ПРА́ВІЛЫ ДАРО́ЖНАГА РУ́ХУ,

асноўны нарматыўны акт, які рэгламентуе парадак дарожнага руху і паводзіны яго ўдзельнікаў (вадзіцеляў, пешаходаў і пасажыраў). Выконваюць арганізацыйна-прававыя функцыі кіравання, вызначаюць пералік няспраўнасцей і ўмоў, пры якіх забараняецца эксплуатацыя трансп. сродкаў на дарожна-трансп. сетцы. На Беларусі дзеючыя П.д.р. ўведзены ў 1996.

Дарожны рух — складаны дынамічны працэс, які ўяўляе сабой узаемадзеянне сукупнасці рухомых і нерухомых пешаходаў і розных тыпаў мех. і немех. трансп. сродкаў. П.д.р. садзейнічаюць падтрыманню неабходнай скорасці руху, устанаўліваюць значэнні сігналаў святлафора, знакаў дарожных, дарожнай разметкі і інш. Першыя правілы аўтамаб. руху з’явіліся ў Вялікабрытаніі (1896), пазней у інш. краінах. У Расіі распрацоўваліся і ўводзіліся мясц. органамі ўлады з 1900-х г. У СССР П.д.р. ўстаноўлены дэкрэтам СНК (1920). У 1940 зацверджаны «Тыпавыя правілы руху па вуліцах гарадоў СССР», на аснове якіх распрацоўваліся П.д.р. на месцах, у т. л. рэспубліканскія. Адзіныя «Правілы руху па вуліцах і дарогах СССР», уведзены ў 1961, у 1965 і 1970. У 1973 уведзены П.д.р. з улікам патрабаванняў Канвенцыі аб дарожным руху і Канвенцыі аб дарожных знаках (1968; Вена), яны змяняліся і дапаўняліся ў 1975, 1976 і 1979. У правілах 1980 улічаны таксама і міжнар. вопыт у галіне аўтамаб. транспарту і дарожнага руху, а таксама дакументы па бяспецы дарожнага руху.

Літ.:

Правила дорожного движения. Мн., 1998.

Дз.​Дз.​Селюкоў.

т. 12, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЦІ́НСКАЕ ПІСЬМО́, лацінка,

літарнае пісьмо, якім карысталіся стараж. рымляне і якое пакладзена ў аснову пісьма большасці народаў Еўропы, Афрыкі, Амерыкі і Азіі (карыстаецца каля 35% насельніцтва свету). Назва паходзіць ад племені лацінаў. Узнікненне лац. алфавіта, які ўзыходзіць да грэч. (гл. Грэчаскае пісьмо), адносяць да 4—3 ст. да н.э. Напрамак пісьма напачатку бустрафедон (1-ы радок — справа налева, 2-і — злева направа і г.д.), з 4 ст. да н.э. — злева направа. У ант. Л.п. знакаў прыпынку не было, падзел на вял. і малыя літары адсутнічаў. Словы аддзяляліся адно ад аднаго пераважна словараздзяляльнымі знакамі, якія стаялі на ўзроўні сярэдзіны літар. Каля 234 да н.э. ўведзена літара G, амаль адначасова ўпарадкавана ўжыванне C, K, Q: C — найб. агульнае абазначэнне для k; Q — перад u; K — захоўваецца толькі ў некалькіх словах. З увядзеннем у 1 ст. да н.э. літар Y і Z для слоў грэч. паходжання скончылася фарміраванне лац. алфавіта (23 знакі). Найстараж. помнік лац. пісьма — надпіс на сярэбранай пасудзіне (7 ст. да н.э.) з г. Прэнеста (Італія). У сярэднія вякі, калі лац. мова з’яўлялася міжнар. мовай еўрап. культ. свету, лац. алфавіт папоўніўся літарамі J і W, а літары U і V сталі адрознівацца гукавым значэннем (у і в). У пасляант. час узнік падзел літар на вял. і малыя, з’явіліся знакі прыпынку і дыякрытычныя знакі. У нац. сістэмах пісьма, якія маюць у аснове Л. п., яго прыстасаванне да адпаведных фанет. сістэм адбывалася пераважна за кошт увядзення дыякрытычных знакаўфранц., польскай, літ. і інш. мовах). Сучасны лац. алфавіт мае 2 друкарскія віды: гатычны шрыфт (фактура) і лацініца (антыква) — блізкі да стараж., з’яўляецца пануючым.

