АНТРАПАГЕ́НАВАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), антрапаген (ад антрапа... + грэч. genos нараджэнне),

чацвярцічная сістэма (перыяд), апошняя сістэма кайназойскай эратэмы (групы) і апошні перыяд геал. гісторыі Зямлі, які доўжыцца і цяпер. Назву даў у 1922 рускі геолаг А.П.Паўлаў па найважнейшай падзеі — станаўленні чалавека. Ніжняя ўзроставая мяжа 1,65 млн. гадоў (некаторыя даследчыкі лічаць 2,4—3 млн. гадоў). Традыцыйна падзяляецца на галацэн (0—10 тыс. гадоў назад), плейстацэн (10—800 тыс. гадоў назад) і эаплейстацэн (800—1650 тыс. гадоў назад). Антрапаген вывучае чацвярцічная геалогія, адзін з цэнтраў развіцця якой на Беларусі.

Агульная характарыстыка. Адклады антрапагену ўтварыліся ў выніку дзеяння спецыфічных для канца кайназою прыродных працэсаў, сярод якіх найважнейшыя — глабальнае пахаладанне клімату, інтэнсіўныя тэктанічныя рухі і вулканізм, мацерыковыя зледзяненні і звязаныя з імі ваганні ўзроўню акіяна. Тэктанічныя рухі зямной кары ў поясе альпійскай складкавасці і пахаладанне клімату прывялі да павелічэння крыясферы і ўзнікнення зледзянення на мацерыках Паўн. паўшар’я. Ледавіковыя покрывы ахапілі да 45 млн. км² сушы, што ў 3разы перавышала сучаснае зледзяненне. Паўд. мяжа макс. пашырэння лёду дасягала ў Еўропе 48°30 паўн. ш., у Паўн. Амерыцы — 37°30 паўн. ш. Даследчыкі вылучаюць ад 3 да 9 зледзяненняў, якія чаргаваліся з міжледавікоўямі. На тэр. Беларусі праходзяць межы большасці вял. ледавіковых покрываў. У час зледзяненняў вял. масы вады акумуляваліся ў ледавіковых шчытах, што выклікала зніжэнне ўзроўню акіяна на 100 м і больш і злучэнне мацерыкоў Паўн. паўшар’я па Берынгавым мосце. Узровень акіяна і клімат міжледавіковых часоў нагадваў сучасны. У субтрапічных шыротах зледзяненням адпавядалі вільготныя перыяды (плювіялы), міжледавікоўям — больш сухія.

Адклады антрапагену пераважна кантынентальныя, сярод іх найб. пашыраны ледавіковыя (марэнныя, канцова-марэнныя, водна-ледавіковыя і лёсавыя) і такія генетычныя тыпы, як алювій, перлювій, калювій, азёрныя, балотныя, эолавыя. На прыморскіх раўнінах і шэльфе намнажаліся ледавікова-марскія і марскія адклады. У тоўшчы антрапагену на Беларусі на ледавіковыя адклады прыпадае да 88%. Пяскі складаюць 39%, гліны — 4, буйнаабломкавыя пароды — 4, марэны — 8, лёсападобныя — 0,5, карбанатныя — 1, інш. — 3,5%. Магутнасць кантынентальных адкладаў да 300 м, сярэдняя на Беларусі — 80 м, макс. — 324,5 м (у Лагойскай астраблеме). На адкладах антрапагену ўтварыўся сучасны рэльеф раўнін і нізін Зямлі, яны з’яўляюцца субстратам для глебаў, аб’ектам горных, інж.-геал. работ і антрапагеннага ўздзеяння на прыроду.

Станаўленне чалавека супадае з антрапагенавым перыядам: пітэкантрап з’явіўся ва Усх. Афрыцы каля 1,6 млн. гадоў назад. У канцы плейстацэну людзі рассяляліся паблізу ледавіка, дзе жылі буйныя жывёлы (у прыватнасці, маманты), паляванне на якіх было асновай існавання познапалеалітычнага чалавека. Мяркуюць, што на тэр. Беларусі чалавек з’явіўся каля 100 тыс. гадоў назад (вядомыя стаянкі першабытных людзей Бердыж і Юравічы маюць узрост 26—24 тыс. гадоў).

Карысныя выкапні. У адкладах антрапагену вядомы радовішчы золата, алмазаў, баксітаў, нікелю, буд. матэрыялаў (гліна, суглінак, пясок, жвір, галечнік, валуны, вапняк), торфу, сапрапеляў, прыроднага газу, дыятамітаў, солі, лячэбных гразяў, серы, марганцу, прэснай пітной вады. На Беларусі з гэтых адкладаў здабываюць буд. матэрыялы, торф, сапрапелі, лячэбныя гразі, пітную ваду, россыпнае золата.

Стратыграфічны падзел. У пач. 20 ст. аўстрыйскія вучоныя А.Пенк і Э.Брыкнер распрацавалі ледавіковую стратыграфію для Альпаў, у якіх вылучылі 4 зледзяненні — гюнцкае, міндэльскае, рыскае і вюрмскае, пазней дунайскае (самае старажытнае). Найчасцей антрапагенавая сістэма (перыяд) падзяляюць на 4 звяны (адпавядаюць пададдзелу) — ніжняе, сярэдняе, верхняе і сучаснае. У рэгіянальных стратыграфічных шкалах асн. адзінка расчлянення — гарызонт, які адпавядае палавіне кліматычнага рытму — пахаладанню (зледзяненню) або пацяпленню (міжледавікоўю). У схеме чацвярцічных (антрапагенавых) адкладаў Беларусі вылучаны (1981) брэсцкі перадледавіковы, нараўскі, бярэзінскі, дняпроўскі, сожскі, паазерскі ледавіковыя і белавежскі, александрыйскі, шклоўскі, муравінскі і галацэнавы міжледавіковыя гарызонты. Многія бел. даследчыкі з белавежскага гарызонта вылучаюць карчоўскі міжледавіковы, атаясамліваюць белавежскі і шклоўскі міжледавіковыя гарызонты, аб’ядноўваюць дняпроўскі і сожскі ледавіковыя гарызонты і вылучаюць эаплейстацэн і інш. падраздзяленні. У Зах. Еўропе найб. пашырана школа, распрацаваная В.Загвійнам (1989) для Нідэрландаў, у Расіі — І.І.Красновым і А.П.Зарынай (1987), С.М.Шыкам (1992), на Беларусі — схемы Б.М.Гурскага з сааўтарамі (1981) і Л.М.Вазнечука (1981).

Літ.:

Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;

Стратиграфия СССР: Четвертич. система. Полутома 1—2. М., 1982—84;

Zagwijn W.H. The Netherlands during the Tertiary and the Quaternary: A case history of Coastal Lowland evolution // Geologie en Mijnbouw. 1989. Vol. 68, Nr. 1.

Э.А.Ляўкоў, М.Я.Зусь.

т. 1, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ МІР 1918,

Брст-Літоўскі мірны дагавор 1918. Падпісаны ў Брэсце (Брэст-Літоўску) 3.3.1918 прадстаўнікамі Сав. Расіі з аднаго боку і прадстаўнікамі краін Чацвярнога саюза (Германіі, Аўстра-Венгрыі, Балгарыі і Турцыі) — з другога; ратыфікаваны 4-м Надзвычайным Усерас. з’ездам Саветаў 15.3.1918 і герм. імператарам Вільгельмам II 26.3.1918. У выніку перагавораў у Брэст-Літоўску, якія праходзілі з 20.11(3.12) па 2(15).12.1917, было заключана пагадненне аб перамір’і паміж Сав. Расіяй і Чацвярным саюзам да 1(14).2.1918. Мірныя перагаворы пачаліся 9(22).12.1917 і праходзілі ў абставінах вострай паліт. барацьбы ў бальшавіцкім кіраўніцтве паміж У.І.Леніным і яго прыхільнікамі з аднаго боку, Л.Д.Троцкім і «левымі камуністамі» на чале з М.І.Бухарыным — з другога. Геапалітычным фонам Брэсцкай мірнай канферэнцыі былі падзеі на Украіне — бальшавіцкае паўстанне супраць Укр. нар. рэспублікі (УНР), абвяшчэнне УССР. У выніку гэтых падзей герм. блок прызнаў УНР і 27.1(9.2).1918 падпісаў з яе прадстаўнікамі асобны дагавор, паводле якога Украіна падлягала акупацыі аўстра-герм. войскамі. Пасля зрыву мірных перагавораў дэлегацыяй Сав. Расіі на чале з Троцкім 18.2.1918 аўстра-герм. войскі пачалі наступленне па ўсім фронце і занялі б.ч. тэр. Беларусі (да Дняпра, Сажа і Зах. Дзвіны). Неакупіраванымі засталіся толькі 14 паветаў Віцебскай і Магілёўскай губ. Паколькі Сав. Расія была няздольная працягваць ваен. дзеянні, яе прадстаўнікі падпісалі мір, прыняўшы герм. ультыматыўныя патрабаванні. Дагавор складаўся з 14 артыкулаў і розных дадаткаў. Ням. акупацыі падлягалі Курляндыя, Літва, Ліфляндыя, Эстляндыя і частка Беларусі. На Каўказе да Турцыі адыходзілі правінцыі Усх. Анатоліі і акругі Карс, Ардаган і Батум. Украіна і Фінляндыя прызнаваліся самаст. дзяржавамі. Усяго Расія страчвала тэрыторыі каля 1 млн. км² з насельніцтвам больш за 50 млн. чал. Дагавор абавязваў Сав. Расію правесці поўную дэмабілізацыю арміі і флоту, прызнаць дагавор Цэнтр. укр. рады з Германіяй і яе саюзнікамі, заключыць мірны дагавор з УНР і вызначыць мяжу паміж Расіяй і Украінай. Сав. Расія абавязвалася аднавіць гандлёва-эканам. льготы і прывілеі для Германіі, у т. л. мытны тарыф 1904 на яе карысць. Заключэнне Брэсцкага міру дазволіла сав. ўраду атрымаць неабходную яму мірную перадышку.

