рэзкае павелічэнне колькасці аэразоляў у атмасферы, якое можа адбыцца ў выніку прыродных (напр., пры вывяржэнні вулканаў) або штучных (напр., пры буйных ядз. катастрофах) з’яў і суправаджаецца выключнымі па маштабах і адмоўных наступствах парушэннямі экалагічнай раўнавагі ў прыродных сістэмах. Паняцце «аэразольная катастрофа» ўведзена сав. вучоным-геафізікам М.І.Будыкам (1969). Утварэнне ў атмасферы вял. аэразольных зонаў вядзе да рэзкага зніжэння празрыстасці атмасферы і колькасці сонечнай радыяцыі, якая паступае на паверхню Зямлі. Гэта выклікае моцнае пахаладанне і вымярзанне расліннасці на вял. тэрыторыях, масавую гібель жывёл, людзей. Мяркуюць, што аэразольныя катастрофы ўзнікалі на працягу многіх мінулых геал. перыядаў, лічаць, што яны патэнцыяльна магчымыя і ў выпадку ядз. вайны (гл.«Ядзерная зіма»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ САЛДА́ТАЎ 1905,
рэвалюцыйнае выступленне салдатаў дысцыплінарнага батальёна ў Бабруйскай крэпасці, дзе за рэв. дзейнасць трымалі на суровым рэжыме 900 салдатаў (4 роты), у т. л. 300 матросаў Балтыйскага флоту. 5 снеж. салдаты 3 рот адмовіліся ісці на страявыя заняткі, захапілі зброю і запатрабавалі ў 5-дзённы тэрмін вырашыць пытанне аб іх вызваленні. На мітынгу выпрацаваны дадатковыя патрабаванні: неадкладная мабілізацыя прызваных у армію з запасу, скарачэнне тэрміну службы, адмена цялесных пакаранняў, ліквідацыя дысцыплінарных батальёнаў і штрафных рот, вызваленне паліт. зняволеных, перадача зямлі сялянам, 8-гадзінны рабочы дзень і інш. Віленскі ген.-губернатар накіраваў у Бабруйск карную экспедыцыю на чале з ген. Арловым, якая прымусіла паўстанцаў здацца. Па справе аб паўстанні было адсуджана 28 чалавек.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНАЯ САВА́ (Asio flammeus),
птушка сямейства савіных атр. совападобных. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. і Паўд. Амерыцы, Паўн.-Зах. і Паўд. Афрыцы. На Беларусі трапляецца на поймавых і сухадольных лугах, нізінных балотах, парослых хмызняком або лісцевым драбналессем, асушаных тарфяніках, вял. увільготненых высечках.
Даўж. цела 33—43 см, маса 260—440 г, размах крылаў 0,89—1,1 м. Афарбоўка буравата-вохрыстая, ніз цела святлейшы, з цёмнымі падоўжнымі стракацінамі. Гнёзды на зямлі, звычайна пад кустом або купінай. Нясе 3—6 яец, у гады масавага размнажэння грызуноў — 9—10. Корміцца мышападобнымі грызунамі, зрэдку жабамі, птушкамі. Каштоўная для сельскай гаспадаркі. Занесена ў Чырв. кнігу Беларусі, адзін з падвідаў — у Чырв. кнігу МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНКІ́ЎСКІ ПЕ́ВЕНЬ (Gallus gallus),
птушка сямейства фазанавых. Пашыраны ў Індыі і Паўд.-Усх. Азіі. У прыручаным стане завезены на Яву, Філіпінскія а-вы, Новую Гвінею і а-вы Палінезіі, дзе месцамі здзічэў. Жыве ў лясных і кустовых джунглях у гарах і на раўнінах.
Даўж. цела да 66 см, маса самцоў 0,9—1,25 кг, самак 0,5—0,75 кг. Афарбоўка самца чырвона-залацістая на спінным баку і чарнавата-бурая на брушным, самкі бураватыя. У самца высокі мясісты грэбень на галаве, голыя шчокі і 1 або 2 вушныя лопасці, або «завушніцы». Гняздо на зямлі ў паглыбленнях. Корміцца насеннем, зернем, часткамі раслін і насякомымі. Ад банкіўскага пеўня паходзяць шматлікія пароды свойскіх курэй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРУ́НЫ,
вёска ў Беларусі, у Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Баруны». За 21 км на ПдУ ад Ашмян, 222 км ад Гродна, 20 км ад чыг. ст. Багданаў. 524 ж., 178 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі, касцёл.