На Беларусі Л.п. вядома са старажытнасці ў пашыраных на яе тэрыторыі пісьмовых помніках на польскай і лац. мовах. У 18 ст. паралельна з кірыліцай Л.п. выкарыстоўвалася ў некат. (напр., драматычных) творах на бел. мове. У 19 ст. Л.п. (пры існаванні кірыліцы) бел. пісьменнікі (Я.​Чачот, П.​Багрым, В.​Дунін-Марцінкевіч, Ф.​Багушэвіч, А.​Гурыновіч і інш.) прыстасавалі для перадачы роднай мовы. Лацінкай друкавалася нелегальная, першая на бел. мове газ. «Мужыцкая праўда» К.​Каліноўскага (1862—63), кірыліцай і лацінкай — газеты «Наша доля» (1906) і «Наша ніва» (1906—12), кнігі Цёткі «Хрэст на свабоду» (1905), «Скрыпка беларуская», «Першае чытанне для дзетак беларусаў» (абедзве 1906), зб. Я.​Купалы «Гусляр» (1910). У аснове сучаснай бел. графікі рус. грамадзянскі шрыфт. У Зах. Беларусі побач з ім лац. алфавіт ужываўся да 1939. Цяпер выкарыстоўваецца пры друкаванні асобных бел. выданняў за мяжой.

Літ.:

Дирингер Д. Алфавит: Пер. с англ. М., 1963;

Люблинская АД. Латинская палеография. М., 1969;

Федорова Е.В. Введение в латинскую эпиграфику. М., 1982;

Крамко І.І., Юрэвіч А.К., Яновіч А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 2. Мн., 1968.

А.​М.​Булыка.

Да арт. Лацінскае пісьмо. Лацінскі алфавіт.

т. 9, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

се́рыя, ‑і, ж.

1. Шэраг аднародных прадметаў, якія маюць якую‑н. агульную прымету. Серыя станкоў. □ Раман «Зямля» з’явіўся пачаткам выдатнай серыі аповесцей і раманаў з жыцця беларускага народа. Адамовіч. // Паслядоўны рад якіх‑н. дзеянняў, падзей і пад. Серыя доследаў. Серыя гімнастычных практыкаванняў. Серыя выбухаў.

2. Шэраг вырабаў, машын, дэталей, зробленых па аднаму ўзору. Паравоз серыі ФД.

3. Частка вялікага кінафільма, якая дэманструецца самастойна на працягу цэлага сеанса. Кінафільм у дзвюх серыях.

4. Разрад, катэгорыя цэнных папер (грашовых знакаў, аблігацый ці дакументаў), якія абазначаюцца лічбамі або літарамі. Нумар і серыя бюлетэня. □ Дваццаць пяць тысяч! Я гляджу... нумар, серыя так і плывуць у мяне ў вачах. Рамановіч.

[Фр. série ад лац. séries.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сітуа́цыя, ‑і, ж.

1. Сукупнасць абставін, у якіх што‑н. адбываецца; становішча, у якім хто‑н. знаходзіцца. Рэвалюцыйная сітуацыя. □ [Андрэй:] — Нам трэба ўмець разбірацца не толькі ў абставінах, у розных вайсковых сітуацыях, а і ў людзях. Кулакоўскі. Гаворка часамі пераходзіла ў звычайнае фантазёрства, у жарты, у неіснуючыя сітуацыі, поўныя дасціпных, смешных выдумак. Колас. Валодзя ўхваляў рашэнне, казаў, што інакш і нельга, што і ён пры такой сітуацыі зрабіў бы толькі так. Шамякін. Чаго толькі не пабачыш у час камандзіровак, у якія сітуацыі не трапіць! Місько.

2. У геадэзіі — сукупнасць водных прастораў, лясоў, гор, населеных пунктаў і пад., якія паказаны на карце ці плане пры дапамозе ўмоўных знакаў.

[Фр. situation.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шыфр, ‑у, м.

1. Сістэма ўмоўных знакаў для тайнага пісьма, якое чытаецца з дапамогай ключа. Кастусь быў старшым радыстам: усе сакрэтныя шыфры знаходзіліся ў яго. Ваданосаў. Урэшце прыйшоў [вучоны] на навуковы сход і з гордасцю сказаў: — Я знайшоў ключ да шыфру! Я дабіўся свайго — прачытаў тайнапіс! Дубоўка. // Умоўнае абазначэнне або замена слоў і пад. чым‑н. Думалі, што.. [Луцкевіч] не ведае шыфру перастуквання. Машара.

