КРЫШТА́ЛІ (ад грэч. krystallos першапачаткова лёд, потым горны хрусталь, празрысты камень),

цвёрдыя целы, якія маюць натуральную форму правільнага мнагагранніка, часцінкі якога (атамы, іоны, малекулы) размешчаны паводле закону прасторавых рашотак (гл. Крышталічная рашотка). Упарадкаваная будова К. абумоўлівае іх спецыфічныя ўласцівасці — аднароднасць, здольнасць самааграньвацца, мінім. ўнутр. энергію і скрытую цеплыню плаўлення. Характэрныя ўласцівасці К. — анізатропнасць і сіметрыя (гл. Анізатрапія, Сіметрыя крышталёў). Спецыфічныя асаблівасці К. выяўляюцца ў іх механічных (спайнасць, цвёрдасць і інш.), аптычных (падвойнае праменепераламленне, плеяхраізм і інш.), электрычных (піра- і п’езаэлектрычнасць), цеплавых і інш. фіз. уласцівасцях. Пры вывучэнні К. выкарыстоўваецца комплекс метадаў даследаванняў, у т. л. рэнтгенаструктурны і крышталеаптычны аналіз.

К. ўтвараюцца адвольна ці на «зародках» з вадкіх (растворы і расплавы), газападобных (шляхам узгонкі) і цвёрдых (у час перакрышталізацыі) рэчываў пры пэўных т-рах, ціску і хім. саставе. Правільныя мнагаграннікі ўтвараюцца ў час росту К., калі яны не сутыкаюцца з інш. цвёрдымі целамі і растуць павольна. Грані К. супадаюць з плоскімі сеткамі, рэбры — з радамі прасторавых рашотак, уздоўж якіх вузлы рашоткі размешчаны найб. густа. К. аднаго і таго ж рэчыва і будовы могуць мець розную велічыню і форму, але вуглы паміж адпаведнымі гранямі і рэбрамі ў іх пастаянныя (закон пастаянства вуглоў). Пры хуткім росце ў вязкім асяроддзі ўтвараюцца недаразвітыя формы (дэндрыты, сфераліты, крышт. агрэгаты), з якіх складзена большасць цвёрдых цел. Вывучэнне скорасці росту К., які абумоўлівае іх вонкавы выгляд (габітус), дае звесткі пра іх паходжанне (генезіс). Сярод К. адрозніваюць простыя формы (складзены з аднолькавых граней, звязаных элементамі сіметрыі) і камбінацыі (сукупнасць дзвюх ці некалькіх простых форм). У прыродзе вядома 47 простых форм і каля 1500 камбінацый. Усе К. — сіметрычныя целы. Сукупнасць элементаў сіметрыі ўтварае від сіметрыі, а ў прасторавых рашотках — прасторавую групу сіметрыі. У К. адрозніваюць 32 віды сіметрыі, аб’яднаныя ў 7 крышталеграфічных сістэм (сінганій), якія ўключаюць у сябе 230 прасторавых груп.

Крышт. рэчывы пашыраны ў прыродзе. Зямная кара на 95% складаецца з К. Крышталічныя ўсе металы і сплавы, большасць буд. матэрыялаў, многія харч. прадукты, лякарствы, некаторыя ч. арганізмаў, штучныя матэрыялы. Крышт. рэчывы ўжываюцца практычна ва ўсіх галінах нар. гаспадаркі. Адзіночныя К. выкарыстоўваюцца для апрацоўкі цвёрдых матэрыялаў (алмаз), у лазернай тэхніцы (рубін), на выраб лінзаў і палярызатараў для аптычных прылад (ісландскі шпат, флюарыт, кварц), гадзіннікавых камянёў (рубін), п’езапласцінак (кварц), у радыёэлектроніцы, тэлеф. сувязі, гідралакацыі, ювелірнай справе і інш.

Літ.:

Попов Г.М., Шафрановский И.И. Кристаллография. 5 изд. М., 1972;

Шаскольская М.П. Кристаллография. 2 изд. М., 1984;

гл. таксама пры арт. Крышталяграфія.

А.​С.​Махнач.

Крышталі: а — простыя формы (1 — куб, 2 — актаэдр, 3 — ромбададэкаэдр, 4 — тэтраганальная дыпіраміда, 5 — трыганальны трапецоэдр, 6 — рамбічны тэтраэдр); б — камбінацыі простых форм (7 — пінакоіды і рамбічныя прызмы, 8 — гексаганальная прызма, рамбоэдр, дытрыганальны скаленоэдр, 9 — ромбададэкаэдр, тэтрагонтрыактаэдр, 10 — куб, тэатраэдр, ромбададэкаэдр, 11 — куб, актаэдр, трыгонтрыактаэдры).