Бел. пытанне на перагаворах самаст. значэння не мела, нягледзячы на тое, што паняцце «самавызначэнне нацый» стаяла ў цэнтры дыскусій. Паводле прапаноў дэлегацыі РСФСР, нацыянальным групам, якія не карысталіся паліт. самастойнасцю да вайны, гарантавалася магчымасць свабодна вырашаць пытанне аб сваёй прыналежнасці да той ці інш. дзяржавы або аб сваёй дзярж. незалежнасці шляхам рэферэндуму. Бел. дэлегацыя, сфарміраваная Усебел. з’ездам 1917 (С.А.Рак-Міхайлоўскі, І.М.Серада, А.І.Цвікевіч), прысутнічала на канферэнцыі толькі як дарадца дэлегацыі УНР і актыўнага ўдзелу ў перагаворах не прымала. Паводле ўмоў Брэсцкага міру тэр. Беларусі падзялялася па лініі Дзвінск—Свянцяны—Ліда—Пружаны—Брэст. Немцы арыентаваліся на стварэнне «малой Літвы» з далучэннем бел. зямель, у т. л. Віленшчыны і Гродзеншчыны, да этнічнай Літвы. Астатняя тэр. Беларусі разглядалася як прэрагатыва Сав. Расіі. Землі на Пд ад Палескай чыг. па дамоўленасці з Цэнтр. укр. радай перадаваліся УНР. Устанаўлівалася, што для тэрыторый, якія знаходзіліся на З ад устаноўленай лініі і раней належалі Расіі, не будзе вынікаць ніякіх абавязкаў у адносінах да Расіі. Апошняя адмаўлялася ад усякага ўмяшання ва ўнутр. справы гэтых абласцей. Германія і Аўстра-Венгрыя збіраліся вызначыць іх будучы лёс праз рэферэндум. Брэсцкі мір — першы ў 20 ст. падзел бел. зямель паміж 5 дзяржавамі: Германіяй, Сав. Расіяй, Украінай, Літвой і Латвіяй. Беларусь не атрымлівала кампенсацый на аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі, паколькі Германія і Расія ўзаемна адмовіліся ад пагашэння ваен. страт. Брэсцкі мір узмацніў незалежніцкія настроі ў бел. нац.-вызв. руху і садзейнічаў абвяшчэнню незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Паводле дадатковага сав.-герм. дагавора ад 27.8.1918 Германія абавязвалася ачысціць тэр. на У ад Бярэзіны. Да пач. ліст. 1918 быў вызвалены шэраг валасцей Аршанскага, Лепельскага, Магілёўскага, Полацкага і Сенненскага пав. Калі ў выніку Лістападаўскай рэвалюцыі ў 1918 у Германіі была скінута кайзераўская манархія, Германія 11.11.1918 падпісаннем Камп’енскага перамір’я адмовілася ад Брэсцкага міру 13.11.1918 Усерас. ЦВК ануляваў Брэсцкі мір. Канчаткова Брэсцкі мір скасаваны паводле Версальскіх мірных пагадненняў 1919 з пераможанай Германіяй.

У.Е.Снапкоўскі.

т. 3, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́,

вырашэнне сродкамі ўзбр. насілля эканам., нац., грамадска-паліт., рэліг., тэр. і інш. супярэчнасцей паміж дзяржавамі, народамі, нацыямі і сац. групамі. Гал. сродкі вядзення вайны — узбр. сілы, армія, інш. ваенізаваныя фарміраванні. Вайна, як правіла, вядзе да буйных чалавечых ахвяр, страты матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, разбуральна ўздзейнічае на грамадства.

У першабытнаабшчынным грамадстве ўзбр. сутыкненні родаў і плямён былі разнавіднасцю барацьбы за выжыванне. З узнікненнем дзяржавы як органа ажыццяўлення ўнутр. і знешняй палітыкі пануючых класаў вайна набыла грамадска-паліт. змест, што запатрабавала стварэння спец. атрада ўзбр. людзей — арміі. Узбр. насілле станавілася ўсё больш дзейсным сродкам узбагачэння, узмацнення эканам. і паліт. панавання, заняволення народаў. Як мера ў адказ на сац. насілле і эксплуатацыю барацьба заняволеных народаў нярэдка набывала форму грамадзянскай вайны або вызваленчай.

Войны класіфікуюць паводле вылучэння найб. істотных падстаў для іх развязвання. Найб. агульныя і найчасцей выкарыстоўваліся сац.-паліт., ваен.-тэхн., маштабныя (колькасныя), гіст. падставы. Паводле сац.-паліт. падстаў войны падзяляюць на роды, тыпы і віды, кожны з іх аб’ядноўвае пэўныя групы войнаў, якія маюць падобныя сац.-паліт. прыкметы. У сучаснай ваен. тэорыі пашыраны падзел войнаў на справядлівыя і несправядлівыя. Да справядлівых адносяць войны народаў за вызваленне ад эксплуатацыі і нац. прыгнёту або для абароны сваёй краіны ад агрэсіі; несправядлівыя войны накіраваны на задушэнне нац.-вызв. барацьбы, захоп чужых тэрыторый, заняволенне і рабаванне інш. народаў і г.д. Сіламі міжнар. рэакцыі падрыхтаваны і развязаны першая сусветная вайна 1914—18, самая вял. і кровапралітная ў гісторыі чалавецтва другая сусветная вайна 1939—45. Састаўной часткай апошняй была справядлівая Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. У перыяд навук.-тэхн. прагрэсу войны становяцца асабліва разбуральныя. Уступленне чалавецтва ў 2-й пал. 20 ст. ў ядзерны век істотным чынам змяніла змест войнаў, адносіны да іх сусв. супольніцтва. Пагроза ядзернай вайны паставіла перад чалавецтвам пытанне пра неабходнасць выключэння войнаў як сродку вырашэння любых міждзярж. і ўнутрыдзярж. спрэчак. Статут ААН замацаваў прынцып забароны вайны. У 1974 29-я сесія Генеральнай асамблеі ААН прыняла спец. рэзалюцыю «Аб вызначэнні агрэсіі», паводле якой для дзяржавы-агрэсара прадугледжана паліт. і матэрыяльная адказнасць, а асобы, вінаватыя ў планаванні, падрыхтоўцы і развязванні вайны (агрэсіі), нясуць крымін. адказнасць. Такая ж мера пакарання выкарыстана Нюрнбергскім і Такійскім міжнар. трыбуналамі ў 1945 у адносінах да ваен. злачынцаў фаш. Германіі і мілітарысцкай Японіі, якія развязалі 2-ю сусв. вайну.

Сац. і маральны прагрэс з’яўляецца гіст. перадумовай выключэння вайны з жыцця грамадства і ўсталявання трывалага міру і згоды на зямлі. Практыка міжнар. жыцця ўсё больш схіляецца да ідэі мірнага суіснавання, спынення гонкі ўзбраенняў, абмежавання, скарачэння і ліквідацыі назапашаных сродкаў вядзення вайны (гл. Раззбраенне). Ажыццяўляюцца меры па стварэнні матэрыяльных гарантый міжнар. бяспекі; паміж вядучымі дзяржавамі заключаны пагадненні па аслабленні пагрозы вайны. Падзеі канца 1980 — пач. 1990-х г.: аб’яднанне Германіі, спыненне супрацьстаяння блокаў ваенных пасля роспуску арганізацыі Варшаўскага Дагавора 1955, выступленне сіл шматнацыянальнай кааліцыі супраць анексіі Іракам Кувейта, супрацоўніцтва краін у рамках праграмы Арганізацыі паўночна-атлантычнага дагавора (НАТО) «Партнёрства дзеля міру» па спыненні грамадз. вайны ў Босніі і Герцагавіне і г.д., — зрабілі ўплыў на ўсю структуру сучасных міжнар. адносін, павысілі аўтарытэт і ролю ААН, АБСЕ, выявілі значэнне міжнар. супрацоўніцтва ў справе процістаяння войнам і агрэсіі. Аднак у розных рэгіёнах свету не затухаюць ваен. канфлікты, гінуць людзі, знішчаюцца матэрыяльныя і культ. каштоўнасці, а на ваен. падрыхтоўку затрачваюцца вял. сродкі.

