КЛА́СТЭРЫ (англ. cluster літар. пучок, рой, вялікая колькасць),
групоўкі хімічна злучаных атамаў (ад 3—4 да некалькіх дзесяткаў і нават соцень) аднаго ці розных элементаў. Устойлівыя толькі ў саставе хім. кластэрных злучэнняў і кластэрных матэрыялаў (К. размеркаваны ў сярэдзіне матрыцы, напр., графіту).
У метал. К. атамы металаў (пераважна пераходных) злучаны шматцэнтравымі сувязямі, якія ў К. з некалькі дзесяткаў атамаў трансфармуюцца ў металічную сувязь. Звычайна маюць форму шматграннікаў (тэтраэдрычных, актаэдрычных). Кластэрныя злучэнні маюць кластэрныя іоны, напр., [Fe4(CO)13]2-, [Os6(CO)18]2−, [Mo3NiS4]4+, [Au55(PR3)12]6+. У гэтых іонах метал. К., які мае зарад, злучаны з лігандамі: асобнымі атамамі (напр., галагены, сера, кісларод) ці малекуламі (напр., аксід вугляроду СО, фасфіны PR3, дзе R — арган. радыкал). Кластэрныя злучэнні тыпу Fe4S4 уваходзяць у склад ферментаў і адыгрываюць значную ролю ў біял. працэсах акіслення, фіксацыі атм. азоту і інш. Перспектыўнае выкарыстанне кластэрных злучэнняў як каталізатараў для хім. прам-сці.
Літ.:
Петров Ю.И. Кластеры и малые частицы. М., 1986;
Губин С.П. Химия кластеров: Основы классификации и строение. М., 1987.
В.В.Свірыдаў.
Да арт.Кластэры. Структура кластэрнага дыаніёна [Os6(CO)18]2−.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЦНЫЯ СКЛАДЫ́,
апорныя ў сэнсава-інтанацыйных адносінах адзінкі вершаванай мовы. З’явіліся на этапе інтанацыйна-сказавага вершаскладання, заснаванага на чаргаванні пэўных моўных перыядаў. Больш самаст. ролю набылі ў рэчытатыўным, пазней у танічным вершы, дзе вызначалі аб’ём рытмарада. Ў сілабічным вершы роля М.с. паслаблена (вызначальнай у ім была не якасць, а колькасць складоў). Большую структурную ролю М.с. адыгрывае ў сілаба-танічным вершы, заснаваным на чаргаванні націскных і ненаціскных метрычных адзінак, дзе служыць дзейсным сродкам рытмічнага вылучэння найб. значных апорных слоў і выразаў. Гэта звязана з узмацненнем ролі інтанацыі ў слав. сілаба-тоніцы і ўплывам на яе нар.-песенных традыцый. Плённае выкарыстанне прынцыпаў рытмічнага ўзмацнення стала характэрнай рысай творчасці многіх усх.-слав. паэтаў (Т.Шаўчэнка, М.Някрасаў, У.Маякоўскі, С.Ясенін і інш.). Класічны ўзор такога выкарыстання — паэзія Я.Купалы. Пры лагічна-інтанацыйным, а не скандзіраваным чытанні яго твораў у кожным рытмарадзе вылучаюцца толькі тыя націскныя стопы, што падкрэсліваюць апорныя словы:
Што я мужы́к усе́ тут зна́юць
І, як ёсць гэ́ты свет вялі́к,
З мяне́ смяю́цца, пагарджа́юць,
— Бо я мужы́к, дурны мужы́к.
(«Мужык»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБЛІ́ЖАНАЯ ФО́РМУЛА,
матэматычная формула для замены складанай функцыі больш простай. Мае выгляд 𝑓(x) ≈ 𝑓*(x); атрымліваецца з формулы 𝑓(x) = 𝑓*(x) + E(x), дзе E(x) разглядаецца як хібнасць і пасля ацэньвання адкідваецца.
