ране́й, прысл.
1. Выш. ст. да прысл. рана 2 (у 2 знач.).
2. Да пэўнага, указанага моманту. Сонца падымалася неяк марудна, раса ападала паволі. Можа яна ў гэтую раніцу ападала б і вельмі доўга, каб Аленка не прыйшла раней тэрміну. Колас. — Дык вось і зробім лаўтра пад’ём на дзве гадзіны раней звычайнага. Брыль.
3. У мінулым, да гэтага, да нядаўняга часу. Пімен Бумажкоў раней займаўся сельскай гаспадаркай, пасля пайшоў працаваць на завод рабочым. Чорны. Як ішлі камсамольцы раней на вайну, так ты сёння ідзеш узнімаць цаліну. А. Вольскі.
4. Спачатку, найперш. Раней, чым сабе, дзед накладваў мне ежу ў алавяную місачку. Бядуля. Што пачнецца раней — наступленне ці блакада — вельмі цяжка згадаць. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цяпле́ць, ‑ее; незак.
1. Станавіцца, рабіцца цёплым, больш цёплым. Ападаў ветравы холад і цяплела надвор’е. Чорны. Як дзьмухне [хлопчык] некалькі разоў на рукі, дык адразу ажываюць пальцы, цяплеюць далоні. Бядуля. // перан. Станавіцца дабрэйшым, лагаднейшым; ласкавець. — Вы бачылі Леніна?.. — Ціха ў хаце. У дзеда цяплеюць і вочы, і сэрца. Арочка. Па меры таго, як .. [Гендарсан] чытаў, твар яго праясняўся, цяплеў і святлеў. Чарнышэвіч. // безас. Пра адчуванне душэўнай цеплыні, ласкавасці, якое агортвае каго‑н. Смяялася .. [Галіна] так залівіста, так прыемна звінеў яе .. галасок, што ў хлопца цяплела на душы. Навуменка. У Паўла цяплела на сэрцы ад Машынага спачування. Гроднеў.
2. безас. Пра наступленне цёплага, больш цёплага надвор’я. Днём хоць і цяплела, аднак тэмпература вышэй чым мінус дваццаць — васемнаццаць не падымалася. Ігнаценка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БОЙ (ваен.),
арганізаваная ўзбр. сутычка падраздзяленняў, часцей і злучэнняў бакоў, якія ваююць; асн. тактычная форма баявых дзеянняў з мэтай дасягнення перамогі над праціўнікам. Вядзецца з выкарыстаннем усіх наяўных відаў агню і манеўру на зямлі, у паветры і на моры.
Формы і спосабы вядзення бою мяняліся з развіццём баявой тэхнікі і якаснага складу войскаў. Да вынаходства пораху баі вяліся кіданнем стрэлаў, дзідаў, дроцікаў, камянёў і завяршаліся рукапашнай сутычкай пяхоты і конніцы. Са з’яўленнем у Еўропе ў 14 ст. агнястрэльнай зброі — агнём ружжаў і артылерыі і завяршаўся штыкавой рукапашнай сутычкай пяхоты. З аснашчэннем войскаў хуткастрэльнай артылерыяй, кулямётамі, з выкарыстаннем танкаў і авіяцыі вырашальнае значэнне для поспеху бою набыла каардынацыя дзеяння ўсіх родаў войскаў.
Сучасны наземны бой, у якім удзельнічаюць усе роды сухапутных войскаў пры падтрымцы авіяцыі (часам і ВМФ), наз. агульнавайсковым. Ён характарызуецца выкарыстаннем найноўшай зброі і разнастайнай тэхнікі, высокай манеўранасцю, хуткімі і рэзкімі зменамі становішча, вял. прасторавым размахам. Яго найважнейшыя прынцыпы: раптоўнасць нападу, актыўнасць і бесперапыннасць баявых дзеянняў, разгрупаванне сіл, канцэнтрацыя сродкаў на напрамку гал. ўдару, зладжанае ўзаемадзеянне родаў войскаў, якое дасягаецца выкарыстаннем радыёэлектронных сродкаў, у т. л. і касмічных. Асн. віды сучаснага бою: наступленне, сустрэчны бой, абарона, адыход. Спланаваная сістэма бою вял. маштабу і стратэг. значэння наз. бітвай ці аперацыяй. Паветраны бой — проціборства ў паветры самалётаў (або іх груп), верталётаў, якія знішчаюць праціўніка або адбіваюць яго атакі. Проціпаветраны бой вядуць часці ППА і інш. роды войскаў з мэтай знішчэння паветраных сіл праціўніка і прыкрыцця сваіх войскаў і аб’ектаў. Марскі бой — баявыя дзеянні караблёў флоту на моры і ў прыбярэжных раёнах дзеля знішчэння сіл флоту праціўніка або нанясення яму паражэння.
