МІКУ́ЛІН (Аляксандр Аляксандравіч) (14.2.1895, г. Уладзімір, Расія — 13.5.1985),
расійскі вучоны, канструктар авіяц. рухавікоў. Акад.АНСССР (1943). Ген.-м.інж.-тэхн. службы (1944). Герой Сац. Працы (1940). Вучыўся ў Кіеўскім політэхн. ін-це (1913—14), скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1922). З 1923 канструктар, з 1925 гал. канструктар у Навук.-аўтаматорным ін-це. Стварыў рухавікі АМ-34, АМ-35 і інш. Рухавік АМ-35А (1200 к.с.) быў устаноўлены на знішчальніках канструкцыі А.І.Мікаяна. У Вял.Айч.вайну кіраваў распрацоўкай рухавіка АМ-38Ф для штурмавіка ІЛ-2 і ГАМ-35Ф для тарпедных катэраў і рачных бранякатэраў. З 1943 ген. канструктар авіяц. рухавікоў. Распрацаваў першы айч. турбакампрэсар, удзельнічаў у стварэнні турбавінтавых і турба-рэактыўных рухавікоў. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1943, 1946.
Літ.:
Пономарев А.Н. Советские авиационные конструкторы. 2 изд. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ СТАНКАБУДАЎНІ́ЧЫ ЗАВО́Д ІМЯ́ С.М.КІ́РАВА.
Засн. ў 1883 на базе кузні як маш.-буд. і чыгуна-медна-металургічны з-д (Кашарскі маш.-буд. і чыгуна-медна-металургічны з-д). Выпускаў абсталяванне для млыноў, бровараў, крухмальна-патачных прадпрыемстваў і чыгунак. З 1925 чыгуналіцейны і маш.-буд.з-д «Металіст». У 1928 да яго далучаны з-д «Усход» і с.-г. майстэрні і створаны маш.-буд.з-д «Камунар». З 1934 станкабудаўнічы з-д. У Вял.Айч.вайну разбураны. З 1947 выпускае базавыя мадэлі працяжных і адразных станкоў. З 1973 дзейнічае філіял з-да ў г.п. Халопенічы. З 1978 галаўное прадпрыемства Мінскага вытв. аб’яднання па выпуску працяжных і адразных станкоў. З 1996 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1999): металарэзныя станкі працяжныя, адразныя, спецыяльныя і дрэваапр. абсталяванне.
Адразны круглапільны аўтамат Мінскага станкабудаўнічага завода імя С.М.Кірава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІЯ ЦЭЦ.
У Мінску 3 ЦЭЦ. ЦЭЦ №2 дзейнічала з 1934 як гар. электрастанцыя № 2. У Вял.Айч.вайну разбурана. Адноўлена ў 1945, з 1948 Мінская ЦЭЦ. Устаноўленая магутнасць (1999): электраэнергіі 31 тыс.кВт∙гадз, цеплаэнергіі 2415 ГДж. ЦЭЦ № 3 здадзена ў эксплуатацыю ў 1951. У 1963—95 уведзены ў дзеянне: воданагравальныя кацельні № 1, 2; энергакатлы № 8, 9; турбіна № 8; хімводаачыстка падсілкавальнай вады для цепласеткі і хімабяссоленай вады для падсілкавання катлоў. Устаноўленая магутнасць (1999): электраэнергіі 420 тыс.кВт∙гадз, цеплаэнергіі 8740 ГДж. ТЭЦ № 4 здадзена ў эксплуатацыю ў 1977 (1-я турбіна на 60 тыс.кВт). У 1977—92 уведзены ў дзеянне энергаблокі 1—6. Праектная магутнасць (900 тыс.кВт) дасягнута ў 1992. Электраэнергія, якая выпрацоўваецца турбагенератарамі, праз размеркавальныя прылады па лініях 110 і 330 кВт паступае ў энергетычную сістэму канцэрна «Белэнерга».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РНАЕ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,
асобы, якія знаходзяцца на тэрыторыі ваюючай дзяржавы і не належаць да яе камбатантаў. Прававое становішча М.н. рэгулюецца 4-й Гаагскай канвенцыяй 1907, 4-й Жэнеўскай канвенцыяй 1949, Дадатковымі пратаколамі 1 і 2 да Жэнеўскіх канвенцый 1949. Паводле гэтых актаў бакі, якія ваююць, абавязваюцца захоўваць адзін з асн. прынцыпаў права ў дачыненні да вайны: забарону весці вайну супраць грамадз. насельніцтва.