Для атрымання канкрэтнай Н.ф. карыстаюцца раскладаннем зыходнай функцыі (напр., у Тэйлара шэраг) і абмяжоўваюцца некалькімі яго членамі, найменшых квадратаў метадам, метадам ітэрацый і інш.Колькасць членаў шэрагу ці ступень ітэрацыі вызначаецца зададзенай дакладнасцю вылічэнняў. Некаторыя Н.ф. і іх хібнасці гл. ў табл.
Табліца. Некаторыя набліжаныя формулы
Формула
Хібнасць формулы не перавышае δ, калі |х| не перавышае
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ СКЛАД (СТРУКТУ́РА) НАСЕ́ЛЬНІЦТВА, нацыянальная структура насельніцтва,
размеркаванне насельніцтва краіны, тэрыторыі паводле нацыянальнасці або прыналежнасці яго да пэўнага этнасу (племя, народнасці, нацыі). У свеце налічваецца (паводле розных падлікаў) ад 3 да 5 тыс. этнасаў. Іх колькасць вагаецца ад многіх мільёнаў да некалькіх соцень і нават дзесяткаў чалавек. У канцы 20 ст.найб. шматлікія нацыянальнасці (больш за 100 млн.чал.): кітайцы (хань, 1120 млн.), хіндустанцы (240), амерыканцы ЗША (205), бенгальцы (200), бразільцы (160), рускія (150), японцы (123 млн.). Большасць краін свету шматнацыянальныя. У некаторых краінах пражывае больш за 100 нацыянальнасцей (ЗША, Канада, Нігерыя, Расія, Індыя, Інданезія і інш.). Монанацыянальныя краіны, дзе асн. нацыянальнасць складае больш за 90% насельніцтва, трапляюцца параўнальна рэдка. Да іх адносяцца Японія, Карэя, Бангладэш, некат. краіны Еўропы: Партугалія, Польшча, Ісландыя, Албанія і інш. На Беларусі, паводле перапісу насельніцтва 1999, пражываюць прадстаўнікі каля 130 нацыянальнасцей. 81% яе жыхароў адносяцца да тытульнай (карэннай) нацыянальнасці — беларусаў; 11% — рускія, каля 4% — палякі, 2% — украінцы, 0,3% — яўрэі, 1,7% — нешматлікія інш.нац. групы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЮ́ХУ О́РГАНЫ,
органы пачуццяў жывёл і чалавека, якія ўспрымаюць пахі; перыферычны аддзел нюхальнага аналізатара, важнага дыстантнага хемарэцэптара.
Асн. элемент Н.о. — нюхальныя клеткі (у беспазваночных жывёл размешчаны на скуры ў спец. ямках ці вырастах, у пазваночных і чалавека — у поласці носа). Нюхальны эпітэлій чалавека высцілае верхнія насавыя хады, пл. каля 10 см². Эпітэлій складаецца з нюхальных і апорных клетак (апорныя выконваюць мех. і трафічную функцыі). Нюхальныя клеткі верацёнападобныя, з 2 адросткамі, колькасць іх у чалавека каля 10 млн., у сабакі 225 млн. Перыферычныя адросткі канчаюцца на паверхні нюхальнага эпітэлію булавамі (патаўшчэнні дыяметрам 2—3 мкм), якія маюць пучок з 10—12 рухомых антэн. Антэны знаходзяцца ў вязкай вадкасці складанага вугляводнага саставу, якая выдзяляецца баўменавымі залозамі. Наземныя пазваночныя і чалавек улоўліваюць пах лятучых рэчываў (з малекулярнай масай 17—300), якія трапляюць у поласць носа і раствараюцца ў сакрэце баўменавых залоз. Цэнтр. адросткі нюхальных клетак утвараюць правадніковы аддзел нюхальнага аналізатара. Гл. таксама Нюх.