Тэр. Беларусі з-за яе геагр. становішча неаднаразова на працягу апошніх стагоддзяў станавілася арэнай самых актыўных ваен. дзеянняў, якія прывялі да вял. матэрыяльных і людскіх страт (у 2-ю сусв. вайну Беларусь страціла каля 2,5 млн. жыхароў). Пасля набыцця незалежнасці і прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 у знешняй палітыцы Беларусі перш за ўсё замацаваны прынцыпы роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутр. справы інш. дзяржаў. Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву — нейтральнай. Прапаганда вайны, паводле нац. заканадаўства, з’яўляецца злачынствам і праследуецца ў крымін. парадку.

Літ.:

Фуллер Дж.Ф. Вторая мировая война 1939—1945 гг.: Пер. с англ. М., 1956;

Вержховский Д.В., Ляхов В.Ф. Первая мировая война 1914—1918 гг. М., 1964;

Кибернетика, ноосфера и проблемы мира. М., 1986.

Г.А.Маслыка.

т. 3, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЕ САМО́А (самаанскае Samoa i Sisifo, англ. Western Samoa),

Незалежная Дзяржава Заходняе Самоа (самаанскае Malo Sa’oloto Tuto’atasi o Samoa i Sisifo, англ. Independent State of Western Samoa), дзяржава ў зах. ч. архіпелага Самоа ў Ціхім ак. (усх. ч. архіпелага займае ўладанне ЗША — Усходняе Самоа). Уключае а-вы Савайі (1,7 тыс. км²), Уполу (1,1 тыс. км²) і 7 дробных. Падзяляецца на 11 акруг. Пл. 2831 км². Нас. 167 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Апія. Дзярж. мовы — самаанская і англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 ліп.).

Дзяржаўны лад. З.С. — канстытуцыйная манархія. Член Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1972. Пажыццёвы кіраўнік дзяржавы — кароль. Паводле канстытуцыі пасля смерці караля манархія ў краіне будзе ліквідавана і Асамблея выбера кіраўніка дзяржавы тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. орган — Заканад. Асамблея з 47 членаў, выбраных насельніцтвам на 3 гады (45 ад карэннага, 2 ад некарэннага насельніцтва). Асамблея выбірае прэм’ер-міністра, якія фарміруе кабінет міністраў з членаў Асамблеі.

Прырода. Астравы вулканічнага паходжання, гарыстыя (выш. да 1885 м, в-аў Савайі). Шмат патухлых вулканаў, на в-ве Савайі дзеючы вулкан Матавану. Берагі ў многіх месцах акаймаваны каралавымі рыфамі. Клімат субэкватарыяльны і трапічны пасатны, вільготны. Сярэднямесячныя т-ры 25—27 °C. Ападкаў 2000—3000 мм, на вяршынях гор да 7000 мм; частыя ўраганы. Шмат горных рэчак і ручаёў. Густыя вільготныя трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў займаюць 47% тэрыторыі. Мора багатае рыбай. Нац. парк Оле-Пупу-Пуэ на в-ве Уполу.

Насельніцтва. Самаанцы, народ палінезійскага паходжання, складаюць 90%. Жывуць таксама еўрапейска-самаанскія метысы (каля 9%), невял. групы кітайцаў і еўрапейцаў. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (71%) і католікі (22%). Сярэдняя шчыльн. нас. 59 чал. на 1 км², найб. населены ўзбярэжжы. 72% нас. жыве на в-ве Уполу. Гарадскога нас. 59% (1993). Моцная эміграцыя пераважна ў Новую Зеландыю. За мяжой жыве каля 90 тыс. самаанцаў.

Гісторыя. Астравы Самоа са стараж. часоў былі заселены палінезійцамі (на мяжы 2-га і 1-га тысячагоддзяў да н.э.). Адкрыты ў 1722 галандскім мараплаўцам Я.Рогевенам. Іх даследавалі франц. экспедыцыі Л.Бугенвіля (1768) і Ж.Лаперуза (1787). У 1830 англ. місіянеры заснавалі тут евангелічную місію. У 1889 ЗША, Германія і Вялікабрытанія ўстанавілі трохбаковы пратэктарат пад Самоа, а ў 1899 ажыццявілі іх падзел, зах. частку атрымала Германія, усх. — ЗША; Вялікабрытанія адмовілася ад сваёй часткі на карысць Германіі за яе нейтралітэт у бурскай вайне. У 1914 акупіравана Новай Зеландыяй, якая ў 1920 атрымала ад Лігі нацый мандат на кіраванне З.С. З 1946 падапечная тэр. ААН пад кіраваннем Новай Зеландыі. З 1962 незалежная дзяржава.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка (занята больш за 70% працаздольнага насельніцтва). Валавы нац. прадукт на 1 жыхара складае 700—900 дол. ЗША за год. Апрацаваныя землі займаюць 42% пл. краіны. Гал. таварныя культуры: какосавая пальма (штогадовая вытв-сць копры 20—30 тыс. т), бананы (каля 25 тыс. т), какава (каля 2 тыс. т). Меншае значэнне маюць мускатны арэх, чорны перац, кава. На свае патрэбы вырошчваюць тара, ямс, батат, кукурузу, рыс, плады хлебнага дрэва, агародніну, апельсіны, ананасы, папайю, манга. Жывёлагадоўля арыентавана на ўнутр. рынак. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 30 тыс. галоў), свіней (каля 70 тыс. галоў). Птушкагадоўля. Рыбалоўства і марскія промыслы. Прам-сць прадстаўлена прадпрыемствамі па перапрацоўцы прадукцыі сельскай гаспадаркі, вытв-сці адзення, абутку, харч. прадуктаў, сувеніраў, тытунёвых вырабаў, запалак і інш. Ёсць мылаварны і піваварны з-ды, швейная, мэблевая, тытунёвая, какосавага алею, кандытарская, марожанага, кока-колы ф-кі. Лесапрамысл. комплекс на в-ве Савайі. Народныя маст. промыслы і выраб сувеніраў. Штогод краіну наведвае каля 30—50 тыс. турыстаў пераважна з Новай Зеландыі і Аўстраліі. Агульная працягласць аўтадарог 1800 км, з іх 260 км з цвёрдым пакрыццём. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца ў асноўным марскім транспартам. Гал. порт — Апія. Гал. экспартныя тавары — какосавыя крэм і алей, копра, какава, кава, бананы, тара, піва, сокі, цыгарэты, драўніна. У імпарце пераважаюць прадукты харчавання, прамысл. і хім. тавары, паліва. Асн. гандл. партнёры: Аўстралія, Новая Зеландыя, Германія, Японія. Вял. ролю адыгрываюць замежная дапамога і грашовыя пераводы эмігрантаў. Грашовая адзінка — тала (заходнесамаанскі долар).

І.Я.Афнагель (прырода, гаспадарка).

Заходняе Самоа. Вёска на ўзбярэжжы.

т. 7, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

труд м.

1. пра́ца, -цы ж.;

физи́ческий и у́мственный труд фізі́чная і разумо́вая пра́ца;

тво́рческий труд тво́рчая пра́ца;

обще́ственно необходи́мый труд грама́дска неабхо́дная пра́ца;

коллекти́вный труд калекты́ўная пра́ца;

абстра́ктный труд эк. абстра́ктная пра́ца;

конкре́тный труд эк. канкрэ́тная пра́ца;

овеществлённый труд эк. арэ́чаўленая пра́ца;

вольнонаёмный труд вольнанаёмная пра́ца;

разделе́ние труда́ падзе́л пра́цы;

люди труда́ лю́дзі пра́цы;

гимн труду́ гімн пра́цы;

усло́вия труда́ умо́вы пра́цы;

2. мн. труды́ (заботы) турбо́ты, -бо́т, ед. турбо́та, -ты ж.; кло́пат, -ту м.;

по́сле дневны́х трудо́в мо́жно отдохну́ть пасля́ дзённых турбо́т мо́жна адпачы́ць;

3. (усилие) намага́нне, -ння ср.;

без труда́ без вялі́кіх намага́нняў; (легко) лёгка;

4. (услуга) разг. паслу́га, -гі ж.;

он ничего́ не взял за труды́ ён нічо́га не ўзяў за паслу́гу;

5. (произведение) пра́ца, -цы ж.;

нау́чный труд навуко́вая пра́ца;

6. / труды́ (названия научных журналов, сборников) пра́цы, род. прац;

взять на себя́ труд узяць на сябе́ абавя́зак (кло́пат), патурбава́цца, паклапаці́цца;

не дать себе́ труда́ не патурбава́цца, не паклапаці́цца, не пару́піцца, не падба́ць;

с трудо́м насі́лу, з ця́жкасцю; (едва) ле́дзьве, ледзь;

труд челове́ка ко́рмит, а лень по́ртит посл. пра́ца гаду́е, а гульта́йства марну́е; дзе шчы́рая пра́ца, там гу́ста, а дзе ляно́та — пу́ста; ад ляно́ты чака́й бядо́ты.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

НАРО́ДНЫ ТЭА́ТР,

від народнай творчасці. Бытуе ў формах, створаных самім народам, арганічна звязаны з усім комплексам яго культуры. Для Н.т. характэрна пераемнасць і ўстойлівасць маст. традыцый, якія складваліся ў працэсе гіст. развіцця нар. эстэт. прынцыпаў, творчых навыкаў і прыёмаў выканання і перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Н.т. не меў спец. сцэны і дэкарацый, яго паказы вызначаліся адкрытай умоўнасцю ўсіх маст.-выяўл. кампанентаў, даходлівасцю і непасрэднасцю кантакту з гледачамі. Гэта адпавядала асаблівасцям выканальніцтва нар. артыстаў (імправізацыйнасць, падкрэсленыя рухі і жэсты, фарсіраваны гук, прыёмы буфанады і гратэску і інш.). У Н.т. вылучаюцца т-р жывога акцёра і лялечны.

