ЛІ ХУНЧЖА́Н (15.2.1823, прав. Аньхой, Кітай — 7.11.1901),

кітайскі дзярж. дзеяч, дыпламат. Адыграў важную ролю ў задушэнні Тайпінскага паўстання 1850—64. З 1870 намеснік сталічнай прав. Чжылі, канцлер, чл. упраўлення па замежных справах. Прыхільнік і адзін з праваднікоў палітыкі «самаўзмацнення», якая мела мэтай стварэнне ў Кітаі сучаснай арміі і флоту. У знешняй палітыцы імкнуўся шляхам уступак і пагадненняў з адной імперыялістычнай дзяржавай супрацьстаяць агрэсіі інш. дзяржавы. Падпісаў Сіманасекскі дагавор 1895. У 1896 заключыў сакрэтны дагавор з Расіяй пра абарончы ваен. саюз супраць Японіі і прадастаўленне Расіі канцэсіі на буд-ва Кітайска-ўсходняй чыгункі. У 1901 падпісаў навязаны Кітаю «Заключны пратакол» з дзяржавамі, якія ўдзельнічалі ў задушэнні іхэтуаньскага паўстання.

т. 9, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛА́Я САВЕ́ЦКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕДЫЯ (МСЭ),

універсальнае энцыклапедычнае выданне. Выдадзена ў Маскве выд-вам «Савецкая Энцыклапедыя». Створана на аснове Вялікай Савецкай Энцыклапедыі, адрозніваецца ад яе памерам і колькасцю артыкулаў. Выйшла 3 выданні: 1-е (т. 1—10, 1928—31), 2-е (т. 1—11, 1933—47), 3-е (т. 1—10, 1958—60); з алфавітным прадметна-імянным паказальнікам. Уключае больш за 50 тыс. артыкулаў па пытаннях гісторыі, палітыкі, эканомікі, культуры і мастацтва, навукі і тэхнікі. Вызначаецца навук. дакладнасцю матэрыялу, лаканічнасцю і сцісласцю яго выкладу. Выданне багата ілюстравана, у ім больш за 12 тыс. ілюстрацый, у т. л. больш за 600 каляровых, шмат малюнкаў, карт і схем.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 10, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОВАГАНДЛЁВЫ СТАТУ́Т 1667,

закон пра ўнутр. і знешні гандаль, выдадзены ў Расіі па ініцыятыве кіраўніка Пасольскага прыказа А.​Л.​Ардына-Нашчокіна. Меў на мэце папаўненне дзярж. казны і падтрымку рас. купецтва. Н.с. развіваў нормы гандл. статута 1653, уніфікаваў пошліны, абмяжоўваў гандаль іншаземцаў. Замежныя купцы абавязваліся гандляваць оптам у памежных гарадах, а пры праездзе ў глыб краіны плаціць акрамя мытнай дадатковыя пошліны з тавару і за праезд, што разам у 4 разы перавышала зборы з рас. купцоў. Іншаземцам забаранялася на тэр. Расіі гандляваць паміж сабой. Найб. высокімі пошлінамі абкладаліся прадметы раскошы, віны, цукар і інш. Н.с. 1667 — тыповы прыклад правядзення дзярж. палітыкі пратэкцыянізму.

т. 11, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВАТНЫ ((Novotný) Антанін) (10.12.1904, Летняні, каля г. Прага — 28.1.1975),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Чэхаславакіі. Чл. Камуніст. партыі Чэхаславакіі (КПЧ) з 1921, яе ЦК (1946—68). З 1928 удзельнік рабочага руху. У 2-ю сусв. вайну вязень канцэнтрацыйнага лагера Маўтгаўзен. 1-ы сакратар Пражскага абкома (1945—53). пасля смерці К.Готвальда 1-ы сакратар ЦК КПЧ (1953—68), да пач. 1960-х г. працягваў палітыку свайго папярэдніка. Прэзідэнт Чэхаславакіі (1957—68). На студзеньскім (1968) пленуме ЦК КПЧ абвінавачаны ў правядзенні памылковай ідэалаг., эканам. і нац. палітыкі, адхілены ад кіраўніцтва партыяй, а пазней ад усіх інш. пасад. Адстаўка Н. паспрыяла пачатку «Пражскай вясны».

т. 11, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯДЗІ́ЛЬКА (Уладзімір Іосіфавіч) (н. 5.10.1951, станіца Краснаармейская Краснадарскага краю, Расія),

бел. вучоны-эканаміст. Канд. эканам. н. (1985). Скончыў Ленінградскі ун-т (1978). З 1986 ва Упраўленні справамі СМ Беларусі, з 1994 нам. старшыні Дзярж. к-та па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па праблемах эканомікі навук.-тэхн. прагрэсу, арг-цыі і кіравання навук. і інавацыйнай дзейнасцю, навук.-тэхн. палітыкі.

Тв.:

Интенсификация науки: содержание и планово-финансовые факторы. Мн., 1984;

Финансовое обеспечение науки в Белорусской ССР (уровень, источники, механизмы). Мн., 1989 (разам з А.​А.​Слонімскім);

Science in the Republic of Belarus... // EURO research: An OverView of Research Policy in Europe. Stuttgart, 1996.

