КЕ́ДРАЎ Міхаіл Мікалаевіч (2.1.1894, Масква — 22.3.1972),
расійскі рэжысёр, акцёр, педагог. Нар.арт.СССР (1948). Вучыўся ў Вольных маст. майстэрнях. З 1922 у 2-й Студыі МХАТ, з 1924 у МХАТ, у 1946—55 гал. рэжысёр. Як акцёр вылучаецца здольнасцю сцэн. пераўвасаблення, пластычнай выразнасцю формы: Манілаў («Мёртвыя душы» паводле М.Гогаля), Захар Бардзін («Ворагі» М.Горкага), Тарцюф («Тарцюф» Мальера), Сінь Бін-у («Браняпоезд 14—69» У.Іванава) і інш. Як рэжысёр і педагог развіваў традыцыі рэжысуры К.Станіслаўскага і У.Неміровіча-Данчанкі. Сярод пастановак: «У людзях» М.Горкага (1933), «Глыбокая разведка» А.Крона (1943), «Плён асветы» Л.Талстога (1951), «Рэвізор» Гогаля (1967). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1950, 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІЛІКІ́ЙСКАЯ АРМЯ́НСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА,
княства, потым царства на тэр.Кілікіі ў 1080—1375. Сталіца — г. Сіс. Узнікла ў выніку масавых уцёкаў у Кілікію армян (у т. л. знаці) пасля заваявання Арменіі туркамі-сельджукамі і візантыйцамі. Тут правіла дынастыя Рубенідаў (назва ад імя першага князя Рубена). Да 1182 ваявала з Візантыяй.
Найб. росквіту дасягнула пры Левоне II (з 1198 цар). Развіваліся рамёствы, гандаль, культура (цэнтры — гарады Сіс, Тарс, Мамедыя і інш.), сельская гаспадарка. З 1-йпал. 13 ст. васал манг. правіцеляў (ільханаў) Ірана. У 1375 заваявана мамлюкамі.
Літ.:
Микаелян Г.Г. История Киликийского армянского государства. Ереван, 1952.
В.У.Адзярыха.
Да арт.Кілікійская армянская дзяржава. Трыпціх-рэлікварый. Серабро з пазалотай. 1293.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛО́ЧКІ,
дзяржаўныя дзеячы ў ВКЛ герба «Павяла». Родапачынальнік Ян, што жыў у сярэдзіне 15 ст. і пакінуў сыноў Войцеха, Міхну, Мікалая і Алехну. З іх Войцех [каля 1450(?)—1514] служыў ахмістрам вял. княгіні Алены Іванаўны, набыў маёнтак Дарагова ў Новагародскім пав.; у канцы жыцця быў намеснікам ковенскім. Яго сын Мацей (каля 1480—1543), ваявода віцебскі з 1532 і адначасова (з 1533) намеснік Аболецкага маёнтка каралевы Боны Сфорцы, староста жамойцкі з 1542, часам выкарыстоўваў прозвішча Ахмістровіч. Быў жанаты з Кацярынай Глябовіч, спадчынніцай маёнтка Рудка на Падляшшы. У 1528 ставіў са сваіх маёнткаў у войска 65 коннікаў. Памёр без нашчадкаў. Іншыя галіны роду К. згаслі ў 2-йпал. 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КО́ВЕНСКІ ЗБО́РНІК»,
рукапісны літаратурны зборнік 1-й трэці 18 ст. Складзены ў Ковенскім езуіцкім калегіуме. Апісаны А.Брукнерам і Я.Карскім (рукапіс загінуў у 1944 у Варшаве). Зборнік уключаў «аргумент» (пераказ гіст. падзей, пакладзеных у аснову твора), масленічную драму пра жыццё і смерць рым. імператара Нерона (паст. 1731), бел. інтэрмедыі «Селянін, вучань», «Селянін і вучань-уцякач», «Літаратар, селянін, Самахвальскі», «Гульня Фартуны» і інш. Інтэрмедыі адметныя завершанасцю жанравай формы, іх гал. герой — бел. селянін, кемлівы, вынаходлівы, здольны ашукаць (перахітрыць) паноў, шляхціцаў, «мудрых» вучоных, студэнтаў і нават чорта. Герой надзелены жывой, набліжанай да гутарковай, мовай.