Вытокі Н.т. ў стараж.-егіп. рэліг. рытуальных прадстаўленнях, у стараж.-грэч. абрадавых гульнях у гонар бога Дыяніса, культавых рытуалах, у якіх прысутнічалі элементы ігравога дзеяння і тэатр. пераўвасаблення. З прыходам хрысціянства язычніцкія абрады страцілі свой магічны сэнс і садзейнічалі развіццю Н.т. У розныя часы вылучыліся спецыялісты тэатр. справы — мімы (Стараж. Грэцыя), жанглёры, шпільманы (Зах. Еўропа), скамарохі (у некат. слав. народаў). Выступленні акцёраў найчасцей мелі вандроўны характар, яны будаваліся на аснове сцэнарыяў, якія давалі вял. магчымасці для імправізацыі. Акцёры Н.т. часта звярталіся да пантамімы. Майстэрства акцёра спалучала гімнастыку, спевы, танец, музыку, цырк. мастацтва (фокусы і дрэсіроўка), мастацтва лялечнага т-ра, які часта наз. па імю героя прадстаўлення; Пятрушка (Расія), Панч (Англія), Пульчынела (Італія), Кашпарак (Чэхія). Да Н.т. адносяць таксама балаганныя прадстаўленні і т.зв. раёк (паказ рухомых карцінак у суправаджэнні драматызаванага тэксту). Традыцыйнасць выканання вызначыла ўзнікненне ў многіх краінах асаблівага тыпу тэатр. прадстаўленняў — т. зв. традыцыйны тэатр. У краінах Азіі са стараж. часоў былі пашыраны нар. танцавальна-пантамімічныя муз. прадстаўленні. На іх аснове сфарміраваўся традыц. т-р Інданезіі (ваянг, тапенг і інш.), Шры-Ланкі (калам), Індыі (катхакалі і інш.), Японіі (кабукі, но) і інш. У Еўропе нар. акцёры значна паўплывалі на рэліг.-драм. прадстаўленні (сярэдневяковую містэрыю). Пранікненне камед.-быт. элементаў у паказы містэрый садзейнічала фарміраванню фарса. Традыцыі фарса і карнавала падрыхтавалі з’яўленне камедыі дэль артэ. Традыцыі Н.т. распрацоўвалі буйнейшыя драматургі і акцёры.

Вытокі бел. Н.т. ў стараж. паляўнічых і земляробчых абрадавых гульнях, культавых рытуалах, дзе зараджаліся элементы гульнявога дзеяння і тэатр. пераўвасаблення. Абрады, што ўзніклі ў часы язычніцтва, паступова страчвалі сваю магічную аснову. Працэс абміршчэння абрадаў і павелічэнне іх драм.-ігравога пачатку прывёў да адносна самаст. развіцця драм. тэатр. момантаў, якія набылі выразную эстэт. функцыю. Элементы тэатралізаванага дзеяння ёсць у многіх каляндарных (Каляды, Купалле і інш.), сямейна-бытавых (вяселле і інш.) абрадах, карагодах, карагодных танцах і гульнях. Сцэнарый вяселля меў кампазіцыйна-структурную будову, аналагічную драме: завязку, кульмінацыю і развязку, падзел на асобныя сцэны і эпізоды, пэўныя ролі, выпрацаваныя і замацаваныя абрадавай традыцыяй. Каляды мелі характар своеасаблівага карнавалу: хадзілі гурты калядоўшчыкаў са звяздой, вадзілі «казу», «кабылу», «мядзведзя», «жорава», пазней адбываліся паказы батлейкі, народнай драмы. Выканаўцы пераапраналіся, карысталіся маскамі, своеасаблівым грымам, рэквізітам. Персанажы з калядных гульняў і прынцыпы іх абмалёўкі, кампазіцыйныя і выканальніцкія прыёмы, асобныя сцэны развіліся ў больш складаныя формы Н.т. У карагодах арганічна спалучаліся песня, танец і драматызаванае дзеянне, тэатралізацыя ў іх узнікла на аснове песеннага сюжэту. Паступова з карагода вылучаліся выканаўцы роляў, паміж імі і карагодным хорам вёўся песенны дыялог. Эвалюцыя абрадавай сістэмы, куды ўваходзілі раней і розныя формы творчасці, стварыла перадумовы гіст.-ранняга вылучэння з яго нар. ігрышчаў, якія спалучалі ў сабе песеннае, харэаграфічнае і тэатр. мастацтвы і тэатралізаваныя паказы: хаджэнні пераапранутых, гульнявы паказ вяселля («Жаніцьба Цярэшкі», «Жаніцьба бахара»), гульні («Яшчур», «Халімон» і інш.). Развітую сюжэтную аснову мелі таксама шматлікія пазаабрадавыя гульні («Старыца», «Кавалі», «Злыдні» і інш.). Значную ролю ў развіцці разнастайных форм Н.т. адыгралі аселыя скамарохі — нязменныя ўдзельнікі нар. свят і ігрышчаў. Іх мастацтва садзейнічала далейшай тэатралізацыі абрадаў і гульняў, прыкметна ўплывала на характар дзейнасці нар. музыкантаў, казачнікаў і інш. выканаўцаў. У станаўленні нар. форм тэатр. прадстаўленняў значны ўклад зрабілі вандроўныя прафес. скамарохі, сярод якіх асаблівай папулярнасцю на Беларусі карысталіся павадыры мядзведзяў (гл. «Мядзведжыя пацехі», «Смаргонская акадэмія»), музыкі, лірнікі, выканаўцы драм сцэнак. Н.т. развіваўся як т-р жывога акцёра і т-р лялек (батлейка). Найб. яскрава і пераканаўча ў батлейкавым т-ры нац. маст. традыцыя выявілася ў малых формах нар. драмы, у невял. камедыйных сцэнах (інтэрмедыях). Некаторыя сцэны з рэпертуару батлейкі ў канцы 19 — пач. 20 ст. выконвалі жывыя акцёры, такія паказы наз. жывой батлейкай. У батлейцы канчаткова аформілася нар. драма. У паказах батлейкі і нар. драмы знайшлі сваё ўвасабленне найб. развітыя формы нар. тэатр. творчасці. Элементы Н.т. ў пач. 20 ст. выкарыстоўваліся аматарскімі гурткамі, якія наладжвалі беларускія вечарынкі, і прафес. т-рамі І.Буйніцкага, У.Галубка. Спектаклі трупы Буйніцкага захоўвалі сувязь з нар. ігрышчамі: разам з пастаноўкамі драм. твораў уключалі выкананне нар. песень і танцаў, дэкламацыю. Традыцыі батлейкі і нар. драмы адраджаюцца ў асобных пастаноўках студэнтаў Бел. АМ, Мінскага нар. т-ра БДУ і інш. нар. тэатраў.

Літ.:

Народны тэатр. Мн., 1983;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983.

М.А.Каладзінскі.