т. 8, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕРА́ЛЬНЫЯ РЭСУ́РСЫ,

сукупнасць карысных выкапняў, выяўленых у нетрах асобных рэгіёнаў, краін, кантынентаў, прыдатных і даступных для асваення. З’яўляюцца сыравіннай асновай для развіцця найважнейшых галін прамысл. вытв-сці (энергетыка, паліўная прам-сць, чорная і каляровая металургія, хім. прам-сць, буд-ва і інш.), а таксама аб’ектам міжнар. супрацоўніцтва. Паводле сферы выкарыстання М.р. падзяляюцца: на паліўна-энергетычныя (нафта, прыродны газ, вуглі, гаручыя сланцы, торф, уранавыя руды); руды чорных металаў (жалезныя, марганцавыя, хромавыя і інш.); руды каляровых і легіруючых металаў (алюмінію, медзі, свінцу, цынку, нікелю, кобальту, вальфраму, малібдэну, волава, сурмы, ртуці і інш.); руды рэдкіх і высакародных металаў; горна-хімічныя (фасфарыты, апатыты, каменная, калійныя і магнезіяльныя солі, сера, борныя руды, бром і ёдазмяшчальныя растворы, барыт, флюарыт і інш.); каштоўныя вырабныя камяні, нярудная індустрыяльная сыравіна (слюда, графіт, азбест, тальк, кварц і інш.); нярудныя буд. матэрыялы (цэментная і шкловая сыравіна, мармур, базальт, граніт, гліны, пяскі); гідрамінеральныя (падземныя прэсныя, мінер. і тэрмальныя воды). Паняцце «М.р.» мяняецца з часам у залежнасці ад узроўню развіцця грамадства, патрэб вытв-сці, узроўню тэхн. прагрэсу і магчымасцей эканомікі. Напр., каменны вугаль стаў карысным выкапнем прамысл. значэння толькі ў канцы 17 ст., нафта — у сярэдзіне 19 ст., руды алюмінію, магнію, хрому рэдкіх элементаў, калійныя солі — у канцы 19 — пач. 20 ст., уранавыя руды — у сярэдзіне 20 ст. М.р. колькасна ацэньваюцца запасамі карысных выкапняў і прагнознымі рэсурсамі, якія размеркаваны ў нетрах Зямлі вельмі нераўнамерна. Напр., больш за 80% запасаў вугалю сканцэнтравана ў нетрах ЗША, ФРГ, Вялікабрытаніі, Аўстраліі і Паўднёва-Афр. Рэспублікі, 87% марганцавых руд — у Паўднёва-Афр. Рэспубліцы і Аўстраліі, 86% калійных солей — у Канадзе. Гл. таксама табл.

Частка М.р., падрыхтаваная геолагаразведачнымі работамі да асваення, наз. мінеральна-сыравіннай базай. Прамысл. асваенне М.р. уключае іх ацэнку (навукова-доследныя, пошукавыя і геолагаразведачныя работы) і ўласна асваенне (здабыча, абагачэнне і перапрацоўка). М.р. з’яўляюцца неўзнаўляльнымі прыроднымі рэсурсамі, што абумоўлівае неабходнасць рацыянальнага іх выкарыстання, уліку эколага-эканам. падыходаў пры распрацоўцы, скарачэння страт пры здабычы, перапрацоўцы і транспарціроўцы, а таксама утылізацыі другаснай сыравіны.

П.​З.​Хоміч.

Размеркаванне асноўных відаў мінеральных рэсурсаў, 1997
Карысныя выкапні Еўропа (без Расіі) Азія (без Расіі) Расія Афрыка Амерыка Акіянія і Аўстралія Усяго сусветных запасаў
Нафта, уключна з газавым кандэнсатам, млн.т 2964,5 97220,7 21252,9 10252,3 22822,4 560,6 155073,4
Прыродны газ, млрд. м​3 6425,4 61108,8 47380 9302,2 14571 618,3 139405,7
Вугаль, млн.т 676002 1323605 279582 178138 1894884 879700 5231911
Уран, тыс.т 969,84 5675,44 1586 2079,77 5606,66 895 16812,71
Жалезная руда, млн.т 52042 54309 100909 52499 88056 33440 381255
Марганцавая руда, млн.т 2560 1383 152 5139 889 267 10390
Хромавыя руды, млн.т 132,7 1322,4 310,28 13051,5 553 127 15496,88
Баксіты, млн.т 2098 8284 674 26459 14802 9903 62220
Вальфрамавыя руды (у пераліку на аксід), тыс.т 350 2332 420 62 903 34 4101
Медныя руды (у пераліку на метал), тыс.т 80002 226699 няма звестак 83348 509028 33509 932586
Малібдэнавыя руды (у пераліку на метал), тыс.т 10 3861 няма звестак 19 9706 109 13705
Нікелевыя руды (у пераліку на метал), тыс.т 8420 28400 7300 17730 39295 31010 132155
Алавяныя руды (у пераліку на метал), тыс.т 285 4850 300 680 3555 400 10070
Свінцовыя руды ( у пераліку на метал), тыс.т 28983 79307 14150 16850 55675 24400 219365
Цынкавыя руды (у пераліку на метал), тыс.т 66636 182790 няма звестак 35470 139650 65000 489546
Калійныя солі (у пераліку на аксід), млн.т 3296 2780 19118 179 14915 няма звестак 40288
Фасфатныя руды (апатыты і фасфарыты), млн.т 1647,1 17996,1 4827,5 20715,3 23509,5 927,6 69623,1
Серабро, т 156700 194100 няма звестак 53600 339000 55400 798800
Золата, т 2532 14212 няма звестак 43328 24913 6365 91350
Алмазы, млн. каратаў няма звестак 52 няма звестак 3243,1 817 705 4817,1

т. 10, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ва́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Абл. Загана, недахоп. А колькі хварэла яна сама — малою і ўжо нават дзеўкаю, калі хвароба лічыцца самаю большаю вадаю для дзеўкі. Дамашэвіч.

