КАСЦЮ́ШКАВІЧЫ,

вёска ў Крычаўскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 9 км на З ад горада і 14 км ад чыг. ст. Крычаў, 95 км ад Магілёва. 415 ж., 131 двор (1998).

Вядома з 1560 як дзярж. сяло ў Крычаўскай вол. ВКЛ. У 1604 сяло Касцюшкі ў Крычаўскім старостве. З 1772 у Рас. імперыі, у Чэрыкаўскім пав. Магілёўскай губ. У 1827 мястэчка, 152 ж. У 1897 сяло ў Крычаўскай вол., 186 ж., 44 двары. У 1908 адкрыта земская школа. З 1919 у Чэрыкаўскім пав. Гомельскай губ. РСФСР, з 1925 цэнтр сельсавета Крычаўскага р-на. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі ў вер. 1943 спалілі вёску. У 1971—276 ж., 91 двор.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 8, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ СЯДЗІ́БА «ПІ́ПЕНБЕРГ».

Існавала ў канцы 18—19 ст. на ўскраіне Магілёва. Належала ген.-губернатару Пасеку, потым куплена Янчыным, які падараваў сядзібу гал. штаб-кватэры рус. арміі. У канцы 19 ст. належала жаночаму пансіянату. Ансамбль сядзібы размяшчаўся на 2 тэрасах правага берага р. Дняпро. На верхняй тэрасе па-над прамавугольным ставам стаяў сядзібны дом (1780-я г.) у стылі класіцызму з элементамі несапраўднай готыкі, на ніжняй — натуральныя і штучныя пасадкі, творы архітэктуры малых форм (альтанкі, капліцы, статуі, амфітэатры і інш.). Цэнтр ансамбля — мураваны прамавугольны ў плане сядзібны дом сіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі (захаваліся падмуркі). Гал. фасад арыентаваны на раку, у цэнтры вылучаны плоскім рызалітам, 8-калонным порцікам і завяршаўся паўфрантонам. Часткова захаваўся парк.

В.​Ф.​Марозаў.

Магілёўская сядзіба «Піпенберг». Чарцёж галоўнага фасада сядзібнага дома.

т. 9, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ВУЧНЁЎСКІ ГУРТО́К «АСВЕ́ТА».

Існаваў у 1918—23 у Магілёве. Пачаў дзейнічаць пры Магілёўскай настаўніцкай семінарыі, аб’ядноўваў навучэнцаў і студэнтаў Магілёва. Асн. задачы: усебаковае вывучэнне Магілёўшчыны, навук. і культ.-асв. праца. Пры гуртку існавалі бел. хор (каля 80 чал.), бел. драм. трупа М.​А.​Выдрыцкага (інсцэніравала бел. вяселле, ставіла п’есы Я.​Купалы, Ф.​Аляхновіча, У.​Галубка), гіст.-этнагр., прыродазнаўчая, літ., драматычная секцыі, якія прапагандавалі бел. нац. культуру. У 1923 атрымаў назву Бел. культ.-навук. асацыяцыя студэнтаў Магілёўскага пед. ін-та. Асацыяцыя мела філіялы ў Гомельскай губ., працавала ў кантакце з Магілёўскім пав. аддзелам нар. адукацыі, Беларускай секцыяй пры Гомельскім губернскім аддзеле народнай асветы, Беларускім цэнтральным бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР і Беларускай культурна-навуковай асацыяцыяй пры Пятроўскай с.-г. акадэміі. Спыніў існаванне ў сувязі з ліквідацыяй Магілёўскага пед. ін-та.

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 2, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБІ́ДАВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса «XVIII партз’езд». За 30 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Быхаў, 60 км ад Магілёва, З км ад Дняпра. 747 ж., 288 двароў (1994).

У пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца ў 16 ст., у 1600 сяло ў складзе маёнтка Тайманава Рэчыцкага пав. З 1742 у т.зв. Быхаўскім графстве, з 1772 у Старабыхаўскім (Быхаўскім) пав. Рас. імперыі. У 1880 у Абідавічах 790 ж. З 1924 цэнтр сельсавета ў Журавіцкім р-не, з 1935 у Доўскім (Журавіцкім), з 1956 у Быхаўскім р-не. У 1969 — 883 ж

Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання, гандлёвы цэнтр. За 3 км на ПдЗ гарадзішча зарубінецкай і калочынскай культур (2 ст. да н.э.—3 ст. н.э.).

т. 1, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЕРБЕРГ ((Meyerberg) Аўгусцін) (жн. 1612, Сілезія — 23.3.1688),

аўстрыйскі дыпламат. Сапр. прозвішча фон Маерн, з 1666 меў тытул барона М. У 1661 імператар Леапольд I адправіў яго паслом у Расію з мэтай садзейнічаць заключэнню міру з Рэччу Паспалітай (гл. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67). На зваротным шляху М. правёў каля 9 месяцаў у ВКЛ, праехаў па Дняпры ад Смаленска да Магілёва, адтуль праз Мінск і Барысаў у Вільню. У 1663 апублікаваў кн. «Падарожжа ў Масковію» з апісаннем свайго пасольства, падрабязным экскурсам у гісторыю Маскоўскай дзяржавы, у т. л. яе ўзаемаадносін з ВКЛ і Рэччу Паспалітай. Прывёў звесткі пра забойства гетмана В.​Гасеўскага, пра архітэктуру, побыт жыхароў і прыроду Беларусі. Адзначаў, што пад Белай Руссю ў Расіі разумеюць «вобласці паміж Прыпяццю, Дняпром і Дзвіною, з гарадамі Навагрудкам, Мінскам, Мсціславам, Смаленскам, Віцебскам і Полацкам».