т. 3, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ КРАЙ,
назва тэрыторыі паўн.-зах. Беларусі і паўд.-ўсх. Літвы, якая ў крас.—чэрв. 1919 і кастр. 1920 захоплена польск. войскамі і да вер. 1939 знаходзілася ў складзе Польшчы. 21.4.1919 Польшча захапіла Віленскі край. 14.7.1920 яго заняла Чырв. Армія. Паводле дагавора паміж РСФСР і Літвой (12.7.1920) Вільня і Віленскі край прызнаны часткай Літвы. Дзярж. мяжа паміж Расіяй і Літвой праводзілася па лініі Друя — Браслаў — усх. ўзбярэжжа воз. Нарач — Маладзечна — Валожын — вярхоўе Нёмана — Масты — Лунна — Індура; да Літвы меркавалася далучыць гарады Бельск і Беласток. Аднак наступленне польск. войск у 2-й пал. 1920 спыніла ўстанаўленне такой мяжы. У сувязі з уступленнем польск. войск у Віленскі край у Сувалках адбыліся польска-літ. перагаворы і 7.10.1920 падпісаны дагавор, паводле якога Вільня заставалася за Літвой. Аднак 9.10.1920 войскі ген. Л.Жалігоўскага захапілі Вільню і Віленскі край, што выклікала Віленскі канфлікт 1920—39 і ўтварэнне т.зв. Сярэдняй Літвы. У лют. 1922 сейм Сярэдняй Літвы прыняў пастанову, у якой сцвярджалася, што «Віленскі край без усякіх умоў і агаворак становіцца неад’емнай часткай Польшчы». Савет Лігі Нацый ухваліў гэта рашэнне. 24.3.1922 яго зацвердзіў польскі сейм. У снеж. 1925 у выніку уніфікацыі адм.-тэр. падзелу Польшчы Віленскі край з часткай Заходняй Беларусі быў падзелены паміж Віленскім, Навагрудскім і Беластоцкім ваяв. У пач. 2-й сусв. вайны 19.9.1939 Віленскі край занялі сав. войскі. У адпаведнасці з сав.-літ. дагаворам аб узаемадапамозе ад 10.10.1939 большая частка краю і г. Вільня перададзены Літве (6909 км² з нас. 490 тыс. чал.). У жн. і ліст. 1940 Літ. ССР перададзена яшчэ больш за 2600 км² тэр. БССР.
У.М.Міхнюк.
т. 4, с. 167
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕВЯ́ТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.
Адбыўся 8—12.12.1925 у Мінску. Прысутнічала 247 дэлегатаў з рашаючым і 161 з дарадчым голасам ад 15 075 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦК КП(б)Б (А.І.Крыніцкі), Рэвіз. камісіі КП(б)Б (А.А.Чарнушэвіч), ЦКК КП(б)Б (В.П.Грузель); даклады ЦК РКП(б) (І.І.Скварцоў-Сцяпанаў), ЦКК РКП(б) (А.А.Сольц); аб гасп. будаўніцтве (І.А.Адамовіч); аб рабоце прафсаюзаў (М.Е.Ендакоў); аб рабоце сярод моладзі (М.М.Галадзед); аб Чырв. Арміі (С.М.Кажэўнікаў); парт.-арганізац. пытанне; выбары. З’езд ухваліў дзейнасць ЦК, ЦКК і рашэнні XIV канферэнцыі РКП(б), паліт. лінію і арганізац. работу ЦК КП(б)Б, тэзісы Палітбюро ЦК РКП(б) па гасп. будаўніцтве. У рашэннях з’езда па пытаннях сацыяліст. індустрыялізацыі прасочвалася паступовае наступленне на нэп. Адобрыў тэзісы ЦК РКП(б) да XIV з’езда ВКП(б) і намеціў меры па іх выкананні. Абмеркаваў праект Статута РКП(б) і прапанаваў унесці ў яго асобныя змены і дадаткі. Ухваліў новы адм.-тэр. падзел рэспублікі. Усе канферэнцыі, пачынаючы з VI Паўн.-Зах. абласной канферэнцыі РКП(б), якая аб’явіла сябе Першым з’ездам КП(б)Б, рашыў лічыць з’ездамі КП(б)Б. Выбраў ЦК КП(б)Б з 43 чл. і 20 канд. у чл., ЦКК КП(б)Б з 18 чл. і 7 канд. у чл., дэлегатаў на XIV з’езд ВКП(б).
