ТОТ, Джэхуці,

у старажытнаегіпецкай рэлігіі і міфалогіі адзін з найгалоўнейшых багоў, бог Месяца, часу, мудрасці, ліку, пісьма. Яго найчасцей уяўлялі ў выглядзе чалавека з галавой птушкі ібіс (свяшчэнная істота Т.) і прыладамі для пісьма ў руках. Лічыўся стваральнікам усяго інтэлектуальнага жыцця, апекуном пісцоў, архіваў, бібліятэк. Паводле ўяўленняў егіпцян, Т. вёў лік дням, месяцам, гадам (наз. «ўладаром часу»), запісваў дні нараджэння і смерці людзей, вёў летапісы.

Тот. З малюнка ў «Кнізе мёртвых» прынцэсы Несітанебташру. Каля 970 да н.э.

т. 15, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ДАВЫЯ ПЯСКІ́,

масівы пяскоў у выглядзе вузкіх паралельных град, найчасцей арыентаваных у напрамку пераважных вятроў; адна з гал. формаў рэльефу пясчаных пустынь. Даўж. град да некалькіх дзесяткаў кіламетраў, шырыня да некалькіх соцень метраў, вышыня ад некалькіх да 80—200 м, адлегласць паміж грабянямі град да 4,5 км. Фарміруюцца віхравымі рухамі, якія ўзнікаюць у ветравых патоках, а таксама ў выніку нераўнамернага награвання схілаў рознай экспазіцыі. Пашыраны ў пустынях Цэнтр. і Сярэдняй Азіі, Аўстраліі, Афрыкі, на ўзбярэжжы Балтыйскага м., трапляюцца на Бел. Палессі.

т. 5, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТЭАМАЛЯ́ЦЫЯ (ад астэа... + грэч. malakia мяккасць),

размякчэнне і дэфармацыя касцей з прычыны парушэння мінер. абмену пераважна ў касцявой тканцы. Найчасцей бывае ў жанчын, асабліва ў 2-й пал. цяжарнасці. Пры парушэннях фосфарна-кальцыевага абмену найперш пашкоджвае косці таза і ніжніх канечнасцяў. Прыкмета астэамаляцыі: вельмі празрысты малюнак касцей. Лячэнне: паўнацэннае харчаванне, багатае на вітаміны A, D, C, солі кальцыю, фосфару і бялок; лячэнне асн. захворвання. Астэамаляцыя ў жывёл клінічна праяўляецца зніжэннем апетыту, кульгавасцю, псаваннем зубоў, скрыўленнем або прагінаннем пазваночніка, пераломамі касцей.

т. 2, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСБАКТЭРЫЁЗ (ад дыс... + бактэрыі + ...оз), дысмікрабіёз,

змена колькасных суадносін і складу нармальнай мікрафлоры арганізма. Характарызуецца знікненнем, зніжэннем ці павелічэннем колькасці пастаянных у ім мікробаў ці з’яўленнем у ім незвычайных бактэрый і грыбоў. Прычыны Д.: няправільнае лячэнне антыбіётыкамі, антысептыкамі, гармонамі, прамянямі, запаленні, зніжэнне мясц. імунітэту тканак, пратэзаванне, прафес. шкоднасці. Найчасцей узнікае пры спалучэнні, сіле і працяглым уздзеянні шкодных фактараў. Адрозніваюць Д. поласці рота, глоткі, носа, кішэчніка, похвы, вільготных участкаў скуры. Бывае грыбковы, стафілакокавы, антэрабактэрыяльны і інш. Лячэнне: ліквідацыя прычыны хваробы, бактэрыяльныя і антымікробныя прэпараты.

т. 6, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎНУХАІДЫ́ЗМ (ад грэч. eunuchos кастрат + eidos від),

спалучэнне недаразвіцця палавых органаў і другасных палавых прыкмет з дыспрапарцыянальным целаскладам. Абумоўлены гіпафункцыяй палавых залоз. Найчасцей бывае ў мужчын. Адрозніваюць 2 формы Е.: еўнухаідны гігантызм і еўнухаіднае атлусценне; звычайна назіраецца змешаны тып. Прыкметы Е.: парушэнне росту — гігантызм і дыспрапорцыі шкілета (доўгія канечнасці, асабліва ніжнія, пры кароткім тулаве), тонкія косці, вузкія плечы, шырокія памеры таза (у жанчын — вузкі таз), атлусценне, адсутнасць расліннасці на твары, лабку, у падпахавых упадзінах, высокі тэмбр голасу; палавыя пачуцці рэзка зніжаны. Лячэнне: гармонатэрапія.