Асобы, што належаць да М.н., маюць права на гуманныя адносіны без дыскрымінацыі паводле расы, колеру скуры, полу, мовы, рэлігіі, веравызнання або інш. перакананняў, нац. або сац. паходжання, маёмаснага становішча, нараджэння або валодання інш. статуса ці інш. неспрыяльнай прыкметы. Забараняецца напад узбр. сіл дзяржаў, што ваююць, непасрэдна на М.н., выкарыстанне імі зброі невыбіральнага характару, вынікам чаго з’яўляецца гібель М.н., напад на яго або асобных цывільных асоб у парадку рэпрэсалій. Недатыкальнымі з’яўляюцца таксама сродкі выжывання М.н.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ДЭНА (Modena),
горад на Пн Італіі, на Паданскай раўніне. Адм. ц. правінцыі Модэна. Каля 200 тыс.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: агульнае і трансп. машынабудаванне, у т. л.вытв-сцьспарт. аўтамабіляў, трыкат., швейная, харчасмакавая, буд. матэрыялаў. Ун-т (з 1171), ваен. акадэмія. Акадэмія л-ры і мастацтва. Музеі. Арх. помнікі 11—17 ст.
У старажытнасці горад этрускаў. З 183 да н.э.рым. калонія Муціна. Заняпала ў выніку нашэсця варвараў. Уздым пачаўся ў 8 ст., калі М. стала рэзідэнцыяй епіскапаў і графаў. У 1167 увайшла ў Ламбардскую лігу, у 12 ст. атрымала правы камуны. У 1288—1860 пад уладай роду д’ Эстэ (з перапынкамі: у 1306—36 камуна, у 1510—27 пад уладай пап). У 1598—1860 цэнтр аднайм. герцагства. У 2-ю сусв.вайну (пасля акупацыі Італіі ням. войскамі) адзін з цэнтраў Руху Супраціўлення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́Й ГІСТО́РЫІ МЕДЫЦЫ́НЫ, Рэспубліканскі музей гісторыі медыцыны Беларусі. Засн. ў 1990 у Мінску, адкрыты ў 1993. Збор экспанатаў пачаты Р.Р.Кручком у 1950-я г.Пл. экспазіцыі 120 м², каля 31,4 тыс. экспанатаў (1999). У музеі прадстаўлены матэрыялы пра асн. этапы развіцця медыцыны на Беларусі са стараж. часоў да пач. 20 ст., станаўленне мед.навук. школ, дзейнасць мед. работнікаў у Вял.Айч.вайну. Ёсць калекцыя аптэчнага посуду з археал. раскопак, фотаальбомы пра ўдзел бел. медыкаў у рус.-яп. вайне 1904—05, удзельнікаў 1-га з’езда ўрачоў Мінскай губ. ў 1908, рэдкія экзэмпляры мед. л-ры, рэчы з асабістых архіваў вучоных і практыкаў аховы здароўя, фотаздымкі выпускаў магілёўскіх цэнтр. фельч. школы (1905) і цэнтр. школы павітух (1911), земскіх урачоў, сясцёр міласэрнасці Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай абшчын Чырв. Крыжа, мед. інструменты, узнагароды і інш. Выдае матэрыялы гісторыка-практычных канферэнцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЛІБО́ЦКІЯ БАІ́ 1942, 1943,
баі паміж партыз. атрадамі брыгады імя Сталіна і ням.-фаш. захопнікамі ў в. Налібакі Івянецкага р-на 9.6.1942 і 8.5.1943 у Вял.Айч.вайну. 9.6.1942 партыз. атрад 125-ы (камандзір С.А.Рыжак) пасля разгрому паліцэйскага ўчастка ў в. Налібакі ўступіў у бой з карнікамі, якія вярталіся з в. Рубяжэвічы. У выніку двухгадзіннага бою ў в. Налібакі партызаны спалілі валасную ўправу, магазін, паліцэйскія сталовую і пякарню, захапілі грузавую і легкавую аўтамашыны, шмат зброі і боепрыпасаў. У ноч на 8.5.1943 партыз. атрады імя Дзяржынскага, імя Суворава і «Бальшавік» пад кіраўніцтвам камандзіра брыгады П.І.Гулевіча разграмілі гарнізон (каля 250 гітлераўцаў) у в. Налібакі. Пасля артыл.-мінамётнага абстрэлу гарнізона партызаны перайшлі ў атаку. У выніку яны спалілі ўсе ўстановы акупантаў, у т. л. электрастанцыю, лесазавод, казарму, захапілі шмат зброі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЕ́ЛЬ ((Néel) Луі Эжэн Фелікс) (н. 22.11.1904, г. Ліён, Францыя),
