ГІПЕРБАЛО́ІД (ад гіпербала + грэч. eidos выгляд),

незамкнутая цэнтральная паверхня 2-га парадку. Бывае адна- і двухполасцевы; пры перасячэнні гіпербалоіда з плоскасцю ў залежнасці ад параметраў атрымліваюцца ўсе канічныя сячэнні, а таксама пара прамых (у выпадку аднаполасцевага гіпербалоіда). Праз кожны пункт аднаполасцевага гіпербалоіда праходзяць 2 прамыя (прамалінейныя ўтваральныя), якія цалкам ляжаць на яго паверхні, г. зн. аднаполасцевы гіпербалоід — лінейчастая паверхня, утвораная дзвюма сем’ямі прамых; выкарыстоўваецца як стрыжнёвая канструкцыя вежавых збудаванняў, напр. секцыі Шухаўскай радыёвежы на Шабалаўцы ў Маскве.

Кананічнае ўраўненне гіпербалоіда ў прамавугольнай сістэме каардынат: x​2/a​2 + y​2/b​2 − z​2/с​2 = 1 (аднаполасцевы), x​2/a​2 + y​2/b​2 − z​2/с​2 = -1 (двухлопасцевы); гіпербалоід неабмежавана набліжаецца да паверхні x​2/a​2 + y​2/b​2 − z​2/с​2 = 0 (асімптатычны конус; a, b, c — даўжыні паўвосяў гіпербалоіда). Калі a = b, то атрымаецца гіпербалоід вярчэння.

Гіпербалоід: а — двухполасцевы; б — аднаполасцевы.

т. 5, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІКО́ЛІ, дыолы, двухатамныя спірты,

арганічныя злучэнні, якія маюць 2 гідраксільныя групы (OH), звязаныя з насычанымі атамамі вугляроду. У залежнасці ад узаемнага размяшчэння груп OH у малекуле адрозніваюць 1,2-гліколі (напр., 1,2-прапілен-гліколь HOC​1H2C​2H(OH)C​3H3), 1,3-гліколі і г.д. Гліколі, у якіх абедзве групы OH размешчаны пры адным атаме вугляроду, звычайна няўстойлівыя гідратныя формы альдэгідаў і кетонаў.

Найпрасцейшы гліколі — этыленгліколь і інш. ніжэйшыя гліколі (з 2—7 атамамі вугляроду ў малекуле) — вязкія бясколерныя вадкасці, якія лёгка змешваюцца з вадой і не змешваюцца з эфірам, вуглевадародамі гліколі маюць усе хім. ўласцівасці спіртоў (утвараюць алкагаляты, простыя і складаныя эфіры і г.д.; групы OH могуць рэагаваць незалежна адна ад адной і адначасова). Пры дэгідратацыі ў залежнасці ад умоў рэакцыі і будовы гліколі могуць утварацца цыклічныя эфіры (напр., дыаксан). Гліколі з’яўляюцца растваральнікамі лакафарбавых матэрыялаў, палімераў, пластыфікатарамі. Выкарыстоўваюць у вытв-сці поліэфірных валокнаў, пластыфікатараў, мыйных сродкаў, кляёў.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 5, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫБО́КІ ДРУК,

від друку, пры якім друкавальныя элементы друкарскай формы паглыблены адносна прабельных і запаўняюцца фарбаю. У працэсе друкавання фарба бесперапынна паступае на паверхню друкарскай формы, спец. стальной пласцінкай (ракелем) выдаляецца з прабельных элементаў, а з паглыбленняў пад ціскам друкарскага вала перадаецца на паперу.

