Настрапалі́ць ’падвучыць, падбухторыць’ (навагр., Жыв. сл.; слонім., Нар. лекс.; стаўбц., З нар. сл., Яўс., Юрч.), ’настроіць супраць каго-небудзь’ (навагр., Нар. словатв.), рус. настропали́ть ’навучыць’, ’настроіць супраць каго-небудзь’, ’наладзіць, падрыхтаваць’, настропи́ть ’падгаварыць, падбухторыць’. Няясна; магчыма, роднаснае да рус. стропота ’крывізна; ілжывасць’, строптивый (< ц.-слав.), якое Фасмер (3, 782) звязвае чаргаваннем галосных са струп. Звяртае на сябе ўвагу фармальнае падабенства з балг. стропо́ля ’зваліць, разбурыць’, якое можа быць цалкам выпадковым (параўн. тропо́ля ’стукаць’); аднак параўн. уз‑бу́рыць ’падбухторыць, падбіць’. З улікам рус. настропи́ть не выключана сувязь са строп ’вільчык’, стропкі ’стромы, круты’, рус. стропи́ла ’кроквы’, зыходнае значэнне пры гэтым было б ’натапырыць, наставіць’, адкуль ’настроіць супраць’, нарашчэнне ‑ал‑ (‑ол‑) мела б узмацняльны характар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Касцёл ’касцёл, каталіцкая царква’ (ТСБМ, БРС, Сл. паўн.-зах. і г. д.). Рус. костёл, укр. костьо́л. У ст.-бел. мове засведчана з XVII ст. у формах костелъ, косцелъ. Непасрэднай крыніцай запазычання бел. слова было польск. kościół ’тс’. У польск. мове гэта слова ўзята, відаць, са ст.-чэш. kostel, якое, у сваю чаргу, запазычана са ст.-в.-ням. kastel < лац. castellum. Недакладна ў Булыкі, Запазыч., 173, дзе польск. лексема выводзіцца непасрэдна са ст.-в.-ням. На тэрыторыі ўсх. славян даная назва адзначаецца ўжо ў 1438 г. (гл. Фасмер, 2, 347). Гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 67. Трэба спецыяльна падкрэсліць, што значэнне ’царква’ развілося ў зах. групе слав. моў і гэта трэба мець на ўвазе гісторыкам слав. моў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ке́бка ’пячурка ў печы’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. укр. кабиця ’круглая яма пад ганчарнай печчу, летняя кухня’, рус. кабица ’летняя кухня, будка сабакі, логава зайца’. Укр. ковбиця ’наглыбленне для попелу ў печы’, кобиця ’паглыбленне пад прыпечкам’. Украінскае слова не мае надзейнай этымалогіі. Запазычанне з тур. kabig ’вялікі кол’ неверагодна па значэнню, са шв. kabyss ’камбуз’ — па гісторыка-культурных прычынах (гл. ЕСУМ, 2, 332, 481). Бел. кебка ў гэтых этымалогіях не ўлічваецца. Існуе, аднак, рус. кибитка ў значэнні ’цагляны каркас рускай печы, у якую складаюць гаршкі пасля абпалу’. Апошняе значэнне супадае з першым значэннем укр. кабиця. Адсюль можна меркаваць, што крыніцай разглядаемых слоў і рус. кибитка была тая ж цюркская лексема kibit, käbit ’будка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Арэ́нда, у XIX ст. часта арандар ’гаспадар гасцініцы, шынкар’. Гэта значэнне з’явілася з ранда́ ’карчма’ (XIX ст. — Шакун, Тр. БГУ, 1958, 114) у выніку пераасэнсавання арэнда: корчмы даваліся ў арэнду. Параўн. таксама дыял. рэнда ’арэндная плата’ (Бяльк.) і пад. У старабеларускіх помніках з XVI ст. аренда, арендаръ (Гіст. мовы, 1, 249, 255), арендовати (Гіст. лекс., 111). Укр. з XVI ст. аренда, цяпер оренда, рус. з XVII ст. аренда ’тс’. Польск. з XVI ст. arenda і arendarz. З с.