2. Умоўны знак або знакі на кнігах, рукапісах. падшыўках і пад., якія прымяняюцца пры іх захаванні ў бібліятэцы, архіве і ўказваюць дакладнае месцазнаходжанне. // Умоўнае абазначэнне якога‑н. сакрэтнага дакумента, сакрэтнай работы. Шыфр наверсе стаяў адзін, а работа была розная — для розных цэхаў і гаспадарак. Скрыган.

[Фр. chiffre.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЛО́ТМАН (Юрый Міхайлавіч) (28.2.1922, С.-Пецярбург — 28.10.1993),

расійскі літаратуразнавец, культуролаг. Акад. Эстонскай, Нарвежскай, Шведскай АН, чл.-кар. Брытанскай акадэміі. Скончыў Ленінградскі ун-т (1950). З 1950 у Тартускім настаўніцкім ін-це, з 1954 у Тартускім ун-це (у 1960—77 заг. кафедры рус. л-ры). Узначальваў Тартускую семіятычную школу. Даследаваў гісторыю рус. л-ры 18 — сярэдзіны 19 ст., праблемы тэорыі л-ры і культуры ў кантэксце грамадскага жыцця і развіцця сац.-філас. думкі («Артыкулы па тыпалогіі культуры», вып. 1—2, 1970—73). Пры аналізе маст. твораў распрацоўваў структуральна-семіятычны падыход: «Стварэнне Карамзіна» (1987), «У школе паэтычнага слова: Пушкін, Лермантаў, Гогаль» (1988); вял. ўвагу аддаваў семантыцы знакавых структур: «Структура мастацкага тэксту» (1970), «Аналіз паэтычнага тэксту. Структура верша» (1972). Тэкст інтэрпрэтаваў як адзінства мадэлі аб’ектыўнай і суб’ектыўнай рэчаіснасці, у якасці знакавай сістэмы, якая з’яўляецца другаснай у адносінах да знакаў натуральных моў. Асн. навуковыя працы: «Лекцыі па структуральнай паэтыцы» (1964), «Семіётыка кіно і праблемы кінаэстэтыкі» (1973), «Культура і выбух» (1992), «Размовы пра рускую культуру» (выд. 1994) і інш. Арганізатар выдання серыі «Працы па знакавых сістэмах. (Семіётыка)» (з 1964; «Вучоныя запіскі Тартускага універсітэта»). Аўтар успамінаў «Не-мемуары» (1994), шэрагу тэлеперадач па актуальных праблемах культуры, маралі, выхавання.

Тв.:

Избр. статьи. Т. 1—3. Таллинн, 1992;

Пушкин: Биогр. писателя;

Статьи и заметки, 1960—1990;

«Евгений Онегин»: Комментарий. СПб., 1995.

Літ.:

Ю.​М.​Лотман и тартуско-московская семиотическая школа. М., 1994.

т. 9, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

леге́нда 1, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Народнае паданне аб якой‑н. гістарычнай падзеі, асобе, якое выдаецца і ўспрымаецца як верагоднае. Героі ніколі не паміраюць. Ім вечна жыць у легендах, песнях. «Звязда». Шмат злажылі казак, І легенд, і песень Людзі пра балота, Пра сваё Палессе. Купала. // Выдуманы, перабольшаны расказ аб кім‑, чым‑н. Па вёсках — бясконцыя чуткі і легенды пра «атамана Муху». Таўлай.

2. Вымысел, што‑н. неверагоднае. Разбіць легенды аб чым-небудзь.

3. Выдуманыя звесткі пра сябе (аб тым, хто выконвае сакрэтнае заданне). Стала відавочна, што легенда, якую .. [Косця] расказаў гестапаўцам, няўдалая. Новікаў.

[Ад лац. legenda — тое, што павінна быць прачытана.]

леге́нда 2, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Спец.

1. Сукупнасць умоўных знакаў і тлумачэнняў да карты, плана і пад.

2. Надпіс на манеце.

[Ад лац. legenda — тое, што павінна быць прачытана.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пі́сьменнасць, ‑і, ж.

1. Сістэма графічных знакаў, якія ўжываюцца для пісання. Літоўцы ў той час яшчэ не мелі ўласнай пісьменнасці, і таму для патрэб дзяржаўных зносін выкарыстана была беларуская мова. Жураўскі.