т. 11, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМА́НСКАЯ ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ РЭСПУ́БЛІКА (Deutsche Demokratische Republik, ГДР),

дзяржава ў Цэнтр. Еўропе ў 1949—90. Пл. 108 333 км², нас. 16,64 млн. чал. (1985). Сталіца — г. Берлін (Усходні). Уключала сучасныя землі ФРГ: Берлін (часткова), Брандэнбург, Мекленбург-Пярэдняя Памеранія, Саксонія, Саксонія-Ангальт, Цюрынгія. Узнікла ва ўмовах «халоднай вайны» на тэр. Усх. Германіі, што знаходзілася ў сав. зоне акупацыі, пасля таго, як на зах.-герм. землях была ўтворана ФРГ (вер. 1949). Абвешчана 7.10.1949 Ням. нар. саветам (створаны ў выніку дзейнасці Нямецкага народнага кангрэса), які прыняў рэсп. канстытуцыю (праект зацверджаны 30.5.1949) і канстытуіраваўся як часовая Нар. палата (парламент). 10.10.1949 сав. ваен. адміністрацыя абвясціла пра перадачу функцый кіравання ўладам ГДР. 11.10.1949 прэзідэнтам краіны выбраны В.Пік, урад узначаліў О.Гротэваль. 6.7.1950 у г. Гёрліц падпісана пагадненне з Польшчай аб прызнанні міждзярж. граніцы па лініі Одэр—Нейсе. У ходзе 2-гадовага плана (1949—50) у асноўным адноўлена гаспадарка краіны. Гэтаму садзейнічалі эканам. дапамога СССР і ўступленне ГДР у 1950 у Савет Эканамічнай Узаемадапамогі (СЭУ). На II канферэнцыі кіруючай леваарыентаванай Сацыяліст. адзінай партыі Германіі (САПГ; створана ў 1946) прынята праграма пабудовы сацыялізму на ўзор СССР. У 1952 праведзена адм. рэформа: замест 5 зямель створаны 14 новых акруг. Фарсіраванне эканам. працэсаў адм. метадамі з боку САПГ (у т. л. павышэнне рабочых нормаў пры фактычным памяншэнні ўзроўню зарплаты) выклікалі дэманстрацыі пратэсту рабочых у шэрагу буйных гарадоў і паўстанне 17.6.1953 у Берліне, якое ліквідавалі сав. войскі і ўлады ГДР. Пасля ўваходжання ФРГ у НАТО ГДР уступіла ў Арг-цыю Варшаўскага дагавора (гл. Варшаўскі дагавор 1955), падпісала 20.9.1955 Дзярж. дагавор з СССР аб прызнанні поўнага суверэнітэту краіны і скасаванні пасады сав. вярхоўнага камісара, у 1957 — пагадненне пра ўмовы часовага знаходжання сав. войск на тэр. ГДР. У 1956 пачата фарміраванне Нац. нар. арміі, у 1962 уведзены ўсеагульны воінскі абавязак. Ва ўмовах эскалацыі «халоднай вайны» ў жн. 1961 улады ГДР закрылі мяжу з Зах. Берлінам і пабудавалі Берлінскую сцяну. На плебісцыце 6.4.1968 прынята новая канстытуцыя, паводле якой замацавана кіруючая роля САПГ. З 1971 пры новым кіраўніцтве САПГ на чале з Э.Хонекерам (з 1976 і кіраўнік дзяржавы) ва ўласнасць дзяржавы канчаткова перайшлі прыватныя і напаўдзяржаўныя прамысл. прадпрыемствы і рамесныя кааператывы, узмоцнена роля цэнтр. органаў кіравання і планавання нар. гаспадаркі, створаны буйныя прамысл. і аграпрамысл. камбінаты, праводзілася сац. палітыка з ухілам на вырашэнне жыллёвай праблемы і павышэнне даходаў насельніцтва. Ва ўмовах разрадкі міжнар. напружанасці пачалася нармалізацыя адносін паміж дзвюма герм. дзяржавамі (у канцы 1972 падпісаны Дагавор аб асновах адносін паміж ГДР і ФРГ), што садзейнічала міжнар. прызнанню ГДР, якую раней прызнавалі пераважна краіны сацыяліст. лагера (да 1989 устаноўлены дыпламат. адносіны са 135 дзяржавамі). У 1973 ГДР і ФРГ прыняты ў ААН. У 1974 у канстытуцыю ГДР унесена палажэнне аб узнікненні ў краіне асобнай «сацыяліст. ням. нацыі», што здымала пытанне аб герм. адзінстве. Паводле канстытуцыйных змен і дапаўненняў 1974 САПГ атрымала яшчэ большыя ўладныя паўнамоцтвы, значна павялічылася колькасць членаў партыі (больш за 2 млн.), Дэмакр. блок партый і масавых арг-цый налічваў каля 350 тыс. чл. (створаны ў 1945). Да канца 1970-х г. у эканоміцы ГДР адбыліся значныя зрухі (краіна ўвайшла ў лік 10 найб. прамыслова развітых дзяржаў свету), па ўзроўні жыцця яе насельніцтва займала вядучае месца сярод краін — членаў СЭУ. Да пач. 1980-х г. эканоміка ГДР вычарпала экстэнсіўныя магчымасці свайго развіцця, таму эканам. стратэгія кіраўніцтва краіны прадугледжвала жорсткую эканомію і рэсурсазберажэнне, стымуляванне навук.-тэхн. прагрэсу, больш актыўную інтэграцыю ў межах СЭУ. Пазнейшыя эканам. цяжкасці (зніжэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва, павелічэнне знешняга доўгу з 10 млрд. дол. у 1981 да 21 млрд. у 2-й пал. 1980-х г.) суправаджаліся ростам напружанасці і апазіц. настрояў у грамадстве. У час святкавання 40-годдзя ГДР у Берліне, Дрэздэне, Лейпцыгу і інш. гарадах прайшлі масавыя дэманстрацыі з патрабаваннем рэформаў. У гэтых умовах адбылася адстаўка Хонекера і перадача ўлады Э.Крэнцу. Пасля дэмантажу Берлінскай сцяны (9.11.1989) распаўся Дэмакр. блок, узніклі новыя паліт. партыі і рухі (каля 100), быў сфарміраваны кааліцыйны ўрад на чале з Г.Модравам. Зноў актуальнай стала ідэя аб’яднання Германіі. Урад Модрава прапанаваў план паступовага стварэння канфедэратыўнай дзяржавы з наступным зліццём. Большасць паліт. партый і рухаў падтрымалі план канцлера ФРГ Г.Коля (хуткае аб’яднанне Германіі на аснове канстытуцыі ФРГ). У пач. 1990 САПГ перайменавана ў Партыю дэмакр. сацыялізму. На выбарах у Нар. палату ў сак. 1990 перамог блок кансерватыўных партый на чале з Хрысц.-дэмакр. саюзам. У крас. сфарміраваны новы кааліцыйны ўрад на чале з Л. дэ Мезьерам. 1.7.1990 набыў сілу Дагавор аб эканам., валютным і сац. саюзе паміж ГДР і ФРГ. У вер. падпісаны Дагавор аб аб’яднанні Германіі (да яго набыцця сілы Нар. палата ўнесла змены ў канстытуцыю ГДР, быў зменены адм.-тэр. падзел краіны). 12.9.1990 прадстаўнікі ГДР, ФРГ, ЗША, СССР, Вялікабрытаніі і Францыі падпісалі Дагавор аб канчатковым урэгуляванні адносна Германіі. ГДР спыніла членства ў Варшаўскім дагаворы і СЭУ. 3.10.1990 у Берліне адбыліся ўрачыстасці з нагоды набыцця сілы апошняга дагавора (у цяперашняй ФРГ 3 кастр. святкуецца як нац. свята — Дзень ням. адзінства).

Літ.:

Дернберг С. Краткая история ГДР: Пер. с нем. 2 изд. М., 1971;

История Германской Демократической Республики, 1949—1979. 2 изд. М., 1979;

Потапов А.В. Кризис ГДР в 80-х годах и объединение Германии // Новая и новейшая история. 1991. № 5.

В.М.Пісараў.

т. 5, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ТАР, Дзяржава Катар, дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі, на п-ве Катар. На З, Пн і У абмываецца Персідскім зал., на Пд мяжуе з Саудаўскай Аравіяй і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. Пл. 11,4 тыс. км². Нас. 665,5 тыс. чал. (1997). Дзярж. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г. Доха. Падзяляецца на 9 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (3 вер.).

Дзяржаўны лад. К. — абсалютная манархія. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1970. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — эмір. Функцыі выканаўчай улады ажыццяўляе ўрад, пасаду прэм’ер-міністра займае эмір. Парламент адсутнічае. Для аказання дапамогі ўраду створаны кансультатыўны савет (35 членаў).

Прырода. Паверхня нізінная (выш. да 56 м). На Пн — пясчаныя дзюны, сярэдняя частка — камяністая галечнікавая пустыня з саланчакамі, на Пд — пясчаныя ўзгоркі. Радовішчы нафты (на сушы і ў тэр. моры, больш за 500 млн. т) і прыроднага газу (каля 20 трлн. м³). Есць паклады буд. матэрыялаў, цэм. сыравіны, серы. Клімат кантынентальны, трапічны. Сярэдняя т-ра студз. каля 16 °C, ліп. каля 32 °C. Гадавая сума ападкаў ад 55 мм (на Пд) да 125 мм (на Пн), выпадаюць у ліст.—маі. Пастаянных рэк няма, шмат сухіх рэчышчаў (вадзі). Пераважаюць пустынныя ландшафты, месцамі зараснікі пустынных хмызнякоў і паўхмызнякоў: акацый, тамарыскаў, астрагалаў. З жывёл трапляюцца дробныя пустынныя паўзуны і грызуны. Зімой з Аравіі заходзяць газелі. Мора багатае рыбай, крэветкамі, жамчужнымі ракавінамі.

