бел. артыст балета, педагог. Скончыў Рыжскае харэаграфічнае вучылішча (1966), з 1972 выкладаў у ім. З 1964 саліст Рыжскага т-ра оперы і балета. З 1976 саліст, з 1985 педагог-рэпетытар Нац.акад.т-ра балета Беларусі, з 1978 (з перапынкам) адначасова педагог Дзярж. харэаграфічнага каледжа Рэспублікі Беларусь. Яго танцу ўласцівы высокая тэхніка, эмацыянальнасць, сцэн. абаяльнасць. Сярод партый на бел. сцэне: Прынц, Зігфрыд, Дэзірэ і Блакітная птушка («Шчаўкунок», «Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Альберт, Алі («Жызэль», «Карсар» А.Адана), Базіль, Кавалер («Дон Кіхот», «Пахіта» Л.Мінкуса), Франц («Капелія» Л.Дэліба), Кален («Ліза і Кален» Ф.Герольда), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Кароль Філіп («Тыль Уленшпігель» Я.Глебава), Юнак («Ленінградская сімфонія» на муз. Дз.Шастаковіча) і інш. Лаўрэат VII Міжнар. конкурсу артыстаў балета ў Варне (Балгарыя, 1974).
Літ.:
Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 106, 107, 109.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЗАБЫТО́ЎСКІ (Аляксандр) (2.10.1819, в. Смалічы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.; паводле інш. звестак 15.9.1818, в. Зубкава Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 21.3.1849),
бел. і польскі пісьменнік, філосаф, гісторык. Вучыўся ў прыватным франц. пансіёне ў Варшаве, у Дэрпцкім ун-це (1835—38). У 1844—47 наведаў Францыю, Аўстрыю, Італію, Іспанію, Партугалію, Англію. За спробу перавезці свае і чужыя нелегальныя выданні арыштаваны, зняволены ў пінскай, мінскай і віленскай турмах. Быў прыгавораны да пазбаўлення дваранскіх і маёмасных правоў і 20-гадовай катаргі ў сібірскіх рудніках (памёр да выканання прыгавору). У ананімных кнігах, якія выдаваў у Вільні і Парыжы, а таксама ў рукапісах, што трапілі ў рукі царскіх улад пры арышце, заклікаў народ на барацьбу супраць сац. і нац. прыгнёту, патрабаваў скасавання паншчыны, адмаўляў існаванне Бога, высмейваў хрысц. догматы. Аўтар мемуараў «Мае запіскі» (Парыж, 1845), прысвечаных паўстанню 1830—31, у якіх сябе называе ліцвінам (беларусам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПЕНЬСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1830,
рэвалюцыя ў Францыі, у выніку якой скінута манархія Бурбонаў, пакончана з дваранска-клерыкальным рэжымам Рэстаўрацыі (1814—30) і ўстаноўлена Ліпеньская манархія — улада буйных капіталіст. уласнікаў (пераважна фінансістаў) у асобе караля Луі Філіпа. Падставай для рэвалюцыі стала спроба караля Карла X арданансамі ад 25 ліп. распусціць палату прадстаўнікоў, абмежаваць і без таго малую (90 тыс.) колькасць выбаршчыкаў і ўвесці жорсткую цэнзуру друку. Рухаючая сіла Л.р. — рабочыя, рамеснікі, прадпрымальнікі, студэнты, афіцэры. 27—29 ліп. пасля вулічных баёў рэвалюцыя перамагла ў Парыжы, а потым у правінцыі. 2.8.1830 Карл X адрокся ад прастола. Паводле новай канстытуцыі («Хартыі 1830») колькасць выбаршчыкаў павялічылася да 166 тыс., абмежавана ўлада караля, праведзены інш. рэформы. Л.р. не вырашыла задачы дэмакратызацыі франц. грамадства, што абумовіла непазбежнасць новай рэвалюцыі. Але яна пакончыла са спробамі аднаўлення ў Францыі феад.-абсалютысцкіх парадкаў, спрыяла развіццю рыначных адносін у краіне, нанесла ўдар сістэме Свяшчэннага саюза, дала штуршок Бельгійскай рэвалюцыі 1830.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКРЭ́ЦЫЙ (Lucretius),