Літ.:
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1. 1918—1927. Мн. 1983.
А.Л.Яфімчык.
т. 6, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАТО́НСКАГА КАМІ́СІЯ,
камісія, накіраваная ЦКК ВКЛ(б) для абследавання практыкі правядзення нац. палітыкі ў БССР. Знаходзілася ў Беларусі з 9.5 да 27.6.1929. Узначальваў старшыня ЦКК Кампартыі Украіны У.П.Затонскі. Зрабіла даклад, які ўключаў эканам. агляд, стан і перспектывы развіцця мястэчак, палітыка-асв. работу ў БССР, выдавецкую дзейнасць, пытанні беларусізацыі, стан прэсы, навук. думкі ў гуманітарнай галіне. Характарыстыкі камісіі вызначаліся катэгарычнасцю. Крытычна ацэньвалася «Гісторыя Беларусі» У.М.Ігнатоўскага за ідэалізацыю мінулага і папулярызацыю нашаніўскага адраджэння, навук. дзейнасць В.Ю.Ластоўскага, С.М.Некрашэвіча, Я.Лёсіка, Б.І.Эпімах-Шыпілы і інш., выказаны крытычныя заўвагі ў адрас Я.Купалы, А.Дудара, М.Зарэцкага. Пад жорсткую крытыку трапіў З.Х.Жылуновіч за грамадска-паліт. і эстэт. погляды, літ. практыку; негатыўна ацэнена і дзейнасць кіраўнікоў рэспублікі: старшыні ЦВК БССР А.Р.Чарвякова [за выступленне ў лют. 1920 на VII з’ездзе КП(б)Б у абарону нац. інтэлігенцыі], наркома асветы БССР А.В.Баліцкага (за правядзенне ў ліст. 1926 разам з Ігнатоўскім акад. канферэнцыі па бел. правапісе), наркома земляробства Дз.Ф.Прышчэпава і інш. Характарыстыка практыкі правядзення нац. палітыкі ў БССР увязвалася са станам сельскай гаспадаркі. Адзначалася, што кулацкае наступленне на ідэалаг. фронце Беларусі адчуваецца найб. моцна і змест яго прымае нац. формы. 27.6.1929 Затонскі выступіў на Бюро ЦК КП(б)Б з асн. вывадамі камісіі. Даклад быў накіраваны ў ЦК і ЦКК ВКП(б), у т. л. асабіста І.В.Сталіну. Вывады камісіі паслужылі важкай падставай для абвінавачванняў, якія былі прад’яўлены бел. навук. і творчай інтэлігенцыі ў канцы 1920-х г.
М.П.Касцюк.