Насельніцтва. Катарскія арабы складаюць каля 20%, арабы (выхадцы з інш. араб. краін) — 20%, пакістанцы і індыйцы — па 18%, іранцы — 10%. Ёсць групы еўрапейцаў (найб. англічан), амерыканцаў, афрыканцаў (пераважна нашчадкаў неграў-рабоў) і інш. У карэнных жыхароў захаваўся падзел на плямёны. Ва ўнутр. раёнах качуюць групы бедуінаў. Сярэднегадавы прырост каля 1,7%. Сярэдняя шчыльн. каля 58 чал. на 1 км². Каля 90% насельніцтва сканцэнтравана ў г. Доха і яе прыгарадах. Гар. насельніцтва складае каля 80%. Найб. гарады: Доха — 313,6 тыс. ж. (1992), Духан, Ум-Саід. У прам-сці і буд-ве занята 25% рабочай сілы, у абслугоўванні — 51%, астатнія — у сельскай гаспадарцы, транспарце, марскіх промыслах і інш.

Гісторыя. Першае ўпамінанне пра К. адносіцца да 1 ст. н. э. (рым. пісьменнік Пліній Старэйшы). К. неаднаразова заваёўваўся Сасанідамі, у 7 ст. ўключаны ў склад Араб. халіфата. Пасля яго распаду (10 ст.) у складзе дзяржавы карматаў. У 13—14 ст. пад уладай эміраў Бахрэйна, у пач. 16 ст. разам з Бахрэйнам захоплены партугальцамі, пазней — туркамі-асманамі. З 17 ст. К. — аб’ект барацьбы паміж Іранам, Турцыяй, правадырамі араб. плямён, правіцелямі Амана і Саўдыдамі. У канцы 19 ст. ўвесь К. аб’яднаўся пад уладай дынастыі Тані. У 1868 К. навязала нераўнапраўны дагавор Вялікабрытанія. У 1871 акупіраваны войскамі Асманскай імперыі. У 1914 Турцыя адмовілася ад улады над К. на карысць Вялікабрытаніі. Апошняя ў 1916 навязала К. пагадненне, паводле якога ён абвешчаны пад брыт. пратэктаратам. Тут уладарыў род Тані, пытанні знешняй палітыкі і абароны вырашаў брыт. ўрад. У 1968 К. разам з Бахрэйнам і інш. эміратамі намагаўся стварыць Федэрацыю араб. эміратаў Перс. заліва. У 1970 прынята часовая канстытуцыя К., 1.9.1971 ён абвешчаны незалежнай дзяржавай. У 1979 К. разарваў дыпламат. адносіны з Егіптам (пасля заключэння егіп.-ізраільскага мірнага дагавора), якія былі адноўлены ў 1987. К. аказаў дапамогу Іраку ў час ірана-іракскай вайны 1980—88, але ў 1990 асудзіў іракскую анексію Кувейта. У 1992 урэгуляваны тэр. спрэчкі з Саудаўскай Аравіяй, аднак застаюцца нявырашанымі супярэчнасці з Бахрэйнам па пытанні 14 астравоў каля катарскага ўзбярэжжа. К. — чл. ААН і Лігі араб. дзяржаў (з 1971), Арг-цыі Ісламская канферэнцыя, Арг-цыі краін-экспарцёраў нафты (АПЕК). Дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў забаронена.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча нафты і прыроднага газу (да 95% даходаў краіны). Валавы ўнутр. прадукт 10,7 млрд. дол. (1994), каля 20 тыс. дол. на 1 чал. Здабычу (каля 20 млн. т штогод) і збыт нафты праводзіць дзярж. Ген. нафтавая карпарацыя. Асн. цэнтр здабычы — г. Духан. Агульныя магутнасці прадпрыемстваў па перапрацоўцы нафты складаюць 3,5 млн. т нафтапрадуктаў за год. Здабыча прыроднага газу складае 0,7% ад сусветнай. Вытв-сць электраэнергіі — 5,8 млрд. кВтгадз (1995). Працуюць буйныя ЦЭС на прыродным газе ў г. Духан і Доха. Асн. цэнтр нафтаперапрацоўкі, нафтахіміі, звадкавання газу — г. Ум-Саід. Там жа металургічны і сталепракатны (вытв-сць труб для транспартавання нафты і газу) з-ды. У г. Доха вытв-сць угнаенняў і пластмас, прадпрыемствы цэм., металаапр., харч. прам-сці, саматужныя промыслы (вытв-сць тканін, дываноў, мэблі, лодак), аўтарамонтныя майстэрні, з-ды безалкагольных напіткаў, ф-кі па кансерваванні крэветак, мукамольны камбінат, халадзільнікі; паблізу здабыча цэм. сыравіны. Для забеспячэння насельніцтва і гаспадаркі прэснай вадой у гарадах Доха, Духан, Ум-Саід пабудаваны апрасняльныя з-ды. Каля г. Доха створана свабодная эканам. зона Мусаід. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваюць каля 5 тыс. га для земляробства і садоўніцтва (у аазісах) і каля 400 тыс. га для качавой жывёлагадоўлі (пераважна на Пн). Вырошчваюць фінікавую і какосавую пальмы, агародніну (памідоры, капуста, дыні), кукурузу, проса, сорга, канюшыну і люцэрну, траву альфа. Жывёлагадоўляй заняты качавыя і паўкачавыя плямёны. Разводзяць вярблюдаў, авечак, коз. Прамысл. птушкагадоўля, вытв-сць бройлераў. Традыцыйны занятак — рыбалоўства, здабыча крэветак, жамчужны промысел, збор каралаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 2,5 тыс. км, палавіна з іх з цвёрдым пакрыццём. Гал. парты Доха (разнастайныя грузы) і Ум-Саід (экспарт нафты, нафтапрадуктаў, звадкаванага газу). Сетка нафта- і газаправодаў злучае промыслы з партамі. Каля г. Доха міжнар. аэрапорт. У 1994 экспарт склаў 2,9 млрд. дол., імпарт — 2 млрд. долараў. Экспартуюцца пераважна нафта, нафтапрадукты, звадкаваны газ, меншае значэнне маюць штучныя ўгнаенні, сталь, цэмент, крэветкі, жэмчуг, фінікі, сушаная рыба. Імпартуюцца разнастайныя прамысл. і харч. тавары. Гал. гандл. партнёры: Японія, Германія, Францыя, Італія, Бразілія. Уклады К. ў замежныя банкі і кампаніі больш за 14 млрд. дол. Грашовая адзінка — катарскі рыял.

Літ.:

Князев А.Г. Бахрейн и Катар. М., 1984.

Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Катара.

т. 8, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАРА́НСТВА,

саслоўе свецкіх землеўладальнікаў, якое валодала спадчыннымі прывілеямі; адзін з пануючых класаў у феад. грамадстве. Першапачаткова значэнне рус. тэрміна «Д.» і зах.-еўрап. тэрмінаў, якія перакладаюцца як Д., не зусім ідэнтычнае: на Русі — гэта пры сваім узнікненні ваенна-служылы слой, які проціпастаўляецца баярству, у Зах. Еўропе тэрміны (noblesse у Францыі, nobility у Англіі, Adel у Германіі) першапачаткова азначалі арыстакратыю, знаць (ад лац. nobilis знатны). З умацаваннем цэнтралізаванай дзяржавы і аб’яднаннем усіх свецкіх феадалаў у адзінае саслоўе гэтыя тэрміналагічныя адрозненні знікалі. Д. належала прамое паліт. панаванне ў феад. грамадстве. Асновай яго паліт. і эканам. магутнасці была ўласнасць на зямлю. Сярод інш. саслоўяў Д. вылучалася становішчам, прывілеямі, выхаваннем, побытам, асобым кодэксам дваранскай маралі.