Літ.:
Винников Я.А. Цитологические и молекулярные основы рецепции. Л., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАНІ́ЗМ,
слова, запазычанае з польскай мовы. У бел. мову пачалі пранікаць з канца 14 ст. Працэс актыўнага папаўнення слоўніка бел. мовы П. працягваўся да 1930-х г. Запазычанне іх адбывалася 2 шляхамі: вусным (у выніку зносін беларусаў з палякамі як з суседнім народам і з прадстаўнікамі польск. народа, што жылі на Беларусі) і пісьмовым (праз пераклады твораў з польск. мовы на бел.). Сярод П. выдзяляюцца грамадска-паліт. тэрміны («айчына», «братэрства»), ваен. («моц», «палкоўнік»), бытавыя словы («пярсцёнак», «сукенка»), прастамоўныя («быдла», «лямант»). Праз польск. мову ў бел. лексіку прыйшла значная колькасць слоў з інш. моў (лац. «колер», ням. «карэта»). Лексіцы польск. паходжання ў сучаснай бел. мове ўласцівыя: спалучэнні «ен» («эн»), «ён»(«он»), «ан» на месцы насавых галосных ę, ą («парэнчы», «маёнтак», «вандроўка»); «-дл-» («кавадла», «страшыдла»); «-лу-» паміж зычнымі («слуп», «тлусты»); суфіксы «-іск-а» («вятрыска»); «-унак» («пакунак»); «-ізн-а» («бялізна»); цвёрдае вымаўленне зычных перад галоснымі «е» («э»): «бэз», «пэўны»; «я» («а») на месцы ўсх.-слав. «е» («э»): «жалязка», «бляск»; гук «ц» (на месцы «ч»): «цудоўны» (рус. «чудесный»), «цурацца» (рус. «чуждаться»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫ́ЯДу музыцы,
найбольш простая кампазіцыйная форма, якая ўвасабляе завершаную ці адносна завершаную муз. думку; мае самаст. значэнне ці ўваходзіць у больш буйныя формы музычныя. Нарматыўным лічыцца П. з 2 падобных па структуры частак — сказаў, якія заканчваюцца рознымі кадэнцыямі: 1-ы сказ звычайна палавіннай, 2-і — поўнай (гл.Сказ у музыцы). Метрычная аснова П. — квадратнасць, заснаваная на аднолькавай колькасці тактаў (2, 4, 8, 16, 32) у кожным сказе. Іншыя тыпы П. абумоўлены жанрам, стылем музыкі, прынцыпамі будовы формы, пэўнай маст. мэтай (змяняюцца колькасць і памер сказаў, тыпы кадансавання, метрычная будова і інш.).
П. вядомы з 16—17 ст. у еўрап.прафес. музыцы. Вял. значэнне ў яго фарміраванні мелі нар. і быт.танц. і песенна-танц. жанры. Адсюль тэндэнцыя да квадратнасці — асновы танц. музыкі. Для працяжнай бел., рус. і ўкр. песні квадратнасць не характэрна. У прафес. творчасці П. звычайна ўваходзяць у больш буйныя формы. Як самаст. форма сустракаецца пераважна ў песні, у вакальнай ці інстр. мініяцюры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЭНЕ́І (ісп. Pirinéos, франц. Pyrénées),
горная сістэма на ПдЗ Еўропы, у Іспаніі, Францыі і Андоры. Працягласць 450 км ад Біскайскага зал. да Міжземнага м.Найб.выш. да 3404 м (пік Анета). П. — альпійская складкаватая сістэма. Найб. высокая восевая зона гор, складзеная крышт. парод. Характэрна чаргаванне высокіх платопадобных участкаў і скалістых вяршынь з рысамі плейстацэнавага зледзянення. Зах. П. — сярэдневышынныя горы, развіты вапнякі, карст; у цэнтры — пераважна крышт. пароды, альпійскія формы рэльефу, ледавікі (пл. каля 40 км²); на У хрыбты зніжаюцца, чаргуюцца з міжгорнымі ўпадзінамі. З П. бяруць пачатак рэкі Гарона, Адур і левыя прытокі р.