Дро́цік ’від зброі’ (БРС). Запазычанне з рус. дро́тик ’тс’ (у рус. мове слова вядома з 1682 г.). Паходжанне рус. слова не вельмі яснае. Лічыцца запазычаннем з грэч. δόρυ ’кап’ё’. Іншыя шукаюць іранскую крыніцу; агляд версій у Фасмера, 1, 542. Трубачоў (Дополн., 1, 542) тлумачыць рус. слова з *гротик < грот ’дроцік’. Параўн. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 195.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паслу́шнік ’чалавек, які рыхтуецца стаць манахам’, ’прыслужнік у манастыры’ (ТСБМ). Рус. по́слушник, послу́шник ’тс’. Польск. posłusznik ’тс’, ’паслухмяны, пакорны’, чэш. poslušník ’тс’, славац. poslušník ’манах’, серб.-харв. послу̀шник ’слухмяны, пакорлівы чалавек’, балг. послу́шник ’паслушнік’. Са ст.-слав. послушникъ ’пакорлівы, пачцівы вучань, слухач’, якое з’яўляецца калькай са ст.-грэч. ἀκροατής ’слухач’, пазней ’той, хто чытае’, ’знаўца’. Да слух (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пашчопка ’дрывотня’, ’месца, дзе рэжуць, колюць, а часам і складаюць дровы’ (Бір.; чырвонае., З нар. сл.). Да па‑ і шчапаць ’шчапаць лучыну’, ’калоць дровы’ (гл.), якое да прасл. ščep‑ (/skoi̯p‑/skei̯p‑Įskip‑). Параўн. роднасныя і.-е. паралелі: літ. skepsnė ’акравак’, skepeta, skepetas ’ануча’, ’хустка’, лат. škepele ’асколак’, ст.-грэч. σκάπτω ’рубаю’, ст.-в.-ням. skaft ’дзіда’ (Фасмер, 4, 503).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сканда́л ‘непрыстойная падзея’, ‘сварка з крыкам, бойкай’ (ТСБМ, Ласт., Др.-Падб.). Запазычанне з заходнееўрапейскіх моў, параўн. ням. Skandal, франц. scandale, якія ад лац. scandalum ‘непрыстойнасць, непрыстойныя паводзіны’, магчыма, праз рускае ці польскае пасрэдніцтва. Ст.-слав. сканъдалъ, сканъдѣлъ ‘пастка, сетка’, ‘спакуса’, ц.-слав. скандалъ ‘спакуса’ непасрэдна з грэч. σκάνδαλον ‘пастка’ (Праабражэнскі, 2, 294; Фасмер 3, 632; ЕСУМ, 5, 264).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сі́мвал ‘умоўнае абазначэнне, знак’ (ТСБМ), сы́мвал ‘тс’ (Ласт.), сымбо́ль ‘тс’ (Некр. і Байк., Стан.), ст.-бел. симболъ, симболъ ‘тс’. Крыніца запазычання грэч. σύμβολον ‘знак’, адкуль трапіла рознымі шляхамі: праз ц.-слав. символъ, параўн. серб.-ц.-слав. симъволъ ‘тс’, ст.-рус. символ (гл. Фасмер, 3, 623) або праз лац. symbolum, ст.-польск. symbol ‘тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 192).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыло́гія ‘тры творы аднаго аўтара, аб’яднаныя пераемнасцю тэксту’ (ТСБМ), трылёгія ‘тс’ (Некр. і Байк.). Запазычана праз польскую мову (trylogia) ці праз рускую (трилогия) са ст.-грэч. τριλογία ‘тры трагедыі, звязаныя ўнутранай еднасцю’, ‘прамова з трох частак’ < τρεις ‘тры’ + λογος, ‘слова (вуснае), прамова, апавяданне, меркаванне, дапушчэнне, сэнс, паняцце’ > λέγω ‘гавару, кажу’ (Міхельсон, Рус. мысль, 676; ЕСУМ, 5, 638).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тры́пціх ‘кампазіцыя з трох карцін, барэльефаў, малюнкаў, аб’яднаных адной ідэяй, тэмай і сюжэтам’, ‘складаны з трох створак абраз’ (ТСБМ). Праз рускую мову (три́птих) або непасрэдна з с.-грэч. τρίπτυχος ‘трайны, складзены ў тры столкі’, у якім першая частка τρί‑ — да тры (гл.), а другая πρυχή ‘складка, фальбона’ этымалагічна няясная (ЕСУМ, 5, 640; Трубачоў, Дополн., 4, 103; Голуб-Ліер, 490).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэлефо́н ‘апарат для перадачы і прыёму галасавых паведамленняў’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Еўрапеізм, распаўсюдзіўся разам з вынаходствам першапачаткова з франц. téléphone (1834 г.), пазней праз англ. telephone (з 1880 г.), утвораны з грэч. τῆλε (гл. тэле-) і φωνή ‘гук, голас’ (Арол, 4, 57). Сюды ж тэлефанава́ць ‘гаварыць праз тэлефон’ (Некр. і Байк.), разм. тэлефо́ніць ‘тс’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Іера́рх ’назва епіскапа’, іера́рхія ’парадак падпарадкавання ніжэйшых званняў вышэйшым па строга вызначаных ступенях’. Крыніца: грэч. ἱεράρχης (ἱερός ’свяшчэнны’ + ἀρχή ’улада’), адкуль суфіксальнае ўтварэнне ἱεραρχία. Шанскі, 2, I, 16. Ст.-бел. иерархъ, иерархия з 1601 г. (Булыка, Лекс. запазыч., 183) са ст.-рус. Няма падстаў лічыць паўторна запазычаным з рус. у XX ст. (як Крукоўскі, Уплыў, 77).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

І́рад ’мучыцель, кат’ (ТСБМ), и́род ’вораг, бязбожны чалавек; скупы, скнара; няверны, яўрэй’ (Нас.), и́родка ’бязбожная жанчына’ (Нас.), и́рода ’яўрэй’ (Мядзв.). Рус. и́род ’мучыцель, кат’, дыял. ’скупы’, укр. і́род ’бязлітасны, жорсткі чалавек, кат’, и́род ’ліхадзей, чорт’ (Грынч.). Ад імені цара Іудзеі Ірада (грэч. Ηρώδης), які паказваецца ў Евангеллі жорсткім, бязлітасным чалавекам (Фасмер, 2, 139; Шанскі, 2, I, 114).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)