т. 7, с. 8
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КЕ́РЗАНА ЛІ́НІЯ»,
умоўная назва ўсх. мяжы Польшчы ў 1920 — сак. 1921. Праведзена прыбл. паводле этнічнага прынцыпу паміж Польшчай, Беларуссю і Украінай. Праходзіла праз Гродна—Ялаўку—Нямірава—Брэст-Літоўск—Драгунск—Усцілуг — на У ад Грубешава, праз Крылаў і далей на З ад Равы-Рускай, на У ад г. Перамышль (Пшэмысль) да Карпат. Прапанавана 8.12.1919 Вярх. саветам Антанты. Названа па імю Дж.Н.Керзана, які ў час сав.-польск. вайны 1920 па даручэнні Вярх. савета Антанты 11.7.1920 прапанаваў сав. ўраду спыніць наступленне Чырв. Арміі па гэтай лініі, прызнанай у ліп. 1920 і польск. урадам як усх. мяжа Польшчы на канферэнцыі ў Спа (Бельгія). Аднак у выніку змены ваен. сітуацыі на карысць Польшчы яе ўрад адмовіўся ад сваіх абавязацельстваў. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 польска-сав. граніца праходзіла значна далей на У ад «К.л.» і ўключала Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну ў склад Польшчы. У адпаведнасці з сав.-герм. дагаворам ад 28.9.1939 зах. мяжа СССР на бел. участку праходзіла крыху на З ад «Кл.», а на ўкр. участку прыбл. адпавядала ёй (Перамышль адышоў да СССР). Крымская канферэнцыя 1945 вызначыла, што ўсх. мяжа Польшчы павінна праходзіць уздоўж «Кл.». У адпаведнасці з сав.-польск. дагаворам ад 16.8.1945 паміж СССР і Польшчай устаноўлена дзярж. граніца, больш набліжаная да «Кл.», але з некаторымі адступленнямі на карысць Польшчы; на У ад яе да Польшчы перайшлі землі басейнаў рэк Зах. Бугу і Салокія, а таксама ч. Белавежскай пушчы. Польска-бел. дагавор ад 25.6.1991 пацвердзіў існуючыя межы паміж абедзвюма дзяржавамі.
Літ.:
Волаціч М. Лінія Керзона на фоне падзеяў і тэрытарыяльных зьменаў у Усходняй Еўропе // Спадчына. 1993. № 5—6.
т. 8, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛА́НКА»
(«Blitz»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партыз. брыгады Сіроцінскай і мясц. насельніцтва ў Бешанковіцкім і Сіроцінскім р-нах Віцебскай вобл. (у міжрэччы Зах. Дзвіны і Обалі, уздоўж чыг. Віцебск—Полацк) 23.9—4.10.1942 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі 21-й ахоўнай дывізіі пры падтрымцы браняпоезда і паліцэйскіх падраздзяленняў мясц. гарнізонаў. 23 вер. праціўнік пачаў наступленне, імкнучыся акружыць брыгаду, расчляніць яе на часткі і знішчыць. Асн. сілы брыгады своечасова адышлі за р. Обаль і занялі абарону на яе правым беразе; атрады 4-ы (камандзір Дз.М.Ляўковіч) і 3-і (камандзір В.Р.Несцераў) апынуліся ў акружэнні. 4-ы атрад 3 сутак адбіваў атакі карнікаў, а потым пад прыкрыццём невялікага заслона (2 сутак стрымліваў праціўніка) прарваўся да в. Залужжа, адкуль мясц. жыхары вывелі яго да в. Грабянцы ў тыл ворага. На У ад в.Шашы бой у акружэнні вёў 3-і атрад, разам з якім у лесе хавалася каля 3 тыс. мясц. жыхароў. Спачатку праціўнік вёў моцны артыл. агонь, потым пачаў прачэсваць лес. Адбіваючыся апошнімі гранатамі, партызаны разам з жанчынамі, малымі і старымі пачалі адыход да Зах. Дзвіны, дзе размяшчаліся сілы загараджэння карнікаў. У гэты час эскадрылля сав. штурмавікоў, што наносіла ўдары па станцыях Полацк і Гараны, вярталася з задання. Лётчыкі заўважылі вял. колькасць гітлераўцаў на беразе ракі і з брыючага палёту абстралялі іх. Выкарыстаўшы паніку ў стане праціўніка, партызаны з часткай насельніцтва пераправіліся цераз раку і выйшлі ў размяшчэнне атрада «Смерць фашызму». Пацярпеўшы няўдачу ў аперацыі, карнікі загубілі 567 чал., спалілі 9 вёсак.
У.С.Пасэ.
