БАВАЎНАВО́ДСТВА,

галіна раслінаводства па вырошчванні бавоўніку і вытв-сці бавоўны-сырцу. Асн. пояс вырошчвання бавоўніку знаходзіцца ў межах сухіх субтропікаў і тропікаў паміж 20° і 40° паўн. шыраты. Найлепшы ўраджай атрымліваюць на арашальных землях. Па аб’ёме валавой прадукцыі і памерах пасяўной плошчы важнейшыя баваўнаводчыя краіны — Кітай, ЗША, Індыя, Пакістан, Узбекістан, Турцыя, Бразілія, Туркменістан, Аўстралія, Грэцыя, Егіпет (гал. вытворца тонкавалакністай бавоўны), Мексіка, якім належыць больш за 85% сусв. збору бавоўны. Баваўнаводствам займаюцца таксама яшчэ прыкладна ў 70 краінах свету (большасць краін Лацінскай Амерыкі, Афрыкі, Паўд. і Зах. Азіі, Паўд. Еўропы). Прыкладна ⅓ сусв. экспарту бавоўны паступае з ЗША. Беларусь атрымлівае неабходную для тэкст. прам-сці бавоўну пераважна з Узбекістана і Туркменістана (у 1993 адпаведна 18,1 і 6,7 тыс. т пры агульным імпарце 31,1 тыс. т).

т. 2, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛАНЧЫ́Н ((Balanchine) Джордж) (сапр. Баланчывадзе Георгій Мелітонавіч; 22.1.1904, С.-Пецярбург — 30.4.1983),

амерыканскі балетмайстар. Сын М.А.Баланчывадзе. Скончыў Тэатр. вучылішча пры Марыінскім т-ры (1921, Петраград). У 1925—29 гал. балетмайстар трупы «Рускі балет С.​П.​Дзягілева». З 1933 у ЗША. Арганізатар і кіраўнік «Школы амерыканскага балета» (разам з Л.​Кірштайнам, 1933) і на яе аснове трупы «Амерыканскі балет» (з 1948 «Нью-Йоркскі гарадскі балет»). Стваральнік амер. балетнага мастацтва і стылю неакласіцызму ў харэаграфіі. Аўтар сімф. балетаў «Канчэрта барока» на муз. І.​С.​Баха (1941), «Чатыры тэмпераменты» на муз. П.​Хіндэміта (1946), «Сімфонія до мажор» на муз. Ж.​Бізэ (1947), 27 кампазіцый і балетаў на музыку І.​Стравінскага, у т. л. «Апалон Мусагет» (1928), «Арфей» (1948), «Агон» (1957) і інш.

т. 2, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛТУ́ШЫС ((Baltušis) Юозас) (сапр. Альбертас Юазенас; 27.4.1909, г. Рыга — 4.2.1991),

літоўскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Літвы (1969). Аўтар кніг апавяданняў і нарысаў «Тыдзень пачынаецца добра» (1940), «Дзяцеліна» (1943), «Пра што ў песні не пяецца» (1959), «Валюсе патрэбны Алексас» (1965), «Па сцяжынах бацькоў і братоў» (1967), «Вялікая луста хлеба» (1974), п’ес «Спяваюць пеўні» (1947), «Раннім ранкам» (1953), раманаў «Прададзеныя гады» (т. 1, 1957; Дзярж. прэмія Літвы 1957; бел. пер. А.​Астрэйкі і О.​Главацкене 1961; т. 2, 1969), «Сказанне пра Юзаса» (1979; Дзярж. прэмія Літвы 1980) і інш. Гал. тэматыка яго твораў — гіст. лёс, жыццё літоўскага сялянства, яго духоўнае багацце. Па творах Балтушыса створаны фільмы «Жывыя героі», «Вянок з дубовых лістоў» (1976).

Тв.:

Raštai. Т. 1—8. Vilnius, 1981—83.

А.​Лапінскене.

Ю.Балтушыс.