У мінулым мястэчка Ашмянскага пав., адзін з цэнтраў уніяцтва. У 18 ст. ў Барунах пабудаваны Барунскі манастыр базыльян, пры якім у 1793 адкрыта школа. З 1795 у Рас. імперыі. У 1905 — 229 ж., 294 дзес.зямлі. Дзейнічала Барунская настаўніцкая семінарыя. З 1922 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, дзейнічала антыфаш. група. Летам 1944 спалены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСУМА́ТРАВА (Святлана Міхайлаўна) (н. 22.11.1946, г. Мазыр),
бел. паэтэса. Вучылася ў БДУ (1965—66), Літ. ін-це імя Горкага ў Маскве (1966—69), скончыла Маскоўскі літ.ін-т (1986). З 1972 у Бабруйску. Настаўнічала, працавала ў саўгасе, на радыё, у прэсе. Друкуецца з 1960. Аўтар зб-каў паэзіі «Белая Бярэзіна» (1981), «Кветкі палявыя» (1985), «Званы чалавечнасці» (1988), «Далеч-далячынь» (1991). Паэма «Незабудкі памяці» пра трагічны час культу асобы, рэпрэсіі супраць нявінных людзей навеяна лёсам дзеда. Любоў да роднай зямлі і яе людзей, памяць пра тых, хто аддаў жыццё за Радзіму, клопаты і трывогі сучасніка, вернасць высокім ідэалам, шчырасць і непасрэднасць пачуццяў — гал. ў лірыцы паэтэсы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУТРАМЕ́ЕЎ (Уладзімір Пятровіч) (н. 20.3.1953, в. Расна Горацкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1974), Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў (1987) і Вышэйшыя літ. Курсы (1991) у Маскве. Настаўнічаў на Магілёўшчыне, Слонімшчыне. У друку выступае як празаік і драматург. Піша на рус. і бел. мовах. Аўтар кніг аповесцяў і апавяданняў «Кахаць і верыць» (1986), «Зрушэнне» (1989), «Задарожжа» (1993), п’ес «Ізноў Несцерка» (паст. 1987), «Страсці па Аўдзею» (паст. 1989). Адзін з аўтараў сцэнарыя тэлефільма «Наш сад» (з Я.Міцько, паст. 1987).
Тв.:
Вялікія і славутыя старажытнага свету: Энцыкл. для дзяцей. Мн., 1995;
Вялікія і славутыя людзі беларускай зямлі. Мн., 1995;
Великие и знаменитые: Средние века и эпоха Возрождения. М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯСХВО́СТЫЯ ЗЕМНАВО́ДНЫЯ (Anura, Ecaudata),
атрад земнаводных. 19 сям., 297 родаў, каля 3500 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць пераважна на паверхні зямлі, часткова ў глебе (рыючыя), на дрэвах. На Беларусі 10 відаў: жабы — азёрная, вастрамордая, сажалкавая, травяная; жарлянка чырванабрухая; квакша звычайная; рапухі — зялёная, чаротавая, шэрая; часночніца.
Даўж. да 35 см. Тулава кароткае, шырокае, з нерухомай галавой (шыя невыразная), галава трохвугольная, хвост бывае толькі ў лічынкавай стадыі (у апалонікаў). Канечнасці добра развітыя, заднія ў 2—3 разы даўжэйшыя за пярэднія (прыстасаваныя да скачкоў). Самкі большасці бясхвостых земнаводных кладуць ікру ў ваду. Кормяцца насякомымі, лічынкамі камароў, дробнымі ракападобнымі. Карысныя. 22 віды ў Чырв. кнізе МСАП. Рапуха чаротавая (Bufo calamita) занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПА́РЫН (Аляксандр Іванавіч) (2.3.1894, г. Угліч, Расія — 21.4.1980),
савецкі вучоны-біяхімік, грамадскі дзеяч. Акад.АНСССР (1946, чл.-кар. 1939), ганаровы чл. акадэмій навук Балгарыі, ГДР, Кубы, Іспаніі, Італіі. Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Маскоўскі ун-т (1917). З 1929 праф. гэтага ун-та. У 1935 з А.М.Бахам арганізаваў Ін-т біяхіміі АНСССР, з 1946 яго дырэктар. Навук. працы па біяхіміі раслін, праблеме ўзнікнення жыцця на Зямлі. Заснавальнік эвалюцыйнай біяхіміі, вучэння пра хім. эвалюцыю дабіялагічнага перыяду развіцця жыцця. Ленінская прэмія 1974. Залатыя медалі імя І.І.Мечнікава (1960) і М.В.Ламаносава (1979).
Тв.:
Возникновение жизни на Земле. 3 изд. М., 1957;
Жизнь, ее природа, происхождение и развитие. 2 изд. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРАБО́ТКІ,
форма найму сялян са сваімі прыладамі працы і цяглом да памешчыка або заможнага селяніна за арандаваную зямлю, пазычаныя грошы, хлеб, лясныя матэрыялы, у пагашэнне штрафаў і інш. У Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, шырока практыкаваліся пасля сялянскай рэформы 1861. Сталі асновай адработачнай сістэмы ў памешчыцкай гаспадарцы (вынік малазямелля, падатковага ўціску, пазаэканам. прымусу сялян). Разнавіднасцямі адработкі былі здольшчына і «кругавая» (поўная) апрацоўка панскай зямлі або выкананне асобных відаў работ (ворыва, пасеву, уборкі) з аплатай часткова грашыма, часткова зямельнымі ўгоддзямі. Па меры росту таварнай гаспадаркі і асабліва разлажэння сялянства адработкі паступова выцясняліся капіталіст. наймам, але былі вельмі пашыраны на Беларусі і ў пач. 20 ст.