вада́, ы́, ДМ ‑дзе́; мн. во́ды, ‑аў; ж.

1. Празрыстая бясколерная вадкасць, якая ўтварае рэкі, азёры, моры і з’яўляецца хімічным злучэннем кіслароду і вадароду. У маім уяўленні яшчэ і цяпер жыва ўстае гэты Высокі Бераг над Нёманам, дзе так страшна бушуе вада. Колас. // Водная маса. Аж гудзе параход, налягаючы грудзьмі на глыбокія воды. Лынькоў. // (звычайна з азначэннем). Напітак, тэхнічныя растворы. Газіраваная вада. Мінеральная вада. Вапнавая вада. // толькі мн. (во́ды, ‑аў). Курорт з мінеральнымі крыніцамі. Лячыцца на водах.

2. толькі мн. (во́ды, ‑аў). Водныя прасторы, участкі рэк, азёр, мораў. Тэрытарыяльныя воды. Дзяржаўныя воды. Антарктычныя воды.

3. толькі адз.; перан. Разм. Пра наяўнасць пустога, беззмястоўнага шматслоўя ў дакладзе, лекцыі і пад.

4. Якасць каштоўнага каменя, якая вызначаецца чысцінёй бляску, празрыстасцю.

5. у знач. прысл. вадо́ю. Водным шляхам, па вадзе. Дастаўляць грузы вадою.

6. Паводка, разводдзе. Вялікая вада.

•••

Верхавая вада — вада, якая сцякла ў рэчку пасля дажджу або ўтварылася з расталага снегу.

Жорсткая вада — вада, якая ўтрымлівае шмат кальцыевых і магніевых солей.

Жоўтая вада — хвароба вачэй, пры якой зрэнка набывае жоўты колер.

Мяккая вада — вада, якая ўтрымлівае мала кальцыевых і магніевых солей.

Цёмная вада — слепата, выкліканая атрафіяй зрокавага нерва.

Цяжкая вада — ізатопная разнавіднасць вады, у якой звычайны вадарод часткова або поўнасцю заменены цяжкім вадародам.

Бура ў шклянцы вады гл. бура.

Вада не ўстоіць на кім — пра таго, хто ўмела і хутка ўсё робіць.

Вадой не разліць (не разальеш) каго гл. разліць.

Ваду малоць гл. малоць.

Вады (нікому) не замуціць гл. замуціць.

Віламі па вадзе пісана гл. пісаны.

Вывесці на чыстую ваду гл. вывесці.

Выйсці сухім з вады гл. выйсці.

Дзесятая вада на кісялі — пра далёкае сваяцтва.

Жывая вада (у казках) — цудадзейная вада, якая вяртае жыццё мёртвым.

Каламуціць (муціць) ваду гл. каламуціць.

Канцы ў ваду гл. канец.

Ліць ваду на млын каго, чый гл. ліць.

Мёртвая вада — а) вада, узровень якой настолькі нізкі, што не можа прывесці ў рух колы млына або іншыя вадзяныя рухавікі; б) у казках — цудадзейная вада, ад апырсквання якой зрастаецца пасечанае на кавалкі цела (ажывае ад апырсквання жывой вадой).

На ваду брахаць гл. брахаць.

Насіць ваду ў рэшаце гл. насіць.

Не з хараства ваду піць гл. піць.

Пасадзіць на хлеб і ваду гл. пасадзіць.

Перабівацца з вады на хлеб гл. перабівацца.

Сплыць вадою гл. сплыць.

Таўчы ваду ў ступе гл. таўчы.

У каламутнай вадзе рыбу лавіць гл. лавіць.

У лыжцы вады ўтапіць гл. утапіць.

Хоць вады напіся гл. напіцца.

Цішэй вады, ніжэй травы гл. цішэй.

Як вадой змыла гл. змыць.

Як вады ў рот набраць гл. набраць.

Як дзве каплі вады гл. капля.

Як з гусі вада каму — нічога не дзейнічае.

Як камень у ваду гл. камень.

Як пугаю па вадзе гл. пуга.

Як рыба ў вадзе гл. рыба.

Як у вадзе растаць гл. растаць.

Як у ваду глядзеў гл. глядзець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БЯЛКІ́, пратэіны,