французскі фізік. Чл. Парыжскай АН (1953), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1966), Лонданскага каралеўскага т-ва (1966). Замежны чл.АНСССР (1958). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1928). З 1928 у Страсбурскім ун-це (з 1937 праф.), у 1945—76 у Грэнобльскім ун-це, адначасова ў 1956—70 дырэктар Цэнтра ядз. даследаванняў у Грэноблі, дырэктар (з 1954) і прэзідэнт (з 1970) Нац.політэхн. ін-та. Навук. працы па тэорыі магнетызму. Тэарэтычна абгрунтаваў існаванне антыферамагнетызму (1932) і т-ры, пры якой ён знікае (гл.Нееля пункт). Распрацаваў тэорыю антыферамагнетызму, стварыў агульную тэорыю ферытаў. У 2-ю сусв.вайну прапанаваў метад аховы караблёў ад магн.мін. Працы па палеамагнетызме спрыялі пацвярджэнню тэорыі дрэйфу кантынентаў і тэорыі тэктанічных пліт. Нобелеўская прэмія 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЮ́ГАРСВАЛ, Нюгарсваль (Nygaardsvold) Юхан (6.9.1879, г. Хомельвік, Нарвегія — 13.3.1952), нарвежскі паліт. і дзярж. дзеяч. У 1916—49 дэп. сторцінга ад Нарв. рабочай партыі (НРП), у 1928 і 1934—35 прэзідэнт сторцінга. У сак. 1935 — чэрв. 1945 прэм’ер-міністр Нарвегіі. Урад Н. засяродзіўся на вырашэнні праблемы беспрацоўя, у т. л. праз дзярж.буд-ва шашэйных дарог і чыгунак, скасаваў антырабочыя законы папярэдніх гадоў, увёў 2-тыднёвы аплатны адпачынак, пашырыў 8-гадзінны прац. дзень на маракоў і с.-г. рабочых, прыняў законы аб пенсіях па старасці і аб ахове працы, увёў абавязковае страхаванне па беспрацоўі; у знешняй палітыцы фактычна прытрымліваўся нейтралітэту. У 2-ю сусв.вайну пасля паражэння нарв.узбр. сіл у ходзе Нарвежскай аперацыі 1940 урад Н. разам з каралеўскай сям’ёй знаходзіўся ў эміграцыі ў Лондане (з чэрв. 1940). З чэрв. 1945 у адстаўцы, адышоў ад актыўнай паліт. дзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НЮ́РНБЕРГ»
(«Nürnberg»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан у Браслаўскім і Шаркаўшчынскім р-нах Віцебскай вобл. 22—28.11.1942 у Вял.Айч.вайну. Мэта аперацыі: закончыць агульны план (уключаў таксама карныя аперацыі «Трохвугольнік», «Карлсбад», «Клетка малпы» і інш.) ліквідацыі партыз. руху на тэр.т.зв.генеральнай акругі Беларусь. Праводзілася сіламі матарызаванай брыгады СС, 14-га, 16-га паліцэйскіх і падраздзяленнямі 75-га стралк. палкоў, матарызаваных узводаў жандармерыі пад кіраўніцтвам нач. паліцыі бяспекі і СД «Остланд» обергрупенфюрэраў СС Екельна і ген. паліцыі Бах-Зелеўскага. За час аперацыі карнікі не змаглі акружыць і знішчыць партызан, але загубілі каля 3 тыс.мясц. жыхароў (без спаленых у хатах), спалілі з жыхарамі 12 вёсак, з якіх пасля вайны не аднавіліся Бялкова, Ігнацэва, Падрэзаўшчына, Станіславова, Строна, Сялібка Шаркаўшчынскага р-на.