Паказвае на вядомую ўжо асобу ці прадмет.
Добры скрыпач быў той Мікола.
5. Іменна ён, не іншы, гэты ж самы (звычайна ў спалучэннях «той жа», «той самы», «той жа самы»).
Ехалі ў тым жа вагоне.
6.у знач.наз.то́е, таго́, н. Паказвае на якія-н. акалічнасці, падзеі, дзеянні і пад., пра якія ўжо ішла размова.
Яны выканалі і маю норму, а я таму і рады.
7.Ужыв. як суадноснае слова ў галоўнай частцы складаназалежных сказаў з даданымі дапаўняльнымі.
Думы, мары мае!
Ганаруся я той, што навек заўладала сэрцам маім.
8. Уваходзіць у склад:
а) складаных злучнікаў «дзякуючы таму што», «з прычыны таго што», «для таго што», «да тых пор пакуль», «за тое што» «у той час як», «нягледзячы на тое што», «пасля таго калі», «перад тым як», «тым больш што» і інш.;
б) словазлучэнняў, звычайна пабочнага характару, якія звязваюць розныя часткі выказвання: «апрача таго», «акрамя таго», «разам з тым», «між тым» і інш.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
Абжа́ ’аглобля ў сасе’ (Касп.). Рус.паўн.обжа, обга, рус.курск.вобжа ’тс’, польск.obdza ’тс’ (Ці не сюды ж польск.obdza, obza ’вяроўка, шнур для прывязі жывёлы напашы’?), ст.-рус.обьжа ’мера зямлі’. Лат.abža ’аглобля’ з паўн.-бел. ці рускага. Па адной версіі < *o‑bъg‑ja ’гнутая’ да бгаць (гл.) — Патабня, РФВ, 5, 124; Ільінскі, РФВ, 62, 256, па іншай < *ob‑jъg‑ja да іга (гл.) — Мікала, IF, 26, 295; Далабко, ZfslPh, 3, 129–130; Турска, SFPS, 5, 115. Першая этымалогія выклікае пярэчанні фанетычнага характару. Супраць рэканструкцыі ‑bъg‑ сведчаць рускія формы обежь, обежка і ст.-рус.обьжа (Турска, там жа, 114). Другая этымалогія таксама мае свае цяжкасці фанетычнага характару: ‑bj‑ у ob‑jъg‑ja павінна было даць blʼ (Далабко, там жа, 129). Заўвага Далабка аб тым, што слова абжа як арэальна абмежаванае ўзнікла адносна позна, пасля таго як завяршыўся пераход bj > blʼ, непрымальная, бо ў тым жа слове рэалізаваўся пераход gj > ž (ці, можа, у апошнім выпадку адбылася субстытуцыя?). Варбот (Балто-слав. иссл., 42–48) суадносіць як генетычна тоесныя абжа і абза (гл.), зыходзячы з прасл.obьza/obьža (< *obьzja) ’луска’ (літ.ìžti лушчыцца’, išaiža ’шалупінне’) і верагоднасці семантычнага развіцця ад лыкавай вяроўкі (лыка) і скуранога рэменя (скуры) да часткі драўлянай сельскагаспадарчай прылады. Для прыняцця гэтай этымалогіі даводзіцца прызнаць існаванне шэрага семантычных пераходаў і дэрывацыйных пераўтварэнняў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Самі́нец, сомі́нец ’кароткае бервяно паміж вокнамі’ (ТС; стол., Нар. сл.), самі́ца ’тс’ (ТС), самі́нка ’сценка паміж вакон’ (КСТ), рус.дыял.сомцы́ ’працяг зруба з бярвенняў, якое завяршаецца трохвугольным выступам’, саме́ц, сомо́к ’вохлуп’, самцы́ ’кароткія бярвенні’, укр.карп.саме́ць, мн. л. сімці́ ’бервяно ў сцяне хаты, якое толькі адным канцом звязана ў замок, а другім упіраецца ў вушакі’, польск.дыял.sumiec ’бервяно, якое ўсунута сваім абсклюдаваным канцом у паз’, sonik, sunik, sumik, sulnik ’кароткае бервяно паміж вокнамі’, sowiniec ’жэрдкі над токам у гумне, вышкі’, чэш.