прыродныя высокамалекулярныя арган. рэчывы, малекулы якіх складаюцца з астаткаў амінакіслот. Адзін з асн. хім. кампанентаў абмену рэчываў і энергіі жывых арганізмаў. Абумоўліваюць іх будову, гал. адзнакі, функцыі, разнастайнасць і адаптацыйныя магчымасці, удзельнічаюць ва ўтварэнні клетак, тканак і органаў (структурныя бялкі), у рэгуляцыі абмену рэчываў (гармоны), з’яўляюцца запасным пажыўным рэчывам (запасныя бялкі). Складаюць матэрыяльную аснову амаль усіх жыццёвых працэсаў: росту, стрававання, размнажэння, ахоўных функцый арганізма (гл. Антыцелы, Імунаглабуліны, Таксіны), утварэння генет. апарату і перадачы спадчынных прыкмет (нуклеапратэіды), пераносу ў арганізме рэчываў (транспартныя бялкі), скарачэнняў мышцаў, перадачы нерв. імпульсаў і інш.; ферменты бялковай прыроды выконваюць у арганізме спецыфічныя каталітычныя функцыі, выключна важнае значэнне ў рэгуляцыі фізіял. працэсаў маюць бялкі.-гармоны. Сінтэзуюцца бялкі з неарган. рэчываў раслінамі і некат. бактэрыямі. Жывёлы і чалавек атрымліваюць гатовыя бялкі з ежы. З прадуктаў іх расшчаплення (пептыдаў і амінакіслот) у арганізме сінтэзуюцца спецыфічныя ўласныя бялкі, дзе яны няспынна разбураюцца і замяняюцца зноў сінтэзаванымі. Біясінтэз бялкоў ажыццяўляецца па матрычным прынцыпе з удзелам ДНК, РНК, пераважна ў рыбасомах клетак і інш. Паслядоўнасць амінакіслот у бялках адлюстроўвае паслядоўнасць нуклеатыдаў у нуклеінавых к-тах. Паводле паходжання і крыніц атрымання бялкоў падзяляюцца на раслінныя, жывёльныя і бактэрыяльныя, паводле хім. саставу — на простыя (некан’югіраваныя) — пратэіны і складаныя (кан’югіраваныя) — пратэіды. Простыя складаюцца з астаткаў амінакіслот, што злучаны паміж сабою пептыднай сувяззю (—NH—CO) у доўгія ланцугі — поліпептыды, складаныя — з простага бялку, злучанага з небялковым арган. ці неарган. кампанентам непептыднай прыроды, т.зв. прастэтычнай групай, далучанай да поліпептыднай часткі. Сярод складаных бялкоў паводле тыпу прастэтычнай групы вылучаюць нуклеапратэіды, фосфапратэіды, глікапратэіды, металапратэіды, гемапратэіды, флавапратэіды, ліпапратэіды і інш. У састаў бялкоў уваходзіць ад 50 да 6000 і больш астаткаў 20 амінакіслот, што ўтвараюць складаныя поліпептыдныя ланцугі. Амінакіслотны састаў розных бялкоў неаднолькавы і з’яўляецца іх важнейшай характарыстыкай, а таксама мерай харч. каштоўнасці. Паслядоўнасць амінакіслот у кожным бялку вызначаецца паслядоўнасцю монануклеатыдных буд. блокаў у асобных адрэзках малекулы ДНК. Вядома амінакіслотная паслядоўнасць некалькіх соцень бялкоў (напр., адрэнакортыкатропнага гармону чалавека, рыбануклеазы, цытахромаў, гемаглабіну і інш.). Парушэнні амінакіслотнай паслядоўнасці ў малекуле бялку выклікаюць т.зв. малекулярныя хваробы. Амінакіслотную паслядоўнасць поліпептыднага ланцуга для малекулы гармону інсуліну ўстанавіў англ. біяхімік Ф.​Сэнгер (1953). Звесткі пра колькасць адрозненняў у амінакіслотных паслядоўнасцях гамалагічных бялкоў, узятых з розных відаў арганізмаў, выкарыстоўваюць пры складанні эвалюцыйных картаў, якія адлюстроўваюць паслядоўныя этапы ўзнікнення і развіцця пэўных відаў арганізмаў у працэсе эвалюцыі.