У Заходняй Еўропе Д. фарміравалася па меры станаўлення феад. саслоўяў, але канчаткова як адзінае саслоўе свецкіх феадалаў складвалася разам з ліквідацыяй феад. раздробленасці ў саслоўных і абсалютных манархіях. У асяроддзі Д. існавала пэўная іерархія, падзел на вышэйшае і ніжэйшае Д. (не заўсёды замацаваны юрыдычна): бароны і рыцары ў Англіі, гранды і ідальга ў Іспаніі, магнаты і шляхта ў Польшчы і ВКЛ і г.д. Да вышэйшага Д. прылічвалі найб. стараж. арыстакратычныя роды. Дваранскую іерархію ў некат. ступені адлюстроўвалі шматлікія тытулы — герцаг, маркіз, граф, барон, віконт і інш. Становішча Д., ступень яго адасобленасці ад інш. саслоўяў, паўната яго прывілеяў у розных краінах былі розныя. У Францыі Д. было вызвалена ад падаткаў, жыло за кошт рэнты, служыла ў арміі або пры двары, у дзярж. апараце. Лічылася, што праца, прадпрымальніцтва, гандаль прыніжаюць дваранскую годнасць. Вышэйшае Д. звычайна з’яўлялася носьбітам сепаратысцкіх памкненняў на карысць феад. раздробленасці, ніжэйшае служыла апорай каралеўскай улады ў палітыцы цэнтралізацыі. У некат. краінах спецыфічныя ўмовы развіцця прывялі да непасрэднага паліт. панавання Д. — пры аслабленні каралеўскай улады («шляхецкая рэспубліка» ў Рэчы Паспалітай 16—18 ст.). Са стварэннем феад.-абсалютысцкай дзяржавы Д. гуртуецца вакол каралеўскай улады. Ва ўмовах абсалютызму крыніцай існавання Д. акрамя феад. рэнты становіцца яшчэ т.зв. цэнтралізаваная рэнта, якая раздавалася каралеўскай уладай у выглядзе жалавання, пенсій, субсідый. У ходзе развіцця капіталіст. адносін адна частка Д. здолела да іх прыстасавацца, стала на шлях бурж. прадпрымальніцтва, другая па-ранейшаму трымалася за чыста феад. формы гаспадарання і паступова разаралася. Знішчэнне Д. як прывілеяванага саслоўя і яго паліт. панавання было адной з задач бурж. рэвалюцый. Аднак Д. звычайна ўдавалася зберагчы некат. прывілеі. Гэтаму садзейнічала і зліццё ў перыяд капіталізму часткі Д. з буржуазіяй. Асабліва доўга, калі не юрыдычна, то фактычна, захоўваліся такія прывілеі Д., як каставасць каманднага складу арміі, вярхоў дзярж. апарата, дыпламат. корпуса, дваранскія тытулы і інш.

У краінах Усходу Д. найб. выразна акрэслілася ў Японіі ў выглядзе ваенна-феад. саслоўя (бусі), якое ўключала буйных князёў (дайме) і шматлікі слой дробнага ваеннага Д. — самураяў. У Кітаі феад. іерархія ўключала 6 тытулаў: ван, гун, хоу, бо, цзы, нань. У краінах мусульм. Усходу пры юрыд. роўнасці ўсіх мусульман перад законам на практыцы існавала дакладнае размежаванне насельніцтва на «знаць» і «просты народ».

У Расійскай дзяржаве Д. як ніжэйшая праслойка феад. ваенна-служылага саслоўя ўзнікла ў 12—13 ст., складала двор князя або буйнога баярына. Дваранамі наз. т.зв. «вольных слуг», якія атрымлівалі зямельныя надзелы на час вайск. службы ў князёў і найб. багатых баяр. У працэсе аб’яднання рус. зямель у цэнтралізаваную дзяржаву Д. стала сац. і ваен. апорай вял. князя ў барацьбе з феад. міжусобіцамі. Судзебнік 1497 юрыдычна прызнаў Д. катэгорыяй пануючага класа феадалаў. Паводле перапісу 1678, дваране валодалі 85% прыгонных двароў. З 17 ст. радавое Д. запісвалася ў дзярж. радасловец і Аксамітную кнігу. Адмена месніцтва і ўказ Пятра 1 пра адзінаспадчыннасць (1714) ліквідавалі розніцу паміж Д. і баярамі і злілі іх у адзін клас Д. У 18 ст. правы і прывілеі Д. пашыраны: у 1722 яно атрымала прывілеі на дзярж. і вайск. службу, у 1762 манаполію на землеўладанне і вызвалена ад абавязковай дзярж. службы, у 1785 неабмежаваныя правы над прыгоннымі сялянамі. У выніку сял. рэформы 1861 Д. страціла неабмежаваныя правы над сялянамі і частку зямель, але захавала пануючае становішча ў кіраванні дзяржавай, паліт. жыцці, вял. зямельныя ўладанні. У канцы 19 ст. ў еўрап. ч. Расіі 30 тыс. памешчыцкіх сем’яў (каля 150 тыс. чал.) мелі 70 млн. дзесяцін зямлі, а 10,5 млн. сял. гаспадарак (каля 50 млн. чал.) — 75 млн. дзесяцін.

У Беларусі ў Д. пераведзена шляхта ВКЛ, якая атрымала дваранскія правы пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. У 1770-я г. Кацярына II раздавала рус. дваранам надзелы з дзесяткамі тысяч дзяржаўных прыгонных. У Магілёўскай губ. Завадоўскі атрымаў 25 860 прыгонных, Пацёмкін — 14 250, Зорыч — 11 800, Румянцаў — 11 100 і г.д. 3 развіццём капіталіст. адносін пачаўся эканам. заняпад часткі Д. Але і пасля адмены прыгону Д. ў Беларусі захавала пануючае становішча. Дваранам належалі ўсе адм. пасады ў губернях, права кіраваць установамі па сял. і вайск. справах, прызначаць міравых суддзяў. Па ўдзельнай вазе дваранскага землеўладання Беларусь займала 2-е месца ў еўрап. ч. Расіі пасля прыбалт. губерняў. У Беларусі было 14 магнацкіх сем’яў, ва ўласнасці якіх у 1870—80-я г. знаходзілася чацвёртая частка агульнай плошчы памешчыцкай зямлі (у Патоцкіх 261 тыс. дзес., Радзівілаў 178 тыс. дзес., Пуслоўскіх 160,1 тыс. дзес., Тышкевічаў 148,6 тыс. дзес. і інш.). Найб. ўладанні былі ў кн. П.Л.Вітгенштэйна — больш за 790 тыс. дзес. Як саслоўе Д. скасавана дэкрэтам ЦВК і СНК ад 24.11.1917 «Аб знішчэнні саслоўяў і грамадзянскіх чыноў».

Літ.:

Люблинская АД. Франция в начале XVII в (1610—1620 гг.). Л., 1959;

Яблочков М. История дворянского сословия в России. СПб., 1876;

Корелин А.П. Дворянство в пореформенной России, 1861—1904 гг.: Состав, численность, корпоративная организация. М., 1979;

Каханоўскі А.Г. Дваранства Беларусі ў другой палове XIX ст.: Склад і сацыяльнае аблічча // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь: Новыя канцэпцыі і падыходы. Мн., 1994. Ч. 1;

Запруднік Я. Дваранства і беларуская мова // Беларусіка = Albaruthenica. Мн., 1993. Кн. 2.

т. 6, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ РЭСПУ́БЛІКА (БНР),

абвешчана ў 1918. Ідэю афармлення бел. дзяржаўнасці выпрацоўвалі ў 1915—18 розныя партыі і арг-цыі, у т. л. Беларуская сацыял-дэмакратычная работніцкая група (БСДРГ), Беларускі народны камітэт, Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Напачатку разглядаліся варыянты: аўтаномія ў складзе дэмакр. Рас. федэрацыі, літоўска-бел. канфедэрацыя, незалежная бел. дзяржава. Ідэя БНР упершыню выказана на Усебеларускім з’ездзе 1917. Незалежніцкія настроі ў бел. руху ўзмацніліся пасля разгону Усебел. з’езда. Удзельнікі Беларускай канферэнцыі 1918 (Вільня) і выбраная на ёй Віленская беларуская рада (ВБР) не адмаўляліся ад ідэі бел.-літ. канфедэрацыі, але пасля абвяшчэння 16.2.1918 незалежнасці Літвы цалкам сталі на незалежніцкія пазіцыі.