т. 10, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЯ УСТА́ЎНАЯ ГРА́МАТА да народаў Беларусі,
юрыдычны і паліт. акт, выдадзены Выканаўчым камітэтам Рады Усебеларускага з’езда 21.2.1918 у Мінску. Імклівае наступленне ням. войск, якое пачалося 16.2.1918, прымусіла Аблвыкамзах і СНК Зах. вобласці і фронту ў ноч на 19.2.1918 эвакуіравацца з Мінска ў Смаленск. З падполля выйшаў Выканаўчы к-т Рады Усебел. з’езда, з турмы вызвалены дзеячы Цэнтр. бел. вайск. рады (ЦБВР). Выканком Рады Усебел. з’езда ў сваім загадзе № 1 ад 19 лют. абвясціў, што ён «узяў уладу ў свае рукі», а навядзенне парадку ў Мінску, дзе пачала актыўна дзейнічаць Польская вайсковая арг-цыя (ПАВ), усклаў на каменданта горада, аднаго з кіраўнікоў ЦБВР К.Езавітава. 21 лют. апублікавана П.У.г., у якой Выканком Рады Усебел. з’езда заклікаў народы Беларусі «ўзяць сваю долю ў свае ўласныя рукі». Выканаўчы к-т Рады Усебел. з’езда абвясціў сябе ўладай на Беларусі да склікання на дэмакр. пачатках Устаноўчага сходу. Быў створаны ўрад — Народны сакратарыят Беларусі, які 21 лют. пачаў выкананне сваіх абавязкаў. Хоць Нар. сакратарыят Беларусі заявіў пра лаяльнае стаўленне да акупантаў (уступілі ў Мінск 21.2.1918), ням. ўлады не спяшаліся прызнаваць яго. У літаратуры П.У.г. датуецца днём яе публікацыі, аднак, паводле ўспамінаў Я.Варонкі, яна прынята 20.2.1918. У Грамаце нічога не гаварылася аб прававым статусе Беларусі. Здзяйсненне права бел. народа на «поўнае самавызначэнне», а нац. меншасцей на нац.-персанальную аўтаномію, абвяшчалася толькі як мэта. На заключэнне Брэсцкага міру 1918 паміж Германіяй і Расіяй Выканком Рады Усебел. з’езда адрэагаваў 9.3.1918 Другой Устаўнай граматай да народаў Беларусі, у якой Беларусь абвяшчалася Беларускай Народнай Рэспублікай.
А.М.Сідарэвіч.
т. 12, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗВЕ́ДКА ПАРТЫЗА́НСКАЯ ў Вялікую Айчынную вайну,
збор, апрацоўка і перадача ваен., эканам. і паліт. інфармацыі аб праціўніку; адзін з відаў забеспячэння баявой дзейнасці партызан і адна з форм дапамогі Чырв. Арміі. Праводзілася спец. падраздзяленнямі разведкі і разведчыкамі, якія складалі каля 10% (1944) асабовага складу партыз. фарміраванняў, а таксама сувязнымі, падпольшчыкамі і інш. патрыётамі. У 1942 у тыле ворага дзейнічалі 5150 разведчыкаў, у канцы 1943 — больш за 8 тыс., да ліп. 1944—24 тыс. Р.п. кіравалі Паўн.-Зах. аператыўная група ЦК КП(б)Б, развед. аддзелы Цэнтр. і Бел. штабоў партыз. руху, аператыўныя групы і прадстаўніцтва БШПР пры штабах франтоў, развед. органы партыз. фарміраванняў. У дапамогу Чырв. Арміі Р.п. ў вер. 1941 здабыла звесткі пра сканцэнтраванне буйных сіл ворага для наступлення на Маскву і прыблізныя тэрміны яго пачатку; у жн. 1942 — пра перакідку ням. войск у раён Ленінграда; загадзя перадала даныя пра маючае адбыцца наступленне герм. войск у раёне Арла і Курска, пра план контрудараў на Палессі, у раёне Кіева і інш. Толькі з кастр. да канца 1943 бел. партызаны перадалі камандаванню сав. войск звесткі пра размяшчэнне 338 аэрадромаў і пасадачных пляцовак, 871 склад, 152 прадпрыемствы, што выраблялі ваен. прадукцыю. Р.п. здабыла звесткі пра сакрэтную зброю вермахта — самалёты-снарады і ракеты Фау-1 і 2 (гл. Фау), вытворчасць у Германіі фаустпатронаў і інш. (аб выніках дзейнасці бел. партызан і Р.п. гл. таксама Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну). Каля 6 тыс. партыз. разведчыкаў і сувязных загінулі пры выкананні заданняў. Сярод тых, каму прысвоена званне Героя Сав. Саюза, разведчыкі Г.І.Маслоўская, М.А.Міхайлашаў, М.Тапівалдыеў, У.А.Хамчаноўскі, В.З.Харужая.
т. 13, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)