Агульны хім. састаў бялкоў (у % у пераліку на сухое рэчыва): C — 50—55, O — 21—23, N — 15—18, H — 6—7,5, S — 0,3—2,5, P — 1—2, і інш. Малекулярная маса ад 5 тыс. да 10 млн. Большасць бялкоў раствараецца ў вадзе і ўтварае малекулярныя растворы. Па форме малекул адрозніваюць бялкі фібрылярныя (ніткападобныя) і глабулярныя (згорнутыя ў кампактную структуру сферычнай формы); па растваральнасці ў вадзе, растворах нейтральных соляў, шчолачах, кіслотах і арган. растваральніках вылучаюць альбуміны, гістоны, глабуліны, глютэліны, праламіны, пратаміны і пратэіноіды. Бялкі маюць кіслыя карбаксільныя і амінныя групы, таму ў растворах яны амфатэрныя (маюць уласцівасці асноў і к-т). Пры гідролізе яны распадаюцца да амінакіслот; пад уплывам розных фактараў здольныя да дэнатурацыі і каагуляцыі, уступаюць у рэакцыі акіслення, аднаўлення, нітравання і інш. Пры пэўных значэннях pH у растворах бялкоў пераважае дысацыяцыя тых ці інш. груп, што надае ім адпаведны зарад і выклікае рух у электрычным полі — электрафарэз. Структура бялкоў характарызуецца амінакіслотным саставам, парадкам чаргавання амінакіслотных астаткаў у поліпептыдных ланцугах, іх даўжынёй і размеркаваннем у прасторы. Адрозніваюць 4 парадкі (узроўні) структуры бялкоў: першасную (лінейная паслядоўнасць амінакіслотных астаткаў у поліпептыдным ланцугу), другасную (прасторавая, найчасцей спіральная прасторавая канфігурацыя, якую прымае сам поліпептыдны ланцуг), трацічную (трохмерная канфігурацыя, якія ўзнікае ў выніку складвання або закручвання структур другаснага парадку ў больш кампактную глабулярную форму) і чацвярцічную (злучэнне некалькіх частак з трацічнай структурай у адну больш буйную комплексную праз некавалентныя сувязі). Найб. устойлівая першасная структура бялкоў, іншыя лёгка разбураюцца пры павышэнні т-ры, рэзкім змяненні pH асяроддзя і інш. уздзеяннях (дэнатурацыя бялкоў), што вядзе да страты асн. біял. уласцівасцяў. Фарміраванне прасторавай канфігурацыі малекул бялку вызначаецца наяўнасцю ў поліпептыдных ланцугах вадародных, дысульфідных, эфірных і салявых сувязяў, сіл Ван дэр Ваальса і інш. Уласцівасці бялкоў залежаць ад іх хім. будовы і прасторавай арганізацыі (канфармацыі). Наяўнасць некалькіх узроўняў арганізацыі Б. забяспечвае іх вял. разнастайнасць у прыродзе (напр., у клетках бактэрыі Escherichia coli каля 3000 розных бялкоў, у арганізме чалавека больш за 50 000). Кожны від арганізмаў мае ўласцівы толькі яму набор бялкоў, па якім ён можа быць індэнтыфікаваны. Органы і тканкі жывых арганізмаў маюць розную колькасць бялкоў (у % да сырой вагі); 6,5—8,5 у крыві, 7—9 у мозгу, 16—18 у сэрцы, 18—23 у мышцах, 10—20 у насенні злакаў, 20—40 у насенні бабовых, 1—3 у лісці большасці раслін. Па харч. каштоўнасці бялкі падзяляюць на паўнацэнныя (маюць усе амінакіслоты, неабходныя жывёльнаму арганізму для сінтэзу бялкоў сваіх тканак) і непаўнацэнныя (у складзе малекул няма некаторых амінакіслот). Сутачная патрэба дарослага чалавека ў бялках 100—120 г. Арганізм расходуе ўласныя бялкі, калі ў ежы іх менш за норму. Многія прыродныя бялкі і бялковыя ўтварэнні выкарыстоўваюць у прам-сці (напр., для вырабу скуры, шэрсці, натуральнага шоўку, казеіну, пластмасаў і інш.), медыцыне і ветэрынарыі (як лек. сродкі і біястымулятары, напр., інсулін пры цукр. дыябеце, сываратачны альбумін як заменнік крыві, гама-глабулін для прафілактыкі інфекц. захворванняў, бялкі-ферменты для лячэння парушэнняў абмену рэчываў, гідралізатары бялкоў для штучнага жыўлення). Для атрымання пажыўных і кармавых бялкоў выкарыстоўваюць мікрабіял. сінтэз. Вядуцца даследаванні па штучным сінтэзе бялковых малекул (штучна сінтэзаваны фермент рыбануклеаза і інш.). Бялкі — адзін з гал. аб’ектаў даследаванняў біяхіміі, імуналогіі і інш. раздзелаў біял. навукі.

Літ.:

Бохински Р. Современные воззрения в биохимии: Пер. с англ. М., 1987;

Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1985;

Гершкович А.А. От структуры к синтезу белка. Киев, 1989;

Овчинников Ю.А. Химия жизни: Избр. тр. М., 1990.

У.​М.​Рашэтнікаў.

Да арт. Бялкі. Малекула бялку міяглабіну: 1 — агульны выгляд; 2 — структурная схема.

т. 3, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕРА́МІКА (грэч. keramike ганчарнае мастацтва ад keramos гліна),

вырабы з прыродных глін і іх сумесей з мінер. і арган. дамешкамі, абпаленыя да каменепадобнага стану. Паводле прызначэння падзяляецца на посуд (сталовы, кухонны, тарны), буд. вырабы (плітка керамічная, цэгла, чарапіца, кафля і інш. вырабы будаўнічай керамікі), рэчы мастацтва, культу (дэкар. вазы, статуэткі, фігуркі, барэльефы, урны пахавальныя) і інш. Паводле гатункаў гліны К. бывае звычайная (з афарбаванай, ажалезненай гліны) і фарфора-фаянсавая (з белай гліны — кааліну). Паводле дамешкаў у глінянае цеста адрозніваюць К. тэракотавую (з чыстай чырванаватай гліны), з арганічнымі (расліннымі) дамешкамі, тоўчанымі ракавінамі, пяском (кварцам), жарствой (тоўчаным каменем), крывавікам (балотнай рудой), шамотам (здробненымі кавалкамі посуду), фарфоравую (з дамешкамі ў каалін кварцу, мармуру, мелу), фаянсавую (з дамешкамі гіпсу) і інш. Стараж. К. нясе ў сабе тэхналагічную, храналагічную (стадыяльную), тэрытарыяльную, культурна-археал. інфармацыю. Тыпы, формы і арнаментацыя гліняных вырабаў (найперш посуду) з’яўляюцца асн. вызначальнымі прыкметамі пэўнай археал. культуры, а часам і этнічнай прыналежнасці. Паводле спосабаў вытв-сці К. падзяляюць на ляпную (вырабленую рукамі) і ганчарную. Па апрацоўцы паверхні керамічны посуд бывае гладкасценны, з адбіткамі шнура (вяроўкі), з расчосамі грэбенем, шурпаты, штрыхаваны, храпкаваты (абляпаны), тэкстыльны (з адбіткамі тканіны), глянцаваны, паліраваны, маёлікавы (гл. Маёліка) і інш.