2. Сукупнасць пісьмовых помнікаў якой‑н. гістарычнай эпохі пэўнага народа.

пісьме́ннасць, ‑і, ж.

1. Уменне чытаць і пісаць. Аксён ужо нават можа і распісацца, што яго вельмі цешыць, але гэта яшчэ не сведчыць аб яго пісьменнасці. Колас. // перан. Наяўнасць ведаў у якой‑н. галіне. Перад выканаўцамі гэтага ансамбля паўсталі задачы вялізарнай складанасці: не толькі авалодаць музычнай пісьменнасцю мастацтва ансамблевай ігры, але і забяспечыць сябе літаратурай. «Беларусь».

2. Адсутнасць граматычных і стылістычных памылак. Пісьменнасць сачынення. // перан. Праяўленне майстэрства ў выкананні чаго‑н.; адпаведнасць чаго‑н. патрабаванням навукі. Пісьменнасць праекта.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пяча́ць, ‑і, ж.

1. Прылада з выразанымі знакамі для адціскання іх (на паперы, сургучы і пад.). Прыёмшчык напісаў на куску паперы, колькі Максімка здаў жыта, прылажыў да паперы пячаць. Чорны. // Адбітак гэтых знакаў, які служыць для сведчання чаго‑н. Тэлеграмы, важныя пакеты, На якіх сургучная пячаць, Свежыя, часопісы, газеты, Я прызначан людзям уручаць. Непачаловіч. Трывожыліся не на жарты члены рэвізійнай камісіі, спяшаліся да кааператыва, правяралі замкі, накладвалі пячаці. Лынькоў.

2. перан. След, адбітак чаго‑н. Спакой халодны, амярцвелы Паклаў на ўсё сваю пячаць, Але жыве старая хата. Колас. Слоўны мастацкі вобраз .. п’ес [Купалы] нясе на сабе пячаць фальклорнай традыцыі. Ярош.

•••

За сямю пячацямі — тое, што і за сямю замкамі (гл. замок).

Налажыць пячаць гл. налажыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВАДЗЯНЫ́Я ЗНА́КІ, філігрань,

бачныя на прасвет відарысы (узор, малюнак, штрыхоўка, тэкст) на паперы, якія наносяцца ў працэсе яе вырабу; своеасаблівая марка вытворцы паперы. Атрымліваюцца ў працэсе адлівання паперы з дапамогай валіка — эгуцёра, на сетцы якога нанесены рэльеф (філігрань) адпаведнай выявы.

Упершыню вадзяныя знакі з’явіліся ў Італіі ў 13 ст. З 2-й чвэрці 16 ст. першыя вадзяныя знакі зроблены на мясц. паперы ў Вільні. У 2-й пал. 16—17 ст. мясцовымі вадзянымі знакамі пазначана прадукцыя паперняў Радзівілаў у Слуцку, Любані, Алыку, Кавячынскіх у Нясвіжы і Уздзе, Сапегаў у Гальшанах і інш. Асн. сюжэтамі вадзяных знакаў на паперы мясц. вырабу ў 16—19 ст. былі гербы шляхецкіх родаў, у 18—19 ст. — таксама выявы чалавечых фігур, жывёл, птушак і інш.

У наш час вадзяныя знакі наносяцца на паперу, якая ідзе на выраб грошай, дакументаў, каштоўных папер, каб пазбегнуць падробак. Папера з вадзянымі знакамі ў выглядзе падоўжных і папярочных палос («вежэ») выкарыстоўваецца на форзацы і вокладках кніг. Вадзяныя знакі вывучаюцца філіграналогіяй. У кнігазнаўстве дапамагаюць дакладна датаваць рукапісы і старадрукаваныя выданні.

Г.​Я.​Галенчанка, У.​М.​Сацута.

Вадзяныя знакі на паперы: 1 — Полацкага евангелля (15 ст.); 2 — «Апостала» (1460); 3, 4 — Біблейскага зводу (1-я пал. 16 ст. і 1514); 5 — мінеі (16 ст.); 6, 7 — «Псалтыра» Ф.​Скарыны (1517 і 1522); 8 — рукапіснага збору з прадмовай В.​Цяпінскага (1570-я г.); 9 — рукапісу твораў І.​Кунцэвіча (каля 1610); 10 — паслання слуцкага архіепіскапа М.​Казачынскага (1753).

т. 3, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)