Чым глыбей друкавальныя элементы, тым больш фарбы пераносіцца на паперу і больш цёмнымі насычанымі робяцца пэўныя часткі адбітка. Для адбіткаў глыбокага друку ўласцівыя высокая яркасць, насычанасць і мяккасць тонавых пераходаў. Формы для глыбокага друку робяць фотамех. спосабам і на электрагравіравальных апаратах, друкаванне выконваецца на ратацыйных друкарскіх машынах. Глыбокі друк выкарыстоўваюць для друкавання ілюстраваных адна- і шматфарбавых часопісаў, рэкламнай і этыкетачна-ўпаковачнай выяўленчай прадукцыі. Вядомы з 15 ст. Папярэднікам сучаснага спосабу вырабу формаў глыбокага друку з’яўляецца геліягравюра.

Літ.:

Полянский Н.Н. Технология полиграфического производства. Ч. 2. М., 1982.

Схема глыбокага друку: 1 — падрыхтаваная друкарская форма; 2 — форма пасля нанясення фарбы; 3 — выдаленне фарбы з паверхні формы ракелем; 4 — атрыманне адбітка на паперы.

т. 5, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́НТА (польс.: gont),

драўляны матэрыял для крыцця даху і сцен у форме невял. тонкіх дошчачак, востра саструганых з аднаго боку і з пазам з другога. Робіцца з яловай, хваёвай, асінавай і інш. драўніны, даўж. звычайна 50—60 см, шыр. каля 10 см. Дах з гонты служыць 25—35 гадоў. Вядома ва ўсёй Еўропе. У Беларусі гонта вядома з даўніх часоў, рабілася ўручную (радыяльным расколваннем), пазней — на механізаваных станках (распілоўваннем). Гонтай крылі дахі ўсіх тыпаў будынкаў. Дошчачкі ўваходзілі адна ў адну і прыбіваліся да дахаў. Кожны верхні рад гонты перакрываў ніжэйшы, таму крыццё атрымлівалася шматслойнае — да 4 слаёў (касцёл у Койданаве, 18 ст.). Часам гонты ніжняга, навіслага над карнізам рада рабілі завостранымі, што ўпрыгожвала дах (сядзібны дом у Борках Дзятлаўскага, званіцы ў Белагрудзе Лідскага і Шарашове Пружанскага, касцёл у Жытомлі Гродзенскага р-наў).

С.​А.​Сергачоў.

Канструкцыя абшыўкі з гонты.
Дах з гонты на царкве ў вёсцы Строчыца Мінскага раёна.

т. 5, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́ХЕМ, Грэм (Graham) Марта (11.5.1894, г. Пітсбург, ЗША — 2.4.1991), амерыканская танцоўшчыца, харэограф, педагог; адна з яркіх прадстаўніц танца мадэрн. Ганаровы д-р мастацтвазнаўства Гарвардскага ун-та (1966). Вучылася ў школе Р.​Сен-Дэні і Т.Шоўна (1916—23), танцавала ў ёй. У 1927 стварыла ў Нью-Йорку Школу сучаснага танца Грэхем (буйнейшы цэнтр танца мадэрн), у 1929 — трупу «Грэхем данс груп», з якой выступала да 1971. Выпрацавала ўласны стыль рытмапластычнага танца, які вылучаецца экспрэсіяй і сцэн. выразнасцю. Выступала з сольнымі нумарамі ва ўласных пастаноўках: «Скарга» (1930) і «Амерыканскія правінцыялы» (1934) на муз. Л.​Хорста, «Вясна ў Апалачах» (1944) на муз. А.​Копленда, «Пячора сэрца» С.​Барбера (1947), «Клітэмнестра» (1958) і «Люцыфер» (1975) Эль Дабха, «Спакушэнне месяца» на муз. Б.​Бартака (1986) і інш. Сярод яе вучняў і паслядоўнікаў Дж.​Батлер, М.​Канінгем, Н.​Морыс, Р.​Норт, Г.​Сакалова, П.​Тэйлар, Г.​Тэтлі, А.Эйлі.

Літ.:

Terry W. Frontiers of dance: the life of Martha Graham. New York, 1975.

Танец «Скарга» ў пастаноўцы М.Грэхем.