т. 11, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНГЕРМА́НСКІ САЮ́З (Alldeutscher Verband),

нацыяналістычная паліт. арг-цыя ў Германіі ў 1891—1939. Засн. ў крас. 1891 пры дапамозе прадпрымальніка А.​Гугенберга і калан. паліт. дзеяча К.​Петэрса. Да 1.7.1894 наз. Усеагульны ням. саюз (Allgemeiner Deutscher Verband). Дзейнічаў у кантакце з Калан. т-вам, Флоцкім саюзам, Імперскім аб’яднаннем супраць сацыял-дэмакратыі, Нацыянал-ліберальнай і Кансерватыўнай партыяй. З часоў Мараканскага крызісу 1911 знаходзіўся ў апазіцыі да палітыкі рэйхсканцлера Т. фон Бетман-Гольвега. У 1914—18 налічваў 30—40 тыс. чл. Пасля 1918 страціў паліт. актыўнасць. Ідэалогія — пангерманізм. Старшыні — Э.​Хасе (1893—1908), Г.​Клас (1908—39). Друкаваны орган — «Alldeutschen Blätter» («Пангерманскія лісты»). Забаронены нацыстамі вясной 1939.

т. 12, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБА́НАЎ (Анатоль Уладзіміравіч) (н. 17.2.1958, Мінск),

бел. сацыёлаг. Д-р сацыялагічных н. (1994), канд. філас. н. (1988). Скончыў БДУ (1981). З 1988 у Ін-це філасофіі і права, з 1993 у Ін-це сацыялогіі Нац. АН Беларусі. Адначасова з 1999 нам. дырэктара Мінскага НДІ сац.-эканам. і паліт. праблем. Навук. працы па праблемах сац. развіцця, сац. экалогіі, сацыялогіі, палітыкі, культуры і адукацыі, сац.-псіхал. механізмах масавых паводзін.

Тв.:

Социальное развитие: Энерго-институциональный подход. Мн., 1994;

Социальный субъект: Мотивы и деятельность. Мн., 1994;

Социальная структура, мобильность, идентификация. Мн., 1998 (разам з Р.​А.​Смірновай, С.​А.​Шавелем);

Механизмы массового поведения. Мн., 2000.

т. 13, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЙМАНС ((Simons) Генры Калверт) (1899—1946),

амерыканскі вучоны-эканаміст. Адзін з заснавальнікаў Чыкагскай школы ў палітэканоміі, прыхільнікі якой выступалі за захаванне «чыстай канкурэнцыі» і лічылі непажаданым дзярж. ўмяшанне ў эканам. жыццё. З 1939 праф. Чыкагскага ун-та. Навук. працы па праблемах развіцця грашова-крэдытнай сістэмы, бюджэтна-фін. і падатковай палітыкі. Аўтар твораў «Эканамічная палітыка для свабоднага грамадства» (1948), «Федэральная пачатковая рэформа» (1950) і інш. Прапанаваў банкаўскую рэформу (1930-я г.), якая прадугледжвала скарачэнне грашовага абароту, спыненне абясцэньвання грошай і прадухіленне банкруцтва банкаў. Распрацаваў праект рэформы, паводле якой асн. крыніцай федэральных даходаў станавіўся падаходны падатак з грамадзян (20% ад усіх відаў даходаў) і скарачаліся ўскосныя падаткі.

т. 14, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІМАХІ́Я (грэч. symmachia ад syn разам + machomai ваюю),

у Старажытнай Грэцыі ваенны саюз, які заключаўся паміж полісамі. Першыя С. ўзніклі ў 6 ст. да н.э. Полісы-саюзнікі абавязваліся разам весці ваен. дзеянні, мелі агульную казну, шэраг органаў кіравання (напр., сінод — агульнасаюзны сход, сінедрыён — савет прадстаўнікоў полісаў-саюзнікаў), вырашалі разам агульныя справы. Фармальна ўсе члены С. захоўвалі поўную аўтаномію, але фактычна больш слабыя ўдзельнікі дагавора павінны былі адмаўляцца ад самастойнай знешняй палітыкі і траплялі ў залежнасць ад поліса, які ўзначальваў С. Найб. вядомыя С.: на чале са Спартай (Пелапанескі саюз), Афінамі (Дэлоскі саюз), Фівамі (Беатыйскі саюз), Мегалопалем (Аркадскі саюз), Ахейскі саюз, Эталійскі саюз і Карынфскі саюз.

т. 14, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

поліцэнтры́зм

(ад полі- + цэнтр)

1) тэорыя ў антрапалогіі, паводле якой людскія расы паходзяць ад розных форм выкапнёвага чалавека ў некалькіх раёнах зямнога шара (проціл. монацэнтрызм);

2) наяўнасць у сістэме міжнародных адносін некалькіх цэнтраў, узаемаадносіны паміж якімі вызначаюць развіццё сусветнай палітыкі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)