ПЯТРА́НАЎ-САКАЛО́Ў (Ігар Васілевіч) (18.6.1907, с.Вял. Якшань Ніжагародскай вобл., Расія — 19.5.1996),
расійскі фізікахімік. Акад.Рас.АН (1966, чл.-кар. 1953). Герой Сац. Працы (1971). Скончыў Маскоўскі ун-т (1930). З 1929 у Фіз.-хім. ін-це імя Л.Я.Карпава, адначасова (з 1947) праф. Маскоўскага хіміка-тэхнал. ін-та, гал. рэдактар час. «Химия и жизнь» (з 1964). Навук. працы па фізікахіміі аэрадысперсных сістэм. Распрацаваў метады даследавання аэразоляў (1933—39), даследаваў законы іх фільтрацыі. Прапанаваў метад атрымання і тэхналогію вытв-сці прынцыпова новых звышэфектыўных тонкавалакністых фільтравальных матэрыялаў (фільтры П.; 1936—38), а таксама матэрыялы для засцярогі ад вытв. і бытавога шумаў. Ленінская прэмія 1966. Дзярж. прэмія СССР 1941.
Тв.:
Волокнистые фильтрующие материалы ФП. М., 1968 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДА́,
прыроднае мінеральнае ўтварэнне, што мае ў сабе металы або іх злучэнні ў канцэнтрацыях, эканамічна выгадных для іх прамысл. здабычы. Р. наз. таксама некат. неметалічныя карысныя выкапні, напр., азбеставая, барытавая, графітавая, серная, агранамічная. Вылучаюцца Р.: прыродна багатыя, бедныя (патрабуюць абагачэння), монамінеральныя (складаюцца з аднаго мінералу), полімінеральныя (некалькі каштоўных і інш. мінералаў), комплексныя (пры наяўнасці ў Р. спадарожных каштоўных кампанентаў). Паводле хім. саставу адрозніваюць Р. сілікатныя, крамяністыя, аксідныя, сульфідныя, карбанатныя і мяшаныя. Найб. пашыраны Р. жалезныя, поліметалічныя, медныя. На Беларусі існуюць ільменіт-магнетытавыя Р. (Навасёлкаўскае радовішча жалезных руд), жалезістыя кварцыты (Аколаўскае радовішча жалезных руд), праяўленні даўсаніту — Р. на алюміній і соду (на Заазёрнай і Асташкавіцкай плошчах Прыпяцкага прагіну); з агранамічных Р. найб. значэнне маюць калійныя солі, даламіты, мел, фасфарыты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ЖЫЧКА ((Ruźićka) Леапольд) (13.9.1887, г. Вукавар, Харватыя — 26.9.1976),
швейцарскі хімік-арганік. Замежны чл.АНСССР (1958). Скончыў Вышэйшую тэхн. школу ў Карлсруэ (1910). У 1912—25 і 1929—57 у Вышэйшай тэхн. школе ў Цюрыху (з 1923 праф.). У 1926—29 ва Утрэхцкім ун-це (Галандыя). Навук. працы па даследаванні біясінтэзу і хім. будовы, а таксама сінтэзу прыродных аліцыклічных злучэнняў, у т. л. тэрпенаў, стэроідных гармонаў, пахучых рэчываў. Вынайшаў прамы спосаб вызначэння вугляроднага касцяка сесквітэрпенаў (1921). Сінтэзаваў аліцыклічныя кетоны з 8—34 атамамі вугляроду ў цыкле (1920—34), цыбетон (1926), гармоны андрастэрон (1934) і тэстастэрон (1935, адначасова з А.Ф.Бутэнантам). Вызначыў будову мускону (1926), сантаніну (1930), абіяцінавай к-ты (1932). Сфармуляваў біягенетычнае ізапрэнавае правіла (1953). Нобелеўская прэмія 1939.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЛІ́ЗІНГ-ГАРМО́НЫ (ад англ. release выпускаць, вызваляць),
гармоны, якія сінтэзуюцца ў драбнаклетачных ядрах гіпаталамуса. Паводле хім. прыроды — пептыды. Р.-г. транспартуюцца з крывёй па гіпаталама-гіпафізарнай партальнай сістэме ў гіпофіз і стымулююць (ліберыны) або прыгнечваюць (статыны) утварэнне і выдзяленне ў гіпофізе т.зв. тропных гармонаў (напр., тыратропнага, ганадатропнага і інш.), якія ўздзейнічаюць на інш. залозы ўнутр. сакрэцыі і рэгулююць выдзяленне імі адпаведных гармонаў (кортыкастэроіды. тыраксін і інш.), што непасрэдна ўдзельнічаюць у метабалічных працэсах у клетках.