т. 2, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНЬКО́ЎСКІ-ЦЮ́ЛІГ ((Bańkowski-Zullig) Моніка) (н. 12.5.1946, Цюрых),

швейцарская славістка. Скончыла Цюрыхскі ун-т (1973). У 1971—90 у Цюрыхскім ун-це. З 1982 гал. рэферэнт Цэнтр. б-кі Цюрыха. Даследчыца швейц.-слав. сувязяў. Сааўтар зб-каў «Факты і байкі» (1991), «Выгнанне і прытулак» (1994), навук. праектаў «Каменціраваная бібліяграфія па славянскай сацыялінгвістыцы» (т. 1—3, 1981), «Швейцарска-славянскія сувязі ад іх вытокаў. Дакументы і даследаванні» (1988—94). Распрацавала курс «Уводзіны ў беларусістыку» (1984—85). Аўтар публікацый «Адкрыццё незнаёмкі. Беларуская літаратура ў нямецкіх перакладах» (1989), «Беларускі еўрапеец» (пра М.​Багдановіча), «Перабудова і моўная палітыка на прыкладзе Беларусі» (абедзве 1991), «Стан і перспектывы беларусістыкі ў Швейцарыі» (1993).

Тв.:

Бел. пер. — Прысутнасць беларускай культуры ў Швейцарыі // Голас Радзімы. 1993. 8 ліп.

У.​Л.​Сакалоўскі.

т. 2, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАВІ́К (Рыгор Іванавіч) (н. 28.1.1939, в. Сахноўцы Стараканстанцінаўскага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна),

бел. рэжысёр. Канд. мастацтвазнаўства. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). Працаваў у Брэсцкім абл. драм. (з 1966) і Бел. рэсп. юнага гледача (з 1971, у 1974—78 гал. рэжысёр) тэатрах, з 1985 у маладзёжным т-ры Беларусі. З 1993 у Бел. ун-це культуры. Пастаноўкі Баравіка адметныя сучаснасцю гучання, спалучэннем псіхалагізму з яркай відовішчнасцю: «Звычайная гісторыя» паводле І.​Ганчарова (1967), «Трыбунал» А.​Макаёнка (1971), «Чатыры кроплі» В.​Розава (1975), «Чайка» А.​Чэхава (1977), «Гэтыя незразумелыя старыя людзі» паводле С.​Алексіевіч (1986), «Непаразуменне» А.​Камю (1989), «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы (1993), «Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча (1995). Выступае ў перыяд. друку па праблемах т-ва і бел. драматургіі.

т. 2, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРДО́ (Bordeaux),

горад на ПдЗ Францыі. Адм. ц. дэпартамента Жыронда і гал. горад гіст. вобласці Гіень і Гасконь, на р. Гарона, за 97 км ад Біскайскага зал. Вядомы яшчэ да рымскага заваявання Галіі ў 1 ст. да нашай эры. 213 тыс. ж., з прыгарадамі 686 тыс. ж. (1990). Буйны порт, даступны для марскіх суднаў (аванпарты Паяк, Вердон і інш.), Міжнар. аэрапорт. Нафтаперапрацоўка, судна- і авіябудаванне, агульнае машынабудаванне, металург., хім., тэкст., дрэваапр. прам-сць, харч. прадпрыемствы (цукр., шакаладныя, кансервавыя і інш.). Вінаробства. Ун-ты (старэйшы з 1441), вышэйшыя школы выяўл. мастацтва (1712) і марская (1613). Музей выяўл. мастацтваў і інш. Шматлікія арх. помнікі 11—18 ст., у т. л. раманска-гатычны сабор Сент-Андрэ (12—14 ст.).

Бардо. Сабор Сент-Андрэ. 12—14 ст.

т. 2, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЎМГАРТЭН ((Baumgarten) Аляксандр Готліб) (17.6.1714, Берлін — 26.5.1762),

нямецкі філосаф школы К.Вольфа. З 1740 праф. ун-та ў Франкфурце-на-Одэры. Родапачынальнік эстэтыкі як філас. дысцыпліны. У аснове канцэпцыі Баўмгартэна падзел пазнання на рацыянальнае і пачуццёвае. Эстэтыку лічыў часткай тэорыі пазнання, што датычыць паўсвядомых, заблытаных, незразумелых уяўленняў (т.зв. перцэпцый у прынятай Баўмгартэнам тэрміналогіі Лейбніца) у адрозненне ад ясных і лагічных меркаванняў, т.зв. аперцэпцый. Паводле Баўмгартэна, аперцэпцыямі, або рацыянальным пазнаннем, займаецца логіка, а перцэпцыямі, або пачуццёвым пазнаннем, — эстэтыка. Лічыў, што мастацкае (пачуццёвае) пазнанне, якое выяўляецца ў эстэт. суджэннях, з’яўляецца недасканалай формай лагічнага пазнання. Гал. працы: «Развагі» (1735), «Метафізіка» (1739), «Эстэтыка» (1750—58).