Вытворчасць глінянага посуду пачалася 8—6 тыс. г. да н.э. ў Пярэдняй Азіі (Месапатамія), на Б. Усходзе і ў Інданезіі. У Еўропе найб. стараж. посуд (6—5,8 тыс. г. да н.э.) знойдзены на Балканскім п-ве (Македонія, Балгарыя). У 5—4 тыс. да н.э. вытв-сць К. стала вядома насельніцтву Валыні, а з канца 5-га тыс. да н.э. плямёнам, якія насялялі тэр. Беларусі. Для стараж. посуду характэрна выкарыстанне раслінных дамешкаў у цесце гліны, якія пры т-ры 300—400 °C часткова выгаралі. Абпал посуду на адкрытым вогнішчы быў слабы, пры т-ры 500—600 °C утвараўся аксід жалеза, што афарбоўваў паверхню ў чырванаваты колер. У жал. веку ў фармовачную масу найчасцей дамешвалі жарству ці буйназярністы пясок, посуд фармавалі стужачна-кальцавым спосабам на спец. цвёрдай падстаўцы. Спачатку выбівалі ці выціскалі донца, потым нарошчвалі сценкі. Абпальвалі ў скляпеністых горнах, дзе т-ра дасягала 1000 °C, калі мінер. дамешкі пачыналі плавіцца, а пазней і 1200—1400 °C, пры якой адбывалася іх крышталізацыя і чарапок набываў «звонкасць». Усх. славяне ганчарны посуд пачалі вырабляць у сярэдзіне 10 ст. Першапачаткова ганчарны круг выкарыстоўвалі толькі для загладжвання ўжо гатовага начыння ці частковай яго фармоўкі. Асн. яго формай былі гаршкі, вырабленыя на павольным крузе.

На Беларусі са з’яўленнем нажнога ганчарнага круга стаў выкарыстоўвацца спосаб тачэння або выцягвання пасудзіны з аднаго кавалка гліны. Вельмі шмат ганчарнай К. ў культурных пластах гарадоў 12—13 ст. Асабліва добра К. абпальвалася ў горне (гл. Ганчарны горан). Пасля прыняцця хрысціянства (988) у гарадах Кіеўскай Русі, у т. л. на Беларусі, разгарнулася буд-ва мураваных цэркваў, што адразу рас шырыла асартымент К. З гліны пачалі вырабляць плінфу (шырокую плітачную цэглу), архітэктурныя дэталі, у т. л. галаснікі; для аздаблення падлогі і сцен выраблялі пліткі, якія часам пакрывалі паліхромнымі палівамі. У 14 ст. з’явілася, а ў 16—17 ст. шырока распаўсюдзілася брусковая буйнапамерная цэгла-пальчатка з адбіткамі і баразёнкамі ад пальцаў. Частка цэглы перапальвалася і ператваралася ў цэглу-жалязняк цёмна-шэрага колеру, што выкарыстоўваўся на дэкор. У гэты час ганчары навучыліся загартоўваць посуд у растворы хлебнага квасу, у выніку з’явілася «абварная», «гартаваная», «рабая» К., дэкор якой меў выгляд плям на светла-ружовым фоне. У 14 ст. рамеснікі ВКЛ перанялі ў ням. майстроў уменне вырабляць кафлю і абліцоўваць ёю печы. Аб’яднанне рамеснікаў у цэхі ў сярэдзіне 16 ст. і асваенне нажнога ганчарнага круга садзейнічалі павышэнню якасці К. Посуд стаў больш тонкі і сіметрычны, пашырыўся яго асартымент. Пачалі вырабляць курыльныя люлькі, скарбонкі, цацкі-свістулькі і інш. рэчы. Прадукцыя ганчароў паступала на рынкі, набывала таварны характар. Шмат белаглінянага посуду — т.зв. «каменнага тавару» — трапляла ў 16 ст. ў гарады Беларусі з Рэйнскай вобласці. З 15 — пач. 16 ст. посуд і кафлю пакрывалі пераважна зялёнай палівай, з сярэдзіны 16 ст. пачалі рабіць маёлікавы посуд і кафлю, аздобленыя паверх нізкарэльефнага малюнка жоўтай, белай, зялёнай эмаллю не ражком, як гэта было ў 12—15 ст., а пэндзлем непасрэдна па непрасушаным чарапку. Для дэкарыравання посуду выкарыстоўвалі дымленне, глянцаванне, падглазурную размалёўку — ангобам, а надглазурную — эмалямі. Росквіт вытв-сці паліхромнай кафлі на Беларусі ў 16—17 ст. дазволіў экспартаваць яе ў Маскоўскую дзяржаву. У 17 ст. на Беларусі з’явіўся маёлікавы посуд, рэчы, аздобленыя кобальтавай размалёўкай. У 18 — пач. 19 ст. пачаўся выраб фаянсу ў Целяханах, Слуцку і інш. гарадах. У 19—20 ст. К. пераважна вырабляюць на прамысл. прадпрыемствах. Тэхнал. працэс вырабу прамысл. К. ўключае апрацоўку сыравіны, прыгатаванне керамічнай масы, фармаванне, сушку і абпал вырабаў, дэкаратыўную аддзелку.

К. мастацкая — галіна дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Асн. тэхнал. віды маст. К. — тэракота, шамот, маёліка, фаянс, каменная маса, фарфор.