Ціт Лукрэцый Кар (1 ст. да н.э.), рымскі паэт, філосаф-матэрыяліст. Аўтар паэмы «Аб прыродзе рэчаў», напісанай у форме дыдактычнага эпасу, тлумачыць вучэнне грэч. паэта Эпікура. Паэма складаецца з 6 кніг: у кн. 1-й і 2-й выкладаецца атамістычная тэорыя стварэння свету і абвяргаецца ўмяшанне багоў у людскія справы; у 3-й кнізе — вучэнне аб душы, яе матэрыяльнасці, смяротнасці і сувязі з целам; кн. 4-я — вучэнне пра чалавека, яго пачуцці; кн. 5-я — пра гісторыю развіцця чалавечага роду, узнікненне мовы; у кн. 6 тлумачыцца паходжанне рэлігіі. Мэту сваёй філасофіі Л. бачыў у вызначэнні шляху да шчасця праз пераадоленне бедстваў, страхаў перад багамі, смерцю, замагільнай карай. Твор меў вял. ўплыў на развіццё матэрыялістычнай філасофіі Адраджэння. Буйнейшым правадніком ідэй Л. быў франц. філосаф П.Гасендзі. На Беларусі паэма Л. вядома з 15 ст. Урыўкі яе распаўсюджваліся ў рукапісных зборніках твораў стараж. філосафаў, у творах Б.Буднага пра жыццё і філас. вучэнне мысліцеляў Стараж. Грэцыі і Рыма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЎР (Louvre) у Парыжы, помнік архітэктуры класіцызму; маст. музей, адно з самых вял.маст. сховішчаў свету. Першапачаткова каралеўскі палац на месцы стараж. замка (1546—19 ст., арх. П.Леско, Л.Лево, К.Перо і інш., скульпт. дэкор Ж.Гужона, афармленне інтэр’ера Ш.Лебрэна і інш.). З 1791 музей. Пасля 1850-х г. да Л. прыбудаваны Новы Луўр (цяпер карцінная галерэя; арх. Л.Вісконці, Э.Лефюэль). Перабудовы і пашырэнні зрабілі Л. адной з арх. дамінантаў гіст. цэнтра Парыжа. У аснове калекцыі — б. каралеўскія зборы, калекцыі манастыроў і прыватных асоб. У ім захоўваюцца багатыя зборы ўсх. старажытнасцей, стараж.-егіп., ант., зах.-еўрап. мастацтва (асабліва франц. школы). Сярод шэдэўраў Л.: стараж.-акадская «Стэла цара Нарамсіна», стараж.-егіп. статуя пісца Каі, стараж.-грэч. статуі «Ніке Самафракійская», «Венера Мілоская», творы Мікеланджэла, «Джаконда» Леанарда да Вінчы, «Сельскі канцэрт» Джарджоне, «Мадонна канцлера Ралена» Я. ван Эйка, творы П.П.Рубенса, Рэмбранта, Н.Пусэна, А.Вато і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́КСЕМБУ́РГ (люксембургскае Lëtzebuerg, франц. Luxembourg, ням. Luxemburg),
горад, сталіца Вялікага герцагства Люксембург. 76,4 тыс.ж. (1995).
Трансеўрапейскі трансп. вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Міжнар.фін.цэнтр.Прам-сць: чорная металургія, машынабудаванне, хім., тытунёвая, харч., швейная. Ун-т. Тэатр.Нац. музей (археалогія, жывапіс і інш.). Школа мастацтваў і рамёстваў. Арх. помнікі: капэла Сен-Кірэн (6 і 15 ст.), гатычная царква Сен-Мішэль (16 ст.), рэнесансавы Палац юстыцыі (16 ст.), барочны сабор Нотр-Дам (17 ст.).
Вядомы з 963. У 1224 атрымаў гар. права. У 1506—1684 і 1697—1717 належаў Іспаніі, у 1684—97 і 1794—1815 — Францыі, у 1714—94 — Аўстрыі. У 1815—67 у складзе Герм. саюза, пруская крэпасць. У 1-ю і 2-ю сусв. войны акупіраваны ням. войскамі, у лют. 1945 вызвалены англа-амер. войскамі. У горадзе размешчаны рэзідэнцыя вял. герцага, урад, мін-вы і ўстановы дзяржавы Люксембург, замежныя дыпламат. прадстаўніцтвы, сакратарыят Еўрапейскага парламента, некаторыя органы Камісіі Еўрапейскіх супольнасцей, Еўрап. трыбунал, Еўрап. лічыльная палата, Еўрапейскі інвестыцыйны банк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАБІЛІЗА́ЦЫЯ (франц. mobilisation ад лац. mobilis рухомы),
комплекс мерапрыемстваў па пераводу на ваен. становішча ўзбр. сіл, эканомікі і дзярж. ін-таў краіны (агульная М.) або якой-н. іх часткі (частковая М.). Можа праводзіцца адкрытым або скрытым спосабам. Абвяшчэнне М. — кампетэнцыя вышэйшых органаў дзярж. улады; у Рэспубліцы Беларусь — Прэзідэнта з унясеннем у трохдзённы тэрмін прынятага рашэння на зацвярджэнне Савета Рэспублікі. М. стала практыкавацца са стварэннем масавых армій, якія камплектуюцца на аснове ўсеаг. воінскай павіннасці (канец 18—19 ст.). У Расіі тэрмін «М.» стаў афіцыйна ўжывацца з 1870. М. ўзбр. сіл заключаецца ў іх пераводзе (разгортванні) на арганізацыю і састаў