Эбра. Важны кліматападзел (на Пн ад П. тэр. з умераным кліматам, на Пд з субтрапічным). На вільготных зах. і паўн. схілах, дзе выпадае 1500—2000 мм ападкаў, пераважаюць букавыя і піхтавыя лясы, субальпійскія хмызнякі і лугі. На паўд. схілах, дзе колькасць ападкаў зніжаецца да 500—750 мм, лясы з вечназялёных дубоў і зараснікі міжземнаморскіх хмызнякоў (маквіс, гарыга, таміляры). Радовішчы баксітаў, жал. руд. У гарах жывёлагадоўля, у далінах вінаградарства і садоўніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ РЭВІ́ЗІЯ 1552,
апісанне Полаччыны, зробленае рэвізорамі маршалкам гаспадарскім Я.Кмітам і канюшым трокскім М.Падцандкоўскім. Было важным сац.-эканам. мерапрыемствам, ажыццёўленым вярх. уладай з мэтаю дакладнага ўліку эканам. стану зямель у Полацкім ваяв., замкаў, гарадоў, у т. л. Полацка, ваен. рэсурсаў і патрэб, павелічэння дзярж. даходаў і інш. Уключала падрабязнае апісанне абарончых збудаванняў Полацка (вежы, сцены, брамы, масты), гармат, павіннасцей асн. груп насельніцтва, зямельных уладанняў шляхты (з пазначэннем колькасці дымоў у сёлах, узбр. коннікаў, вылучаных у войска), духавенства, мяшчан. Рэвізія дае магчымасць меркаваць пра колькасць і размяшчэнне гар. насельніцтва, тапаграфію Полацка, заняткі, сац. дыферэнцыяцыю гараджан і інш. Дакументы П.р. выдадзены ў 1880 Ю.Шуйскім паводле дэфектнага спіса сярэдзіны 18 ст., што належаў б-цы графаў Браніцкіх (у серыі: Крыніцы па гісторыі Польшчы. Кракаў, т. 5) і ў 1905 І.І.Лапам паводле спіса канца 16 або 1-й пал. 17 ст. Ваенна-вучонага архіва Гал. штаба (Чытанні ў Т-ве гісторыі і старажытнасцей расійскіх. Кн. 2). Апошняе выданне зроблена на больш высокім навук. узроўні, мае імянны, геагр. і прадметны паказальнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПШАНІ́ЧНА-ЖЫ́ТНІЯ ГІБРЫ́ДЫ, трыцікале,
міжродавыя гібрыды пшаніцы з жытам; збожжавыя культуры. Атрыманы ў 1888 ням. селекцыянерам В.Рампаў.
Адрозніваюцца ад зыходных форм каштоўнымі гасп. якасцямі: павышаная колькасць бялку і асобных амінакіслот, мароза- і хваробаўстойлівасць, высокія кармавыя паказчыкі. Асн. недахопы; нізкая экалагічная і цытагенет. стабільнасць, ненапоўненасць і маршчыністасць эндасперму, адносная познаспеласць, прарастанне зерня ў коласе і інш. Выкарыстоўваецца як зыходны матэрыял пры селекцыі пшаніцы і жыта, кармавая і харч. культура.
На Беларусі вывучэнне П.-ж.г. вядзецца ў БДУ (з 1965), БелНДІ земляробства і кармоў Акадэміі агр. навук і Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац.АН Беларусі (з 1970). Створана калекцыя гібрыдаў, вядзецца селекцыя высокаўраджайных (90—100 ц/га), устойлівых да палягання, хвароб і шкоднікаў азімых і яравых сартоў. Вырошчваецца каля 15 сартоў азімых П.-ж.г. і 2 сарты яравых (2000). Раянаваныя сарты мясц. селекцыі; яравыя — Лана, Інеса; азімыя — Дар Беларусі, Міхась, Дубрава, Мара, Модуль, Ліра і інш. Сярэдняя ўраджайнасць азімых П.-ж.г. — 22,9, яравых 12,6 ц/га (1999).