-вяк. лац. arrenda ’гадавая плата’ магчыма, але неабавязкова праз польскую, бо ў польскай з’яўляецца адначасова з бел. Вясноў, Бел. лекс., 35; Булахаў, Курс. суч., 164; Паўтарак, Бел. лекс., 135. Рускае праз польскую (Фасмер, 1, 85) ці праз беларускую, украінскую.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асістэ́нт ’памочнік прафесара, урача; малодшы выкладчык у вну’ (БРС), ’пастаянны размоўца, удзельнік цырымоніі’, асістэ́нцыя ’прысутнасць пры знатнай асобе, пастаяннае дагляданне, заляцанне’ (Нас.). Сучаснае значэнне ўсталявалася, верагодна, пад рускім уплывам (Крукоўскі, Уплыў, 76). Значэнні, зафіксаваныя ў Насовіча, указваюць на польскую крыніцу запазычання (польск. asystent ’памочнік прафесара; памочнік, практыкант урача; член світы, якая ўдзельнічае ва ўрачыстасці; кавалер’). Ст.-укр. ассистенция з XVII ст., ассистентъ з XVIII ст., што ўказвае не толькі на магчымую даціроўку беларускага, але і на польскую крыніцу запазычання. Польскае з лац. assistent суправаджаючы’; у рускай мове з пачатку XVIII ст. праз нямецкую (Шанскі, 1, А, 163; Фасмер, 1, 94, указваюць на нямецкую крыніцу, паводле Смірнова, 49) ці польскую — Біржакава, Очерки, 344.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бабі́зна1 ’спадчына ад бабулі’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб.). Укр. баби́зна, польск. babizna ’тс’. Утварэнне ад ба́ба1 (гл.) суфіксам ‑izna (параўн. otьčizna), які выступаў з абстрактным значэннем, што часта канкрэтызавалася (і тады націск пераходзіў на першы склад суфікса ‑izna). Утварэнне babizna1, як бачым, ёсць толькі ў некаторых слав. мовах.

Бабі́зна2 ’вялікі баязлівец’, ’высакарослая жанчына’ (Нас.). Суф. ‑izna ўтвараў абстрактныя і калектыўныя назоўнікі, што часта канкрэтызаваліся, а ў некаторых мовах атрымлівалі і пейаратыўнае значэнне (параўн. і ст.-польск. mężczyzna — калектыўны назоўнік, які пазней стаў азначаць адну асобу; Брукнер, 327). Бел. слову дакладна адпавядаюць: чэш. babizna ’агідная, брыдкая, злосная баба, старая жанчына’, славац. babižna, babizeň ’старая або агідная жанчына, баба’. Аб пейаратыўнай функцыі ‑izna гл. Оберпфальцэр, Rod, 157.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́зу́р1 ’від танца’ (Інстр. III) запазычана з польск. mazur(ek) ’мазурскі танец’, таксама як і ўкр. мазу́р. У рус. і чэш. мовах мазурка, mazurka — ж. р., як полька, венгерка (Фасмер, 2, 558; Махэк₂, 356). У сучасных бел. гаворках таксама мазу́ркарус.), параўн. ваўк. мазурка ’тс’ (Сл. ПЗБ). Значэнне ’чарнарус’ (Нас.) — да ма́зу́р ’паляк паўн.-усх. Польшчы’ < польск. mazia ’балота’.