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: История эстетики. М.,1964. Т. 2. С. 49—65.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 2, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ МО́ВА»,

аднатомная энцыклапедыя. Выдадзена ў 1994 у Мінску пад рэдакцыяй А.​Я.​Міхневіча выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя». Уключае 513 энцыклапедычных артыкулаў, гал. аб’ектамі апісання ў якіх сталі: моўныя дысцыпліны і навук. кірункі, што вылучаюцца ў межах бел. мовазнаўства; навук. паняцці і метады, пры дапамозе якіх апісваецца бел. мова; галоўныя пісьмовыя помнікі старабел. і новай бел. літ. мовы; персаналіі айч. і замежных даследчыкаў бел. мовы, бел. пісьменнікаў і выдатных дзеячаў старабел. пісьменства; галоўныя кадыфікацыйныя працы па бел. мове; мовы, з якімі бел. мова мела ці мае кантакты; моўныя ўстановы, таварыствы, часопісы, газеты і інш. Артыкулы ілюструюцца фотаздымкамі, картамі, схемамі. У кнізе змешчаны Закон «Аб мовах у Беларускай ССР» (1990) і спадарожныя яму заканадаўчыя акты.

В.​К.​Шчэрбін.

Тытульны ліст энцыклапедыі «Беларуская мова». 1994.

т. 2, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРЫ́БІЦА (Stenodus leucichthys leucichthys),

прахадная рыба сям. сіговых; падвід нельмы. Эндэмік Каспійскага м., куды зайшла ў ледавіковы час з Ледавітага ак. Трымаецца ў халодных слаях вады.

Даўж. да 1,2 м, маса да 20 кг. Самкі буйнейшыя за самцоў. Цела серабрыстае, без плям, луска буйная, рот вялікі, зубы на сківіцах адсутнічаюць. Палавая спеласць на 5—7-м годзе жыцця. На нераст ідзе ў рэкі Волгу і Урал. Да зарэгулявання Волгі гал. месцам нерасту была р. Уфа (300 км ад мора). Існуюць яравая і азімая формы. Нерастуе ў вер.—лют. 1—2 разы ў жыцці (праз 2—3 гады). Драпежнік, у час міграцый не корміцца. Каштоўная рыба; у сувязі з зарэгуляваннем Волгі прамысл. значэнне невялікае; разводзяць штучна.

Беларыбіца.

т. 3, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛУДЖЫСТА́Н,

правінцыя на ПдЗ Пакістана. Мяжуе на З з Іранам, на Пн з Афганістанам, на Пд абмываецца Аравійскім морам. Пл. 347,2 тыс. км², нас. 4,9 млн. чал. (1985), у асноўным белуджы. Адм. і гал. прамысл. цэнтр, трансп. вузел — г. Квета. Паверхня пераважна горная і пласкагорная. Большую ч. паверхні займаюць хрыбты Макрана (Макранскі Берагавы хр., Цэнтр. Макранскі хр. і інш.). На Пн Сулейманавыя горы. Паміж хрыбтамі ўчасткі пласкагор’яў. Клімат субтрапічны. Ападкаў 100—250 мм за год. Пераважае расліннасць горных пустыняў і паўпустыняў. Насельніцтва занята качавой і паўкачавой жывёлагадоўляй (авечкі, козы, вярблюды, коні). У аазісах і далінах рэк вырошчваюць пшаніцу, бавоўнік, фінікавую пальму. На ўзбярэжжы рыбалоўства. Здабыча прыроднага газу, бурага вугалю, рудаў жалеза і хрому, серы, кухоннай солі. Транспарт уючны і аўтамаб., на Пн чыгуначны.

т. 3, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)