т. 6, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВА́РКА ВЫ́БУХАМ,

злучэнне матэрыялаў у цвёрдым стане ў выніку інтэнсіўнай пластычнай дэфармацыі кантактных слаёў, выкліканай высакаскорасным саўдараннем загатовак пад уздзеяннем энергіі выбуху. Як выбуховае рэчыва найчасцей выкарыстоўваюцца аманіты. Зварку вядуць на пляцоўках, у басейнах, метал. камерах. Ёй злучаюць элементы канструкцый, атрымліваюць біметалічныя і шматслойныя лісты, трубы. Выкарыстоўваецца ў хім. і трансп. машынабудаванні, электроннай і радыёпрамысловасці, буд-ве і інш. На Беларусі вывучаецца з 1962 у НДІ парашковай металургіі, ін-це зваркі і пакрыццяў НВА парашковай металургіі дастасавальна да атрымання кампазіцыйных матэрыялаў.

т. 7, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́ПНІК (Phlomis),

род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Еўразіі. На Беларусі вырошчваюць З. клубняносны (Ph. tuberosa).

Шматгадовыя травяністыя расліны або паўкусты і кусты з простым ці галінастым сцяблом. Лісце найчасцей яйцападобнае ці трохвугольнае. Кветкі двухполыя, няправільныя, двухгубыя, у шматкветкавых несапраўдных кальчаках, сабраных у коласападобнае суквецце; ружовыя, ліловыя, часам жоўтыя. Чашачка 5-зубчастая, трубчастая ці званочкавая. Плод — 4-гранны шматарэшак. Лек., кармавыя, меданосныя і дэкар. расліны. Клубнепадобныя патаўшчэнні на каранях З. клубняноснага ядомыя.

Зопнік клубняносны.

т. 7, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЬЦЫНО́З СКУ́РЫ,

адклады солей кальцыю ў скуры Узнікае пры гіперкальцыяміі з прычыны выхаду кальцыю з дэпо і паніжаным выдаленні яго з арганізма, парушэнні эндакрыннай рэгуляцыі абмену кальцыю і мясц. парушэннях метабалізму ў скуры ці падскурнай клятчатцы. Найчасцей бывае ў жанчын і дзяцей груднога ўзросту. На скуры твару, ягадзіц пальцаў з’яўляюцца бязболевыя шчыльныя вузлы і бляшкі, якія размякчаюцца і раскрываюцца з выдзяленнем малочна-белай крошкападобнай масы, з утварэннем язваў, якія доўга не загойваюцца. Лячэнне хірургічнае, дыета, лячэнне язваў.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 7, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСО́РЦЫУМ (лац. consortium саўдзельніцтва, супольнасць),

часовае пагадненне паміж некалькімі банкамі або прамысл. прадпрыемствамі для сумеснага размяшчэння пазыкі ці ажыццяўлення буйнога прамысл. праекта. Удзельнікамі К. бываюць і прыватныя фірмы, і дзярж. ўстановы. Яны захоўваюць сваю самастойнасць, але падпарадкоўваюцца сумесна выбранаму кіраўніцтву ў той частцы дзейнасці, якая датычыцца мэт К. У міжнар. гандлі К. найчасцей ствараецца для сумеснай барацьбы за атрыманне заказаў і для іх сумеснага выканання. Каб павысіць сваю канкурэнтаздольнасць, фірмы і арг-цыі адной або некалькіх краін аб’ядноўваюцца ў міжнар. К.

т. 7, с. 592

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАНЯПЛО́ДНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, якія вырошчваюць дзеля сакаўных каранёў — караняплодаў. Найчасцей гэта двухгадовыя расліны з сям. крыжакветных (рэпа, бручка, рэдзька, турнэпс), парасонавых (морква, пятрушка, пастарнак, сельдэрэй), складанакветных (цыкорыя), радзей аднагадовыя (радыска) і шматгадовыя (катран) з сям. крыжакветных. Радзіма многіх К. р. — Міжземнамор’е. Утварыліся пераважна ва ўмовах культ. вырошчвання раслін у выніку назапашвання ў парэнхіме кораня вял. колькасці пажыўных рэчываў. У залежнасці ад мэт культывавання падзяляюцца на сталовыя (буракі, морква, пятрушка, рэдзька, рэпа, сельдэрэй), кармавыя (кармавыя буракі, бручка, турнэпс) і тэхн. (цукр. буракі, цыкорыя).

т. 8, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)