ДЫЭНЦЭФА́ЛЬНЫ СІНДРОМ,

гіпаталамічны сіндром, комплекс сімптомаў, абумоўленых пашкоджаннем глыбінных аддзелаў галаўнога мозга (гіпаталамуса, гіпофіза). Бывае ад інфекцый, траўмаў і пухлін галаўнога мозга, хранічных хвароб печані, нырак, страўніка і інш. Прыкметы: парушэнне сну, тэрмарэгуляцыі, тлушчавага, водна-салявога, вугляводнага і інш. відаў абмену, дзейнасці сардэчна-сасудзістай сістэмы і залоз унутр. сакрэцыі — гіпофіза, палавых, шчытападобнай, наднырачнікаў, нязначныя арган. неўралагічныя сімптомы. Лячэнне тэрапеўтычнае.

Г.​Дз.​Сітнік.

т. 6, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКАМПЕНСА́ЦЫЯ (ад дэ... + кампенсацыя),

парушэнне дзейнасці органа, сістэмы органаў і арганізма ў цэлым з прычыны знясілення ці зрыву яго прыстасавальных механізмаў. Шкодныя ўздзеянні выклікаюць значныя змены ў арганізме і парушаюць раўнавагу паміж арганізмам і навакольным асяроддзем, што існуе пастаянна. Праз некат. час арганізм прыстасоўваецца да новых умоў існавання (напр., гіпертрафіруецца мышца сэрца пры яго пароках) і раўнавага аднаўляецца — настае кампенсацыя.

т. 6, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́НЕЧНЫ ЎДА́Р,

пераграванне арганізма ў выніку прамога дзеяння сонечных прамянёў на галаву. Адрозніваецца ад агульнага перагравання арганізма — цеплавога ўдару. Вылучаюць 3 ступені С.ў.: лёгкая, сярэдняя, цяжкая. Сімптомы: галаўны боль, моташнасць, ірвота, т-ра да 42 °C і вышэй, часты пульс і дыханне, вял. страта вады, солей, парушэнне функцыі нырак, страта прытомнасці, сутаргі. Лячэнне: ахалоджванне цела, цень, удыханне кіслароду, медыкаментознае.

І.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СФІНГАЛІПІ́ДЫ,

клас складаных ліпідаў, структурныя кампаненты якіх — сфінгазінавыя асновы (сфінгазін, яго аналагі і гамолагі). Пашыраны ў расл. і жывёльных тканках, асабліва ў нервовай. Ва ўсіх прыродных С. сфінгазінавая аснова ацыліравана па амінагрупе астаткам вышэйшай тлустай к-ты (напр., стэарынавай). У С., якія ўтрымліваюць фосфар (напр., сфінгаміэліны), першасны гідраксіл замяшчаецца астаткам фосфарнай к-ты. Парушэнне абмену С. у арганізме чалавека прыводзіць да захворванняў.

т. 15, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дысгармо́нія

(ад гр. dys = раз-, не- + harmonia = сувязь, сугучнасць)

1) парушэнне гармоніі, адсутнасць сугучнасці, немілагучнасць;

2) разлад, няўзгодненасць, парушэнне адпаведнасці чаго-н. чаму-н. (напр. д. колераў у пейзажы)

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

дыспепсі́я

(гр. dispepsia)

парушэнне нармальнай дзейнасці страўніка і кішэчніка ў дзяцей першага года жыцця.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гінатрэзі́я

(ад гіна- + атрэзія)

парушэнне праходнасці палавога канала ў жанчын, абумоўленае анамаліямі развіцця похвы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГЛІКАЗІДА́ЗЫ,

група ферментаў з класа гідралаз, якія разбураюць гліказідную сувязь у малекулах простых гліказідаў, алігацукрыдаў і поліцукрыдаў. Акрамя рэакцыі гідролізу, гліказідазы каталізуюць рэакцыі трансгліказіліравання. Падзяляецца на α-гліказідазы (вельмі пашыраныя ў прыродзе, у т. л. ва ўсіх тканках чалавека) і β-гліказідазы (ёсць у мікраарганізмах, раслінах, малюскаў і тканках чалавека). Парушэнне функцый гліказідаз ляжыць у аснове многіх спадчынных хвароб чалавека (Гашэ хвароба, глікагеноз, Мальбсорбцыі сіндром і інш.).

т. 5, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТАНІ́Я (ад грэч. atonia расслабленасць, вяласць),

адсутнасць фізіял. тонусу ў мышцах шкілета і ўнутраных органаў. Узнікае пры захворванні нерв. сістэмы, унутр. органаў, пры эндакрынных і інфекц. хваробах, недастатковым харчаванні і парушэнні абмену рэчываў. Можа быць прыроджаная і набытая. Ва ўнутр. органах трапляецца атанія страўніка (парушэнне стрававання), кішак (запоры), маткі пры родах (цяжкія роды) і пасля родаў (крывацёк). Лячэнне залежыць ад прычыны ўзнікнення, лакалізацыі і ступені пашкоджання.

т. 2, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭФЛАРА́ЦЫЯ [ад дэ... + лац. flos (floris) кветка, маладосць, дзявоцкасць],

парушэнне цэласнасці дзявоцкай плявы. Звычайна бывае пры першых палавых зносінах. Суправаджаецца нязначным крывацёкам, хоць нярэдкія выпадкі, калі яго няма. Прыблізна праз 3—5 дзён пасля Д. краі парушанай дзявоцкай плявы загойваюцца і палавая блізкасць не выклікае болевых адчуванняў. Іншы раз, у залежнасці ад анат. будовы, дзявоцкая плява расцягваецца і застаецца непашкоджанай пасля неаднаразовых палавых актаў.

т. 6, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)