Ма́зур2 ’з запэцканым тварам, брудны’, ’смуглы’ (Нас., Шат.) і мазура́ка ’мурза, неахайны’ (Нікан.) утвораны пры дапамозе суф. ‑ур (з экспрэсіяй зніжанасці), ‑ур‑ака ад мазаць (гл.) (Сцяцко, Афікс. наз., 70). У іншых слав. мовах аналагічна: укр. замазу́ра, замазуха, в.-луж. mazuch, рус. мазу́рина ’пляма іншага колеру на поўсці ў сабакі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Міну́ць ’прайсці, праехаць міма’, ’пазбегнуць’, ’скончыцца’, ’споўніцца’, ’прапусціць’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), міну́цца ’адысці ў мінулае’, ’здохнуць, прапасці’ (карэліц., Сл. ПЗБ, Нар. словатв.), драг. мыну́тыся ’размінуцца’ (Лучыц-Федарэц). Укр. мину́ти, рус. мину́ть, минова́ть, польск. minąć, н.-луж. minuś, в.-луж. minyć so, чэш. minouti, ст.-чэш. minovati, славац. minúť, славен. míniti, серб.-харв. ми́нути, мак., балг. мине, минува, ст.-слав. минѫти, миновати. Прасл. minǫti. Магчыма, кельтызм. Параўн. с.-уэльск. mynet, гальск. Moenus ’Майн’, а таксама лац. meāre ’ісці, праходзіць’. Да і.-е. *mei‑/*min‑/*moin ’ісці’ (Бернекер, 2, 59; Сольмсэн, KZ, 37, 582; Фасмер, 2, 624). Першапачаткова (паводле Махэка₂, 364) мела значэнне ’сустракацца з некім’, але пазней у славян стала абазначаць ’сустракацца без прыпынку, праходзіць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кляве́ц ’малаток для насякання млынавых камянёў, для кляпання кос’ (ТСБМ, Янк. I, Яруш., Мядзв., Гарэц., Нік. Очерки, ЭШ, рук., Бяльк., Касп., Сл. паўн.-зах.). Укр. клевець, рус. клевец, ст.-рус. клевець ’тс’, польск. klewiec ’тс’. Польская форма, відаць, са старажытнарускай. Такім чынам, можна гаварыць толькі аб усходнеславянскай інавацыі. Фармальна здаецца ўтварэннем з дапамогай вельмі прадуктыўнага суфікса ‑ьcь ад klьvati. Аднак, паколькі суфікс ‑ьcь можа ўтвараць назоўнікі ад прыметнікаў (slěpьcь < slěpъ, mъrtvьcь < mъrtvъ), верагоднай з’яўляецца і іншая этымалогія: *kъlevъ + ‑ьcь > kъlevьcь > klevьcь. У сваю чаргу *kъlevъ прыметнік, утвораны рэгулярна (суфікс ‑evъ) ад kъl ’зуб’. Цікава, што рус. клевец мае значэнне ’зуб у баране, граблях’. Адносна ўтварэнняў на ‑ьcь параўн. SP, 1, 99–100; Мартынаў, Прасл. дерив., 29.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ко́рань1 ’падземная частка расліны’ (ТСБМ, Мат. Гом., Сл. паўн.-зах., Сцяшк.), ’настой з кораня’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. корінь, рус. корень, ст.-слав. корень, балг. корен, серб.-харв. ко̏рен, славен. korȇn, польск. korzeń, чэш. kořen ’тс’. Да прасл. kor‑ьnь. Параўн. літ. kẽras ’куст, корань’ (Бернекер, 1, 570; Траўтман, 127).

Ко́рань2 ’сядзіба’ (Мат. Гом., Яшк.). Да корань1 (гл.). Семантычны перанос ’вытокі расліны’ > ’вытокі чалавека’ > ’родныя мясціны, сядзіба’.

Ко́рань3 ’калодачны вулей’ (Сл. паўн.-зах., З нар. сл.). Сувязь з корань1 становіцца зразумелай, калі ўлічыць, што яго значэнне ’настой з кораня’ і тое, што «Купяць карэнь — бадаян, натруць каранік (калодачны вулей. — B. M.), запах даваў, і пчолы сядуць» (Сл. паўн.-зах., 2, 414–415).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)