Пасля зрыву мірных перагавораў у Брэсце і наступлення Германіі (18.2.1918) Аблвыкамзах і СНК Зах. вобласці і фронту 19.2.1918 перабраліся з Мінска ў Смаленск. Дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, Выканаўчага камітэта Рады Усебеларускага з’езда абвясцілі сябе часовай уладай на Беларусі да склікання Устаноўчага сейма. 21.2.1918 Выканком Рады прыняў Першую Устаўную грамату да народаў Беларусі і стварыў першы ўрад Беларусі — Народны сакратарыят Беларусі на чале з Я.Я.Варонкам. Аднак Выканком яшчэ трымаўся рэзалюцыі з’езда, паводле якой Беларусь павінна была ўвайсці ў склад Рас. дэмакр. рэспублікі як аўтаномная адзінка з рэсп. ладам. Пасля падпісання Брэсцкага міру 1918 незалежніцкія тэндэнцыі ўзмацніліся. Выканком Рады Усебел. з’езда прыняў 9.3.1918 Другую Устаўную грамату да народаў Беларусі, якой краіна фармальна абвяшчалася Бел. Нар. Рэспублікай. 18.3.1918 Рада Усебел. з’езда ператворана ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. 25.3.1918 прынята Трэцяя Устаўная грамата, якой Беларусь была абвешчана незалежнай і свабоднай дзяржавай. Але незалежная Беларусь не адпавядала інтарэсам суседніх дзяржаў: Расія і Польшча лічылі яе часткай сваёй тэрыторыі; на часткі зямель Беларусі прэтэндавалі Літва, Украіна, Латвія. Праціўнікамі незалежнай бел. дзяржавы былі польск. і рус. арг-цыі на Беларусі, пэўныя яўр. колы. Германія таксама не прызнала акт 25 сак., бо разглядала Беларусь як заклад пад кантрыбуцыю, якую ёй абавязалася выплаціць РСФСР. Такія абставіны вымусілі кіраўніцтва БНР пайсці на аб’яднанне з апазіцыйнымі дзеячамі «Менскага беларускага прадстаўніцтва» (П.П.Аляксюк, Р.А.Скірмунт і інш.), што выступалі супраць нацыяналізацыі зямлі і за бел.-герм. збліжэнне. 25.4.1918 яны разам са старшынёй Рады БНР І.М.Серадой, старшынёй Нар. сакратарыята Варонкам, А.Аўсянікам, П.А.Крачэўскім, Я.Ю.Лёсікам ад імя ўсёй Рады ў тэлеграме на імя кайзера Вільгельма II заявілі, што добрую будучыню Беларусі бачаць «толькі пад апекай германскай дзяржавы». Гэта стала адной з прычын расколу БСГ і крызісу ўрада БНР. У маі 1918 створана часовая Рада пяцёх сацыялістаў-федэралістаў на чале з Варонкам, але правыя лідэры адхілілі яе і стварылі новы ўрад БНР на чале са Скірмунтам. Такім чынам, з’явіліся 2 урады БНР, што выклікала абурэнне левых. У чэрв. створаны кааліцыйны ўрад (увайшлі правыя і левыя) на чале з Серадой, старшынёй Рады БНР стаў Лёсік. Герм. ваен. камандаванне, разглядаючы Раду БНР як пасрэдніка паміж ням. ўладамі і бел. народам, перадало ў кампетэнцыю Нар. сакратарыята гандаль, прам-сць, сац. апеку, асвету і культуру. Нар. сакратарыят БНР прыкладаў намаганні для арганізацыі бел. нац. інстытутаў, прыняў пастанову аб дзярж. статусе бел. мовы. Працавалі ад 150 да 350 бел. школ, гімназіі ў Будславе, Мінску, Навагрудку, Слуцку, Гродне, Свіслацкая настаўніцкая семінарыя і Мінскі пед. ін-т. У крас. 1918 засн. Мінская вышэйшая муз. школа, Каталіцкая духоўная семінарыя, створана падрыхтоўчая камісія для адкрыцця Бел. ун-та ў Мінску. У Вільні створана Бел. навук. т-ва. Працавалі выдавецтвы, выходзілі бел. газеты, ствараліся культ.-асв. т-вы, тэатр. калектывы. Летам 1918 адкрыты консульствы БНР на Украіне і ў Літве, дыпламат. місіі накіраваны ў шэраг еўрап. краін, уводзіўся пашпарт БНР, у т. л. дыпламатычны, узаконены бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». Пасля паражэння Германіі на Зах. фронце і пачатку эвакуацыі ням. войскаў БНР засталася безабароннаю перад бальшавікамі і польск. легіёнамі. Гэтыя абставіны падштурхнулі да Рады БНР прадстаўнікоў нац. меншасцяў і іх правых партый. У такой сітуацыі на чале ўрада стаў дзеяч бел. руху А.І.Луцкевіч, Нар. сакратарыят перайменаваны ў Раду Народных Міністраў. 11.10.1918 Рада БНР зацвердзіла часовую канстытуцыю. Урад Луцкевіча гатовы быў увесці на Беларусі сав. канстытуцыю пры ўмове прызнання Сав. Расіяй незалежнасці БНР. Аднак гэта прапанова не была прынята Масквой. У снеж. 1918 урад БНР пераехаў у Вільню, потым у Гродна (лічылася сталіцай БНР да вер. 1919, пакуль Рада БНР не вярнулася ў Мінск). У Гродне дзейнічалі 2 дзярж. структуры: урад БНР і Міністэрства беларускіх спраў Літвы. У гэты час урад БНР выступаў супраць прэтэнзій Польшчы на бел. тэрыторыі і прызыву беларусаў у Войска Польскае, дамагаўся права на ўдзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі. Абвяшчэнне 1.1.1919 Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі дзеячы БНР успрынялі як перамогу іх справы, аднак разглядалі гэты акт як тактычны крок бальшавікоў. У 1919 прадстаўнікі Рады БНР, ВБР, Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны вялі кансультацыі і перагаворы з польск. ўладамі, спадзеючыся на іх дапамогу ў будаўніцтве бел. дзяржавы і аб’яднанні бел. зямель. Аднак урад Пілсудскага не прызнаў права Беларусі на дзярж. самастойнасць, хоць у 1919—20 у Латвіі, Літве, Эстоніі, Чэхаславакіі, Балгарыі, Фінляндыі, Турцыі працавалі дыпламат. і вайскова-дыпламат. місіі, консульствы і прадстаўніцтвы БНР. Рада ў выніку складанага ваенна-паліт. становішча не змагла рэалізаваць ідэю дзярж. суверэнітэту БНР. Пазіцыю с.-д. кіраўніцтва БНР не падтрымалі сацыялісты-рэвалюцыянеры і сацыялісты-федэралісты, абвінаваціўшы яго ў згодніцтве і здрадзе, і патрабавалі дадатковых выбараў у Раду БНР. 13.12.1919 адбыўся раскол Рады БНР на Найвышэйшую раду Беларускай Народнай Рэспублікі і Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі. У сак.—маі 1920 Найвышэйшая рада працягвала перагаворы з польск. ўладамі адносна дзярж. ўладкавання Беларусі. Нар. рада шукала кантакты з РСФСР, але іх намаганні аказаліся марнымі з прычыны савецка-польскай вайны 1920, падпісання Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР, Рыжскага мірнага дагавора 1921. Падзел тэр. Беларусі [далучэнне Зах. Беларусі да Польшчы і знаходжанне Віцебскай і Магілёўскай (Гомельскай) губ. у складзе РСФСР] прывёў да стварэння адзінага бел. нац. блока. Нар. рада была прызнана адзіным паўнамоцным прадстаўніком бел. народа і перайменавана ў Раду БНР. У канцы 1920 кіраўніцтва БНР пераехала ў сталіцу Літвы Каўнас. Першая Усебеларуская канферэнцыя (Прага, вер. 1921) пацвердзіла акт 25.3.1918, прызнала Раду і ўрад БНР як адзіныя законныя органы і ўладу Беларусі. У 1922 кіраўнікі ўрада БНР В.Ю.Ластоўскі і міністр замежных спраў А.І.Цвікевіч спрабавалі паставіць бел. пытанне на Генуэзскай канферэнцыі. У жн. 1923 сфарміраваны новы ўрад БНР на чале з Цвікевічам. У кастр. 1923 кіраўніцтва БНР выехала ў Прагу. Новая эканам. палітыка (нэп), утварэнне СССР, палітыка беларусізацыі, узбуйненне БССР спарадзілі ў Зах. Беларусі і бел. эміграцыі прасав. настроі. Пасля амністыі праціўнікам сав. улады некаторыя дзеячы БНР і бел. культуры вярнуліся ў БССР. У гэтых умовах у Берліне адбылася Другая Усебеларуская канферэнцыя, якая прызнала Мінск адзіным цэнтрам нац. адраджэння Беларусі, але рашэнні яе не былі прызнаны Прэзідыумам Рады БНР. Старшыня Рады БНР Крачэўскі і яго нам. В.І.Захарка не прызналі Сав. Беларусь. Дзярж. пячатка і дзярж. архіў БНР засталіся ў іх. Пасля смерці Крачэўскага старшынямі Рады БНР былі Захарка (з 1928), М.С.Абрамчык (з 1943), В.Жук-Грышкевіч (з 1970), Я.Сажыч (з 1982).

Літ.:

Цвикевич А. Краткий очерк возникновения Белорусской Народной Республики. Киев, 1918 (репр. изд. Мн., 1990);

Варонка Я. Беларускі рух ад 1917 да 1920 году: Кароткі агляд. 2 выд. Коўна, 1920 (рэпр. выд. Мн., 1991);

Турук Ф. Белорусское движение. М., 1921 (репр. изд. Мн., 1994);

Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Вільня, 1928. Тое ж. Мн., 1991;

Зюзькоў А. Крывавы шлях беларускай нацдэмакратыі. Мн., 1931;

Станкевіч А. Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення. Вільня, 1934;

За дзяржаўную незалежнасць Беларусі: Дакументы і матэрыялы... Лёндан, 1960;

Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. [Т. 1—2]. Мн., 1975—79;

Яго ж. На путях национального самоопределения: БНРБССР—РБ. Мн., 1995;

Сташкевич Н.С. Приговор революции. Мн., 1985;

Byelorussian statehood: Reader and bibliography. New York,1988;

Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992.

А.М.Сідарэвіч.

Народны сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі. Злева направа: сядзяць — А.Бурбіс, Я.Серада, Я.Варонка, В.Захарка; стаяць — А.Смоліч, П.Крачэўскі, К.Езавітаў, А.Аўсянік, Л.Заяц. Мінск. 1918.
Члены Беларускай калегіі ў Латвіі і Вайскова-дыпламатычнай місіі Беларускай Народнай Рэспублікі ў Латвіі і Эстоніі. Рыга. 1920. БДАМЛМ.

т. 2, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)