Вырабы з гліны (выявы жывёл і чалавека) вядомы з палеаліту (фігуркі з Дольні-Вестаніцы, Чэхія, 27 тыс. г. да н.э.). З позняга палеаліту і ў неаліце вядома абпальванне вырабаў з гліны (рэльефныя выявы жывёл у пячоры Цюк-д’Адубер, Францыя). Выразныя магчымасці К. павялічваліся з удасканаленнем спосабаў вырабу (ад лепкі ўручную да фармоўкі на ганчарным крузе), абпальвання (ад вогнішча да ганчарнага горна) і аздаблення посуду (ад нескладанага ямкавага арнаменту для глянцавання, лакаў, ангобу, палівы і шматкаляровай размалёўкі; гл. Ганчарства). Імкненне атрымаць тонкую і прыгожую К. прыводзіла майстроў розных краін і эпох да адных і тых жа адкрыццяў. Напр., вытв-сць фаянсу і глазураў, вядомая стараж. егіпцянам у 15 ст. да н.э., была зноў вынайдзена ў 3—4 ст. н.э. ў Кітаі, у 9—10 ст. у краінах Б. Усходу, у 16 ст. ў Францыі. Сакрэт фарфору, вядомага ў Кітаі з 6—7 ст., адкрылі ў 1-й пал. 18 ст. самастойна рус. і ням. майстры (мейсенскі фарфор), у 2-й пал. 18 ст. — у Францыі (сеўрскі фарфор). У Францыі і Англіі былі створаны блізкія да фарфору разнавіднасці К. — т.зв. мяккі і «касцяны» фарфор. Важнае месца ў гісторыі К. належыць Стараж. Грэцыі, дзе выпрацаваны разнастайныя формы пасудзін (амфара, ваза, кіяф, кілік, скіфас і інш.), упрыгожаныя чорна- і чырваналакавай размалёўкай (гл. Вазапіс), былі пашыраны ляпныя і размаляваныя тэракотавыя статуэткі. Высокага маст. ўзроўню дасягнула К. амер. індзейцаў, якія да 16 ст. не ведалі ганчарнага круга (тэракотавыя статуэткі майя, фігурныя пасудзіны і маскі ацтэкаў, «тваравыя» пасудзіны інкаў). Высокім маст. узроўнем вызначаюцца кіт. фарфор 9—17 ст., блізкаўсходні паліхромны з люстрам посуд і арх. абліцоўкі 9—15 ст. (дэкор пабудоў Самарканда, Бухары і інш.), іспана-маўрытанская (14—15 ст.) і італьян. (15—17 ст.) маёліка, фаянсы Руана, Сеўра (16—18 ст.), рас. фарфор, фаянс (гл. Гжэльская кераміка. Дулёўскі фарфоравы завод) і вырабы нар. маст. промыслаў (гл. Дымкаўская цацка, Скапінская кераміка). З пач. 20 ст. з пашырэннем функцыяналізму ў К. краін Еўропы і ЗША вёўся пошук простых, часам без дэкору форм, разлічаных на прамысл. вытв-сць (распрацоўкі «Баўгауза» ў Германіі і інш.). У 1950-я г. прамысл. К. імкнулася да рацыянальнай прастаты, выяўлення утылітарнасці прадмета, структурных і фактурных якасцей матэрыялу. Для дэкору характэрна разнастайнасць тэхнік (новыя віды эмалі, палівы), стылявых тэндэнцый, кантрастных супастаўленняў з інш. матэрыяламі. З 1960-х г. адбываецца адыход ад строгай функцыянальнасці і імкненне наблізіцца да станковых форм. У галіне К. працуюць буйнейшыя мастакі і архітэктары.