Некат. Р.-г. сінтэзуюцца таксама ў інш. органах (напр., саматастатын — у эндакрынных клетках дыфузнай эндакрыннай сістэмы страўніка і падстраўнікавай залозы), удзельнічаюць у лакальных механізмах рэгуляцыі сакрэцыі ў іх. Р.-г. — адно са звёнаў, якое звязвае нерв. і энлакрынную сістэмы ў арганізме і забяспечвае іх узаемадзеянне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭТЫКУЛЯ́РНАЯ ФАРМА́ЦЫЯ,
сукупнасць нерв. структур, што размяшчаюцца ў спінным, прадаўгаватым, сярэднім мозгу, вароліевым мосце і ўтвараюць адзіны функц. комплекс. Філагенетычна стараж. сістэма рухальнага кантролю, добра развіта ў пазваночных жывёл і чалавека. Мае шматлікія нейроны, разгалінаваныя адросткі якіх ідуць ва ўзыходным і сыходным напрамках. Бесперапынную танічную актыўнасць нейронаў Р.ф. забяспечвае іх высокая хім. адчувальнасць да гумаральных фактараў і фармакалагічных рэчываў (барбітураты), а таксама сыходжанне (канвергенцыя) да іх нерв. (аферэнтных) імпульсаў з перыферыі арганізма. Узыходная танічная імпульсацыя Р.ф. рэгулюе дзейнасць кары вял. паўшар’яў, сыходная — спінальныя рухальныя цэнтры. Нейроны фармацыі звязаны з усімі органамі пачуццяў, рухальнымі і адчувальнымі абласцямі кары галаўнога мозга, таламусам, гіпаталамусам, спінным мозгам і выконваюць складаныя інтэграцыйна-каардынацыйныя функцыі. Дзейнасць Р.ф. кантралюецца карой вял. паўшар’яў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКРЭ́ЦЫЯ (ад лац. secretio выдзяленне),
утварэнне і вывядзенне рэчыва з клеткі ў вонкавае асяроддзе. Адрозніваюць вонкавую, або экзакрынную, С., пры якой рэчывы, што выдзяляюцца клеткамі (напр., страўнікавы сок, сліна, семянная семявая* вадкасць, малако), па вывадных пратоках паступаюць на паверхню цела ці органа, у полыя органы (напр., у страўнікава-кішэчны тракт, мочапалавую сістэму) і ўнутр., эндакрынную, калі рэчывы з клетак паступаюць у кроў і лімфу. Вылучаюць таксама С. меракрынавую (найб. агульны тып, адбываецца без разбурэння клеткі), апакрынавую (адарванне ч. плазматычнай мембраны разам з сакрэтам і некат. ч. цытаплазмы) і галакрынавую (разбурэнне клеткі і яе адарванне разам з сакрэтам ад эпітэлію). Сакрэты бываюць рознай хім. прыроды: гармоны, ферменты, медыятары, іоны. Іх колькасць і састаў рэгулююцца нерв. механізмамі з удзелам гумаральных фактараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПРАПЕ́ЛЬ (ад грэч. sapros гнілы + pēlos глей, гразь),
глеістыя адклады прэсных вадаёмаў, якія маюць у сабе больш за 15% арган. рэчыва. Фарміруецца з рэшткаў раслін, жывёл, мінер. і арган. дамешкаў. Верхняя тоўшча С. (пелаген) паўвадкая, ніжэй масляністая. Багатыя арганікай С. студзінападобныя. Мае гумінавыя к-ты, фульвакіслоты, геміцэлюлозу, бітумы, попел (у сярэднім 20—60%). Асн. кампаненты попелу — аксіды крэмнію, магнію, жалеза, алюмінію, марганцу, фосфару, натрыю, вуглякіслы кальцый, некат. мікраэлементы. Колер попельна-шэры да цёмна-карычневага, ад мінер. дамешкаў светла-шэры. Выкарыстоўваюць у сельскай гаспадарцы (як угнаенне і дамешак у корм жывёле), медыцыне (гразелячэнне), буд-ве, хім. прам-сці. На Беларусі магутнасць адкладаў С. у азёрах 2—12 м, найб. 30 м (воз. Судабле Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.); агульныя запасы каля 3,8 млрд.м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САСКА́ЧЭВАН (Saskatchewan),
правінцыя на Пдцэнтр.ч. Канады. Пл. 651,9 тыс.км². Нас. 990,2 тыс.чал. (1996). Адм. ц. — г. Рэджайна. Правінцыя знаходзіцца ў межах Лаўрэнційскага ўзвышша на Пн і Вялікіх раўнін на Пд. На Пн і ПнУ хвойныя лясы, на Пд і ПдЗ лесастэп і стэп (прэрыя). У С. каля 30% с.-г. зямель краіны, правінцыя дае амаль 50% збору пшаніцы, больш за 60% жыта і аўса. Значныя зборы ячменю, лёну і рапсу. Развіта жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і свінні). Птушкагадоўля. С.-г.вытв-сць сканцэнтравана на буйных высокамеханізаваных фермах. Буйная здабыча калійных солей, нафты, гелію, медзі, урану. Гал. галіны апрацоўчай прам-сці: харч. (мукамольная, мясакансервавая, масларобчая), хім., чорная металургія, с.-г. машынабудаванне, нафтаперапрацоўка, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая. Транспарт чыг. і аўтамабільны.