ваен. часу. Фактарамі паспяховага правядзення М. ўзбр. сіл з’яўляюцца: наяўнасць і падрыхтаванасць людскіх рэсурсаў для камплектавання разгортваемых вайск. фарміраванняў; назапашванне ў мірны час неабходных запасаў узбраення, ваен. тэхнікі і інш. матэрыяльных сродкаў; добра пастаўлены ўлік, апавяшчэнне і збор ваеннаабавязаных. М. эканомікі ўключае разгортванне ваен. вытв-сці, перабудову нар. гаспадаркі і навукі на патрэбы ваен. часу і забеспячэнне жывучасці і ўстойлівасці гасп. механізму краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМПІДУ́ ((Pompidou) Жорж) (5.7.1911, Манбудыф, Францыя — 2.4.1974),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Францыі. Скончыў Вышэйшую нармальную школу (пед.ін-т) і Свабодную школу паліт. навук у Парыжы. Выкладаў у ліцэях Марселя і Парыжа. У 2-ю сусв. вайну да капітуляцыі (1940) Францыі лейт. франц. арміі. У 1944 саветнік па пытаннях інфармацыі і асветы ў часовым урадзе Ш. дэ Голя. У 1946—54 чл.Дзярж. савета, адначасова (1946—49) нам.ген. камісара па турызме. З 1954 супрацоўнік банка Ротшыльдаў, з 1956 яго ген. дырэктар, адначасова на кіруючых пасадах у інш.фін. і прамысл. аб’яднаннях. З 1958 нач. канцылярыі прэм’ер-міністра Францыі дэ Голя. Выбраны чл. Канстытуцыйнага савета Францыі (распрацаваў канстытуцыю і эканам. праграму аднаўлення 5-й рэспублікі). У 1962—68 прэм’ер-міністр Францыі. Удзельнічаў у ажыццяўленні Эвіянскага пагаднення 1962 аб статусе Алжыра. У 1969—74 прэзідэнт Францыі. Некалькі разоў наведваў СССР, у т. л. Беларусь (11—12.1.1973 у Заслаўі Мінскай вобл. вёў перагаворы з Л.І.Брэжневым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЕТРАПО́ЛІТЭН-О́ПЕРА»
(Metropolitan Opera),
вядучы оперны тэатр ЗША. Адкрыты ў 1883 у Нью-Йорку акц. т-вам «Метраполітэн-опера хаўс компані». Адзіны ў ЗША пастаянны оперны т-р (працуе 7 месяцаў у год). Хор, аркестр і дапаможныя калектывы стабільныя; вядучыя салісты і дырыжоры працуюць на кантрактнай аснове. У рэпертуары ням., рус., франц., італьян., амер. оперы (з 1910-х г. на мове арыгінала). Важную ролю ў станаўленні т-ра адыграў першы дырыжор Л.Дамраш (маст. кіраўнік з 1884). У «М.-о.» выступалі лепшыя прадстаўнікі сусв.вак. культуры, у т. л.рас. Ф.Шаляпін, Г.Вішнеўская, А.Абразцова, М.Касрашвілі, Ю.Мазурок, бел. М.Гулегіна, арм. П.Лісіцыян, малд. М.Біешу. Сярод кіраўнікоў т-ра: А.Тасканіні, Э.Джонсан, Р.Бінг; спектаклямі дырыжыравалі Г.Малер, Тасканіні, Л.Стакоўскі, Э.Ансермэ, Б.Вальтэр, Д.Мітропулас, К.Бём, Л.Бернстайн, Г.Караян, З.Мета, Дж.Лівайн і інш. З 1966 т-р працуе ў новым будынку ў «Лінкальн-цэнтры».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́КЛАШЫЧ (Miklošič, Miklosich) Франьё (Франц; 20.11.1813, Радамершчак, каля г. Лютамер, Славенія — 7.3.1891), славенскі і аўстрыйскі мовазнавец. Заснавальнік слав. параўнальна-гіст. мовазнаўства. Акад. Венскай (з 1851), чл.-кар. Пецярбургскай (з 1856) АН. Скончыў ун-т у Грацы (Аўстрыя). У 1850—86 праф. Венскага ун-та. Даследаваў лексіку і граматыку слав. моў, узаемадзеянне слав. моў з алб., венг., рум. і інш., вывучаў слав. анамастыку і тапаніміку, л-ру і эпас. Аўтар прац «Параўнальная граматыка славянскіх моў» (т. 1—4, 1852—75), «Утварэнне славянскіх імён» (1860), «Цюркскія элементы ў паўднёва-ўсходніх і ўсходнееўрапейскіх мовах» (1884—90). Склаў «Слоўнік стараславянскай мовы», 1850; 2-е выд. 1862—65), «Этымалагічны слоўнік славянскіх моў» (1886). Выдаў стараж.-слав. пісьмовыя помнікі, у т. л.«Супраслъскі рукапіс», «Шышатаўскі апостал» (1853), «Хроніку Нестара» (1860), крыніцы па гісторыі славян («Monumenta serbica», 1858). У працах паслядоўна ўключаў бел. моўны матэрыял, хоць памылкова аб’ядноўваў бел. і ўкр. мовы як дыялекты адной мовы.