т. 5, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ЦКАЯ МО́ВА,

адна з германскіх моў (скандынаўская падгрупа). Афіц. мова Даніі (у 16—17 ст. і Нарвегіі). Пашырана таксама на Фарэрскіх а-вах, у Грэнландыі і ЗША. Мае 3 групы дыялектаў: зах. (ютландскія, або юцкія), астраўныя (а-вы Зеландыі, Фюн і прылеглыя да іх), усх. (в-аў Борнхальм і інш.). Гісторыю Д.м. падзяляюць на 2 перыяды: стараж.-дацкі (9—15 ст.) і новадацкі (з 16 ст.).

Гал. асаблівасці Д.м.: у фанетыцы наяўнасць агубленых галосных пярэдняга раду, шматлікія дыфтонгі, значныя камбінаторныя змяненні зычных, накарэнны націск; у марфалогіі — вызначэнне 2 родаў (агульнага і сярэдняга), 2 склонаў, складаная сістэма часоў і ладоў дзеяслова, нязменнасць яго па асобах; у лексіцы — шмат запазычанняў з ням., франц., англ. моў. Пісьменства на аснове лац. алфавіту. Найб. стараж. помнікі — надпісы 9—11 ст. («Малодшыя руны», гл. ў арт. Руны і рунічныя алфавіты), рукапісы стараж.-дацкіх абл. законаў 13—14 ст. У 1495 з’явілася першая друкаваная кніга.

т. 6, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗВЮ́Х І́СЦІН ТЭО́РЫЯ,

сярэдневяковае вучэнне пра аўтаномнасць ісцін філасофіі (г. зн. рацыянальнага пазнання) і тэалогіі, якія могуць уступаць у супярэчнасць адна з адной. Узнікла ў 12—13 ст., звязана з пранікненнем арыстоцелізму ў сярэдневяковую культуру. Узыходзіць да Ібн Рушда і выразна сфармулявана ў авераізме. Ібн Рушд, прадстаўнікі наміналізму І.​Дунс Скот, У.​Окам сцвярджалі, што філасофія мае свае ўласныя, незалежныя ад багаслоўя прынцыпы, якія могуць супярэчыць догмам тэалогіі. Дз.і.т. развіваў пачынальнік англ. матэрыялізму Ф.​Бэкан, які патрабаваў поўнага неўмяшання рэлігіі ў сферу навук. пазнання. Гэта тэорыя неаднаразова асуджалася царквой. У 1512 Латэранскі сабор паклаў канец дыскусіям пра «дзве ісціны», абвясціўшы прынцып «ісціна ісціне не супярэчыць». Вальнадумства эпохі Адраджэння паступова адыходзіць ад кампраміснай пазіцыі сярэдневяковых авераістаў, замяняе Дз.і.т. вучэннем пра «дзве кнігі» — Прыроды і Пісання, што адкрыты чалавечаму пазнанню: толькі ў «кнізе прыроды» чалавек набывае ісціну навукі і філасофіі, за Пісаннем застаецца функцыя рэліг.-маральных павучанняў (Т.​Кампанела, Г.​Галілей).

т. 6, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАСЁН (Persicaria),

род кветкавых раслін сям. драсёнавых. Каля 150 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмерана цёплых і трапічных абласцях Паўн. паўшар’я, таксама ў Паўд. Амерыцы. На Беларусі 8 дзікарослых відаў: Д. земнаводны, або вадзяная грэчка (P. amphibia), перцавы, або вадзяны перац (P. hydropiper), раскідзісты (P. lapathifolia), ільняны (P. linicola), плямісты (P. maculata), малы (P. minor), мяккі (P. mitis), шурпаты (P. scabra). Растуць у вадзе, па берагах рэк і вадаёмаў, у сырых лясах як пустазелле. Як дэкар. расліну вырошчваюць Д. усходні (P. orientalis).