На тэр. Беларусі керамічныя вырабы (прадметы хатняга ўжытку) вядомы з неаліту (гл. ў арт. Першабытнае мастацтва). Лепленыя ўручную вастрадонныя гаршкі ўпрыгожвалі наколкамі, адбіткамі грэбеня, пракрэсленымі лініямі, пазней арнаментавалі ўсю паверхню. У бронзавым веку была пашырана шнуравая К., у жал. веку пераважала штрыхаваная, гладкасценная і чорназадымленая. Выкарыстанне ганчарнага круга, павышэнне якасці апрацоўкі гліны садзейнічалі таму, што з 10 ст. керамічныя вырабы сталі больш якасныя, пластычна выразныя і разнастайныя па форме. У сярэдневякоўі склаліся традыц. асаблівасці К. Практычную і эстэт. каштоўнасць гліняных вырабаў павялічыла выкарыстанне глазуры. Керамічны посуд аздаблялі гравіраваным лінейна-хвалістым узорам, штрыхамі, кропкамі. Выраблялі таксама арх. дэталі, збаны-галаснікі, паліхромныя абліцовачныя пліткі (гл. Плітка дэкаратыўная). У 16—18 ст. інтэнсіўна развівалася вытв-сць кафлі. Пра шырокае ўжыванне маст. К. ў 17 ст. сведчаць інтэр’еры маскоўскіх і падмаскоўных храмаў, манастыроў і палацаў, якія аздаблялі выхадцы з Беларусі, майстры-цаніннікі С.Палубес, П.Заборскі, І.Максімаў, С.Грыгор’еў, старац Іпаліт і інш. У 18 — пач. 19 ст. пачаўся выраб фаянсу ў Свержані (Стаўбцоўскі р-н), Целяханах (Івацэвіцкі р-н; гл. Целяханскія фаянсавыя вырабы), Гродне, Урэччы, Слуцку. Фаянсавыя вырабы аздаблялі рэльефным арнаментам, маскаронамі, шматколернай размалёўкай і пазалотаю. Склаліся цэнтры маст. К., сфарміраваліся самабытныя школы дэкар. размалёўкі, мясц. маст. стылі (гл. Бабінавіцкая кераміка, Бабруйская кераміка, Гараднянская кераміка, Гарадоцкая кераміка, Дубровенская кераміка, Заслаўская кераміка, Івянецкая кераміка, Крычаўская кераміка, Поразаўская кераміка і інш.). Да традыц. відаў маст. К. адносяцца і гліняная скульптура, цацкі-свістулькі і інш. У 19 — пач. 20 ст. К. выраблялі на кафляных і фаянсавых з-дах у Целяханах, Слуцку, Барысаве, Магілёве; буйнейшы цэнтр вытв-сці — Копысь Аршанскага р-на (гл. Копыская кафля, Копыская кераміка). У 1925—29 існавала аддзяленне маст. К. ў Віцебскім маст. тэхнікуме. У 1920—40-я г. на базе нар. ганчарнага рамяства створаны арцелі (у Барысаве, Івянцы, Бабруйску, Бабінавічах Лёзненскага, Ракаве Валожынскага р-наў); з 1948 працуе фаянсавы з-д у Мінску. Лепшыя тагачасныя творы К. адметныя пошукам новых дэкар. магчымасцей у прыродных формах. Выраблялася таксама настольная дэкар. скульптура, гал. ч. з фарфору. У 1959 створана керамічная майстэрня пры Маст. фондзе БССР. У 1961 адкрыта аддзяленне дэкар.-прыкладнога мастацтва, у 1964 — кафедра маст. керамікі ў Бел. тэатр.-маст. ін-це (цяпер Бел. АМ). З 1963 працуе керамічны цэх Барысаўскага камбіната прыкладнога мастацтва. Значны ўклад у развіццё маст. К. ў гэты час зрабілі Ф.​Зільберт, М.​Бяляеў, В.​Гаўрылаў, Т.​Паражняк. Для мастакоў-керамістаў гэтага перыяду характэрна імкненне да выяўлення прыгажосці матэрыялу, шырокае выкарыстанне кантрастаў яго фактур, матэрыялаў, якія раней лічыліся немастацкімі (напр., шамот), смелае спалучэнне колераў, распрацоўваліся новыя віды эмалей і глазураў. У 1960-я г. павялічылася цікавасць да унікальнай К., якая ў 1970-я г. набыла станковы характар, да традыцый нар. творчасці (работы Л.​Панамарэнкі, М.​Шаўцовай, М.​Кляцкова, Ф.​Шостака). З 1978 працуе Добрушскі фарфоравы завод, з 1979 — аб’яднанне «Беларуская мастацкая кераміка». Маст. К. развіваецца ў 2 кірунках: адны мастакі амаль адышлі ад масавай бытавой К. і ствараюць пераважна свабодныя дэкар. формы, арх. К., другія паслядоўна прадаўжаюць традыцыі нар. мастацтва. У творчасці мастакоў першага кірунку відавочна імкненне парушыць канструкцыйна-прадметную сутнасць твора, іх работам уласцівы своеасаблівасць пластычных сродкаў, складаныя асацыяцыі, сімволіка. Дэкар. рэчы ствараюцца ў формах, блізкіх да скульптуры і жывапісу. Пашыранымі сталі блізкія да скульптуры малых форм керамічныя пано і размаляваныя рэльефы. Сярод мастакоў-керамістаў 1980—90-х г. М.​Байрачны, В.​Грыгарышына, В.​Данчук, А.​Дзятлава, А.​Зіменка, В.​Калтыгін, Т.​Кіршчына, А.​Концуб, У.​Кузняцоў, Н.​Кухарэнка, С.​Ларчанка, А.​Паддубны, У.​Паражняк, Э.​Позняк, В.​Прыешкін, Г.​Пусеў, Т.​Пятроўская, Т.​Сакалова, А.​Сурмач, У.​Угрыновіч і інш.

Літ.:

Беларуская кераміка. Мн., 1984;

Бобринский А.А. Гончарство Восточной Европы: Источники и методы изучения. М., 1978;

Акунова Л.Ф., Крапивин В.А. Технология производства и декорирование художественных керамических изделий. М., 1984.

Н.​І.​Здановіч, Г.​К.​Штыхаў, М.​М.​Яніцкая, В.​І.​Жук (К. мастацкая).

Да арт. Кераміка. Дама з мопсам. Мейсен. Каля 1740.
Да арт. Кераміка. Паднос. Кітай. 18 ст.
Да арт. Кераміка. Керамічная лямпа са Скальнага храма ў Іерусаліме. 1549.
Да арт. Кераміка. У.​Кузняцоў. Дэкаратыўная скульптура «Купава» ў Мінску. 1970.
Да арт. Кераміка. У.​Угрыновіч. Дэкаратыўная кампазіцыя «Развіццё». 1980.
Да арт. Кераміка. С.​Палубес. Чатыры апосталы. Рэльеф. Маёліка. 2-я пал. 17 ст.
Да арт. Кераміка. Т.​Сакалова. Кампазіцыя «З’яўленне». Шамот, эмаль. 1994.

т. 8, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)