дыял.somík ’вушак’, somínec ’кол у плоце’, slumík ’столбік у плоце’, sumík ’вертыкальная драўляная рама’, somica, somík ’бервяно паміж вокнамі’, славац.sôm ’вушак’, somík ’тс’, ’папярочная планка ў грабель, матавіла і г. д.’, серб.-харв.somić, sȍmić ’дзірка для дыму ў форме роўнастаронняга трохвугольніка, якая выходзіць на два бакі даху’, ’франтон’, славен.somik ’жолаб, паз на сцяне’. Этымалогія спрэчная. Фасмер (3, 716) першапачатковай лічыць форму сомок (сомец, сомцы — другасная) і выводзіць яе з *sъ‑mъk‑ (гл. мкаць, мкнуцца), але прыводзіць толькі рускі і ўкраінскі матэрыял. Махэк₂ (566) з улікам славацкай формы ўзнаўляе прасл.*somъ, *somьcь і ў якасці адпаведнікаў указвае на ст.-інд.śamyā ’палка, затычка, цвік’, авесц.sima ’частка вупражы возу, магчыма, драўляная частка, якая абхоплівае шыю каня’, арм.samikʼ мн. л. ’дзве драўляныя часткі ярма’, грэч.κάμαζ ’жэрдка, кол’, с.-в.-ням.hamel ’жэрдка’, дац., шв. hammel, нарв.дыял.hamul ’папярочная перакладзіна перад возам’. Няпэўна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Скорс, скорш ‘загнутая частка полаза’ (брэсц., Нар. словатв.), ско́рсы, уско́рсы, ско́рчні ‘галоўка ў палазах’ (ЛА, 2), ско́ршні ‘тс’ (барыс., Сл. ПЗБ), ско́рчэнь, ско́рсэнь, ско́рсінь, ско́рсень ‘загнуты канец полаза’, ‘планка, што ідзе ад галоўкі полаза да першага капыла’ (Маслен.). Укр.скорс ‘загнуты канец полаза ў саней; адрэзак пня, які служыць балванкай для вырабу люлькі’, ско́рсина ‘частка дрэва, якая выкарыстоўваецца на палазы’, ко́рса ‘полаз у саней’, корс ‘выгін полаза’, ско́рца ‘загнуты канец полаза’, польск.дыял.усх.korsa, korza, звыч. мн. л. korsy, korzy ‘загнутыя часткі палазоў, насы палазоў’, з украінскай, гл. Слаўскі. 2, 498 і наст. Украінскія словы Слаўскі (там жа) ставіць у сувязь з рус.корёжить ‘карабаціць’, дыял.корга́ ‘крывая галіна; палка, загнутая на канцы і г. д.’, далей да і.-е.*kr̥‑g‑: *kr̥‑ǵ‑. У ЭССЯ (13, 240) падаецца прасл.*kъrsъ, да якога апрача ўкраінскіх лексем узводзяцца яшчэ чэш.krs ‘маларослае чахлае дрэва’, krsek ‘карлікавае дрэва’, krsati ‘змяншацца, апускацца’, ст.-рус.корсокъ ‘кавалак, пласт, скіба’, якія параўноўваюцца з ст.-інд.krśá ‘худы, слабы чалавек’, авест.kərəsa‑ ‘худы’, што ўзыходзяць да экспрэсіўнага і.-е.*krko‑. ЕСУМ (3, 43) узнаўляе прасл.*kъrsъ/*kъrsь < *і.-е. кораня *kr̥‑kʼ‑, паралельнага *kr̥‑k‑, ад якога ўтворана прасл.*kъrčь ‘корч’. Іншая версія ў Пятлёвай, якая на рускім дыялектным матэрыяле з гэтым коранем узнаўляе прасл.*kъrsati < *kъrt‑s‑ati ‘рэзаць’, гл. Этимология–1976, 137–139.