А.​В.​Белы.

т. 9, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЕ́ЎСКІ (Мікалай Мікалаевіч) (25.9.1771, С.-Пецярбург — 28.9.1829),

расійскі ваен. дзеяч. Ген. ад кавалерыі (1813). Удзельнік рус.-тур. вайны 1787—91, вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 (гл. ў арт. Другі падзел Рэчы Паспалітай), задушэння паўстання 1794, Персідскага паходу 1796. У 1797—1805 у адстаўцы, з 1805 зноў у арміі. Удзельнік рус.-пруска-франц. 1806—07, рус.швед. 1808—09, рус.-тур. 1806—12 войнаў. У вайну 1812 камандаваў 7-м пях. корпусам, вызначыўся ў баях пад Салтанаўкай (23 ліп., каля Магілёва), Смаленскай бітве 1812, Барадзінскай бітве 1812, пад Малаяраслаўцам і Красным. Удзельнік замежных паходаў рускай арміі 1813—14 (бітвы пад Баўцэнам, Дрэздэнам, Парыжам). У 1815—24 камандаваў 3-м і 4-м карпусамі. З 1824 у адстаўцы. Чл. Дзярж. Савета з 1826.

Літ.:

Почко Н.А. Генерал Н.​Н.​Раевский. М., 1971.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 13, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

касце́рня

1. Месца, дзе ў драўляным зрубе або ў каменным будынку з крыжам на даху сабраны чалавечыя косці (Нас.).

2. Месца бою, пабоішча (Магілёў).

□ ур. Касцерня — частка г. Магілёва каля Дняпра (Археагр., 2, 1867, V, стар. XVIII).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

БАРКАЛА́БАВА, Баркулабава,

вёска ў Беларусі, у Быхаўскім р-не Магілёўскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на Пн ад Быхава, 37 км ад Магілёва, 3 км ад чыг. раз’езда Баркалабава. Прыстань на Дняпры. 519 ж., 227 двароў (1995).

Назва паходзіць ад імя дзісенскага старосты Баркулаба Корсака, які ў 1564 заснаваў тут замак. Потым належала Саламярэцкім, Сапегам і інш. У 16—18 ст. мястэчка. У Баркалабаве створаны Баркулабаўскі летапіс. У 17—20 ст. каля Баркалабава існаваў Баркалабаўскі жаночы манастыр Ушэсця. У 1897 сяло Глухскай вол. Быхаўскага пав., 605 ж. З сак. 1924 цэнтр сельсавета Быхаўскага р-на. У Вял. Айч. вайну акупіравана ням. фашыстамі. У 1970 было 596 ж.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў. Помнік архітэктуры — царква Казанскай Маці Божай (20 ст.). Каля вёскі стаянка ранняга мезаліту, гарадзішча і селішча ранняга жал. веку і інш.

т. 2, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЗЕ́Ц,

вёска ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Грэза. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км ад горада і чыг. ст. Быхаў, 67 км ад Магілёва. 797 ж., 289 двароў (1996).

Вядомы з 16 ст. як мястэчка Аршанскага пав. Віцебскага ваяв ВКЛ. У 1758 у Быхаўскім графстве. З 1772 у Рас. імперыі. У 1780 у Быхаўскім пав., 514 ж., 69 двароў, царква. З 1842 дзейнічала гарбарня, з 1866 нар. вучылішча. У 1897 Гарадзец — цэнтр воласці, 921 ж., 148 двароў, 2 ветракі, кузня, крама, піцейны дом, хлебазапасны магазін. У 1924—60 і з 1963 цэнтр сельсавета Быхаўскага р-на. У кастр. 1943 ням.-фаш. захопнікі спалілі вёску, загубілі 460 ж. У ліст. 1943 паміж партызанамі і карнікамі адбыўся Гарадзецкі бой 1943. У 1970 — 783 ж., 280 двароў.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Магіла сав. воінаў, партызан, ахвяр фашызму.

т. 5, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАГІЛЁЎСКАЯ ПРА́ЎДА»,

абласная грамадска-паліт. газета. Выдаецца з 10(23).1.1918 у Магілёве. Выходзіць 2 разы на тыдзень на бел. і рус. мовах. У 1918 (№ 1—10) наз. «Известия Могилевского Совета рабочих и солдатских депутатов», з № 11 «Известия Могилевского губернского исполнительного комитета Советов крестьянских и рабочих депутатов», у ліст.—снеж. — «Известия Могилевского губернского революционного комитета». У сак.—кастр. 1918 у час акупацыі Магілёва ням. войскамі не выходзіла. Са студз. 1919 наз. «Соха и молот», з 10.10.1924 — «Магілёўскі селянін», з ліст. 1929 да 1941 — «Камунар Магілёўшчыны». У Вял. Айч. вайну выходзіла ў падполлі пад назвай «За Радзіму» як орган Магілёўскага падп. абкома КП(б)Б (№ 1 выйшаў 24.3.1943). З 12.8.1956 наз. «Магілёўская праўда». Асвятляе пытанні грамадска-паліт., эканам. і культ. жыцця вобласці, рэспублікі. Змяшчае матэрыялы па пытаннях культуры, л-ры і мастацтва. З 1984 мае штотыднёвы дадатак «Днепровская неделя».

А.​І.​Тарпачоў.

т. 9, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)