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным або ўзыходным, іншы раз апушчаным у ваду раўнамерна аблісцелым сцяблом. Лісце звычайна ланцэтнае, на кароткіх чаранках, з раструбам, у водных формаў — эліптычнае ці ланцэтна-яйцападобнае, голае і гладкае, на доўгіх чаранках. Кветкі ружовыя, ружова-белыя, белаватыя ці зеленаватыя, двухполыя, сабраныя ў верхавінкавыя гронкападобныя суквецці, размешчаны пучкамі ў похвах прыкветнікаў-раструбаў на кароткіх кветаножках. Плод — арэшак. Лек., кармавыя і дэкар. расліны.

Г.​У.​Вынаеў.

т. 6, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУНКА́Н ((Duncan) Айседора) (Ізадора; 27.5.1877, г. Сан-Францыска, ЗША — 14.9.1927),

амерыканская танцоўшчыца, адна з заснавальнікаў танца мадэрн. У танцы выкарыстоўвала стараж.-грэч. пластыку (элементы хады, бегу на паўпальцах, лёгкія скокі, выразныя жэсты), танцавала ў хітоне, без абутку (адсюль назвы «басаножка», «танец басаножак»). Валодала вял. талентам пантамімічнай актрысы і імправізатара. Мастацтва Д. рабіла вял. эмацыянальнае ўздзеянне на гледачоў. У рэпертуары «Марсельеза», «Інтэрнацыянал», танцы на муз. Л.​Бетховена, Ф.​Шапэна, П.​Чайкоўскага. Выступала супраць школы класічнага танца, вылучала прынцып агульнадаступнасці танц. мастацтва, прапагандавала развіццё масавых школ. Заснавала школы ў Германіі (1904), Францыі (1912), ЗША (1915). У 1921—24 жыла ў Расіі, арганізавала ўласную студыю ў Маскве. Была жонкай С.Ясеніна. Яе творчасць зрабіла вял. ўплыў на мастацтва сучасных харэографаў, у т. л. М.Фокіна, А.Горскага, К.Галяйзоўскага.

Літ. тв.: The dance. New York, 1909; Рус. пер. — Танец будущего. М., 1930; Моя исповедь. Мн., 1994.

Літ.:

Seroff V. The real Isadora: A biography. New York, 1971.

А.Дункан.

т. 6, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭСТРУ́КЦЫЯ ПАЛІМЕ́РАЎ,

разбурэнне макрамалекул пад уздзеяннем цяпла, кіслароду, святла, іанізуючай радыяцыі, мех. напружання, біял. і інш. знешніх фактараў. Пагаршае ўласцівасці палімераў ці выклікае разбурэнне вырабаў з іх. Для барацьбы з Д.п. распрацаваны метады стабілізацыі палімераў.

Д.п. выклікае звычайна адначасовае ўздзеянне некалькіх знешніх фактараў, напр., пры эксплуатацыі на палімерныя вырабы ўздзейнічаюць святло, кісларод і вільгаць паветра, шматразовыя дынамічныя нагрузкі і інш. Пры Д.п. разрываюцца хім. сувязі ў макрамалекулах, што прыводзіць да памяншэння малекулярнай масы і змянення будовы. Часам дэструкцыя суправаджаецца дэполімерызацыяй (рэакцыя, адваротная полімерызацыі) — паслядоўным адшчапленнем малекул манамера ад макрарадыкала ці інш. актыўнага палімернага цэнтра. Гэты працэс найб. характэрны для палімераў, якія маюць чацвярцічны атам вугляроду ў ланцугу (напр., поліметылметакрылат). Д.п. адна з прычын старэння палімераў. Д.п. выкарыстоўваюць для палягчэння перапрацоўкі (напр., пластыкацыя каўчуку — шматразовая дэфармацыя на вальцах), выкарыстання (напр., для зніжэння вязкасці эфірацэлюлозных лакаў і эмалей праводзяць дэструкцыю цэлюлозы), а таксама высвятлення хім. будовы палімераў.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 6, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)