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Стаці́вы, стоці́вы, стаціва́ ‘аснова ткацкага станка’ (гарад., лід., трак., шчуч., карэлку, Сл. ПЗБ), стацві́нні ‘тс’ (смарг., Сл. ПЗБ), стаці́ва, ста́цьвіна ‘бакавая частка ткацкага станка’ (Сцяшк.), стацьві́на ‘ставы’ (мёрск., ЛА, 4), стацьві́ны ‘бакавіны кроснаў’ (Касп.; ЛА, 4), стаці́ва ‘бок кроснаў, станіна’ (навагр., З нар. сл., Мат. Гом.), ‘асноўная частка ткацкага станка’ (чырв., З нар. сл.), ста́ціво ‘адзін з варыянтаў пастаноўкі кроснаў’, стаці́віна ‘станіна кроснаў’ (слонім., ЖНС), стаці́віна, стацьві́на ‘бакавая частка ставаў’ (Мат. Гом., ТС), статовы́нне, статовы́ны, статывкы́ ‘кросна’ (Сл. Брэс.), ста́ціва, стаці́віна ‘станіна’ (Мат. Гом.), мн. л. стаці́вы ‘тс’ (ЛА, 4), стаці́ва, статовы́ны, стату́ўкі ‘менш дасканалы з сучасных ткацкіх станкоў’, ‘дзве вертыкальныя паловы рамы, на якіх умацоўваюцца ўсе часткі больш дасканалых тыпаў ткацкага станка’ (Уладз.). Укр.стати́ва ‘рама, станіна ткацкага станка’, польск.stativa ‘рама ткацкага станка’, н.-луж.staśiva ‘ткацкі станок і яго станіна’, чэш.дыял.stativo ‘ткацкі станок’, серб.-харв.stativa ‘бок ткацкага станка’, славен.stȃtve мн. л. ‘ткацкі станок’, балг.ста́тива ‘ткацкі станок’. Прасл.*stativa — дэрыват ад *stati з суф. *‑iv‑, першапачаткова прыметнік, які потым субстантываваўся. Гл. спецыяльна Трубачоў (Ремесл. терм., 123), які падкрэслівае прыроду зыходнага дзеяслова *stati, што азначае не толькі ‘стаяць вертыкальна, але і нерухома на адным месцы, быць асновай чаго-небудзь’, а таксама ўказвае на славяна-лацінскую словаўтваральную паралель, параўн. лац. прым. statīvus ‘той, які стаіць на адным месцы’, наз. statīva ‘лагер, стан’. Гл. яшчэ Махэк₂, 576; Шустар-Шэўц, 1356; Бязлай, 3, 313.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сце́рва ’падла’, ’лаянкавае слова’ (Нас.), ’труп здохлай жывёлы’ (Ласт.), ’лаянкавае слова на жанчыну’ (Маш., Пятк. 2), стэ́рва (stérwa) ’тс’ (Федар. 4), сце́рва ’подлы чалавек’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), сце́рво ’падла’ (ТС, ПСл). Укр.сте́рво, рус.сте́рва ’падла; лаянкавае слова’, ст.-рус.стьрва, стьрвь ’труп’, польск.ścierw, ścierwo ’падла’, каш.sciř, в.-луж., н.-луж.śćerb ’тс’, серб.-харв.стр̑в ’тс’, балг.стръв ’падла; прынада, мяса на прынаду’, макед.стрв ’жарсць, корць, азвярэнне’. Прасл.*stŕ̥vь, *stŕ̥vi ’падла; труп жывёліны, які гніе’ < і.-е.(s)ter‑ ’нячыстая вадкасць, гной; гніць’ з суф. *‑vь < *u̯‑ī‑; гл. Борысь, 612–613; параўноўваецца з лат.*stḕrdêt ’сохнуць, гнісці’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 1063), нарв.дыял.stor ’гніенне, тленне’, лац.stercus ’гной, памёт’, ст.-пярс.strav‑ ’апаганьваць сябе’; гл. Фасмер, 3, 756–757 з іншай літ-рай. Паводле іншай версіі, слова роднаснае рус.сте́рбнуть ’рабіцца жорсткім, дранцвець’, с.-в.-ням.sterben ’паміраць’, грэч.στερεός ’нерухомы’; гл. Патабня, РФВ, 4, 212; Праабражэнскі, 2, 383. Гл. яшчэ SEK, 4, 254–255; Шустар-Шэўц, 1273; Глухак, 591; ЕСУМ, 5, 410. Спробы, грунтуючыся на серб.-харв.дыял.стр̑в ’смецце’, параўн. таксама стр́вим ’раскідаць, рассыпаць, разарваць на часткі’, звязаць з *terti, гл. церці (Пятлёва, Этимология–1994–1996, 57–64), або, абапіраючыся на балтыйскія адпаведнікі, вярнуцца да сувязі з *sterti, гл. сцерці, ці рус.стербнуть (Тапароў, Зб. Варбат, 394–396), не пераконваюць.