зага́дкавы, ‑ая, ‑ае.

Незразумелы, непазнаны, таямнічы. Загадкавы чалавек. Загадкавыя паводзіны. □ Загадкавая ўсмешка даўно сышла з начальніцкага твару, пасур’ёзнеў ён, нахмурыўся. Лынькоў. Гэта былі ўжо не кусты і не дрэўцы, а загадкавыя белыя здані, ні на, што не падобныя. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасынкава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пасынкаваць.

2. у знач. прым. Пазбаўлены лішніх парасткаў, пасынкаў. Пасынкаваныя кусты чарнаягаднага паслёну далі вялікую адмену ад непасынкаваных. Колькасна іх было, праўда, менш, але затое яны былі як вішні велічынёю. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пратапта́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пратаптаць.

2. у знач. прым. Пракладзены частай хадзьбой (пра дарожку, сцежку і пад.). Сцежкі пратаптанай не было, і Чубар спатыкаўся, абмінаючы кусты. Чыгрынаў.

3. у знач. прым. Працёрты, праношаны. Пратаптаныя чаравікі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шыпшы́на, ‑ы, ж.

Расліна сямейства ружакветных, з простымі, не махровымі кветкамі і са сцяблом, пакрытым калючкамі; дзікая ружа. Паўз дарогу раз-пораз мільгалі дрэвы, адзінокія кусты дзікай шыпшыны, усыпанай пяшчотнымі ружовымі кветкамі. Краўчанка. // Плады такой расліны. Настой з шыпшыны.

[З польск. szypszyna.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́раснік, ‑у, м.

Густа парослыя дрэвы, кусты, травы. На абодвух берагах.. [рэчкі], раслі чаромха і крушына, пераплеценыя хмелем і калючай ажынай, а над усім гэтым зараснікам узвышаліся верхавіны старых алешын. Хомчанка. Часам там, у чаротавых зарасніках, чуўся гучны ўсплеск: жыраваў шчупак. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кучара́віцца, ‑віцца; незак.

Віцца, закручвацца ў кучары (пра валасы). Валасы кучаравіліся з-пад шапкі. Чорны. / Пра пышную зялёную расліннасць. На балоце там і тут кучаравіліся кусты лазы. Мележ. / Пра дым, туман, хмары. Над .. высачэзнымі вежамі-трубамі кучаравіцца рыжы дым. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прахво́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Разм. лаянк. Нягоднік, падлюга. — От прахвост! Нагнаў на мяне страху, а сам у кусты. Бажко. Адно неадчэпна чаўплося ў галаве: Генадзь прахвост; ён ажаніўся з Вікторыяй, каб затуліцца на гады вучобы за ягоную, Міхалаву, спіну. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БАЗІЛІ́К (Ocimum),

род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 60 (паводле інш. звестак да 150) відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках абодвух паўшар’яў. Каля 10 відаў культывуюць як эфіраносныя і вострапрыпраўныя расліны. Найб. вядомыя базілік эўгенольны (Ocimum gratissimum), камфорны (Ocimum basilicum), свяшчэнны (Ocimum sancta). На Беларусі як вострапрыпраўную расліну зрэдку вырошчваюць базілік камфорны.

Травы, паўкусты і невысокія кусты. Лісце пераважна суцэльнае, апушанае. Кветкі па 6—10 у несапраўдных кальчаках сабраны ў канцавыя гронкападобныя суквецці; чашачка званочкавая, у зеве валасістая; венчык двухгубы, верхняя губа 4-лопасцевая. Плод — арэшак. Лек., харч., тэхн. (эфіраалейныя) і дэкар. расліны. Выкарыстоўваюцца ў медыцыне, парфумернай і харч. прам-сці.

Базілік камфорны.

т. 2, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗКА (Convolvulus),

род кветкавых раслін сям. бярозкавых. Каля 250 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі трапляецца дзікарослая бярозка палявая (C. arvensis). Расце як пустазелле, а таксама ўздоўж дарог, на пустках і травяных схілах. Як дэкар. вырошчваецца бярозка трохкаляровая, або дзённая прыгажуня (C. tricolor).

Шмат- і аднагадовыя травяністыя расліны з павойным галінастым або сцелістым ці прамастойным сцяблом, радзей паўкусты і кусты. Лісце суцэльнае, доўгачаранковае. Кветкі званочкавыя ці лейкападобныя, белыя або ружовыя, часам з палосамі і рознакаляровыя (у садовых форм), па 1—3 у пазухах лісця або сабраныя ў суквецці. Плод — каробачка. Лек., дэкар., меданосныя, некаторыя — кармавыя і ядавітыя расліны.

Бярозка палявая.

т. 3, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРТЫЦЫЛЁЗ,

хвароба, якая выклікаецца недасканалымі грыбамі з роду Verticillium. Найб. часта пашкоджвае клён, ліпу, дуб, конскі каштан, ільмовыя і многія інш. дрэвавыя пароды, кусты і травяністыя расліны. Асабліва небяспечны для маладых раслін. На Беларусі адзначаны на лісцевых пародах у Брэсцкай і Гомельскай абласцях.

Пры вертыцылёзе закупорваюцца сасуды дрэў, у выніку пашкоджваецца іх водапранікальная сістэма і галінкі або ўсё дрэва засыхаюць. На зрэзах пашкоджаных участкаў бурыя або аліўкавыя суцэльныя ці перарывістыя кольцы. Заражэнне адбываецца спорамі грыба праз мех. пашкоджанні ў вобласці каранёвай шыйкі і ніжняй часткі ствала, а таксама міцэліем пры кантакце хворых і здаровых каранёў. Пашырэнню хваробы спрыяе цёплае вільготнае надвор’е.

Папярочны разрэз ствала клёна, пашкоджанага вертыцылёзам.

т. 4, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)