Літ.:
Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 192—199.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНАПО́ЛЬСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з крас. 1942 да вер. 1943 на тэр. Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. Кіраўнік С.П.Паршын. Складалася з жыхароў г.п. Краснаполле, в.Вял. Хутары, Маластоўка, Турэйск і б. ваеннаслужачых (усяго 18 чал.). Падпольшчыкі трымалі сувязь з 41-м партыз. атрадам і 47-йпартыз. брыгадай «Перамога», перадавалі ім разведданыя, атрымлівалі ад іх лістоўкі і газеты, запісвалі па радыё зводкі Саўінфармбюро, друкавалі іх на машынцы і распаўсюджвалі сярод насельніцтва, знішчылі тэлеф. сувязь у паліцыі і камендатуры. 7.11.1942 падпольшчыку І.П.Галярку, што працаваў тэхнікам на мясц. радыёвузле, удалося настроіць апаратуру на Маскву і ўключыць у трансляцыйную сетку; акупанты арыштавалі і павесілі патрыёта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́МАЎ Аляксандр Міхайлавіч (4.11.1871, каля Варшавы — 13.9.1917),
расійскі ваен. дзеяч. Ген.-лейт. (1917). Скончыў Паўлаўскае ваен. вучылішча і Акадэмію Генштаба (1902). Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05. У 1906—11 у Гал. штабе і Гал. упраўленні Генштаба. У 1-ю сусв. вайну пры штабе 2-й арміі, з сак. 1915 камандаваў Усурыйскай коннай брыгадай, з крас. 1917—3-м конным корпусам. Кантактаваў з партыяй акцябрыстаў. У час Карнілава мяцяжу 1917 на чале 3-га коннага корпуса накіраваны Стаўкай Вярх. камандавання рас. арміі (знаходзілася ў Магілёве) на Петраград. Пасля адмовы вайскоўцаў корпуса наступаць супраць рэв. сіл прыбыў для тлумачэнняў А.Ф.Керанскаму ў Петраград, дзе пасля аддачы загаду аб яго арышце застрэліўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЧЭ́ЎСКІ (Kurczewski) Ян (1854, в. Данюшава Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. — 30.7.1917),
бел. гісторык рымска-каталіцкай царквы, рэліг. дзеяч. Магістр тэалогіі (1881). Скончыў Віленскую рымска-каталіцкую духоўную семінарыю, Пецярбургскую рымска-каталіцкую духоўную акадэмію (1881). Выкладаў у 2-й Віленскай гімназіі, з 1886 настаяцель касцёла ў в. Кемелішкі (Астравецкі р-н), з 1889 у касцёле св. Якуба ў Вільні, займаў духоўныя пасады ў курыі Віленскага біскупства. Аўтар кніг пропаведзей, гіст. прац «Замкавы касцёл, або Віленская кафедра ў яе гістарычным, літургічным, архітэктанічным і эканамічным развіцці» (т. 1—3, 1908—16), «Віленскае біскупства ад яго залажэння да сённяшняга дня» (1912), дзе выкарыстаны багаты архіўны матэрыял, шмат звестак па гісторыі каталіцтва ў Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЧЫ́НСКІ БОЙ 1942,
бой партызан атрада 61-йпартыз. брыгады супраць карнай экспедыцыі ням.-фаш. войск у Кучынскім лесе на мяжы Быхаўскага і Магілёўскага р-наў 9 жн. ў Вял.Айч. вайну. Група партызан (20 чал.) пад камандаваннем Я.Ф.Каўшыркі 26 ліп. разграміла валасную ўправу ў в. Кучын. Блакада карнікамі клічаўскіх і бялыніцкіх лясоў вымусіла партызан спыніцца ў лесе за 3 км на ПнУ ад вёскі. Раніцай 9 жн. гітлераўцы (каля 3 тыс. карнікаў з артылерыяй, танкеткамі і бронемашынамі) занялі навакольныя вёскі і акружылі партызан. У выніку 3-гадзіннага бою партызаны нанеслі вял. страты ворагу ў жывой сіле, збілі самалёт, але самі амаль усе загінулі. На месцы бою пастаўлена стэла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМБЕ́РТ Карл Восіпавіч (Lambert Marie Charles; 1771 або 1772, Францыя — 11.6.1843),
расійскі ваенны дзеяч. Генерал ад кавалерыі (1823). Ваен. службу пачаў у франц. каралеўскай арміі. У час Франц. рэвалюцыі (1789—94) эмігрыраваў у Расію. Удзельнік задушэння паўстання 1794, перс. (1796) і швейц. (1799) паходаў, руска-пруска-франц. вайны 1806—07. Напярэдадні і ў час вайны 1812 камандзір кав. корпуса ў 3-й арміі; 25 ліп. авалодаў Брэстам, 27 ліп. разбіў саксонцаў у Кобрынскім баі 1812, удзельнічаў у Гарадзечанскай бітве 1812; восенню 1812 выбіў праціўніка з Нясвіжа, Навасвержаня, Мінска; пры штурме Барысава цяжка паранены. У сак. 1814 удзельнічаў у бітве пад Парыжам. Пасля вайны на камандных пасадах, сенатар (1826).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПЛА́СА ПЕРАЎТВАРЭ́ННЕ,
лінейнае функцыянальнае пераўтварэнне, якое пераводзіць функцыю f(t) сапраўднай пераменнай t (арыгінал) у функцыю F(s) камплекснай пераменнай (вобраз). Цесна звязана з Фур’ё пераўтварэннем. Выкарыстоўваецца для інтэгравання дыферэнцыяльных ураўненняў у задачах электратэхнікі, гідрадынамікі, механікі, тэорыі цеплаправоднасці.
Дазваляе зводзіць рашэнне, напр., звычайнага лінейнага дыферэнцыяльнага ўраўнення з пастаяннымі каэфіцыентамі да рашэння алг. ўраўнення 1-й ступені. Аднабаковае Л.п. матэматычна выражаецца праз інтэграл Лапласа
(інтэгралы такога віду разглядаліся П.С.Лапласам у працах па тэорыі імавернасцей у 1812, адсюль назва) Пры пэўных абмежаваннях на функцыю F(s) функцыя f(t) узнаўляецца адназначна па формулах абарачэння. Л.п. разам з яго абарачэннем складае аснову аперацыйнага злічэння.